Езэкііля 6 разьдзел
Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча
І было мне слова Гасподняе:
І было слова СПАДАРОВА да мяне, кажучы:
сыне чалавечы! зьвярні аблічча тваё да гарадоў Ізраілевых і прарочы на іх,
«Сыну людзкі, зьвярні від свой да гораў Ізраелявых і праракай ім,
і скажы: горы Ізраілевыя! слухайце слова Госпада Бога. Так кажа Гасподзь Бог горам і пагоркам, далінам і лагчынам: вось, Я навяду на вас меч, і разбуру вышыні вашыя;
І скажы: "Горы ізраельскія, слухайце словы Спадара СПАДАРА: гэтак кажа Спадар СПАДАР горам а ўзгоркам, цур’ём а далінам: ’Гля, Я, Я навяду меч на вас і зьнішчу ўзвышшы вашы,
і ахвярнікі вашыя будуць спустошаны, слупы вашыя ў гонар сонца будуць разьбіты, і кіну забітых вашых перад ідаламі вашымі;
І будуць спустошаны аброчнікі вашы, і сонечныя балваны вашы будуць патрышчаны, і Я кіну забітых вашых перад балванамі вашымі,
і пакладу сыноў Ізраілевых перад ідаламі іхнімі, і рассыплю косткі вашыя вакол ахвярнікаў вашых.
І палажу трупы сыноў Ізраелявых перад балванамі іхнымі, і разьвею косьці вашы навокал балваноў вашых.
Ва ўсіх мясьцінах вашага жыхарства гарады будуць спустошаны і вышыні разбураны дзеля таго, каб спустошаны і разбураны былі ахвярнікі вашыя, каб струшчаны і зьнішчаны былі ідалы вашыя, і разьбіты сонечныя слупы вашыя, і згладзіліся ўтворы вашыя.
У вусіх сялібных мясцовасьцях вашых месты будуць разбураны, а ўзвышшы спустошаны, каб абурыць а спустошыць аброчнікі вашы; і будуць патрышчаны й перастануць быць балваны вашыя, і сонечныя балваны вашы будуць пасечаны, і ўчынкі вашы сьцерты.
І будуць падаць сярод вас забітыя, і ўведаеце, што Я — Гасподзь.
І паваляцца забітыя вашыя сярод вас, і вы даведаецеся, што Я — СПАДАР.
Але Я ашчаджу рэшту, так што будуць у вас сярод народаў ацалелыя ад меча, калі вы будзеце расьсеяны па землях.
Пакіну Я, адылі, астачу, каб вы мелі ўцеклых ад мяча памеж народаў, як будзеце разьвеяны па краёх.
І згадаюць мяне ацалелыя вашыя сярод народаў, куды будзеце зьведзены ў няволю, калі Я прывяду ў скруху распуснае сэрца іхняе, адпалае ад Мяне, і вочы іх, якія блудзілі сьледам за ідалам; і яны да саміх сябе адчуюць агіду за тое ліха, якое яны ўчынялі ва ўсіх гнюсотах сваіх;
І ўспомняць уцеклыя вашы Мяне меж народаў, куды яны былі заведзены палоненікамі, як патрышчу бязульныя сэрцы іхныя, што адвярнуліся ад Мяне, і вочы іхныя, што бязульна йшлі за балванамі; і яны самы перад сабою збрыдзяць ліхі, што яны рабілі ў вусіх агідах сваіх;
і ўведаюць, што Я — Гасподзь; нездарма казаў Я, што навяду на іх такое бедства.
І даведаюцца, што Я — СПАДАР, і што Я не дарма казаў, што зраблю гэтае ліха ім’".
Так кажа Гасподзь Бог: плясьні рукамі тваімі і тупні нагою тваёю, і скажы: гора за ўсе агідныя зладзействы дому Ізраілевага! загінуць яны ад меча, голаду і згубнай пошасьці.
Гэтак Спадар СПАДАР: ’Плясьні рукамі сваімі й тупні нагою сваею, і скажы: "Бяда за ўсі ліхія агіды дому Ізраелявага! бо яны паваляцца ад мяча, з галадові а зь ліпучкі.
Хто далёка, той памрэ ад згубнай пошасьці; а хто блізка, той загіне ад меча; а хто застанецца і ацалее, памрэ ад голаду; так зьдзейсьню над ім гнеў Мой.
Хто далёка, памрэць ад ліпучкі; а хто блізка, паваліцца ад мяча; і засталы а ў ваблозе памрэць ад галадові; гэтак высілю гнеў Свой на іх.
І ўведаеце, што Я — Гасподзь, калі забітыя будуць ляжаць паміж ідаламі сваімі вакол ахвярнікаў іхніх, на кожным высокім пагорку, на ўсіх вяршынях гор, і пад кожным зялёным дрэвам, і пад кожным галінастым дубам, і на тым месцы, дзе яны прыносілі духмяныя пахошчы ўсім ідалам сваім.
І даведаецеся, што Я — СПАДАР, як забітыя іхныя будуць сярод балваноў навокал аброчнікаў іхных на кажным высокім узгорку, на вярхох гораў і пад кажным зялёным дзервам, і пад кажным таўстым дубам, месцам, ідзе яны прыносілі прыемныя пахі ўсім балваном сваім.
І працягну на іх руку Маю і зраблю зямлю пустыняю і стэпам, ад пустыні Дыўлат, ва ўсіх мясьцінах іхняга жыхарства, і ўведаюць, што Я — Гасподзь.
І выцягну руку сваю на іх, і ўчыню зямлю пустою а пустынёю, ад пустыні аж да Рыўлы пераз усі сялібныя мясцовасьці, і пазнаюць, што Я — СПАДАР’"».