Езэкііля 47 разьдзел

Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

І завёў ён мяне назад да брамы дома, і вось, выцякала вада з-пад парога дома на ўсход, бо пярэдні бок дома быў накіраваны на ўсход, а вада выцякала з-пад правага боку храма на поўдзень ад ахвярніка.
 
І зьвярнуў ён мяне назад да дзьвярэй дому, і вось, вада цякла з пад правага боку дому на паўднявую старану аброчніка.

І вывеў ён мяне праз паўночную браму, і на двор павёў мяне, да знешняй брамы, накіраванай на ўсход; і вось, вада выцякала з-пад правага боку.
 
І вывеў мяне пераз паўночную браму, і абвёў мяне навоннаю дарогаю да навоннае брамы, дарогаю, што вядзець на ўсход, і гля, вада выцякае па правай старане.

Калі пайшоў чалавек у напрамку ўсходнім, ён меў у сваёй руцэ вымяральны прут, адмераў ім тысячу локцяў і правёў мяне праз ваду, і вада даставала аж да шчыкалатак.
 
І як гэны муж, што меў шнюр у руццэ сваёй, прышоў на ўсход, ён адмераў тысяча локцяў і правёў мяне пераз ваду; вады было па шчыкалатку.

І зноў адмераў тысячу локцяў і правёў мяне праз ваду, і вада даставала аж да каленяў. І адмераў ён тысячу локцяў, і перавёў мяне праз ваду, якая даставала аж да клубоў.
 
Ізноў адмераў тысяча і правёў мяне па вадзе; вады было па калені. Ізноў адмераў тысяча і правёў мяне; вады было па пояс.

І адмераў ён яшчэ тысячу локцяў; быў там струмень, праз які не змог я перайсці, бо вада была заглыбокая, была гэта вада да плавання; рака, праз якую нельга было перайсці.
 
Потым адмераў тысяча, і быў цурэй, пераз каторы я ня мог перайсьці, бо вада была падняўшыся, вада, каторую надабе было пераплысьці, цурэй нельга было перайсьці.

І сказаў ён мне: «Ці ўбачыў ты гэта, сын чалавечы?» — і павёў мяне, і накіраваў да берага ракі.
 
І сказаў імне: «Ці бачыў ты сыну, людзкі?» Тады павёў мяне і зьвярнуў мяне да берагу цур’я.

І калі я павярнуўся, вось, з абодвух бакоў на беразе ракі было вельмі многа дрэў;
 
Як я зьвярнуўся, гля, на беразе цур’я вельма шмат дзерваў абапал.

і ён сказаў мне: «Вада гэта, якая цячэ на абшар усходні і сыходзіць да зямлі Арабы, упадае ў мора, у салёныя воды, і воды тыя становяцца здаровымі;
 
І сказаў ён імне: «Гэтая вада цячэць да ўсходняга краю, і цячэць далоў на раўніну, і ўцякае ў мора, і як уцячэць у мора, вада ўздаровіцца.

і ўсе істоты жывыя, якія варушацца, куды толькі рака прыходзіць, будуць жыць, і будзе даволі многа рыбы, бо пасля таго, як дацякуць туды тыя воды, і будзе аздароўлена, і будзе жыць усё, да чаго дацячэ рака.
 
І станецца, што куды пацякуць цур’і, там кажная жывёла, што кратаецца, ажывець; і там будзе вялікая множасьць рыбы, бо вада прыцячэць туды, бо яна будзе ўздароўленая; і кажная жывёла будзе жыць там, куды прыцячэць цурэй.

І будуць над імі стаяць рыбакі, пачынаючы ад Эн-Гадзі аж да Эн-Галіма, будзе гэта месца на прасушванне сетак; будуць там шматлікія віды рыбы, роўныя рыбам з Вялікага мора, у незлічонай колькасці.
 
І станецца, што рыбакі будуць стаяць ля яго ад Ен-Ґеды аж да Ен-Еґлаіму, будуць закідаць сеці; рыба ў іх будзе такога ж роду, як рыба ў вялікім мору, надзвычайна шмат.

Але балоты яго і затокі не будуць аздароўлены, бо яны будуць аддадзены на саляныя капальні.
 
Але балоты яго а лужы яго не ўздаровяцца, яны будуць прызначаны да солі.

І па берагах ракі з абодвух бакоў маюць расці ўсякага роду дрэвы пладовыя; лісце іх не ападзе, і плады іх не звянуць: кожны месяц будуць яны радзіць новыя плады, бо іх вада выходзіць са свяцілішча, і іх плады будуць на ежу, і лісце іх — на лекі».
 
