Езэкііля 24 разьдзел

Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

І было мне слова Гасподняе ў дзявятым годзе, у дзясятым месяцы, на дзявятым дні месяца:
 
І было імне слова СПАДАРОВА дзявятага году, дзясятага месяца, дзявятага дня месяца, кажучы:

сыне чалавечы! запішы сабе імя гэтага дня, гэтага самага дня: у гэты самы дзень цар Вавілонскі падступіў да Ерусаліма.
 
«Сыну людзкі! запішы сабе назоў гэтага дня, гэтага самага дня; абляжа кароль Бабілёнскі Ерузалім гэтага самага дня.

І вымаві на мяцежны дом прыпавесьць, і скажы ім: так кажа Гасподзь Бог: пастаў кацёл, пастаў і налі ў яго вады;
 
Пасулі прыпавесьць бунтоўнаму дому й скажы ім: "Гэтак кажа Спадар СПАДАР: "Пастанаві гаршчок, пастанаві й таксама налі вады ў яго.

складзі ў яго кавалкі мяса, усе найлепшыя кавалкі, сьцягна і лапаткі, і напоўні адборнымі касьцямі;
 
Зьбяры кавалкі яго ў яго, кажны добры кавалак, сьцягняк а лапатку; выборнымі косьцьмі напоўні яго.

адборных авечак вазьмі, і запалі пад ім косткі і гатуй датуль, пакуль косткі разварацца ў ім.
 
Выборнае драбнога статку вазьмі, таксама кучу касьцей палажы пад ім, і вары добра, і няхай косьці разварацца ў ім’.

Таму так кажа Гасподзь Бог: гора гораду крыві! гора катлу, у якім ёсьць накіп і зь якога накіп яго ня сыходзіць! кавалак за кавалкам яго выкідайце зь яго, ня выбіраючы па жэрабі.
 
Затым гэтак кажа Спадар СПАДАР: "Авохці крываваму месту, гаршку, гаршку, каторага шумаўё ў ім, і каторага шумаўё ня выходзе зь яго; выбірай зь яго кавалак па кавалку, няхай жэрабя не падзець на яго;

Бо кроў яго сярод яго; ён пакінуў яе на голай скале: не на зямлю праліваў яе, дзе яна магла б пакрыцца пылам.
 
Бо кроў яго сярод яго; ён пастанавіў яго на голай скале; не вылівай зь яго на зямлю, каб пыл не пакрыў яго.

Каб абудзіць гнеў на ўчыненьне помсты, Я пакінуў кроў яго на голай скале, каб яна не схавалася.
 
Каб выклікаць гнеў і надта памсьціцца, Я пастанаўлю кроў ягоную на голай скале, каб ня была пакрыта’.

Таму так кажа Гасподзь Бог: гора гораду крыві! і Я раскладу вялікае вогнішча.
 
Затым гэтак кажа Спадар СПАДАР: ’Авохці крываваму месту! Я павялічу вогнішча.

Дадай дроў, раскладзі агонь, вывары мяса; хай усё загусьне і косткі перагараць.
 
Павяліч дровы, кладзі цяпло, вары мяса й палажы закрасы, і няхай косьці перагараць.

І калі кацёл будзе пусты, пастаў яго на жар, каб ён разагрэўся, і каб медзь яго напалілася, і расплавілася ў ім нечысьць яго, і ўвесь накіп яго зьнік.
 
І пастанаві яго пусты на вугальле, каб медзь стала гарачай, і каб гаршчок журэў, і бруда яго распусьцілася ў ім, каб шумаўё яго шчэзла.

Праца будзе цяжкая; але вялікі накіп яго ня сыдзе зь яго: і ў агні застанецца на ім накіп яго.
 
Ён стамаваўся сіленьням, і вялікае шумаўё яго ня выходзе зь яго, шумаўё яго ў цяпле.

У нечысьці тваёй такая мярзота, што колькі я ні чышчу цябе, ты ўсё нячысты; ад нечысьці тваёй ты і далей не ачысьцішся, пакуль лютасьці Маёй Я не спатолю над табою.
 
У нечысьці тваёй распуста, бо Я чысьціў цябе, і ты не ачысьціўся; наперад ад нечысьці свае не ачысьцішся, пакуль Я не спаганю на табе гневу Свайго.

Я Гасподзь, Я кажу: гэта прыйдзе і Я зраблю; не адмяню і не пашкадую і не памілую. Паводле шляхоў тваіх і паводле ўчынкаў тваіх судзіць буду цябе, кажа Гасподзь Бог.
 
