Езэкііля 46 разьдзел

Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Вось што кажа Госпад Бог: «Брама ўнутранага панадворка, звернутая на ўсход, будзе замкнутая шэсць дзён тыдня, у якія працуюць, а ў дзень суботні будзе адкрытая, але і ў дзень маладзіка павінна быць адкрытая;
 
Гэтак кажа Спадар СПАДАР: "Брама нутранога панадворку, зьверненая на ўсход, мае быць заперта шэсьць рабочых дзён, але ў сыботу мае быць адперта і на маладзіку мае быць адперта.

і валадар павінен прыйсці звонку праз прысенкі брамы і стаць каля вушака брамы, і святары мусяць скласці яго цэласпаленне і яго ахвяры прымірэння, і ён сам павінен маліцца на парозе брамы і выйсці; брама ж павінна быць не замкнутая аж да вечара.
 
І князь увыйдзе знадворку пераз ґанак навоннае брамы, і стане ля вушака брамы; а сьвятарове зьдзеюць усепаленьне а супакойныя аброкі; і ён паклоніцца на парозе брамы й выйдзе; але брама не запіраецца аж да вечара.

І народ зямлі павінен у прысенках брамы гэтае пакланяцца Госпаду ў дні суботы і ў час маладзіка.
 
Таксама люд зямлі мае кланяцца ў дзьвярох гэтае брамы перад СПАДАРОМ у сыботы і на маладзікох.

Ахвяру ж цэласпалення гэтую валадар хай складае для Госпада: у дзень суботы — шэсць ягнят без заганы і аднаго барана без заганы,
 
А ўсепаленьне, што князь абракае СПАДАРУ ў сыботу, будзе із шасьцёх баранчыкаў бяз гану і барана бяз гану.

і ахвяру з ежы з адной эфы на барана, а ахвяру з ежы на авечку — колькі дасць рука яго, і гін алею на кожную эфу;
 
І хлебнага аброку ефа на барана, на баранчыкі ж хлебнага аброку колькі яму любя, а гін алівы на ефу.

а на дзень маладзіка мае гэта быць адно маладое цяля са статка, без заганы, і шэсць авечак, і адзін баран, — усе без заганы,
 
І на маладзіку — цялё-бычка бяз гану а шэсьць баранчыкаў а баран; яны маюць быць бяз гану.

і адну эфу на маладое цяля, таксама адну эфу на барана мусіць ён ускласці як ахвяру з ежы, а на авечак — колькі дасць рука яго, і адзін гін алею на кожную эфу.
 
І ён прыгатуе хлебнага аброку ефу на цялё, і ефу на барана, і на баранчыкі колькі мага, і гін алівы на ефу.

І калі жадае прыйсці валадар, павінен ён увайсці праз прысенкі брамы і выйсці зноў той жа самай дарогай.
 
І як князь прыйдзе, то мае ўходзіць пераз ґанак брамы і тудэй выходзіць.

І калі народ зямлі ў час урачыстасці з’яўляецца перад Госпадам, то той, хто ўваходзіць праз паўночную браму, каб пакланіцца, мусіць выйсці праз паўднёвую браму, а хто ўваходзіць праз паўднёвую браму, мусіць выйсці праз паўночную браму: ніхто не павінен вяртацца той жа самай брамай, праз якую ўвайшоў, але мусіць выйсці праз супрацьлеглую.
 
Але як люд гэтае зямлі прыйдзе перад СПАДАРА ў вурочыстыя поры, то тый, што ўходзе пераз паўночную браму кланяцца, мае выйсьці пераз браму паўднявую, а тый, што ўходзе пераз паўднявую браму, мае выйсьці пераз браму паўночную, — ніхто ня мае выходзіць пераз тую браму, пераз каторую ўвыйшоў, але мае выйсьці насупроці яе.

А валадар мусіць быць пасярод іх: калі яны прыходзяць, мусіць і ён прыйсці, а калі ідуць, мусіць і ён ісці.
 
І князь будзе сярод іх: як яны ўходзяць, ўходзе, а як яны выходзяць, выходзе.

І ў час святаў і ўрачыстасцей хай будзе ахвяра з ежы на эфу з маладога цяляці і на эфу з барана; а на кожную з авечак хай будзе ахвяра з ежы, колькі дасць рука яго, і гін алею на кожную эфу.
 
І ў сьвяты і ў вурочыстыя поры хлебнага аброку мае быць ефа на цялё й ефа на барана, а на баранчыкі колькі яму любя, і гін алівы на ефу.

А калі валадар учыніць добраахвотную ахвяру цэласпалення ці добраахвотную ахвяру прымірэння для Госпада, то хай адкрыюць яму браму, якая выходзіць на ўсход, і хай складзе ён сваё цэласпаленне і свае ахвяры прымірэння так, як гэта звычайна робіць у суботу, і хай выйдзе, ды хай замкнуць браму па яго адыходзе.
 
