Езэкііля 16 разьдзел
Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча
І прамовіў Госпад да мяне гэтыя словы:
І было да мяне слова СПАДАРОВА, кажучы:
«Сын чалавечы, паведамі Ерузаліму пра яго агіднасці
«Сыну людзкі! паведамі Ерузаліму агіды яго
і скажы: гэта кажа Госпад Бог да Ерузаліма: “Паходжанне тваё і нараджэнне тваё — з зямлі Ханаан, бацька твой — амарэй, і маці твая — хетэйка.
Й скажы: "Гэтак кажа Спадар СПАДАР Ерузаліму: ’Паходжаньне твае а нараджэньне твае ад зямлі Канаанскае; айцец твой Аморэй, і маці твая Гэцічанка.
І калі ты нарадзілася, у дзень народзінаў тваіх не абрэзалі табе пупавіны, і не абмылі цябе ў вадзе, каб цябе ачысціць, і не нацёрлі цябе соллю, і не спавілі цябе ў пялюшкі.
І што да нараджэньня твайго: як ты нарадзілася, пупа твайго не абразалі й не абмылі цябе вадою, каб ачысьціць, ты ані ня была абсыпана сольлю й ані ня была спавіта.
Не пашкадавала цябе нічыё вока, каб зрабіць для цябе адно з гэтага з літасці да цябе, але ў дзень твайго нараджэння выкінулі цябе на паверхню зямлі з абыякавасцю да душы тваёй.
Нічые вока ня зжалілася над табою, каб зрабіць табе што-колечы з гэтых, мець міласэрдзе над табою; але, у дзень нараджэньня свайго, была выкінена на чыстае поле з прычыны агіднасьці свае.
А праходзячы каля цябе, Я ўбачыў, што ты трапечашся ў крыві сваёй, і сказаў Я табе, калі была ты ў крыві сваёй: “Жыві! Кажу табе: жыві ў крыві сваёй”.
І як Я праходзіў ля цябе, і бачыў, што ты качалася ў крыві сваёй, і сказаў табе: "У крыві сваёй жыві". І сказаў табе: "У крыві сваёй жыві".
Вырасціў Я цябе, як парастак палявы, і вырасла, і стала дарослай, і прыйшла ты ў свет жаночы: грудзі твае набылі форму, і валасы твае сталі густымі; але была ты голая ды поўная сораму.
Я памножыў цябе, як расьліну палявую; ты вырасла высокая й дужая, і стала прыборам над прыборамі, разьвіліся пелькі і вырасьлі валасы; заставалася ты, адылі, не накрыўшыся а голая.
І прайшоў Я каля цябе, і ўбачыў цябе; і вось, твой час, і час кахаючых. І расцягнуў Я плашч Свой над табою, і закрыў твой сорам; і звязаўся з табою прысягай, і ўвайшоў з табою ў запавет, — кажа Госпад Бог, — і стала ты Маёю.
І як Я праходзіў ля цябе й абачыў цябе, вось, пара твая — пара каханьня; і Я расьцягнуў крысо Свае на цябе, і накрыў голасьць тваю; і Я прысягнуў табе і ўступіў у змову з табою, — агалашае Спадар СПАДАР, — і ты стала Маёй.
І Я абмыў цябе вадою, і абцёр з цябе кроў тваю, і памазаў цябе алеем;
І абмыў цябе вадою, і змыў зь цябе кроў тваю, і памазаў цябе алеям;
і апрануў цябе ў рознакаляровыя шаты, і абуў цябе ў чаравікі з сіняй скуры, і падперазаў цябе вісонам, і пакрыў цябе ядвабам.
Я адзеў цябе вышыванаю адзежаю, і абуў барсуковаю скураю, і паперазаў цябе цянюсенькім палатном, і накрыў цябе шоўкам;
І Я ўпрыгожыў цябе ўпрыгажэннем, і ўсклаў бранзалеты на рукі твае і каралі — на шыю тваю,
І прыбраў цябе прыборамі, і ўзлажыў бружлеты на рукі твае і ланцужок на шыю тваю;
і даў кольца над вусны твае, і завушніцы ў вушы твае, і вянок аздобны на галаву тваю.
І зацягнуў жуковіну ў нос твой і завушніцы — у вушы твае, і ўзлажыў пазорную карону на галаву тваю.
І ўбраная была ты ў золата і срэбра, і апранутая ў вісон і ядваб і ў рознакаляровыя шаты. Ела ты найчысцейшую муку, і мёд, і алей, і зрабілася вельмі прыгожай, і дасягнула годнасці царскай.
