Езэкііля 37 разьдзел
Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча
Супачыла на мне рука Госпада, і вывеў Ён мяне ў духу Госпада, і паставіў мяне сярод даліны, якая была поўная костак.
Рука СПАДАРОВА была на імне і вывяла мяне ў духу СПАДАРОВЫМ, і пастанавіла мяне сярод даліны, а яна была поўная касьцей,
І абвёў Ён мяне па іх вакол: а вось, было іх на паверхні даліны вельмі многа, і былі яны дужа сухія.
І абвёў мяне навокал, навокал, і гля, было іх вельма шмат на зьверху даліны, і гля, вельма сухія.
І сказаў Ён мне: «Сын чалавечы, як лічыш, ці косткі гэтыя вернуцца зноў да жыцця?» А я сказаў: «Госпадзе Божа, Ты ведаеш».
І сказаў імне: «Сыну людзкі! ці ажывуць гэтыя косьці?» І я сказаў: «Спадару СПАДАРУ, Ты ведаеш».
І сказаў Ён мне: «Праракуй над гэтымі косткамі і кажы ім: “Сухія косткі, слухайце слова Госпада!”
І сказаў імне: «Праракай праз гэтыя косьці і скажы ім: "Косьці сухія, слухайце слова СПАДАРОВА".
Вось што кажа Госпад Бог гэтым косткам: “Вось, Я ўвяду ў вас дух, і будзеце жыць,
Гэтак кажа Спадар СПАДАР гэтым касьцём: "Вось, Я ўвяду дух у вас, і вы ажывіце;
і звяжу вас жыламі, і зраблю, што абрасцеце вы целам, ды абцягну вас скурай, і дам вам дух, і будзеце жыць, і зразумееце, што Я — Госпад”».
І дам на вас жылы, і аблажу вас целам, і абцягну вас скураю, і ўлажу дух у вас, і вы ажывіце; і даведаецеся, што Я — СПАДАР"».
І я праракаваў, як Ён мне загадаў. А калі я праракаваў, падняўся шум, і вось, грукат; і косткі набліжаліся да костак: кожная да сустава свайго.
Дык Я праракаў, як імне было расказана; і як Я праракаў, быў гук, і вось рух, і косьці бліжыліся, косьць да косьці свае.
І ўбачыў я, і вось, на костках з’явіліся жылы і цела, і на іх была нацягнута скура, але духа яны яшчэ не мелі.
І я глядзеў: гля, жылы а цела паказаліся на іх, і скура абцягнула іх зьверху; але ня было духу ў іх.
І сказаў Ён мне: «Праракуй да духа; праракуй, сын чалавечы, і кажы духу: вось што кажа Госпад Бог: “Ад чатырох вятроў прыйдзі, дух, і дыхні на гэтых забітых, каб ажылі”».
І сказаў імне: «Праракай да духа, праракай, сыну людзкі, і скажы духу: "Гэтак кажа Спадар СПАДАР: ’Прыходзь ад чатырох вятроў, душа, і дыхай на гэтых забітых, і яны ажывуць’"».
І я праракаваў, як загадаў Ён мне, і ўвайшоў у іх дух; і ажылі, і сталі на ногі свае, — войска дужа вялікае.
Дык я праракаў, як расказана імне; і ўвыйшоў у іх дух; і яны ажылі, і сталі на ногі свае — войска вельмі, вельмі вялікае.
І сказаў Ён мне: «Сыне чалавечы, косткі гэтыя — гэта ўвесь дом Ізраэля. Яны кажуць: “Высахлі косткі нашы, і прапала надзея наша, і загінулі мы”.
І сказаў імне: «Сыну людзкі! гэтыя косьці — гэта цэлы дом Ізраеляў. Вось, яны кажуць: "Нашыя косьці высахлі, і надзея наша загінула, мы адарваныя".
Дзеля таго праракуй і кажы ім: гэта кажа Госпад Бог: “Вось, Я адкрыю вашы магілы і выведу вас з магіл вашых, народ Мой, і ўвяду вас у зямлю Ізраэля;
Затым праракай і скажы ім: "Гэтак кажа Спадар СПАДАР: ’Абач, Я адчыню грабы вашы, і ўзьвяду вас із грабоў, людзе Мой, і прывяду вас да зямлі Ізраелявае.
і зразумееце вы, што Я — Госпад, калі Я адкрыю магілы вашы ды выведу вас з магіл вашых, народ Мой.
І даведаецеся, што Я — СПАДАР, як Я адчыню грабы вашыя, людзе Мой, і ўзьвяду вас із грабоў вашых,
І дам Я вам Духа Майго, і вы ажывяце, і завяду вас у зямлю вашу, і будзеце ведаць, што Я — Госпад. Я сказаў і спаўняю”, — кажа Госпад Бог».
І ўлажу дух Мой у вас, і вы ажывіце, і памяшчу вас у зямлі вашай; тады вы даведаецеся, што Я, СПАДАР, казаў і здойсьніў’, — агалашае СПАДАР"».
І прамовіў да мяне Госпад гэтыя словы:
Было імне слова СПАДАРОВА, кажучы:
«І ты, сын чалавечы, вазьмі сабе кавалак дрэва і напішы на ім: “Юдэі і ізраэльцам, яе сябрам”. І вазьмі другі кавалак дрэва і напішы на ім: “Язэпу, дрэву Эфраіма, і ўсяму дому Ізраэля, яго сябрам”.
