Езэкііля 17 разьдзел

Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

І было мне слова Гасподняе:
 
І было слова СПАДАРОВА імне, кажучы:

сыне чалавечы! прапануй загадку і скажы прыпавесьць дому Ізраілеваму.
 
«Сыну людзкі! загадай загадку й скажы прыпавесьць дому Ізраеляваму,

Скажы: так кажа Гасподзь Бог: вялікі арол зь вялікімі крыламі, з доўгімі пёрамі, пушысты, перысты прыляцеў на Ліван і зьняў з кедра вяршаліну,
 
І скажы: "Гэтак кажа Спадар СПАДАР: ’Вялікі арол ізь вялікімі крыламі й шырака распушчанымі канцамі іх, поўны пер’я, што ў яго калярыстае, прыляцеў на Лібан і ўзяў найвышшы пагон кедры;

сарваў верхні малады парастак і прынёс яго ў зямлю Ханаанскую, у горадзе гандляроў пасадзіў яго;
 
Зарваў верх наймалодшае галузкі й прынёс яго да зямлі Канаанскае, і палажыў яго ў месьце купецкім;

і ўзяў з насеньня гэтай зямлі і пасадзіў на зямлі насеньня, разьмясьціў каля вялікіх водаў, як садзяць вярбу.
 
І ўзяў з насеньня зямлі, і пасадзіў яго на ўробленым полю, памясьціў ля вялікіх водаў, уткнуў яго, як вярбу.

І яно вырасла і зрабілася вінаграднаю лазою, шырокаю, нізкаю ростам, гольле якое хілілася да яе, і карані яе былі пад ёю, і зрабілася вінаграднаю лазою — і дало парасьці і пусьціла вецьце.
 
І яно вырасла, і стала рассахатым віном нізкога росту, каторага пагоны нахіналіся да яго, і карэньне яго было пад ім; і стала віном, і выдала пагоны, і пусьціла галузкі.

І яшчэ быў арол зь вялікімі крыламі і пушысты; і вось, гэтая вінаградная лаза пацягнулася да яго сваімі каранямі і працягнула да яго галіны свае, каб ён паліваў яе з барознаў расадніка свайго.
 
І быў там другі вялікі арол ізь вялікімі крыламі й багатым пер’ям; і гля, гэтае віно зьвярнула сваё карэньне да яго й выцягнула свае малажлявыя гукі да яго, каб ён мог паіць яго з баразён саджэньня свайго.

Яна была пасаджана на добрым полі, каля вялікіх водаў, так што магла пускаць вецьце і радзіць плод, зрабіцца лазою цудоўнаю.
 
Яно было пасаджана на добрым полю ля вялікіх водаў, каб магло выдаваць пагоны й каб дало плады, каб магло быць славутым віном’".

Скажы: так кажа Гасподзь Бог: ці будзе ёй посьпех? Ці ня вырвуць карэньне яе і ці не абарвуць плады яе, так што яна ўсохне? усе маладыя галіны, што адрасьлі ад яе, усохнуць. І не зь вялікаю сілаю і ня з многімі людзьмі сарвуць яе з каранёў яе.
 
Скажы: "Гэтак кажа Спадар СПАДАР: ’Ці будзе яно дасьпешнае? ці ня вырвуць карэньня яго і ці не абарвуць пладоў яго, ажно яно ссохне? І ўсі вырослыя лісты яго зьвянуць, нават безь вялікае сілы альбо без шмат людзёў вырвуць яго з карэньня яго.

І вось, хоць яна пасаджана, але ці будзе посьпех? ці ня высахне яна, як толькі дыхне на яе ўсходні вецер? высахне на градах, дзе вырасла.
 
Але, вось, пасаджанае, ці будзе дасьпешнае? Ці ня станецца, як усходні вецер даткнецца да яго, што яно чыста ссохне? ссохне ў барознах, ідзе вырасла?’"»

І было мне слова Гасподняе:
 
І было слова СПАДАРОВА імне, кажучы:

скажы мяцежнаму дому: хіба ня ведаеце, што гэта азначае? — Скажы: прыйшоў цар Вавілонскі ў Ерусалім, і ўзяў цара ягонага і князёў ягоных і прывёў іх да сябе ў Вавілон.
 
«Кажы ж бунтоўнаму дому: "Ці вы ня ведаеце, што гэта?" Кажы: "Гля, кароль Бабілёнскі прышоў да Ерузаліму, і ўзяў караля яго а князёў яго, і павёў іх із сабою да Бабілёну;

І ўзяў іншага з царскага роду і ўчыніў зь ім спрымірэнства, і абавязаў яго клятваю і ўзяў моцных зямлі той з сабою,
 
І ўзяў із каралеўскага насеньня, і ўчыніў змову зь ім, і ўзяў прысягу зь яго, таксама ўзяў дужых зямлі,

каб царства было пакорлівае, каб не магло падняцца, каб захоўвалася спрымірэнства і стаяла цьвёрда.
 