Гэтак ты прыбіралася золатам а срэбрам, і адзецьце твае зь цянюсенькага палатна а шоўку а вышываных тканінаў; жывілася ты пшоннаю мукою а мёдам а алеям, і была надзвычайнага пазору, і мела дасьпех у каралеўстве.
І ўславілася імя тваё між народамі дзеля тваёй прыгажосці, бо была ты дасканалай дзеля ўпрыгажэння Майго, якое Я ўсклаў на цябе, — кажа Госпад Бог.
І слава твая разышлася меж народаў з прычыны харашыні твае, бо яна была дасканальная ад пазору Майго, каторы Я ўзлажыў на цябе, — агалашае Спадар СПАДАР. —
І, маючы надзею на сваю прыгажосць, скарыстала славу сваю дзеля распусты, і распуснічала ты з кожным праходзячым, хто сустрэўся,
Але ты паспадзявалася на харашыню сваю й бязуліла, карыстаючыся із славы свае, і вылівала бязулства свае на кажнага праходзячага міма, ягонаю ты была.
і назбірала ты сваіх шатаў, і зрабіла сабе ўзгоркі ў розныя колеры, і займалася распустаю на іх, якой не было раней і не будзе.
І брала з адзецьцяў сваіх, і зрабіла калярыстыя ўзвышшы сабе, і бязуліла на іх, як ніколі ня бывала й ня мела быць.
І ўзяла ты рэчы ўпрыгажэння твайго з Майго золата і з Майго срэбра, якія Я даў табе, і зрабіла сабе выявы мужчынскія, і з імі займалася распустай.
І ўзяла харошыя прыборы свае із золата Майго а із срэбра Майго, што Я даў табе, і зрабіла сабе абразы мужчынаў, і бязуліла зь імі.
І ўзяла ты свае рознакаляровыя шаты, і накрыла іх, і таксама Мой алей і Маё кадзіла пакладала перад імі.
І ўзяла вышываныя адзецьці, і накрыла іх, алей Мой а кадзіла Мае клала перад імі.
І хлеб Мой, які Я даў табе, муку, і алей, і мёд, якімі Я выкарміў цябе, ты ўсклала перад імі на мілы пах, і гэта адбылося, — кажа Госпад Бог.
І еміну Маю, што Я даваў табе, пшонную муку а алей а мёд, каторымі Я жывіў цябе, ты клала перад імі на прыемны пах; і гэтак яно было, — агалашае Спадар СПАДАР. —
І ўзяла сыноў сваіх і дачок сваіх, якіх нарадзіла Мне, і ўсклала ў ахвяру ім на знішчэнне. Ці ж малая распуснасць твая?
Адлі ўзяла сыноў сваіх а дачкі свае, каторых ты нарадзіла Імне, і абракла іх пажэрці. Ці мала бязулства твайго?
Усклала ты ў ахвяру дзяцей Маіх, і аддала іх, ахвяруючы ім.
Ты рэзала й дзеці Мае й давала іх праводзіць перазь цяпло да іх?
І па ўсіх агіднасцях сваіх і распуснасці забылася ты на дні маладосці сваёй, калі была ты голай і поўнай сораму і трапяталася ў крыві сваёй.
І ў вусіх агідах сваіх а бязулствах сваіх ты ня ўспомнела дзён маладосьці свае, як ты была ненакрыўшыся а голая, качалася ў крыві сваёй.
І сталася пасля ўсіх злачынстваў тваіх — гора, гора табе! — кажа Госпад Бог, —
І сталася просьле ўсяе нягоднасьці твае ("Авохці, авохці табе", — агалашае Спадар СПАДАР),
і пабудавала ты сабе палаткі чужаложства, і зрабіла сабе ўзгоркі на кожнай вуліцы;
Што ты ўладзіла сабе бязульны дом, і зрабіла сабе ўзвышша на кажнай вуліцы,
на кожным скрыжаванні дарог пабудавала ты сабе сваё ўзнятае месца, і апаганіла сваю прыгажосць, і расхінала ногі свае з кожным праходзячым ды памнажала сваю чужаложнасць.
І на ростанях кажнае дарогі зрабіла сабе ўзвышша, і зрабіла харашыню сваю абрыдлаю, і расклала ногі свае кажнаму праходзячаму, і памножыла бязулствы свае;
І чужаложыла ты са сваімі суседзямі, егіпцянамі высокімі, і павялічвала разбэшчанасць сваю, каб гнявіць Мяне.
І бязуліла зь Ягіпцянамі, суседзямі сваімі вялікага цела, і памножыла бязулства, каб гнявіць Мяне.
