Ёва 21 разьдзел

Кніга Ёва
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

І адказваў Ёў і сказаў:
 
І адказаў Ёў, і сказаў:

выслухайце ўважліва слова маё, і гэта будзе мне суцяшэньнем ад вас.
 
«Выслухайце ўважліва мову маю, і гэта будзе імне пацехаю ад вас.

Патрывайце мяне, і я буду гаварыць; а пасьля таго, як пагавару, насьміхайцеся.
 
Стрывайце імне, і я буду гукаць; а просьле тога, як пагукаю, насьміхайся.

Хіба да чалавека слова маё? як жа мне і не маладушнічаць?
 
Ціж да чалавека мова мая? і чаму, чаму не магу быць нецярплівым?

Паглядзеце на мяне і жахнецеся, і пакладзеце палец на вусны.
 
Абярніцеся да мяне, і зжахніцеся, і пакладзіце руку на вусны.

Як толькі я згадаю, — уздрыгваю, і трымценьне абдымае цела маё.
 
І як я ўспомню, здрыгаюся, і дрыжыкі бяруць цела мае.

Чаму беззаконныя жывуць, дасягаюць старасьці, ды і сілаю моцныя?
 
Чаму нягодныя жывуць, дажываюць старасьці, дый сіламі моцныя?

Дзеці іхнія зь імі перад абліччам ў іх, і ўнукі іхнія перад вачыма ў іх.
 
Насеньне іхнае ўладзілася перад відам іх, і атожылы іх перад ачыма іхнымі.

Дамы іхнія ўбясьпечаны ад страху, і няма жазла Божага на іх.
 
Дамы іхныя бясьпечныя ад страху, і няма дубца Божага на іх.

Бык іхні апладняе і ня выкідае, карова іхняя зачынае, і ня скідае.
 
Бугай іхны запладняе бяз страты; карова іхная целіцца і ня ськідае.

Як статак, выпускаюць яны малечу сваю, і дзеці іхнія скачуць.
 
Як стаду, высылаюць яны бязьлеткі свае, і дзеці іхныя падскокуюць.

Усклікаюць пад тымпан і цытру і весяляцца пад жалейку;
 
Падыймаюцца пад бубён а ліру й вяселяцца пад дуду.

бавяць дні свае ў шчасьці і імгненна сыходзяць у апраметную.
 
Праводзяць дні свае ў дабру і якга зыходзяць да гробу.

А тым часам яны кажуць Богу: адыдзі ад нас, ня хочам мы ведаць шляхоў Тваіх!
 
А прымеж тога яны кажуць Богу: "Адыйдзі ад нас; і знацьця дарогаў ня хочам.

што нам Усеўладны, каб слугаваць Яму? і якая карысьць хінуцца да Яго?
 
Што Ўсемагучы, каб мы служылі Яму? і што за карысьць уцякаць да Яго?"

Бачыш, шчасьце іхняе не ад іхніх рук. — Парада бязбожных, будзь далёкая ад мяне!
 
Бачыш, ня ў руках іхных дабро іхнае. Рада нягодных далёка ад мяне!

Ці часта тухне сьвяцільня ў беззаконных, і нападае на іх бяда, і Ён дае ім на долю пакуты ў гневе Сваім?
 
Як часта сьветач нягодных гасьне, і прыходзе на іх бяда іхная, што болі Ён выдзяляе ім у гневе Сваім?

Яны павінны быць, як саломінка перад ветрам, і як мякіна, якую нясе віхура.
 
Яны будуць, як салома перад ветрам і як умецьце, схопленае віхром.

Скажаш: Бог ашчаджае дзецям ягоным няшчасьце ягонае. — Хай аддасьць ён яму самому, каб ён гэта ведаў.
 
Бог хавае бяспраўе іхнае патомкам іхным; адплаці яму самому, і ён будзе ведаць;

Хай яго вочы ўбачаць няшчасьце ягонае, і хай ён сам п’е ад гневу Ўсеўладнага.
 
Пабачаць вочы ягоныя нішчэньне ягонае, і з гневу Ўсемагучага будзе піць;

Бо які яму клопат да дому свайго пасьля яго, калі лік месяцаў ягоных скончыцца?
 
Бо якое ў яго зычаньне да дому свайго просьле сябе, як лік месяцаў ягоных ператнецца?

Але ці Бога вучыць мудрасьці, калі Ён судзіць і вышніх?
 
Ці Бога вучыць веданьня, бачачы, што Ён судзе тых, каторыя на вышыні?

Адзін памірае ў самай поўніцы сілы сваёй, цалкам спакойны і мірны;
 
Гэты памірае ў супоўнай сіле, будучы бясьпечны і ў супакою;

нутроба ягоная поўная тлушчу, і косткі ягоныя напоены мозакам.
 
Грудзі ягоныя поўныя малака й шпік косьцяў ягоных вагкі.

А другі памірае з душою засмучанаю, не зазнаўшы дабра.
 
А гэны памірае ў гарчыні душы, не паспытаўшыся дабра.

І яны разам будуць ляжаць у пыле, і чэрві пакрыюць іх.
 
І яны разам будуць ляжаць у пыле, і чарвяк пакрые іх.

Ведаю я вашыя думкі і ўлоўкі, якія вы супраць мяне плецяце.
 
Вось, я ведаю думкі вашыя, хітрыкі вашыя ўціскаюць мяне.

Вы скажаце: дзе дом князя, і дзе намёт, у якім жылі беззаконныя?
 
Калі скажаце: "Ідзе дом князёў і йдзе будан, месца быцьця нягодных?"

Хіба вы ня пыталіся ў вандроўнікаў і не знаёмыя зь іхнімі назіраньнямі,
 
Ціж вы ня пыталіся ў падарожных і знакоў іхных не пазнаіце?

што ў дзень пагібелі літаваны бывае злодзей, у дзень гневу адводзіцца ўбок?
 
Бо на дзень загубы заховуюць нягодніка, на дзень гневу прыведзены.

Хто паставіць яму перад аблічча ягонае шлях ягоны, і хто аддасьць яму за тое, што ён учыняў?
 
Хто азнайме ў від яму дарогу ягоную і што ён зрабіў, хто адплаце яму?

Яго праводзяць да магілы і на яго магіле ставяць варту.
 
Яго прапушчаюць да грабоў, і на магіле ягонай ставяць варту.

Салодкія яму камлыгі даліны, і за ім ідзе натоўп людзей, а тым, што ідуць перад ім, ліку няма.
 
Салодкія яму груды даліны, і за ім кажны чалавек валачэцца, а йдучым перад ім няма ліку.

Як жа вы хочаце суцяшаць мяне пустым? У вашых адказах застаецца толькі мана.
 
Як жа вы пацешыце мяне пустым? У вадказах вашых застаецца мана».