Ёва 29 разьдзел

Кніга Ёва
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

І гаварыў далей Ёў слова сваё і сказаў:
 
І ўзноў рабіў Ёў свае адумысловае прыраўнаньне, і сказаў:

о, калі б я быў, як у ранейшыя месяцы, як у тыя дні, калі Бог асланяў мяне,
 
«О, калі б я быў, як у пярэднія месяцы, як у тыя дні, калі Бог крыў мяне;

калі сьвяцільня Ягоная сьвяціла над галавою маёю, і я пры сьвятле Ягоным хадзіў у цемры;
 
Калі сьветач Ягоны сьвяціў над галавою маёю, і я пры сьвятле яго хадзіў сярод цемні.

як быў я ў дні маладосьці маёй, калі ласка Божая была над намётам маім,
 
Як быў я за дзён маладосьці свае, як тайна Божая была над буданом маім;

калі яшчэ Ўсеўладны быў са мною, і дзеці мае вакол мяне,
 
Калі яшчэ Ўсемагучы быў з імною, і дзяцюкі мае навокал мяне;

калі шляхі мае абмываліся малаком і скала крынічыла мне ручаі алею!
 
Калі дарогі мае абліваліся маслам, і скала тачыла імне цур’і алею!

Калі я выходзіў да брамы горада і на плошчы ставіў седзішча сваё,
 
Калі я выходзіў да брамы месцкае, і на точышчу станавіў седава свае, —

хлопцы, убачыўшы мяне, хаваліся, а старыя ўставалі і стаялі;
 
Бачачы мяне, маладзёны хаваліся, а перастаркі ўставалі, стаялі;

князі ўстрымліваліся ад прамовы і пальцы клалі на вусны свае;
 
Князі ўзьдзержаваліся ад гаворкі і далоні свае клалі на вусны свае;

голас знакамітых змаўкаў, і язык у іх прыліпаў да паднябеньня іхняга.
 
Голас значных хаваўся, і язык іхны ліп да паднябеньня іхнага.

Вуха, якое чула мяне, улешчвала мяне; вока, якое бачыла, хваліла мяне,
 
Калі вуха чула, мела мяне за шчасьлівага; калі вока бачыла, яно сьветчыла празь мяне;

бо я ратаваў пакутніка, які енчыў, і сірату бездапаможнага.
 
Бо я вывальняў беднага галосячага й сірату, каторая ня мела памагатыра.

Дабраславеньне таго, хто гінуў, прыходзіла на мяне, і сэрцу ўдавы прыносіў я радасьць.
 
Дабраславенства гінучага прыходзіла на мяне, і я прычыняў сэрцу ўдавы песьню радасьці.

Я апрануўся ў праўду, і суд мой апранаў мяне як мантыя і турбан.
 
Я адзяваўся ў справядлівасьць, і яна ўбірала мяне; як ахілім а турбан суд мой.

Я быў вачыма сьляпому і нагамі кульгаваму;
 
Я быў ачыма нявісному і нагамі кульгаваму я;

бацькам быў я ўбогім і цяжбіну, якое я ня ведаў, разьбіраў уважліва.
 
Айцом быў я ўбогім і справу, каторай ня знаў, я скумаў.

Крышыў я беззаконнаму сківіцы і з зубоў ягоных вырываў крадзенае.
 
Ламіў я пераднікі несправядліваму, і із зубоў ягоных вырываў здабытак.

І казаў я: у гнязьдзе маім сканаю, і дзён маіх будзе многа, як пяску;
 
І гукаў я: "У гнязьдзе сваім сканаю і, як пясок, памножу дні свае;

корань мой адкрыты вадзе, і раса начуе на вецьці маім;
 
Карэнь мой выцягнуўся да вады, і раса начуе на гольлю маім;

слава мая ня старыцца, лук мой моцны ў руцэ маёй.
 
Слава мая новая з імною, і лук мой аднаўляецца ў руццэ маёй".

Уважалі мне і чакалі, і маўчалі пры радзе маёй.
 
Слухалі мяне, і чакалі, і маўчэлі ў часе рады мае.

Пасьля слоў маіх ужо не разважалі; мова мая капала на іх.
 
Просьле мовы мае яны не паўтаралі, і на іх капалі казаньні мае.

Чакалі мяне, як дажджу, і, як дажджу позьняму, разьзяўлялі вусны свае.
 
Чакалі мяне, як дажджу, і адчынялі вусны свае, як ад дажджу познага.

Бывала, усьміхнуся ім, — яны ня вераць; і сьвятла твару майго яны не азмрочвалі.
 
Я ўсьміхаўся да іх, і яны ня верылі; і сьвятла віду майго не адхіналі.

Я назначаў шляхі ім і сядзеў на чале і жыў як цар у коле вояў, як суцешнік заплаканых.
 
Я абіраў дарогу ім, і сядзеў, як галава, і жыў, як кароль памеж вяткі; як плачучых у жалобе, я іх пацяшаў.