Вось, Я выцягнуў руку Маю супраць цябе, і зменшыў ежу табе, і выдаў цябе ў рукі ненавідзячым цябе, дочкам філістынскім, якія саромеюцца дзеля распусты тваёй.
Вось, Я выцягну руку Сваю на цябе, і паменшу прызначанае табе, і аддам цябе на самадыю тым, што ненавідзяць цябе, дачкам Пілісцкім, што засаромлены за бессаромную дарогу тваю.
І распуснічала ты з сынамі асірыйцаў, бо яшчэ не была задаволена; і пасля таго, як займалася распустай, так і гэтым не задаволілася.
Ты бязуліла таксама із сынамі Асуру з прычыны нянасыці свае; але, ты бязуліла зь імі, і не насыцілася;
І павялічыла ты распуснасць сваю аж да купецкага краю халдэяў, і гэтым не задаволілася.
Адлі памножыла бязулства свае ў зямлі Канаанскай аж да Хальдэі, і таксама гэтым не насыцілася’"».
Як ачышчу Я сэрца тваё, — кажа Госпад Бог, — калі дапускалася ты ўсіх гэтых учынкаў бессаромнай жанчыны і распусніцы?
«Якое кволае сэрца твае, — агалашае Спадар СПАДАР, — бачачы, што ты рабіла ўсе гэта, работу пануючае бязульнае жонкі.
Бо распуснічала ты на скрыжаванні кожнай дарогі, рабіла сабе ўзгоркі на кожнай плошчы; і не стала, як блудніца, каб браць плату за распусту,
Як ты снудзіла бязульныя дамы свае на ростанях кажнае дарогі і рабіла ўзвышшы свае на кажнай вуліцы, то ты ня была, як бязуля, бо грэбавала заплатаю,
але як жанчына-чужаложніца замест свайго мужа прымае іншых.
Але як жонка чужаложніца, што бярэць чужых замест мужа свайго.
Усім распусніцам даецца плата, а ты ўсім сваім палюбоўнікам давала плату і дарыла ім падарункі, каб прыходзілі да цябе зусюль і распуснічалі з табою.
Усім бязулям даюць падаркі, але ты даеш падаркі ўсім палюбоўнікам сваім і даеш лапаны ім, каб яны зусуль прыходзілі да цябе на бязулства твае.
І сталася ў цябе адваротна звычаю гэтых жанчын у распусце тваёй, і ніхто не гнаўся за табою, гэта ты давала плату, а табе ніхто не аднагароджваў, сталася ў цябе наадварот.
І ў бязулстве тваім ё наадварот у цябе супроці жанок, бо ня гналіся за табою дзеля бязулства, у бязулстве сваім плаціла ты, прымеж тога ніхто не плаціў табе; значыцца, было наадварот».
Дзеля таго, распусніца, слухай слова Госпада!”»
Затым, бязуля, слухай слова СПАДАРОВА:
Вось што кажа Госпад Бог: «За тое, што былі растрачаны грошы твае і за тое, што аголены быў твой сорам у распусце тваёй з тваімі палюбоўнікамі і з усімі тваімі агіднымі ідаламі, і за кроў тваіх сыноў, якіх ты аддала ім,
Гэтак Спадар СПАДАР: «За тое, што нечысьць твая была выліта, і голасьць твая адкрыта бязулствам тваім із палюбоўнікамі тваімі а ўсімі балванамі агідаў тваіх, і за кроў дзяцей тваіх, каторых ты аддала ім,
таму, вось, Я збяру ўсіх тваіх палюбоўнікаў, якім ты спагадвала, ды ўсіх тых, каго ты любіла, з усімі, каго ненавідзела; і збяру іх з усіх бакоў супраць цябе, і адкрыю сорам твой перад імі, і ўбачаць яны ўсю тваю агіднасць.
Вось, за тое Я зьбяру ўсіх палюбоўнікаў тваіх, з каторымі ты мела ўзаем’е, і ўсіх, што ты любіла, з усімі, што ты ненавідзіла, і зьбяру іх адусюль супроці цябе, і адкрыю голасьць тваю ім, каб яны бачылі ўсю голасьць тваю.
І Я буду судзіць цябе, як судзяцца чужаложніцы і забойцы, і выдам цябе ў кроў абурэння і руплівасці.
І буду судзіць цябе судам чужаложніцаў і разьліваючых кроў, і прывяду на цябе крывавы гнеў а завісьць;
І аддам цябе ў іх рукі, і яны зруйнуюць твае палаткі распусты, і разбураць твае ўзгоркі, і распрануць цябе з тваіх шатаў, і забяруць пасудзіны ўбрання твайго, і пакінуць цябе голаю і поўнаю сораму.
