Езэкііля 5 разьдзел

Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

І ты, сын чалавечы, вазьмі сабе востры меч, які згольвае валасы, і скарыстай яго, і агалі сабе ім галаву і бараду, і вазьмі сабе сікль за вагу, і падзялі аголеныя валасы.
 
І ты, сыну людзкі, вазьмі сабе войстры меч, галяк галеньнікаў вазьмі сабе, і вадзі ім па галаве сваёй і па барадзе сваёй, і вазьмі сабе шалькі, і падзялі валасы.

Адну частку іх спаліш у агні ў цэнтры горада, калі скончацца дні аблогі; і возьмеш другую частку, і пасячэш яе мечам вакол яго; а трэцюю частку раскідаеш з ветрам, і на іх Я выцягну меч.
 
Трайціну чыста спалі на цяпле сярод места, як дні аблогі мінуць; трайціну вазьмі парэж нажом; і трайціну разьвей па ветру; і Я агалю меч за імі.

І вазьмі з іх малую толькі частку, і закруці ў крысо свайго плашча;
 
Таксама стуль вазьмі невялічкі лік і завяжы іх у крысы сабе.

і возьмеш яшчэ з іх крышку, і кінеш у агонь, і спаліш іх агнём; і выйдзе з гэтага агонь. І скажаш ты да ўсяго дому Ізраэля:
 
І вазьмі зь іх ізноў, і кінь іх у цяпло, і спалі іх у цяпле; стуль выйдзе цяпло на ўвесь дом Ізраеляў.

“Гэта кажа Госпад Бог: “Вось Ерузалім! Памясціў Я яго між паганамі, і ён акружаны чужымі краінамі.
 
Гэтак кажа Спадар СПАДАР: "Гэта — Ерузалім! Я пастанавіў яго сярод народаў, і краі навокал яго;

І пагардзіў ён Маімі законамі з большаю бязбожнасцю, чым пагане, ды Маімі прыказаннямі — больш, чым землі, якія яго акружаюць: бо адкінулі ізраэльцы законы Мае і не хадзілі паводле Маіх прыказанняў”.
 
А ён абярнуў суды Мае ў нягоднасьць болей, чымся народы, і ўставы Мае — болей, чымся краі, што навокал яго; бо яны пагрэбавалі судамі Маімі і ўставамі Маімі, не хадзілі ў іх".

Дзеля таго вось што кажа Госпад Бог: “За тое, што вы больш бунтоўныя, чым пагане, што вас акружаюць, і не хадзілі паводле Маіх прыказанняў і законаў Маіх не выконвалі, і не трымаліся законаў народаў, што вас акружаюць, —
 
Затым гэтак кажа Спадар СПАДАР: "За тое, што вы шмат болей за народы, што навокал вас, у вуставах Маіх не хадзілі і не дзяржалі судоў Маіх, і не рабілі подле судоў народаў, што навокал вас", —

дзеля таго вось што кажа Госпад Бог, — Вось, Я іду супраць цябе Сам, і Я на вачах паганаў зраблю над табою суд,
 
За тое гэтак кажа Спадар СПАДАР: "Гля, Я, нават Я супроці цябе, і ўчыню суды сярод цябе на ачох народаў,

і з прычыны ўсіх тваіх агіднасцей зраблю з табою тое, чаго ніколі не рабіў і ўжо ніколі не зраблю.
 
І ўчыню з табою тое, чаго Я не рабіў, і наперад падобнага да гэтага ня буду чыніць, за ўсі агіды твае.

Таму бацькі будуць есці сыноў пасярод цябе, і сыны будуць есці сваіх бацькоў, і выканаю над табою прысуд, і ўсе твае рэшткі рассею на ўсе вятры.
 
За тое айцове будуць есьці сыноў сваіх сярод вас, і сынове будуць есьці бацькоў сваіх; і ўчыню суд над табою, і ўсіх засталых у цябе разьвею кажным ветрам.

Дзеля таго, жыву Я, — кажа Госпад Бог, — за тое, сапраўды, што ты святыню Маю апаганіў усімі тваімі брыдотамі ды ўсімі тваімі агіднасцямі, Я таксама прыніжу цябе, і не пашкадуе вока Маё, і не злітуюся.
 
Затым, жыў Я, — кажа Спадар СПАДАР: — дыкжэ за тое, што ты ўпаганіў сьвятыню Маю ўсімі брыдамі а ўсімі агідамі, таксама Я зьменшу цябе, і вока Мае не пашчаджае цябе, і таксама Я ня буду мець жаласьці.

Адна трэцяя частка твая памрэ ад пошасці і загіне пасярод цябе ад голаду; і адна трэцяя частка твая ўпадзе ад меча ў ваколіцах тваіх; а адну трэцюю частку тваю Я раскідаю на ўсе вятры і выцягну меч на іх.
 
Трайціна ў цябе памрэць ад ліпучкі, і галадоў іх будзе нікбіць сярод цябе; і трайціна падзець ад мяча ў ваколіцы Тваёй; і трайціну разьвею кажным ветрам і агалю меч над імі.

І супакоіцца абурэнне Маё, і супакою на іх лютасць Маю, і спыню гнеў; і даведаюцца яны, што Я, Госпад, прамовіў гэта ў руплівасці Маёй, калі вылью гнеў Мой на іх.
 
І скончыцца Мой гнеў, і супакоіцца палкі гнеў Мой на іх, і пацешуся; і яны даведаюцца, што Я, СПАДАР, вымавіў у рупатлівасьці сваёй, як Я скончу гнеў Свой на іх.

І зраблю з цябе пустыню і ганьбу сярод народаў, што цябе акружаюць, на віду кожнага, хто праходзіць міма,
 
І зраблю цябе пустынёю а ганьбаю меж народаў, што навокал цябе, на аччу кажнага праходзячага.

і ты станеш ганьбай і пасмешышчам, перасцярогай і страхам для народаў, што цябе акружаюць, калі споўню Я суды на цябе ў абурэнні, і ў лютасці, і ў пакараннях гневу. Я, Госпад, сказаў гэта.
 
Дык гэта будзе ганьбаю а блявузґаньням, навукаю а зуменьням у народаў, што навокал цябе, як Я ўчыню суды над табою ў гневе а ў палкім гневе а ў гнеўных ганеньнях; Я, СПАДАР, казаў.

Калі пашлю супраць вас стрэлы голаду, каб нішчыць вас, і калі іх пашлю для вашай загубы, то памножу між вамі голад, і зламаю для вас апору ў хлебе;
 
Як Я пушчу на іх злыя стрэлы галадові, што будуць на выгубленьне, каторыя пушчу выгубіць вас, і змацню галадоў на вас, і патрышчу вашу падпору хлеба.

і пашлю на вас голад і дзікіх звяроў, і яны асірацяць цябе, і пошасць і кроў пройдуць праз цябе, і ўзвяду на цябе меч”. Я, Госпад, сказаў гэта».
 
І пашлю на вас галадоў а злыя зьвяры, і яны спабудуць цябе дзяцей тваіх; і ліпучка, і разьліцьцё крыві пройдуць сярод цябе, і навяду на цябе меч; Я, СПАДАР, казаў"».