Езэкііля 30 разьдзел
Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча
І Госпад прамовіў да мяне гэтыя словы:
І было імне слова СПАДАРОВА, кажучы:
«Сын чалавечы, праракуй і кажы: гэта кажа Госпад Бог: “Бядуйце дзеля таго дня!
«Сыну людзкі! праракай і кажы: "Гэтак кажа Спадар СПАДАР: "Плачча, авохці дню!
Бо блізкі дзень, і набліжаецца дзень Госпада, дзень хмары; будзе час для плямёнаў.
Бо дзень блізкі, і блізкі дзень СПАДАРОЎ, хмарны дзень; настане пара народаў!
І меч прыйдзе на Егіпет, і страх запануе ў Кушы, калі ў Егіпце будуць падаць забітыя, калі забяруць багацце яго і калі будуць развалены яго падмуркі.
Прыйдзе меч на Ягіпет, і вялікая мука стрэне Ефіопу, як забітыя будуць валяцца ў Ягіпце, і возьмуць багацьце ягонае, і абурацца поды ягоныя;
Куш, і Пут, і Луд, і ўвесь просты народ, і Куб ды сыны зямлі запавету разам з імі загінуць ад меча”.
Ефіопа а Пут а Люд а ўсі мешаныя люды а Хуб а люд зямлі, што ў змове, паваляцца зь імі ад мяча’.
Гэта кажа Госпад Бог: “І ўпадуць падпоры Егіпта, і ўпадзе гонар яго магутнасці; ад Магдола аж да Сіэна будуць падаць ад меча ў ім, — кажа Госпад Бог. —
Гэтак кажа СПАДАР: "І тыя, што падпіраюць Ягіпет, паваляцца, і паніжыцца гордасьць сілы; ад вежы Сыеня загінуць у ім ад мяча, — кажа Спадар СПАДАР. —
І між краёў спустошаных будзе ён спустошаны, і гарады яго будуць між гарадоў зруйнаваных;
І будуць спустошаны яны сярод краёў спустошаных, і месты ягоныя будуць сярод местаў пустых.
і даведаюцца яны, што Я — Госпад, калі Я нашлю агонь на Егіпет, і ўсе яго паплечнікі будуць знішчаны.
І даведаюцца, што Я — СПАДАР, як Я зацеплю цяпло ў Ягіпце, і будуць патрышчаны ўсі памачнікі ягоныя.
У той дзень выйдуць ад Мяне пасланцы на караблях, каб патаптаць дзёрзкасць Куша, і трывога падымецца сярод іх у той дзень Егіпта, бо ён надыдзе”.
Таго дня выйдуць на караблёх пасланцы Мае спалохаць нядбайных Ефіоплян, і вялікі боль стрэне іх, як у дзень Ягіпту; бо, гля, гэта станецца’.
Гэта кажа Госпад Бог: “Рукой Набукаданосара, цара Бабілона, Я зраблю канец багаццю Егіпта.
Гэтак кажа Спадар СПАДАР: "Я спыню множасьць Ягіпту рукою Невухаднецара, караля Бабілёнскага.
Ён і яго народ з ім, наймужнейшыя між народаў, прыйдуць, каб нішчыць гэтую зямлю; і вынуць яны мечы свае супраць Егіпта, і напоўняць зямлю забітымі.
Ён а люд ягоны зь ім, — найстрашнейшы з народаў, — будуць прыведзены зглуміць зямлю, і аголяць мячы свае на Ягіпет, і напоўняць зямлю забітымі.
І высушу Я рэчышчы, і аддам зямлю ў рукі найгоршых людзей, і спустошу зямлю з усім, што ў ёй ёсць, рукою чужынцаў. Я, Госпад, сказаў гэта”.
І высушу рэкі, і прадам зямлю ў руку нягодных, і спустошу зямлю а ўсе, што ў ёй, рукою чужаземцаў; Я, СПАДАР, вымавіў’.
Гэта кажа Госпад Бог: “І Я знішчу выявы і выдалю ідалаў з Мемфіса, і валадара не будзе ўжо ў зямлі Егіпецкай, і навяду Я страх на зямлю Егіпта.
Гэтак кажа Спадар СПАДАР: ’Я таксама зьнішчу балваны і спыню абразы Нофу, і ня будзе ўжо князя ізь зямлі Ягіпецкай, і навяду страх на зямлю Ягіпецкую.