І аддам цябе таксама ў рукі ім, і спустошаць бязульныя дамы твае, і абураць узвышшы твае, зьдзяруць ізь цябе таксама адзецьці твае, і возьмуць снадзі пазору твайго, і пакінуць цябе ненакрытаю а голаю.
І склічуць супраць цябе сход, і ўкамянуюць цябе, і мечамі сваімі пасякуць цябе на часткі.
І ўзьвядуць грамаду на цябе, і ўкамянуюць цябе, і пратнуць цябе мячамі сваімі.
І дамы твае спаляць агнём, і здзейсняць на цябе прысуды на вачах вельмі многіх жанчын; і Я спыню тваю распуснасць, ды ўжо больш ты не будзеш даваць падарункаў за распусту.
І спаляць цяплом дамы твае, і ўчыняць суды на цябе — крывавы гнеў а завісьць; і спыню бязулства твае, і таксама ўжо не дасі платы.
І заспакою Я Мой гнеў на цябе ды адвяду лютасць Маю ад цябе; і супакоюся, і ўжо болей не буду гневацца.
Дык спаганю Сваю злосьць на табе, і завісьць Мая адступе ад цябе, і Я супакоюся і болей ня буду гневацца.
За тое, што ты забылася на дні маладосці сваёй і ўсімі ўчынкамі давяла Мяне да гневу, Я ў сваю чаргу абярну шляхі твае на галаву тваю, — кажа Госпад Бог, — і не зрабіў Я паводле злачынстваў тваіх ва ўсіх тваіх агіднасцях.
За тое, што ты ня ўспомнела дзён маладосьці свае, але квяліла Мяне ўсім гэтым, вось, я абярну дарогу тваю на галаву тваю, агалашае Спадар СПАДАР; ці ты не дадала ўсяе гэтае бессаромнае непасьцівасьці да ўсіх агідаў сваіх?
Вось, кожны, хто гаворыць народу прыказаку пра цябе, скарыстае яе, кажучы: “Якая маці, такая і дачка яе”.
Гля, кажны прыказьнік ужывець прыказь празь цябе, кажучы: "Якая маці, такая дачка ейная".
Сапраўды, ты — дачка сваёй маці, якая пагрэбавала сваім мужам і сваімі дзецьмі; і ты — сястра сваіх сясцёр, якія пагрэбавалі сваімі мужамі і сваімі дзецьмі. Маці ваша была хетэйка, а бацька ваш — амарэй.
Ты — дачка маці свае, што брыдзілася мужам сваім і дзецьмі сваімі, і ты — сястра над сёстрамі тым, што брыдзіліся мужамі сваімі й дзецьмі сваімі. Маці твая Гэцічанка і айцец твой Аморэй.
І тваёй старэйшай сястрой была Самарыя, пражываючая налева ад цябе разам са сваімі дочкамі; а тваёй малодшай сястрой была Садом разам са сваімі дочкамі, што жыла направа ад цябе.
Сястра твая вялікая — Самара, яна а дачкі ейныя, што жывець налева ад цябе; а малодшая сястра твая, што жывець направа ад цябе, — Содома а дачкі ейныя.
Але ты не хадзіла шляхамі іх, ані рабіла паводле злачынстваў іх; як быццам гэтага было мала, ты рабіла горшыя злачынствы, чым яны, ва ўсіх шляхах тваіх.
Ты, адылі, не хадзіла па дарогах іхных і не рабіла подле агідаў іхных, але быццам вельма мала было табе іхнага, ты папсавалася болей за іх на ўсіх дарогах сваіх.
Жыву Я, — кажа Госпад Бог, — твая сястра Садом разам са сваімі дочкамі не рабіла так, як ты рабіла са сваімі дочкамі.
Жыў Я, — агалашае Спадар СПАДАР, — Содома, сястра твая, не рабіла, яна ані дачкі ейныя, як рабіла ты, ты а дачкі твае.
Вось, такая была правіннасць сястры тваёй Садом: адзначаліся яна і дочкі яе пыхаю, ненасытнасцю і гультайствам; і не падтрымлівалі яны руку беднага і нешчаслівага,
Вось, гэта было бяспраўе сястры твае Содомы: пыха, пярэсыць і нядбайлівы супакой быў у яе а ў дачок ейных, і рукі ўбогага а беднага ня сіліла.
і ўбіліся ў пыху, і дапусціліся агіднасцей адносна Мяне, і Я адкінуў іх, як ты гэта бачыла.
