Езэкііля 24 разьдзел

Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

І сталася: на дзевяты год, у дзесяты месяц, дзесятага дня таго месяца прамовіў да мяне Госпад гэтыя словы:
 
І было імне слова СПАДАРОВА дзявятага году, дзясятага месяца, дзявятага дня месяца, кажучы:

«Сын чалавечы, напішы сабе дату сённяшнюю, калі цар Бабілона акурат у гэты дзень напаў на Ерузалім.
 
«Сыну людзкі! запішы сабе назоў гэтага дня, гэтага самага дня; абляжа кароль Бабілёнскі Ерузалім гэтага самага дня.

І раскажы за прыказку гэтаму бунтаўнічаму народу прыпавесць, і скажы яму: гэта кажа Госпад Бог: “Прыстаў кацёл да агню; прыстаў і налі ў яго вады.
 
Пасулі прыпавесьць бунтоўнаму дому й скажы ім: "Гэтак кажа Спадар СПАДАР: "Пастанаві гаршчок, пастанаві й таксама налі вады ў яго.

Кінь у яго кавалкі мяса, усе лепшыя кавалкі: кумпяк і лапатку, напоўні яго найлепшымі косткамі,
 
Зьбяры кавалкі яго ў яго, кажны добры кавалак, сьцягняк а лапатку; выборнымі косьцьмі напоўні яго.

выберы на гэта найлепшы статак. Падкладзі таксама бярэмя дроў пад яго; хай кавалкі мяса ў ім закіпяць, і хай косткі яго ў ім разварацца”.
 
Выборнае драбнога статку вазьмі, таксама кучу касьцей палажы пад ім, і вары добра, і няхай косьці разварацца ў ім’.

Акрамя таго, гэта кажа Госпад Бог: “Гора гораду крываваму, катлу, іржа якога на ім, і ржа яго не сыходзіць з яго. Павыкідай з яго кавалак за кавалкам яго, і жэрабя на яго не выпадзе.
 
Затым гэтак кажа Спадар СПАДАР: "Авохці крываваму месту, гаршку, гаршку, каторага шумаўё ў ім, і каторага шумаўё ня выходзе зь яго; выбірай зь яго кавалак па кавалку, няхай жэрабя не падзець на яго;

Бо кроў, якую ён праліў, ёсць у ім, ён праліў яе на найчысцейшай скале; не праліў яе на зямлю, каб магла яна пакрыцца пылам;
 
Бо кроў яго сярод яго; ён пастанавіў яго на голай скале; не вылівай зь яго на зямлю, каб пыл не пакрыў яго.

каб распаліць гнеў Мой і адпомсціць помстаю, Я разліў яго кроў на найчысцейшай скале, каб не была яна прыкрыта”.
 
Каб выклікаць гнеў і надта памсьціцца, Я пастанаўлю кроў ягоную на голай скале, каб ня была пакрыта’.

Дзеля таго вось што кажа Госпад Бог: “Гора гораду крываваму, з якога Я раскладу вялікае вогнішча.
 
Затым гэтак кажа Спадар СПАДАР: ’Авохці крываваму месту! Я павялічу вогнішча.

Назбірай дроў, распалі агонь, звары мяса аж да гатоўнасці і вылі поліўку, і хай косткі згараць.
 
Павяліч дровы, кладзі цяпло, вары мяса й палажы закрасы, і няхай косьці перагараць.

Пастаў таксама гэты кацёл пусты на вугалі, каб напалілася медзь яго і загарэлася, і каб унутры яго растапілася яго нячыстасць ды каб знікла ржа яго.
 
І пастанаві яго пусты на вугальле, каб медзь стала гарачай, і каб гаршчок журэў, і бруда яго распусьцілася ў ім, каб шумаўё яго шчэзла.

Зроблена гэта з вялікай цяжкасцю, і тоўсты слой іржы яго не сыдзе з яго нават у агні”.
 
Ён стамаваўся сіленьням, і вялікае шумаўё яго ня выходзе зь яго, шумаўё яго ў цяпле.

Нячыстасць твая — жахлівая, бо Я захацеў ачысціць цябе, і ты не ачысціўся ад бруду твайго; але не будзеш ачышчаны, пакуль не супакою Я гнеў Мой супраць цябе.
 
У нечысьці тваёй распуста, бо Я чысьціў цябе, і ты не ачысьціўся; наперад ад нечысьці свае не ачысьцішся, пакуль Я не спаганю на табе гневу Свайго.

Я, Госпад, вырашыў: “Слова Маё споўніцца, і Я выканаю яго: не буду мець літасці, ані пашкадую, ані памілую. Асуджу цябе паводле тваіх паводзін і паводле тваіх ліхіх учынкаў”, — кажа Госпад».
 
