Езэкііля 46 разьдзел
Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча
Так кажа Гасподзь Бог: брама ўнутранага двара, якая выходзіць на ўсход, павінна быць замкнутая шэсьць дзён, а ў суботні дзень яна павінна быць адчыненая і ў дзень маладзіка павінна быць адчыненая.
Гэтак кажа Спадар СПАДАР: "Брама нутранога панадворку, зьверненая на ўсход, мае быць заперта шэсьць рабочых дзён, але ў сыботу мае быць адперта і на маладзіку мае быць адперта.
Князь пойдзе празь зьнешні бабінец брамы і стане каля вяроўкі гэтае брамы; і сьвятары ўчыняць ягонае цэласпаленьне і ягоную падзякавальную ахвяру; і ён каля парога брамы паклоніцца Госпаду і выйдзе, а брама застанецца незамкнутая да вечара.
І князь увыйдзе знадворку пераз ґанак навоннае брамы, і стане ля вушака брамы; а сьвятарове зьдзеюць усепаленьне а супакойныя аброкі; і ён паклоніцца на парозе брамы й выйдзе; але брама не запіраецца аж да вечара.
І народ зямлі будзе пакланяцца перад Госпадам пры ўваходзе ў браму, у суботы і ў дні маладзіка.
Таксама люд зямлі мае кланяцца ў дзьвярох гэтае брамы перад СПАДАРОМ у сыботы і на маладзікох.
Цэласпаленьне, якое князь прынясе Госпаду ў суботні дзень, павінна быць з шасьці ягнят без заганы і з барана без заганы;
А ўсепаленьне, што князь абракае СПАДАРУ ў сыботу, будзе із шасьцёх баранчыкаў бяз гану і барана бяз гану.
хлебнага прынашэньня эфа на барана, а на ягнят хлебнага прынашэньня, колькі рука ягоная падасьць, а алею гін на эфу.
І хлебнага аброку ефа на барана, на баранчыкі ж хлебнага аброку колькі яму любя, а гін алівы на ефу.
У дзень маладзіка будуць прыносіцца ім са статку валоў цяля без заганы, таксама шэсьць ягнят і баран без заганы.
І на маладзіку — цялё-бычка бяз гану а шэсьць баранчыкаў а баран; яны маюць быць бяз гану.
Хлебнага прынашэньня ён прынясе эфу на цяля і эфу на барана, а на ягнят, колькі рука ягоная падасьць, і алею гін на эфу.
І ён прыгатуе хлебнага аброку ефу на цялё, і ефу на барана, і на баранчыкі колькі мага, і гін алівы на ефу.
І калі будзе прыходзіць князь, дык павінен уваходзіць праз бабінец брамы і тою ж дарогаю выходзіць.
І як князь прыйдзе, то мае ўходзіць пераз ґанак брамы і тудэй выходзіць.
А калі народ зямлі будзе прыходзіць перад аблічча Госпада на сьвяты, дык той, хто ўвойдзе праз паўночную браму на пакланеньне, павінен выходзіць паўднёваю брамаю, а хто ўвайшоў праз паўднёвую браму, павінен выходзіць паўночнаю брамаю; ён не павінен выходзіць праз тую самую браму, празь якую ўвайшоў, а павінен выходзіць у процілеглую.
Але як люд гэтае зямлі прыйдзе перад СПАДАРА ў вурочыстыя поры, то тый, што ўходзе пераз паўночную браму кланяцца, мае выйсьці пераз браму паўднявую, а тый, што ўходзе пераз паўднявую браму, мае выйсьці пераз браму паўночную, — ніхто ня мае выходзіць пераз тую браму, пераз каторую ўвыйшоў, але мае выйсьці насупроці яе.
І князь павінен быць сярод іх; калі яны ўваходзяць, уваходзіць і ён; і калі яны выходзяць, выходзіць і ён.
І князь будзе сярод іх: як яны ўходзяць, ўходзе, а як яны выходзяць, выходзе.
І на сьвяты і ва ўрачыстыя дні хлебнага прынашэньня ад яго павінна быць па эфе на цяля і па эфе на барана, і на ягнят, колькі падасьць рука ягоная, і алею па гіну на эфу.
І ў сьвяты і ў вурочыстыя поры хлебнага аброку мае быць ефа на цялё й ефа на барана, а на баранчыкі колькі яму любя, і гін алівы на ефу.
А калі князь, у меру дбаньня свайго, захоча прынесьці цэласпаленьне альбо падзякавальную ахвяру Госпаду, дык павінен адчыніць яму ўсходнюю браму, і ён учыніць сваё цэласпаленьне і сваю падзякавальную ахвяру гэтак сама, як учыніў у суботні дзень, і пасьля гэтага ён выйдзе, і пасьля выхаду яго брама зачыніцца.
