Ёва 9 разьдзел
Кніга Ёва
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча
І адказваў Ёў і сказаў:
І адказаў Ёў, і сказаў:
праўда! ведаю, што так; але як апраўдаецца чалавек прад Богам?
«Праўда! ведаю, што так; але як аправіцца чалавек перад Богам?
Калі захоча ўступіць у спрэчку зь Ім, дык не адкажа Яму ні на адно з тысячы.
Калі захоча сьперачацца зь Ім, то не адкажа яму на ні воднае з тысяча.
Мудры сэрцам і магутны сілаю; хто паўставаў супроць Яго і заставаўся ў спакоі?
Мудры сэрцам і магучы сілаю; хто ўперся супроці Яго і мае дасьпех?
Ён перасоўвае горы, і не пазнаюць іх: Ён ператварае іх у гневе Сваім;
Ён перасувае горы, і не пазнаюць, як Ён пераверне іх у гневе Сваім;
зрушвае зямлю зь месца яе, і слупы яе дрыжаць:
Ссувае зямлю зь месца яе, і стаўпы яе дрыжаць;
скажа сонцу, — і ня ўзыдзе, і на зоркі накладвае пячатку.
Скажа сонцу, — і ня ўзыйдзе, і на гвезды наложа пячаць.
Ён адзін распасьцірае нябёсы і ходзіць па вышынях мора;
Ён адзін расьцягуе нябёсы й ходзе па вышынях мора;
стварыў Ас, Кесіль, і Хіма і тайнікі поўдня;
Учыніў Воз, Касцы а Сітцо а пакоі паўдня;
робіць вялікае, непаддасьледнае і цудоўнае бясконца!
Чыне вялікае, няскумальнае а чудоснае бязь ліку!
Вось, Ён пройдзе перад мною, і ня ўбачу Яго; праімчыцца, і не заўважу Яго.
Вось, Ён пройдзе перад імною, і я не абачу Яго; мінець, і не зацемлю Яго.
Возьме, і хто забароніць Яму? хто скажа Яму: што Ты робіш?
Вось, забірае, і хто забароне Яму? хто скажа Яму: "Што Ты робіш?"
Бог не адверне гневу Свайго; прад Ім упадуць паборцы гардунства.
Бог не адхінець гневу Свайго; пад Ім угбаюцца памачнікі Рагаба.
Тым больш ці магу я адказваць Яму і шукаць сабе словаў прад Ім?
І пагатове ці магу я адказаць Яму і выбіраць словы перад Ім?
Хоць бы я і ў праўдзе быў, але ня буду адказваць, а буду ўмольваць Судзьдзю майго.
Хоць бы й мая праўда была, але ня буду адказаваць, але буду маліць Судзьдзю свайго.
Калі б я паклікаў і Ён адказаў мне, — я не паверыў бы, што голас мой пачуў Той,
Калі б я гукаў, і Ён адказаў імне, я не паверыў бы, што Ён прыслухаўся да голасу майго,
Хто ў віхуры пабівае мяне і памнажае бязьвінна раны мае,
Бо Ён у буры мяжджуле мяне і множа раны мае бяз прычыны,
не дае мне перавесьці дух, а перапаўняе мяне гаротамі.
Не даець імне аддыхнуць, але сыце мяне гарчынёй.
Калі дзеяць сілаю, дык Ён магутны; калі судом, хто зьвядзе мяне зь Ім?
Калі ходзе празь сілу, Ён магучы; калі справа справядлівасьці, хто пасьветча імне?
Калі я буду апраўдвацца, дык мае ж вусны зьвінавацяць мяне; калі я невінаваты, дык Ён прызнае мяне вінаватым.
Калі я праўлюся, то вусны мае мяне вінуюць; беззаганны я, Ён давядзець, што я крывы;
Невінаваты я; не хачу ведаць душы маёй, пагарджаю жыцьцём маім.
Беззаганны я; я ня знаю душы свае, брыджуся жыцьцём сваім.
Усё адно; таму я сказаў, што Ён губіць і беззаганнага і вінаватага.
Адно яно; затым я сказаў: беззаганнага й нягоднага губе Ён.
Калі гэтага пабівае Ён бічом раптам, дык з пыткі нявінных сьмяецца.
Як розка прыносе ўраз сьмерць, Ён із трудненьня нявіннага сьмяецца.
Зямля аддадзена ў рукі бязбожных; твары судзьдзяў яе Ён засланяе. Калі не Ён, тады хто ж?
Зямля аддана ў рукі нягодных; віды судзьдзяў яе Ён крые. Калі ня Ён, дык хто ж?
Дні мае хутчэйшыя за ганца, — бягуць, ня бачаць дабра,
І дні мае шыбшыя за ганца, — бягуць, ня бачаць дабра;
імчацца, як лёгкія лодкі, як арол імкне на здабычу.
Мінаюць, як караблі з трысьціны, як арол падаючы на жыр.
Калі сказаць мне: «забуду я скаргі мае, адкладу змрочны выгляд свой і падбадзёруся»,
Калі сказаць імне: "Забудуся жальбы свае, пакіну хмарны выгляд свой і ўмацуюся";
дык трымчу ад усіх пакутаў маіх, ведаючы, што Ты не абвесьціш мяне невінаватым.
То баюся ўсіх смуткаў сваіх, бо я ведаю, што Ты не аправіш мяне.
Калі ж я вінаваты, дык навошта марна пакутую?
Я буду прызнаны за віннага, дык чаму я марне гарапашнічаў?
Хоць бы я абмыўся і сьнежнаю вадою і цалкам ачысьціў рукі мае,
Хоць бы я абмыўса сьнежнаю вадою і ачысьціў мылам рукі свае,
дык і тады Ты апусьціш мяне ў бруд, і пагардзіць мною вопратка мая.
То й тады Ты занурыш мяне ў яму, і збрыдзяць мяне адзецьці мае;
Бо Ён не чалавек, як я, каб я мог адказваць Яму і ісьці разам зь Ім на суд!
Бо Ён ня людзіна, як я, каб адказаць яму, увыйсьці разам на суд.
Няма паміж імі пасрэдніка, які паклаў бы руку сваю на абодвух нас.
Няма меж нас пасярэдніка, што палажыў бы руку сваю на абодвых нас.
Хай адхіліць Ён ад мяне жазло Сваё і страх Ягоны хай не жахае мяне, —
Хай аддале Ён ад мяне розку Сваю, і страх Ягоны хай не палохае мяне;
і тады я буду гаварыць і не збаюся Яго, бо я не такі самы ў сабе.
І тады я буду гукаць і не зьлякаюся Яго, бо я не такі сам у сабе.