Езэкііля 44 разьдзел
Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча
І прывёў ён мяне назад да зьнешняй брамы сьвятыні, якая выходзіла на ўсход, і яна была зачыненая.
І прывёў мяне назад да навоннае брамы сьвятыні, зьверненае на ўсход, і яна была заперта.
І сказаў мне Гасподзь: брама гэтая будзе зачыненая, не адчыніцца, і ніякі чалавек ня ўвойдзе празь яе, бо Гасподзь Бог Ізраілеў увайшоў празь яе, і яна будзе зачыненая.
І сказаў імне СПАДАР: «Брама гэтая будзе заперта, ня будзе адпірацца, і ні водная людзіна ня ўвыйдзе ёю; бо СПАДАР, Бог Ізраеляў, увыйшоў ёю, і затым яна заперта.
Што да князя, ён, як князь, сядзе ў ёй, каб есьці хлеб перад Госпадам; увойдзе праз бабінец гэтай брамы, і той самай дарогаю выйдзе.
Што да князя, то князь мае сядзець у ёй, каб есьці хлеб перад СПАДАРОМ; ён мае ўходзіць пераз ґанак брамы і тэй жа дарогаю выходзіць».
Потым прывёў мяне праз браму паўночную перад аблічча храма, і я бачыў, і вось, слава Госпада напаўняла дом Госпада, і я ўпаў на аблічча маё.
Дык ён прывёў мяне дарогаю паўночнае брамы к дому, і я глядзеў, і вось, слава СПАДАРОВА напоўніла дом СПАДАРОЎ, і паў я на від свой.
І сказаў мне Гасподзь: сыне чалавечы! прыкладвай сэрца тваё да ўсяго і глядзі вачыма тваімі і слухай вушамі тваімі ўсё, што Я кажу табе пра ўсе пастановы Дома Госпада і ўсе законы яго; і прыкладвай сэрца тваё да ўваходу ў храм і да ўсіх выхадаў са сьвятыні.
І сказаў імне СПАДАР: «Сыну людзкі! прылажы сэрца сваё, і Глядзі ачыма сваімі, і слухай вушыма сваімі ўсе, што Я кажу тэ праз уставы дому СПАДАРОВАГА і ўсі правы яго; і зацем добра ўход да дому і кажны выхад ізь сьвятыні.
І скажы мяцежнаму дому Ізраілеваму: так кажа Гасподзь Бог: годзе вам, доме Ізраілеў, рабіць усе мярзоты вашыя,
І скажы бунтоўнаму дому Ізраеляваму: "Гэтак кажа Спадар СПАДАР: "Досыць вам усіх агідаў вашых, доме Ізраеляў,
уводзіць сыноў чужое, неабрэзаных сэрцам і неабрэзаных плоцьцю, каб яны былі ў Маёй сьвятыні і апаганьвалі храм Мой, падносіць хлеб Мой, тлушч і кроў, і разбураць запавет Мой рознымі мярзотамі вашымі.
Калі вы ўводзіце сыноў чужаземцаў, неабрэзаных сэрцам і неабрэзаных целам, каб былі ў сьвятыні Маёй, плюгавіць яе, дом Мой; калі вы абракалі хлеб Мой, тук а кроў, а яны ўзрушалі змову Маю, звыш усіх агідаў вашых;
Вы ня несьлі варты каля сьвятыняў Маіх, а ставілі замест сябе іх на варту ў Маім сьвяцілішчы.
І вы не стаялі на варце над сьвятымі рэчмі Маімі, але пастанавілі іх стаяць на варце ў сьвятыні Маёй’.
Так кажа Гасподзь Бог: ніякі сын чужы, неабрэзаны сэрцам і неабрэзаны плоцьцю, не павінен уваходзіць у сьвяцілішча Маё, нават і той сын чужое, які жыве сярод сыноў Ізраіля.
Гэтак Спадар СПАДАР: "Ніякі чужаземец, неабрэзаны сэрцам і неабрэзаны целам, ня мае ўвыйсьці да сьвятыні Мае, які-колечы чужаземец, што меж сыноў Ізраелявых.
Гэтак сама і Лявіты, якія адышлі ад Мяне падчас адступніцтва Ізраілевага, якія, пакінуўшы Мяне, блукалі сьледам за ідаламі сваімі, панясуць кару за віну сваю.
І Левіты, што здаліліся ад Мяне, як Ізраель блудзіў, каторыя адышлі ад Мяне, ідучы да балваноў сваіх, панясуць бяспраўе сваё.
Яны будуць служыць у сьвяцілішчы Маім, як вартаўнікі каля брамы храма і прыслужнікі каля храма; яны будуць калоць народу цэласпаленьне і іншыя ахвяры і будуць стаяць перад імі дзеля слугаваньня ім.
Яны будуць паслугачымі ў сьвятыні Маёй, нагляднікамі ў брамах дому й служачы дому; яны будуць рэзаць усепаленьні а аброк людзём; яны ж стануць перад імі, каб паслугаваць ім.
За тое, што яны слугавалі ім перад ідаламі іхнімі і былі дому Ізраілеваму спакусай да бязбожнасьці, Я падняў на іх руку Маю, кажа Гасподзь Бог, і яны панясуць кару за віну сваю;
За тое, што яны паслугавалі ім перад балванамі сваімі і былі Ізраелю спатыкненьням да бяспраўя, Я ўзьняў руку сваю на іх, — агалашае Спадар СПАДАР, — і яны будуць несьці бяспраўе сваё.