Каб каралеўства было паніжана, каб ня ўздыймалася, каб, дзержачы змову сваю, магло стаяць.

Але той адпаў ад яго, паслаўшы паслоў сваіх у Егіпет, каб далі яму коней і шмат людзей. Ці будзе яму посьпех? Ці ацалее той, хто гэта робіць? Ён парушыў спрымірэнства — і ці ацалее?
 
Але ён збунтаваўся супроці яго, пасылаючы паслоў да Ягіпту, каб далі яму коні а шмат людзёў. Ці будзе ён мець дасьпех? ці ўцячэць, хто так робе? альбо ўзруша змову і ўцячэць?

Жыву Я, кажа Гасподзь Бог: у месцы, дзе цар, які паставіў яго царом, і дадзеную яму клятву ён пагардзіў і парушыў спрымірэнства сваё зь ім, ён памрэ ў яго ў Вавілоне.
 
Жыў Я, — агалашае Спадар СПАДАР: — напэўна ў месцу каралёвым, каторы прызначыў яго за караля, і каторага прысягаю ён пагрэбаваў і змову ўзрушыў, у Бабілёне ён памрэць.

Зь вялікаю сілаю і шматлікім народам фараон нічога ня зробіць дзеля яго ў гэтай вайне, калі будзе насыпаны вал і пабудаваны будуць абложныя вежы на пагібель многіх душаў.
 
Ані фараон ізь вялікім войскам і чысьленаю грамадою не паможа яму на вайне, як насыпяць наспы й збудуюць абложныя сьцены, каб загубіць шмат душаў,

Ён пагардзіў клятваю, каб парушыць спрымірэнства, і вось, даў руку сваю і зрабіў усё гэта; ён не ацалее.
 
За тое, што ён пагрэбаваў прысягаю, узрушыўшы змову, калі, гля, даў руку сваю й зрабіў усе гэта, — ён не ўцячэць"».

Таму так кажа Гасподзь Бог: жыву Я! клятву Маю, якою ён пагардзіў, і спрымірэнства Маё, якое ён парушыў, Я абярну на яго галаву.
 
Затым гэтак кажа Спадар СПАДАР: «Жыў Я, канечне за прысягу Маю, што ён пагрэбаваў, і за змову Маю, што ён узрушыў, Я зьвярну на галаву ягоную.

І закіну на яго сетку Маю, і злоўлены будзе ў цянёты Мае; і прывяду яго ў Вавілон і там буду судзіцца зь ім за вераломства яго супроць Мяне.
 
І расьцягну сеці Свае на яго, і ён будзе злоўлены ў пасадку Маю, і завяду яго да Бабілёну, і буду прававацца там ізь ім за ізраду ягоную, што ён ізрадзіў Мяне.

І ўсе ўцекачы ягоныя з усіх рушэньняў ягоных загінуць ад меча, а хто застанецца, разьвеяныя будуць па ўсіх вятрах; і ўведаеце, што Я, Гасподзь, сказаў гэта.
 
І ўсі ўцекачы ягоныя з усіх аддзелаў ягоных загінуць ад мяча, а тыя, што застануцца, будуць разьвеяны кажным ветрам; і вы даведаецеся, што Я, СПАДАР, казаў».

Так кажа Гасподзь Бог: і вазьму я зь верху высокага кедра — і пасаджу; зь верхніх парасткаў ягоных адарву пяшчотную парасьліну і пасаджу на высокай і велічнай гары.
 
Гэтак кажа Спадар СПАДАР: «Я вазьму найвышшы пагон із высокага кедры й пасаджу яго; і зь верху малажлявых пагонаў яго адатну кунежны й пасаджу яго на гары высокай а ўзьнятай.

На высокай гары Ізраілевай пасаджу яго, — і пусьціць вецьце і ўродзіць плод і зробіцца велічным кедрам, і будуць вадзіцца пад ім усякія птушкі, усякія крылатыя будуць вадзіцца ў цяні гольля яго.
 
На гары вышыні Ізраелявае Я пасаджу яго; і ён пусьце галіны, і дасьць плод, і будзе славуты кедра; і пад ім будзе жыць кажная птушка, кажная крылатая, у сьценю галузаў яго будзе яна жыць.

І ўведаюць усе дрэвы польныя, што Я, Гасподзь, высокае дрэва паніжаю, нізкае дрэва павышаю, зялёнае дрэва сушу, а сухое дрэва раблю квяцістым: Я, Гасподзь, сказаў і зраблю.
 
І даведаюцца ўсі дзервы палявыя, што Я, СПАДАР, паніжыў высокае дзерва, узьняў нізкое дзерва, высушыў зялёнае дзерва й даў расквіцець сухому дзерву: Я, СПАДАР, казаў і ўчыніў».