Езэкііля 13 разьдзел

Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

І было мне слова Гасподняе:
 
І было да мяне слова СПАДАРОВА, кажучы:

сыне чалавечы! вымаві прароцтва на прарокаў Ізраілевых, якія прарочаць, і скажы прарокам ад свайго сэрца: слухайце слова Гасподняе!
 
«Сыну людзкі, праракай на праракаючых прарокаў ізраельскіх і скажы тым, што праракаюць із собскага сэрца свайго: "Слухайце слова СПАДАРОВА:

Так кажа Гасподзь Бог: гора неразумным прарокам, якія водзяцца сваім духам, і нічога ня бачылі!
 
Гэтак кажа Спадар Бог: ’Бяда дурным прарокам, што йдуць за духам собскім, Прымеж тога нічога ня бачылі.

Прарокі твае, Ізраіле, як лісы ў руінах.
 
Як лісы на разьвярненьнях, былі прарокі твае, Ізраелю!

У праломіны вы не ўваходзіце і не агароджваеце сьцяною дому Ізраілевага, каб цьвёрда стаяць у бітве ў дзень Госпада.
 
Вы ня выходзілі ў праломы і не гарадзілі агарожы дому Ізраеляваму, каб стаць у бітву ў дзень СПАДАРОЎ.

Яны бачаць пустое і наперад узьвяшчаюць ілжу, кажучы: «Гасподзь сказаў»; а Гасподзь не пасылаў іх; і абнадзейваюць, што слова спраўдзіцца.
 
Яны бачылі пустое й манлівыя вешчаваньні, кажучы: "СПАДАР агалашае", Прымеж тога СПАДАР не пасылаў іх, а яны даюць надзею, каб умацаваць слова.

Ці ня пустую ўяву бачылі вы? І ці ня ілжывае прадвесьце вымаўляеце, кажучы: «Гасподзь сказаў», а Я не казаў?
 
Ці ня пустую відзень бачылі вы і ці ня гукалі манлівага вешчаваньня, прымеж тога вы кажаце: "СПАДАР агалашае", як Я не казаў?’"»

Таму так кажа Гасподзь Бог: як што вы гаворыце пустое і бачыце ва ўявах ілжу, за гэта вось Я — на вас, кажа Гасподзь Бог.
 
Затым гэтак кажа Спадар СПАДАР: «За тое, што вы гукаеце пустое й бачылі ману, дык, вось, Я супроці вас, — агалашае Спадар Бог. —

І будзе рука Мая супроць гэтых прарокаў, якія бачаць пустое і наперад абвяшчаюць ілжу; на радзе народу Майго яны ня будуць і ў сьпіс дому Ізраілевага ня ўпішуцца, і ў зямлю Ізраілевую ня ўвойдуць; і ўведаеце, што Я — Гасподзь Бог.
 
І будзе рука Мая на прароках, што бачаць пустое й што вяшчуюць ману; у тайне люду Майго яны ня будуць і ў сьпісаньне дому Ізраелявага ня будуць упісаны, і ў зямлю Ізраеляву ня ўвыйдуць; і даведаецеся, што Я — Спадар СПАДАР.

За тое, што яны ўводзяць народ Мой у зман, кажучы: «мір», тым часам як міру няма; і калі ён будуе сьцяну, яны пэцкаюць яе брудам,
 
За тое, дыкжэ затое, што яны зводзілі люд Мой, кажучы: "Супакой", як няма супакою, і як адзін муруе сьцяну, то, гля, іншыя тынкуюць негадзячым мазалам,

скажы тым, якія пэцкаюць сьцяну брудам, што яна ўпадзе. Пачнецца зьліва, і вы, каменныя градзіны, упадзяце, і бурлівы вецер парве яе.
 
Кажы тым, што тынкуюць негадзячым мазалам, што яна паваліцца: пойдзе лівун, і вы, вялікія градавыя драбы, падзіце, і навальнічны вецер абура яе.

І вось, абваліцца сьцяна; тады ці ня скажуць вам: «дзе тая абмазка, якою вы абмазвалі?»
 
Гля, сьцяна паваліцца; ці ня скажуць вам: "Ідзе мазала, каторым вы тынкавалі яе?"»

Таму так кажа Гасподзь Бог: Я пушчу бурлівы вецер у гневе Маім, і пачнецца зьліва ў лютасьці Маёй, і камяні граду ў абурэньні Маім, на вынішчэньне.
 
Затым гэтак кажа Спадар Бог: «Я абуру яе навальнічным ветрам у палкім гневе Сваім, і лівун пойдзе ў гневе Маім, і вялізныя драбы граду ў палкім гневе Маім, каб зьнішчыць яе.

