Эклезіяста 11 разьдзел
Кніга Эклезіяста, альбо Прапаведніка
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча
Кідай свой хлеб на бягучую ваду, бо праз доўгі час знойдзеш яго.
Пушчай хлеб свой на зьверх водаў, бо па якімсь часе знойдзеш яго.
Давай частку сямі або нават васьмі, бо не ведаеш, якая бяда будзе на зямлі.
Давай дзель сямём і таксама асьмём, бо ня ведаеш, ці ня станецца што благое на зямлі.
Калі хмары будуць перапоўнены, то яны выльюць на зямлю дождж; а калі дрэва ўпадзе на поўдзень або на поўнач, то на якім месцы ўпадзе, там і ляжыць.
Як булакі будуць поўныя, то яны пальлюць на зямлю дождж; і як паваліцца дзерва на паўдня альбо на поўнач, то на месцу, ідзе паваліцца дзерва, там яно й будзе.
Хто назірае за ветрам, той не сее, а хто глядзіць на хмары, не будзе збіраць.
Хто назірае вецер, таму ня сеяць; і хто глядзіць на булакі, таму ня жаць.
Як не ведаеш, якая дарога ветру і якім чынам фармуюцца косці ва ўлонні цяжарнай, так не ведаеш спраў Божых, Які ёсць Творца ўсяго.
Як ты ня ведаеш дарогі духа ані касьцей у жываце цяжарнай, так ты ня ведаеш учынкаў Божых, Каторы робе ўсе.
Раніцаю сей сваё зерне, і да вечара хай не спыніцца твая рука, бо не ведаеш, што лепш атрымаецца: адно ці другое, а можа, аднолькава будуць добрымі.
Нараніцы сей насеньне свае, і ўвечары хай не супачывае рука твая, бо ты ня ведаеш, што ўродзе, адно ці другое, ці абодва аднолькава добрыя.
Салодкае святло, і прыемна вачам бачыць сонца.
Салодкая сьвятліня, і добра ачом бачыць сонца.
Калі многа гадоў пражыве чалавек і з усіх іх будзе цешыцца, то павінен памятаць пра цёмны час, бо будзе яго шмат: усё, што прыйдзе, — марнасць.
Хай бы людзіна пражыла множасьць год, то няхай усі тыя вяселіцца яна і хай памятуе праз дні цемныя, каторых будзе шмат: усе, што будзе, марнасьць!
Дык цешся, юнача, з сваёй маладосці, і сэрца тваё хай будзе з дабром у днях юнацтва твайго, і хадзі па шляхах сэрца свайго і за позіркам вачэй тваіх; а ведай, што за ўсё гэта павядзе цябе Бог на суд.
Цешся, маладзёне, у маладосьці сваёй, і хай сэрца твае вяселе цябе ў дні маладосьці твае, і хадзі па дарогах сэрца свайго і подле відзеньня аччу сваіх; адно ведай, што за ўсе гэта Бог прывядзець цябе на суд.
Дык прымі клопат з сэрца свайго і ўхілі ліха ад цела свайго; бо дзяцінства і юнацтва — марныя.
Адганяй гнеў ад сэрца свайго і здаляй благое ад цела свайго, бо маленства а маладосьць — марнасьць.