Я, СПАДАР, вымавіў гэта, гэта станецца; і ўчыню гэта, не адступлю ані пашчаджаю, ані пажалею; подле дарогаў тваіх і подле ўчынкаў тваіх будуць судзіць цябе’, — агалашае Спадар СПАДАР"».

І прамовіў Госпад да мяне гэтыя словы:
 
І было імне слова СПАДАРОВА, кажучы:

«Сын чалавечы, вось, забіраю ад цябе ў пакуце радасць вачэй тваіх, і не галасі, і не плач, і хай не цякуць твае слёзы.
 
«Сыну людзкі! вось, Я адбяру ў цябе болькаю жаданьне аччу тваіх, ты, адылі, ня будзь у жалобе ані плач, і няхай не пакоціцца сьліза Твая.

Уздыхай маўчком, не бяры жалобы па памерлым, завяжы турбан свой вакол галавы, і абуй абутак твой на ногі свае, і не закрывай вусны барадою, і не еж хлеба жалобы».
 
Уздыхай моўчыкам, не рабі жалобы па памерлай, турбан свой завяжы на сябе, абуй вобуй на ногі свае, і не закрывай вуснаў, і хлеба людзкога ня еж».

І сказаў я да народа свайго раніцаю, і ўвечары памерла жонка мая; і зрабіў я назаўтра так, як мне загадана.
 
Затым я гукаў люду нараніцы, а жонка мая памерла ўвечары; назаўтрае нараніцы я зрабіў, як імне было расказана.

І народ казаў мне: «Ці не вытлумачыш нам, што значыць для нас тое, што робіш?»
 
І сказаў імне люд: «Ці ня скажаш нам, што гэта знача нам, што ты робіш?»

І сказаў я ім: «Прамовіў да мяне Госпад гэтыя словы:
 
І я адказаў ім: «Слова СПАДАРОВА было імне, кажучы:

“Скажы дому Ізраэля: гэта кажа Госпад Бог: “Вось, Я апаганю маю святыню, гонар моцы вашай, і радасць вачэй вашых, і тугу душы вашай. Сыны вашы і дочкі вашы, якіх вы пакінулі, ад меча загінуць.
 
"Гукай дому Ізраеляваму: "Гэтак кажа Спадар СПАДАР: "Гля, Я збудзеню сьвятыню Сваю, гордасьць сілы вашае, жаданьне ачоў вашых, і чаго шкадуе душа ваша; а сынове вашы а дачкі вашы, каторых вы пакінулі, загінуць ад мяча.

І вы так зробіце, як я зрабіў: вусны не будзеце закрываць барадою і не будзеце есці хлеба жалобы,
 
І вы будзеце рабіць, як Я раблю: вуснаў ня будзеце закрываць ані есьці хлеба людзкога;

будзеце мець турбаны на галовах вашых і абутак на нагах, не будзеце наракаць, ані плакаць, а будзеце сохнуць дзеля злачыннасцей вашых ды будзеце стагнаць кожны перад братам сваім.
 
І турбаны вашы будуць на галавах вашых, і вобуй ваш на нагах вашых; ня будзеце ў жалобе ані плакаць, але растаеце ў бяспраўях сваіх і будзеце наракаць адзін перад адным.

І Эзэкіэль будзе вам знакам: усё, што ён зрабіў, будзеце і вы рабіць, калі гэта надыдзе, і даведаецеся, што Я — Госпад Бог”.
 
І Езэкіель будзе вам знакам: подле ўсёга, што ён рабіў, вы будзеце рабіць; і як гэта станецца, вы даведаецеся, што Я — Спадар СПАДАР"’.

І ты, сын чалавечы, вось, у дзень, у які Я вазьму ад іх сілу іх, і радасць велічы, і раскошу вачэй іх, і тугу душ іх, сыноў і дачок іх;
 
А што да цябе, сыну людзкі, ці ня будзе гэта дня, калі Я адыйму ў іх сілу іхную, радасьць пазору іхнага, жаданьне ачоў іхных і вялікае жаданьне сэрца іхнага, сыноў іхных а дачкі іхныя, —

у той дзень, калі прыйдзе да цябе ўцякач, каб паведаміць тваім вушам,
 
Таго дня ўцеклы прыйдзе да цябе, прынесьці ведамку вушом тваім;

у той дзень, — кажу, — адкрыюцца вусны твае перад уцекачом; і ты будзеш казаць і не будзеш больш маўчаць, і ты будзеш для іх знакам, і даведаюцца, што Я — Госпад”».
 
Таго дня адчыніцца рот твой уцекламу, і ня будзеш немы, і будзеш знакам ім; і даведаюцца, што Я — СПАДАР"».