Калі князь самахоць дзее ўсепаленьне альбо самахоць супакойныя аброкі СПАДАРУ, адчыняць яму браму, зьверненую на ўсход, і ён зьдзее ўсепаленьне сваё а супакойныя аброкі свае, як ён рабіў у сыботу, потым выходзе, і па выхадзе яго браму запіраюць.
Кожны дзень прынось Госпаду на цэласпаленьне гадавалае ягня без заганы; кожнае раніцы прынось яго.
І з баранчыка сёлетка бяз гану маеш што дня зьдзеяць усепаленьне СПАДАРУ; маеш зьдзеяць кажнае раніцы.
А хлебнага прынашэньня дадавай да яго кожнае раніцы шостую частку эфы і алею трэцюю частку гіна, каб распусьціць муку; такая вечная пастанова пра хлебнае прынашэньне Госпаду, назаўсёды.
І зьдзей хлебны аброк пры ім кажнае раніцы із шостае часьці ефы й трэйцяе часьці гіна алівы на рашчыну з пшоннае мукі; хлебны аброк СПАДАРУ — устава вечная кажначасна.
Хай прыносяць на цэласпаленьне ягня і хлебнае прынашэньне і алей кожнае раніцы пастаянна.
Гэтак маюць дзеяць баранчыка а хлебны аброк а аліву кажнае раніцы на кажначаснае ўсепаленьне’.
Так кажа Гасподзь Бог: калі князь дае каму з сыноў сваіх дарунак, дык гэта павінна пайсьці ў спадчыну і ягоным сынам; гэта валоданьне іх павінна быць спадчынным.
Гэтак кажа Спадар СПАДАР: ’Калі князь даець падарак каму-колечы із сыноў сваіх, спадак ягоны мае быць сыноў ягоных; гэта спадкавае меньне іхнае.
Калі ж ён дасьць са спадчыны сваёй каму-небудзь з рабоў свой дарунак, дык гэта будзе належаць яму толькі да году вызваленьня, і тады вернецца да князя. Толькі да сыноў ягоных павінна пераходзіць спадчына ягоная.
Але калі ён даець падарак із спадку свайго аднаму із слугаў сваіх, тады ён будзе ягоны да году вывальненьня, потым ён зьвернецца князю; адно дзяцём ягоным пераходзе спадак ягоны, да іх ён належа.
Але князь ня можа браць са спадчыннай дзялянкі народу, выцясьняючы іх з валоданьняў іхніх; са свайго толькі валоданьня ён можа выдзяляць дзецям сваім, каб ніхто з народу Майго ня быў гнаны са свайго валоданьня.
І ня мае берці князь ізь людзкога спадку, выкідаючы іх ізь дзяржаньня; ён мае даць сыном сваім із свае дзяржавы собскае, каб нікога зь люду Майго не выганялі зь дзяржаньня ягонага’"».
І прывёў ён мяне тым ходам, які з боку брамы, да сьвяшчэнных пакояў для сьвятароў, што на поўнач, і вось там адно месца на краі на захад.
Потым прывёў ён мяне ходам, што з боку брамы, да сьвятых пакояў сьвятарскіх, зьверненых на поўнач, і вось, там месца па бакох на захад.
І сказаў мне; гэта месца, дзе сьвятары павінны гатаваць ахвяру за злачынства і ахвяру за грэх, дзе павінны пячы хлебнае прынашэньне, ня выносячы яго на зьнешні двор, для асьвячэньня народу.
І сказаў імне: «Гэта месца, ідзе сьвятарове маюць варыць аброк віны а аброк за грэх, ідзе яны будуць пячы хлебныя аброкі, каб ня выносіць на навонны панадворак і не пасьвяціць люд».
І вывеў мяне на зьнешні двор і правёў мяне па чатырох рагах двара, і вось у кожным куце двара яшчэ двор.
І вывеў мяне на навонны панадворак і правёў мяне па чатырох кутох панадворку, і гля, у кажным куце панадворку была павець.
Ва ўсіх чатырох кутах двара былі пакрытыя двары ў сорак локцяў даўжыні і трыццаць шырыні, адной меры ва ўсіх чатырох кутах.
У чатырох кутох панадворку былі павеці сараку локцяў удаўжкі і трыццаць ушыркі; адна мера ўсім чатыром кутом.
І вакол усіх чатырох — сьцены, а каля сьцен зроблены агмені вакол.
І мур навокал у іх, навокал чатырох, і месцы на варэньне былі зроблены на доле муру навокал.
І сказаў мне: вось кухні, у якіх службіты храма гатуюць ахвяры народныя.
І сказаў імне: «Гэта варыстыя хаты, ідзе службіты дому маюць варыць аброк люду».