Калі князь самахоць дзее ўсепаленьне альбо самахоць супакойныя аброкі СПАДАРУ, адчыняць яму браму, зьверненую на ўсход, і ён зьдзее ўсепаленьне сваё а супакойныя аброкі свае, як ён рабіў у сыботу, потым выходзе, і па выхадзе яго браму запіраюць.

І кожны дзень ты мусіш для Госпада ахвяраваць аднагадовае ягня без заганы як цэласпаленне; мусіш яго прыносіць кожную раніцу.
 
І з баранчыка сёлетка бяз гану маеш што дня зьдзеяць усепаленьне СПАДАРУ; маеш зьдзеяць кажнае раніцы.

І як ахвяру з ежы павінен ты, акрамя таго, кожную раніцу ўскладаць адну шостую эфы і адну трэцюю гіна алею, каб акрапіць найчысцейшую муку; ахвяра з ежы для Госпада хай будзе заўсёды законнай і вечнай.
 
І зьдзей хлебны аброк пры ім кажнае раніцы із шостае часьці ефы й трэйцяе часьці гіна алівы на рашчыну з пшоннае мукі; хлебны аброк СПАДАРУ — устава вечная кажначасна.

Трэба кожную раніцу ўскладаць авечку, і ахвяру з ежы, і алей як ахвяру вечную».
 
Гэтак маюць дзеяць баранчыка а хлебны аброк а аліву кажнае раніцы на кажначаснае ўсепаленьне’.

Гэта кажа Госпад Бог: «Калі валадар хоча штосьці падараваць аднаму са сваіх сыноў са сваёй спадчыны, то павінна гэта належаць яго сынам; і мае яно быць іх спадчыннай уласнасцю.
 
Гэтак кажа Спадар СПАДАР: ’Калі князь даець падарак каму-колечы із сыноў сваіх, спадак ягоны мае быць сыноў ягоных; гэта спадкавае меньне іхнае.

Калі ж ён хоча штосьці завяшчаць са сваёй уласнасці аднаму з паслугачоў сваіх, то мусіць гэта належаць яму аж да года яго вызвалення, — і мае вярнуцца да валадара; толькі тая ўласнасць, што ён дасць сваім сынам, мае ім належаць.
 
Але калі ён даець падарак із спадку свайго аднаму із слугаў сваіх, тады ён будзе ягоны да году вывальненьня, потым ён зьвернецца князю; адно дзяцём ягоным пераходзе спадак ягоны, да іх ён належа.

І валадару нельга забраць нічога з уласнасці народа, абдзіраючы яго гвалтам з яго ўласнасці, але са сваёй уласнасці можа ён даць спадчыну сваім сынам, каб ніхто з Майго народа не быў пазбаўлены сваёй уласнасці».
 
І ня мае берці князь ізь людзкога спадку, выкідаючы іх ізь дзяржаньня; ён мае даць сыном сваім із свае дзяржавы собскае, каб нікога зь люду Майго не выганялі зь дзяржаньня ягонага’"».

І правёў ён мяне праз уваход, што быў з боку брамы, у святыя пакоі, прызначаныя святарам, што былі на паўночным баку, і там было месца ў самым далёкім рагу з заходняга боку;
 
Потым прывёў ён мяне ходам, што з боку брамы, да сьвятых пакояў сьвятарскіх, зьверненых на поўнач, і вось, там месца па бакох на захад.

і сказаў мне ён: «Гэта месца, дзе святары будуць гатаваць ахвяры за злачынства і за грэх, дзе будуць пячы ахвяру з ежы, каб не мусілі іх выносіць на знешні панадворак, асвячаючы гэтым народ».
 
І сказаў імне: «Гэта месца, ідзе сьвятарове маюць варыць аброк віны а аброк за грэх, ідзе яны будуць пячы хлебныя аброкі, каб ня выносіць на навонны панадворак і не пасьвяціць люд».

І завёў ён мяне на знешні панадворак і абвёў мяне каля чатырох рагоў панадворка, і вось, у кожным рагу панадворка былі малыя панадворкі.
 
І вывеў мяне на навонны панадворак і правёў мяне па чатырох кутох панадворку, і гля, у кажным куце панадворку была павець.

У чатырох рагах панадворка былі закрытыя малыя панадворкі, даўжынёю ў сорак локцяў і шырынёю ў трыццаць локцяў: усе чатыры мелі той жа самы памер.
 
У чатырох кутох панадворку былі павеці сараку локцяў удаўжкі і трыццаць ушыркі; адна мера ўсім чатыром кутом.

І кругом стаяў мур, які агібаў чатыры малыя панадворкі, і пад мурамі вакол былі размешчаны вогнішчы.
 
І мур навокал у іх, навокал чатырох, і месцы на варэньне былі зроблены на доле муру навокал.

І сказаў ён мне: «Гэта дамы на гатаванне, дзе паслугачы дома Госпада маюць варыць ахвяры народа».
 
І сказаў імне: «Гэта варыстыя хаты, ідзе службіты дому маюць варыць аброк люду».