Я, СПАДАР, вымавіў гэта, гэта станецца; і ўчыню гэта, не адступлю ані пашчаджаю, ані пажалею; подле дарогаў тваіх і подле ўчынкаў тваіх будуць судзіць цябе’, — агалашае Спадар СПАДАР"».

І было мне слова Гасподняе:
 
І было імне слова СПАДАРОВА, кажучы:

сыне чалавечы! вось, Я вазьму ў цябе пошасьцю ўцеху вачэй тваіх; але ты не наракай і ня плач, і сьлёзы хай ня выступаюць у цябе;
 
«Сыну людзкі! вось, Я адбяру ў цябе болькаю жаданьне аччу тваіх, ты, адылі, ня будзь у жалобе ані плач, і няхай не пакоціцца сьліза Твая.

уздыхай у маўчаньні, плачу па памерлых ня ўчыняй; а абвязвай сябе павязкаю і абувай ногі твае ў абутак твой, і барады не захінай і хлеба ад чужых ня еж.
 
Уздыхай моўчыкам, не рабі жалобы па памерлай, турбан свой завяжы на сябе, абуй вобуй на ногі свае, і не закрывай вуснаў, і хлеба людзкога ня еж».

І пасьля таго як сказаў я раніцай слова народу, увечары памерла жонка мая, і на другі дзень я зрабіў так, як загадана было мне.
 
Затым я гукаў люду нараніцы, а жонка мая памерла ўвечары; назаўтрае нараніцы я зрабіў, як імне было расказана.

І сказаў мне народ: ці ня скажаш нам, якое нам значэньне ў тым, што ты робіш?
 
І сказаў імне люд: «Ці ня скажаш нам, што гэта знача нам, што ты робіш?»

І сказаў я ім: мне было слова Гасподняе:
 
І я адказаў ім: «Слова СПАДАРОВА было імне, кажучы:

скажы дому Ізраілеваму: так кажа Гасподзь Бог: вось, Я аддам на паглум сьвятыню Маю, апору сілы вашай, уцеху вачэй вашых і радасьць душы вашай, а сыны вашыя і дочкі вашыя, якіх вы пакінулі, загінуць ад меча.
 
"Гукай дому Ізраеляваму: "Гэтак кажа Спадар СПАДАР: "Гля, Я збудзеню сьвятыню Сваю, гордасьць сілы вашае, жаданьне ачоў вашых, і чаго шкадуе душа ваша; а сынове вашы а дачкі вашы, каторых вы пакінулі, загінуць ад мяча.

І вы рабіцьмеце тое самае, што рабіў я: барады захінаць ня будзеце, і хлеба ад чужых есьці ня будзеце;
 
І вы будзеце рабіць, як Я раблю: вуснаў ня будзеце закрываць ані есьці хлеба людзкога;

і павязкі вашыя будуць на галовах вашых, і абутак ваш — на нагах вашых; ня будзеце наракаць і плакаць, а будзеце раставаць ад грахоў вашых і ўздыхаць адзін перад адным.
 
І турбаны вашы будуць на галавах вашых, і вобуй ваш на нагах вашых; ня будзеце ў жалобе ані плакаць, але растаеце ў бяспраўях сваіх і будзеце наракаць адзін перад адным.

І будзе вам Езэкііль азнакаю: усё, што ён рабіў, збудзецца, уведаеце, што Я — Гасподзь Бог.
 
І Езэкіель будзе вам знакам: подле ўсёга, што ён рабіў, вы будзеце рабіць; і як гэта станецца, вы даведаецеся, што Я — Спадар СПАДАР"’.

А што да цябе, сыне чалавечы, дык у той дзень, калі Я вазьму ў іх акрасу славы іхняй, сыноў іхніх і дочак іхніх,
 
А што да цябе, сыну людзкі, ці ня будзе гэта дня, калі Я адыйму ў іх сілу іхную, радасьць пазору іхнага, жаданьне ачоў іхных і вялікае жаданьне сэрца іхнага, сыноў іхных а дачкі іхныя, —

у той дзень прыйдзе да цябе адтуль той, хто выратаваўся, каб падаць вестку ў вушы твае.
 
Таго дня ўцеклы прыйдзе да цябе, прынесьці ведамку вушом тваім;

У той дзень пры гэтым выратаваным разамкнуцца вусны твае, і ты будзеш гаварыць і не застанешся ўжо бязмоўны, і будзеш азнакаю ім, і ўведаюць, што Я — Гасподзь.
 
Таго дня адчыніцца рот твой уцекламу, і ня будзеш немы, і будзеш знакам ім; і даведаюцца, што Я — СПАДАР"».