І ля цур’я па берагох яго абапал будзе расьці ўсялякае дзерва да еміны, каторага лісьцё ня будзе вянуць, і ня высіляцца плады яго; яно будзе даваць новыя плады подле месяцаў сваіх, бо воды яго выцякаюць ізь сьвятыні; і плады яго будуць на ежу, і ліст яго на лек».

Вось што кажа Госпад Бог: «Гэта мяжа, у якой будзеце валодаць зямлёю паміж дванаццаццю пакаленнямі Ізраэля, бо Язэп мае двайную частку,
 
Гэтак кажа Спадар СПАДАР: «Гэта граніца, у каторай вам спадзець зямля подле двананцацёх плямён Ізраелявых; Язэпу дзьве дзелі.

а вы будзеце валодаць ёю кожны па роўнай частцы, як яго браты; над ёю падняў Я руку Маю, каб даць вашым бацькам; ды зямля гэтая будзе вам як спадчына.
 
Яна будзе падзелена па роўнай часьці, бо Я падняў руку сваю даць яе айцом вашым, і зямля спадзець вам на спадак.

А гэта мяжа зямлі: на поўнач ад Вялікага мора ў напрамку Гэталона аж да ўваходу ў Эмат,
 
І гэтта граніца зямлі: ад вялікага мора ў кірунку на поўнач дарогаю Гэтлёну, як ісьці да Цэдад,

Сэдаду, Бэрот, Сабарым, што знаходзяцца між межамі Дамаска і мяжой Эмата аж да Асарэнона, што знаходзіцца ля мяжы Аўрана.
 
Пераз Гамаф, Берот, Сэфраім, што меж граніцаю Дамашку і граніцаю Гамафу, аж да сярэдняга Гацару, што ля ўзьбярэжжа Гаўрану.

Дык будзе мяжа ад мора аж да Асарэнона, калі абшары каля Дамаска і абшары каля Эмата застаюцца на поўначы; гэта частка паўночная.
 
І будзе граніцаю ад мора Гацар-Енон, граніца Дамашку і на поўнач граніца Гамафу; гэта паўночная старана.

Вось мяжа ўсходняя: ідзе яна з месца паміж Аўранам і Дамаскам, і між Галаадам і зямлёй Ізраэля, Ярдан мае быць мяжой аж да мора Усходняга, каля Тамара; гэта мяжа ўсходняя.
 
І ўсходнюю старану адмерайце ад Гаўрану а ад Дамашку а ад Ґілеаду а ад зямлі Ізраельскае Ёрданом, ад граніцы аж да ўсходняга мора; і гэта ўсходняя старана.

А мяжа паўднёвая — паўднёвыя землі ад Тамара аж да водаў Мэрыбы каля Кадэса і ўздоўж ракі аж да Вялікага мора; гэта частка паўднёвая ў бок поўдня.
 
І паўднявая старана на паўдні цягнецца ад Тамары аж да водаў звады ў Кадэшу, цур’ём да вялікага мора; і гэта паўднявая старана, на паўдні.

І мяжа марская: Вялікае мора ўтварае мяжу аж да таго месца, дзе насупраць знаходзіцца Эмат; гэта мяжа марская.
 
І заходняю стараною будзе вялікае мора ад граніцы аж да насупроці ўходу да Гамаф; гэта заходняя старана.

І зямлю гэтую падзеліце між сабой на пакаленні Ізраэля.
 
Дык падзеліце зямлю сабе подле плямён Ізраелявых.

І падзеліце яе на спадчыну для вас і для чужынцаў, якія прыйшлі да вас і якія нарадзілі сыноў сярод вас; і будуць яны вам за народжаных сярод сыноў Ізраэля: разам з вамі сярод пакаленняў Ізраэля будуць дзяліць спадчыну;
 
І станецца, што падзеліце яе жэрабям на спадак сабе й чужаземцам, што перабываюць меж вас, каторыя нарадзілі дзеці меж вас, і яны маюць быць вам як народжаныя ў краю меж сыноў Ізраелявых, яны будуць мець спадак із вамі меж плямён Ізраелявых.

а ў тым пакаленні, у якім будзе жыць чужынец, там дасцё яму спадчыну», — кажа Госпад Бог.
 
І станецца, што ў якім пляменю чужаземец перабывае, там дасьце яму спадак, — агалашае Спадар СПАДАР.