«Ты ж, сыну людзкі, вазьмі сабе дзерва й напішы на ім: "Юду а сыном Ізраелявым, сябром ягоным"; тады вазьмі другі кавалак дзерва й напішы на ім: "Язэпу дзерва Яхрэмава і ўсяго дому Ізраелявага, сяброў ягоных".
І злучы іх сабе адно з адным, у адзін кавалак дрэва; і ў руцэ тваёй будуць яны адзіным цэлым.
І дабліж іх адно да аднаго ў вадно дзерва, і яны стануць адным у руццэ Тваёй.
А калі ў цябе будуць пытацца твае землякі, кажучы: “Ці не скажаш ты нам, што праз гэта маеш на думцы?”
І як будуць гукаць табе сынове люду твайго, кажучы: "Ці не зьясьніш нам, што гэта ў цябе?"
скажы ім: гэта кажа Госпад Бог: “Вось, Я вазьму дрэва Язэпа, што ў руцэ Эфраіма, і пакаленні Ізраэля, пакаленні, якія злучаны з ім, ды прыкладу іх разам да дрэва Юды, ды зраблю іх адным дрэвам, і ў руцэ Маёй яны будуць адным”.
Кажы ім: "Гэтак кажа Спадар СПАДАР: ’Абач, Я бяру дзерва Язэпава, каторае ў руццэ Яхрэмавай і ў пакаленьняў Ізраелявых, сяброў Ягоных, і прылажу іх да яго, да дзерва Юдзінага, і ўчыню іх адным дзервам, і яны будуць адным у руццэ Маёй’".
А кавалкі дрэва, на якіх будзеш пісаць, будуць перад іх вачамі ў тваёй руцэ.
І будуць дзервы, на каторых ты напішаш, у руццэ Тваёй перад ачыма іхнымі;
І скажы ім: вось што кажа Госпад Бог: “Вось, Я вазьму ізраэльцаў пасярод народаў, да якіх яны пайшлі, і збяру іх з усіх бакоў, і ўвяду іх у Сваю зямлю,
І кажы ім: "Гэтак кажа спадар СПАДАР: ’Гля, Я вазьму сыноў Ізраелявых з памеж народаў, куды яны пайшлі, і зьбяру іх зусюль, і прывяду іх да зямлі іхнае.
і зраблю іх адным народам у зямлі, у гарах Ізраэля; і адзін цар будзе над усімі валадарыць, ды ўжо не будуць яны ўтвараць два народы, і ўжо не будуць падзеленыя на два царствы.
І ўчыню іх адным народам у зямлі, на горах Ізраелявых, і адзін кароль будзе каралём у іх, наперад яны ня будуць двума народамі ані будуць падзеленыя на два каралеўствы.
І не будуць яны апаганьвацца сваімі ідаламі, і агіднасцямі сваімі, і ўсякімі злачыннасцямі сваімі, і Я вызвалю іх ад усякай іх нявернасці, якой яны зграшылі, і ачышчу іх, і будуць Маім народам, і Я буду іх Богам.
І наперад ня будуць плюгавіцца балванамі сваімі ані абрыднымі рэчмі сваімі, ані якімі-колечы выступамі сваімі, але Я вывальню іх із усіх мясцовасьцяў жыцьця іхнага, ідзе яны грашылі, і ачышчу іх, і будуць Імне людам, а Я буду ім Богам.
І паслугач Мой, Давід, будзе царом над імі, ды ўсе яны будуць мець аднаго пастыра; жыць будуць паводле Маіх законаў, і прыказанні Мае берагчы будуць, і будуць выконваць іх.
І Давід, слуга Мой, будзе каралём над імі, і адзін пастыр будзе ў вусіх іх; таксама будуць хадзіць у судох Маіх, і дзяржаць уставы Мае, і паўніць іх.
І будуць жыць на зямлі, якую даў Я слузе Майму, Якубу, на якой жылі бацькі іх; і на ёй жыць будуць яны і сыны іх, і сыны сыноў іх аж у вечнасць, і Давід, паслугач Мой, будзе іх валадаром навек.
І будуць жыць на зямлі, што Я даў Якаву, слузе Свайму, на каторай жылі айцове вашы; яны будуць жыць на ёй, і дзеці іхныя, і дзеці дзяцей іхных на векі; і слуга Мой Давід будзе князям у іх на векі.
І заключу з імі запавет міру, будзе гэта вечны запавет з імі; і ўмацую іх, і памножу; і Мая святыня будзе сярод іх назаўсёды,
І ўчыню змову супакою зь імі, яна будзе змоваю вечнай зь імі; і памяшчу іх, і памножу іх, і пастанаўлю сьвятыню Сваю сярод іх назаўсёды.
і будзе месцапрабыванне Маё між імі, і Я буду іх Богам, і яны будуць Маім народам;
І вітальня Мая будзе зь імі; але, Я буду ім Богам, а яны будуць Імне людам.
і пагане даведаюцца, што Я — Госпад, Які асвячае Ізраэль, калі Мая святыня будзе сярод іх назаўсёды”».
І даведаюцца народы, што Я, СПАДАР, пасьвячаю Ізраеля, як сьвятыня Мая будзе сярод іх на заўсёды’"».