І спустошу зямлю Патрос, і пушчу агонь на Танею, і ўчыню суды над Но.
І спустошу Пафрос, і зацеплю цяпло ў Цоане, і зьдзею суды ў Но.
І Я вылью гнеў Свой на Сін, крэпасць Егіпецкую, і вынішчу шматлюддзе ў Но.
І выльлю гнеў Свой на Сын, моц Ягіпту, і выгублю множасьць Но.
І Я выпушчу агонь на Егіпет; быццам парадзіха, будзе цярпець боль Сін, і ў Но адкрыецца вылам, і на Мемфіс нападуць ворагі ўдзень.
І зацеплю цяпло на Ягіпет, Сын будзе дрыжэць, дрыжэць, і Но будзе раськеплена, і Ноф будзе мець бяду ўдзень.
Юнакі з Геліяполіса і Бубаста будуць падаць ад меча, і гарады гэтыя пойдуць у няволю.
Маладзёны Авену а Пібесэту загінуць ад мяча, і жанкі пойдуць у палон.
І ў Тапнэсе сцямнее дзень, калі Я зламлю там скіпетры Егіпта, і спыніцца ў ім пыхлівасць сілы яго; чорная хмара ахутае яго, а дочкі яго пойдуць у няволю.
У Тэґафнегесе дзень зьмеркне, як Я патрышчу там іго Ягіпту, і як гордасьць сілы ягонае перастане. Ён пакрыецца хмараю, а дачкі ягоныя пойдуць у палон.
І Я здзейсню суды ў Егіпце, і будуць ведаць, што Я — Госпад”».
І зьдзею суды ў Ягіпце, і даведаюцца, што Я — СПАДАР’"».
І ў адзінаццатым годзе, у першым месяцы, у сёмы дзень прамовіў Госпад да мяне гэтыя словы:
І сталася адзінанцатага году, першага месяца, сёмага дня месяца, што было імне слова СПАДАРОВА, кажучы:
«Сын чалавечы, я зламаў руку фараона, цара Егіпта, і вось, яна не падвязаная, каб ён, атрымаўшы сілу, мог трымаць меч.
«Сыну людзкі! Я зламіў плячо фараону, каралю Ягіпецкаму, і гля, яно не завязана, каб гаіць, і ня будзе абкручана завязкаю, каб зрабіць яго моцным дзяржаць меч.
Дзеля таго вось што кажа Госпад Бог: “Вось, Я выступаю супраць фараона, цара Егіпецкага, і аслаблю яму руку здаровую, але зламаную і меч выкіну з рукі яго,
Затым гэтак кажа Спадар СПАДАР: "Гля, Я супроці фараона, караля Ягіпецкага, патрышчу плячукі ягоныя — здаровыя й наломленыя, і прычыню, што меч вываліцца з рукі ягонае.
і Я расцерушу егіпцян паміж народаў, і раскідаю іх па землях.
І расьцярушу Ягіпцян меж народаў, і разьвею іх па краёх.
І ўмацую я рукі цара Бабілона, і дам яму ў руку меч Свой; і зламлю Я рукі фараона, і будзе ён стагнаць стогнамі перад ім, як паранены.
І ўмацую плечы караля Бабілёнскага, і дам яму ў рукі меч Свой; фараону зламлю плячукі, і ён будзе якатаць перад ім ёкатам сьмяротна раненага.
І Я ўмацую рукі цара Бабілона і рукі фараона аслаблю; і даведаюцца, што Я — Госпад, калі Свой меч Я ўкладу ў руку цара Бабілона і ён выцягне яго супраць зямлі Егіпецкай.
Але, Я ўмацую плячукі караля Бабілёнскага, а плячукі фараонавы апусьцяцца; і даведаюцца, што Я — СПАДАР, як дам меч Свой у руку каралю Бабілёнскаму, і ён аголе яго на зямлю Ягіпецкую.
І Я расцярушу егіпцянў паміж народаў, і раскідаю іх па землях, і даведаюцца яны, што Я — Госпад”».
І расьцярушу Ягіпцян меж народаў, і разьвею іх сярод краёў; і даведаюцца, што Я — СПАДАР"».