Эклезіяста 4 разьдзел
Кніга Эклезіяста, альбо Прапаведніка
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча
Павярнуўся я да іншага і ўбачыў вераломнасць, якая ўчыняецца пад сонцам, і вось, слёзы прыгнечаных — і няма суцяшальніка, і бязлітаснасць з боку прыгнятальнікаў — і няма суцяшальніка.
Ізноў я зьвярнуўся й разважаў усі ўціскі, што бываюць пад сонцам: і во сьлёзы ўцісканых, і няма ў іх пацяшыцеля; і на баку ўцісканьнікаў іхных сіла, і няма ў іх пацяшыцеля.
Вось жа, пахваліў я больш памерлых, якія ўжо спачылі, чым жывых, якія яшчэ жывуць,
І пахваліў я памерлых, што даўно памерлі, больш за жывых, што яшчэ жывуць;
і вырашыў, што шчаслівейшы за абодвух — той, хто яшчэ не нарадзіўся і не бачыць ліхіх спраў, што адбываюцца пад сонцам.
Але ляпей за гэтых двух таму, хто яшчэ ня быў, хто ня бачыў благое дзейнасьці, што дзеюць пад сонцам.
Ізноў прыгледзеўся я да ўсіх намаганняў і да любога поспеху працы, і гэта — на зайздрасць бліжняму свайму. Таму і ў гэтым — марнасць і турбаванне духа.
Ізноў я разважаў усі натугі і ўсі ўменьні, што дзеля гэтага людзіна завідуе прыяцелю свайму. Гэта таксама марнасьць а немарасьць духа.
Неразумны складае рукі свае і з’ядае сваё цела.
Дурны шчапляе рукі свае і зьядае цела свае.
Лепшая жменя з супакоем, чым поўныя абедзве рукі з працай і турбаваннем духа.
Валей жменя пацехі, як прыгоршчы натугі а немарасьці духа.
І яшчэ іншую бачыў я марнасць пад сонцам:
І я зьвярнуўся, і бачыў марнасьці пад сонцам:
[чалавек] самотны і другога не мае, ані сына, ані брата, а ўсё ж такі не перастае працаваць, і вочы яго не насычаюцца багаццем і не думае ён, кажучы: «Для каго я працую і пазбаўляю душу маю даброт?» У гэтым таксама марнасць і найгоршы занятак.
Ё адзін, і няма другога, ані сына, ані брата няма ў яго; прымеж тога няма канца ўсёй натузе ягонай, і вока ягонае не насыціцца багацьцям. «На каго ж я натужуюся і спабываю душу сваю дабра?» Гэта таксама марнасьць; і благая дзейнасьць гэта.
Лепей дваім быць разам, чым аднаму: яны маюць поспех у працы сваёй,
Двум ляпей, чымся аднаму, бо яны маюць добрую надгароду за натугу сваю;
бо калі адзін упадзе, то будзе падтрыманы другім. Гора аднаму! Калі ўпадзе, то не мае, хто б падняў яго.
Бо калі яны паваляцца, то адзін падыйме сябру свайго. Але бяда аднаму, як ён паваліцца, бо няма другога падняць яго.
Да таго ж, калі спяць удвух, то ўзаемна будуць грэцца; [а] адзін як жа сагрэецца?
Таксама, як лягуць два, дык цёпла ім; а аднаму як угрэцца?
І, калі хто-небудзь мае перавагу [у барацьбе] супраць аднаго, то ўдвух яны супрацьстаяць яму. І шнур трайны хутка не разарвецца.
І калі хтось дужае яго, два супроцьставяцца яму. І павароз у тры столкі ня борзда парвецца.
Юнак бедны і мудры лепшы за цара старога і неразумнага, які ўжо не можа быць перасцярожаны.
Валей беднае, але мудрае дзяцё, чымся стары, але неразумны кароль, каторы ня можа быць жураны.
Бо той выходзіць з вязніцы, каб цараваць, хаця нарадзіўся бедным у яго царстве.
Бо іншы зь вязьніцы выходзе караляваць, прымеж тога тый, што радзіўся ў каралеўстве сваім, бяднее.
Убачыў я ўсіх жывых, якія ходзяць пад сонцам, з тым другім юнаком, які ўзвышаўся над ім.
Я бачыў усіх жывучых, што ходзяць пад сонцам ізь дзяцём — другім, што стане на месцу ягоным.
Не было ліку ўсяму народу, усім, якіх ён узначальваў; але тыя, што будуць потым, не ўзрадуюцца яму. І гэта марнасць і турбаванне духа.
Няма канца ўсяго люду, усяго, што быў перад ім, таксама й апошнія не пацешацца зь яго. Напэўна й гэта марнасьць а немарасьць духа.
Зважай на крок твой, уваходзячы ў Дом Божы, бо прыступацца, каб паслухаць, — лепш, чым калі неразумныя прыносяць ахвяры: бо намнога лепшае паслушэнства, чым ахвяры неразумных, якія не разумеюць, што чыняць благое.
Уважай на нагу сваю, як пойдзеш да дому Божага, і будзь гатоўшы слухаць, чымся даваць аброк дурных, бо яны ня ведаюць, што блага робяць.