І былі яны пыхатыя, і рабілі агіду перад Імною; затым Я адхінуў іх, як абачыў гэта.
І Самарыя не дапусцілася і паловы грахоў тваіх, а ты перасягнула іх сваімі злачынствамі і апраўдала сваіх сясцёр усімі агіднасцямі, якіх дапусцілася.
І Самара не зрабіла палавіцы грахоў тваіх, але ты памножыла агіды свае болей, як яны, і аправіла сёстры свае ўсімі агідамі сваімі, што ты дзеяла.
Дык ты таксама нясі ганьбу сваю, ты, якая апраўдала сваіх сясцёр сваімі грахамі, горшымі за іх; былі бо яны табою апраўданыя. Дык і ты засаромейся і нясі сваю ганьбу, ты, якая апраўдала сваіх сясцёр.
Таксама ты, што судзіла сёстры свае, нясі сорам свой за грахі свае, што ў цябе агіднейшыя, чымся ў іх: яны справядліўшыя за цябе; і таксама за тое саромяйся а нясі ганьбу сваю, што ты аправіла сёстры свае.
І я адмяню іх долю, долю Садом і яе дачок, а таксама долю Самарыі і яе дачок; і тваю долю адмяню сярод іх,
І Я зьвярну палон іхны, палон Содомы а дачок ейных і палон Самары а дачок ейных; тады зьвярну палон палоненікаў тваіх сярод іх,
каб несла ты ганьбу сваю ды была асаромленая з прычыны ўсяго таго, чаго дапусцілася, прыносячы ім суцяшэнне.
Каб ты несла паганьбеньне свае й саромілася таго, што ты зрабіла, цешачы іх.
І твая сястра Садом, і яе дочкі вернуцца да першага стану свайго, і Самарыя са сваімі дочкамі вернецца да свайго папярэдняга стану, і ты, і дочкі твае вернецеся да папярэдняга стану вашага.
Як сёстры твае, Содома а дачкі ейныя, зьвернуцце да свайго пярэдняга стану, і Самара а дачкі ейныя зьвернуцца да свайго пярэдняга стану, тады ты а дачкі твае зьвернецеся да свайго пярэдняга стану.
Ці ж у днях тваёй пыхі не было гаворкі ў вуснах тваіх пра сястру тваю Садом,
Бо сястры свае Содомы ты не менавала вуснамі сваімі ў дзень пыхі свае,
перш чым ганьба твая не была адкрытая? Падобна як яна, так і ты цяпер стала пасмешышчам для дачок Сірыі і для ўсіх, хто кругом цябе жыве, для дачок філістынскіх, якія пагарджаюць табою.
Пакуль не адкрылася нягоднасьць твая, як часу ўпікаў ад дачок Арамскіх і ўсіх, што навокал іх, дачок Пілісцкіх, што ўсі навокал грэбуюць табою.
Ты адкажаш за свае злачынствы і ганьбу,— кажа Госпад».
Ты будзеш насіць бязулства а агіды свае», — агалашае СПАДАР;
Вось што кажа Госпад Бог: «І зраблю Я з табою так, як зрабіла ты, якая адцуралася ад прысягі, каб разарваць запавет.
Бо гэтак каже Спадар СПАДАР: «Я ўчыню табе, як учыніла ты, грэбуючы прысягаю і ўзрушаючы змову.
І Я ўспомню запавет, які заключыў з табою ў дні маладосці тваёй, ды пастаўлю з табою запавет вечны.
Я, адылі, успомню змову Сваю з табою за дзён маладосьці твае, і ўставаўлю вечную змову з табою.
І ты ўзгадаеш на дарогі свае і засаромеешся, калі прымеш сясцёр тваіх, як старэйшых, так і малодшых за цябе, і дам іх табе за дочак, але не паводле заключанага з табой запавету.
Тады ты ўспомніш дарогі свае і засаромішся, як возьмеш сёстры свае, старшую сваю й малодшую сваю, і Я дам табе іх за дачкі, але ня подле змовы твае.
І аднаўлю Я Мой запавет з табой, і ты даведаешся, што Я — Госпад,
І Я ўстанаўлю змову Сваю з табою, і даведаешся, што Я — СПАДАР,
каб памятаць і саромецца, ды каб з-за свайго сораму не адкрываць больш вуснаў сваіх тады, калі прабачу табе ўсё, што ты зрабіла», — кажа Госпад Бог.
Каб ты ўспамінала й саромілася, і наперад вуснаў сваіх не адчыняла ад сораму, як Я дарую табе ўсе, што ты зрабіла», — агалашае Спадар СПАДАР.