І разбуру сьцяну, якую вы пэцкалі брудам, абвалю яе на зямлю, і адкрыецца аснова яе, і ўпадзе, і вы разам зь ёю загінеце; і ўведаеце, што Я — Гасподзь.
 
І абуру сьцяну, што вы тынкавалі негадзячым мазалам, і рассыплю яе па зямлі, аж поды яе аголяцца, і яна разваліцца, і вы загінеце пад ёю; і даведаецеся, што Я — СПАДАР.

І вычарпаю лютасьць Маю на сьцяне і на тых, што пэцкаюць яе брудам, і скажу вам: няма сьцяны, і няма тых, што пэцкаюць яе
 
І спаганю гнеў Свой на сьцяне й на тых, што тынкавалі негадзячым мазалам яе, і скажу вам: "Няма сьцяны, няма й тых, што тынкавалі яе;

прарокаў Ізраілевых, якія прарочылі Ерусаліму і абвяшчалі яму ўявы міру, тым часам як міру няма, кажа Гасподзь Бог.
 
Гэткія прарокі Ізраелявы, што праракаюць празь Ерузалім і бачаць яму відзені супакою, але няма супакою", — агалашае Спадар СПАДАР.

А ты, сыне чалавечы, павярні аблічча тваё да дочак народу твайго, якія прарочаць ад уласнага сэрца свайго, і прамові на іх прароцтва,
 
І ты, сыну людзкі, абярні від свой да дачок люду свайго, што праракаюць із собскага сэрца свайго, і праракай супроці іх,

і скажы: так кажа Гасподзь Бог: гора тым, якія шыюць чарадзейныя мяшэчкі пад пахі і робяць пакрывалы на галаву ўсякага росту, каб лавіць душы! Няўжо, ловячы душы народу Майго, вы ўратуеце вашыя душы?
 
І скажы: "Гэтак кажа Спадар СПАДАР: ’Бяда тым, што шыюць падушачкі пад усі локці й робяць хусткі на галавы кажнае вялічыні, каб упаляваць душы! Ціж, палюючы на душы люду Майго, можаце захаваць жывыя душы свае?

І няславіце Мяне перад народам Маім за прыгаршчы ячменю і за кавалкі хлеба, усьмерчваючы душы, якія не павінны памерці, і пакідаючы жыцьцё душам, якія не павінны жыць, ашукваючы народ, які слухае ману.
 
І вы будзеніце Мяне мяж люду Майго за жмені ячменю а лусты хлеба, каб забіць душы, што ня маюць паміраць, і захаваць жывыя душы, што ня маюць жыць, — маною сваёю люду Майму, каторы слухае ману’"».

Таму так кажа Гасподзь Бог: вось, Я на вашыя чарадзейныя мяшэчкі, якімі вы там ловіце душы, каб яны прыляталі, і вырву іх з-пад мышцаў вашых і пушчу на свабоду душы, якія вы ловіце, каб прыляталі да вас.
 
Затым гэтак кажа Спадар СПАДАР: «Гля, Я супроці падушачкаў вашых, каторымі вы палюеце на душы там, каб прыляталі, і адарву іх із рук вашых, і вывальню душы, душы тых, на каторыя вы палюеце, каб яны прыляталі.

І разьдзяру пакрывалы вашыя і выбаўлю народ Мой ад рук вашых і ня будуць ужо ў руках вашых здабычаю, і ўведаеце, што Я — Гасподзь.
 
Парву чыпкі вашы і вывальню люд Свой з рукі вашае, і наперад яны ня будуць упаляваныя ў руццэ вашай; і даведаецеся, што Я — СПАДАР;

За тое, што вы хлусьнёю засмучаеце сэрца праведніка, якое Я не захацеў засмучаць, і падтрымліваеце рукі беззаконьніка, каб ён ня збочыў з заганнага шляху свайго і не захаваў жыцьця свайго,
 
Бо маною вы зьнемарасьцілі сэрца справядлівага, каторага Я ня немарасьціў, і ўмацавалі рукі нягоднага, каб ён не адвярнуўся ад свае нягоднае дарогі і каб ня жыў.

за гэта ўжо ня будзеце мець пустых уяваў і наперад ня будзеце варажыць: і Я выбаўлю народ Мой ад рук вашых, і ўведаеце, што Я — Гасподзь.
 
За гэта наперад вы ня будзеце бачыць марнасьці ані варажыць варожбаў, бо Я вывальню люд Свой з рукі вашае; і даведаецеся, што Я — СПАДАР».