яны ня будуць набліжацца да Мяне, каб сьвяшчэнадзеяць перад Мною і прыступаць да ўсіх сьвятыняў Маіх, да Сьвятога Сьвятых, а будуць несьці на сабе няславу сваю і мярзоты свае, якія рабілі.
І яны ня маюць бліжыцца, да Мяне, сьвятарстваваць Імне ані бліжыцца да ўсіх сьвятасьцяў Маіх у Сьвятым Сьвятых, але будуць несьці сорам свой і агіды свае, якія рабілі.
Зраблю іх вартаўнікамі храма на ўсе службы ягоныя і дзеля ўсяго, што ўчыняецца ў ім.
Але Я прызначыў іх за вартаўнікоў дому, да ўсяе работы яго і да ўсёга, што ў ім робіцца.
А сьвятары з племя Лявіінага, сына Садока, якія падчас адступленьня сыноў Ізраілевых ад Мяне, увесь час стаялі на варце сьвяцілішча Майго, тыя будуць набліжацца да Мяне, каб служыць Мне, і будуць стаяць наперадзе перад абліччам Маім, каб прыносіць Мне тлушч і кроў, кажа Гасподзь Бог.
Але сьвятарове Левіты, сынове Садокавы, што стаялі на варце ў сьвятыні Маёй, як сынове Ізраелявы зблудзілі ад Мяне, яны маюць бліжыцца да Мяне, служыць Імне, і яны стануць перад Імною, абракаць Імне тук а кроў, — агалашае Спадар СПАДАР. —
Яны будуць уваходзіць у сьвяцілішча Маё і набліжацца да трапезы Маёй, каб служыць Мне і захоўваць варту Маю.
Яны ўвыйдуць у сьвятыню Маю, і яны дабліжацца да столу Майго, служыць Імне і стаяць на варце Маёй.
Калі прыйдуць да брамы ўнутранага двара, тады апрануцца ў вопратку льняную, а ваўнянае не павінна быць на іх падчас іх служэньня ў браме ўнутранага двара і ўсярэдзіне храма.
І будзе, як яны ўвыйдуць у брамы нутранога панадворку, што маюць быць адзеўшыся ў лянное адзецьце, і ніякага ваўнянага ня мае быць на іх, пакуль яны служаць у брамах нутранога панадворку а ў доме.
павязкі на іхніх галовах павінны быць таксама льняныя; і сподняе на сьцёгнах іхніх павінна быць таксама льняное; у поце яны не павінны падпяразвацца.
Яны будуць мець лянныя турбаны на галавах сваіх і лянныя нагавіцы на сьцёгнах сваіх; ня маюць папяразавацца ў часе паценьня.
А калі трэба будзе выйсьці на зьнешні двор, на зьнешні двор да народу, тады яны павінны будуць зьняць вопратку сваю, у якой яны служылі і пакінуць яе ў сьвяшчэнных пакоях і апрануцца ў іншую вопратку, каб сьвяшчэнным адзеньнем сваім не дакранацца да народу.
І як яны выходзяць на навонны панадворак, на навонны панадворак да люду, то маюць зьдзець адзецьці свае, у каторых служылі, і палажыць іх у сьвятыя пакоі, і адзецца ў іншае адзецьце, і не пасьвяцяць люду сваім адзецьцям.
І галавы сваёй не павінны яны галіць і не павінны запускаць валасоў, а няхай мусова стрыгуць галовы свае.
І ня маюць галіць галавы свае ані насіць даўгія валасы, маюць толькі стрыгчы галавы свае.
І віна не павінен піць ніводзін сьвятар, калі ідзе ва ўнутраны двор.
І віна ня мае піць ніхто ізь сьвятароў, як ім надабе ўходзіць на нутраны панадворак.
Ні ўдавы, ні разьведзенай з мужам сваім яны не павінны браць сабе за жонку, а толькі могуць браць сабе дзяўчат з племя дома Ізраілевага і ўдаву, якая засталася ўдавою ад сьвятара.
І ўдавы ані разьведзенае ня маюць яны браць за жонкі сабе, але зь дзевак насеньня дому Ізраелявага альбо ўдаву, што засталася ўдавою ад сьвятара, няхай бяруць.
Яны павінны вучыць народ Мой адрозьніваць сьвяшчэннае ад несьвяшчэннага і тлумачыць ім, што нячыста і што чыста.
Яны маюць вучыць люд Мой розьніцы меж сьвятым і будзеным і абяшчаць розьніцу меж нячыстым і чыстым.
Пры спрэчных справах яны павінны прысутнічаць у судзе і паводле статутаў Маіх судзіць іх, і сачыць за законамі Маімі і за пастановамі Маімі пра ўсе сьвяты Мае і сьвята захоўваць суботы Мае.
І ў сьпярэчцы маюць стаць на суд, і подле судоў Маіх хай судзяць, і маюць дзяржаць правы Мае а ўставы мае на ўсіх урочыстых зборах Маіх, і маюць сьвяціць сыботы Мае.
Да мёртвага чалавека ніхто зь іх не павінен падыходзіць, каб не зрабіцца нячыстым; толькі дзеля бацькі і маці, дзеля сына і дачкі, брата і сястры, якая ня была замужам, можна ім зрабіць сябе нячыстымі.
І ня маюць падходзіць да памерлага, каб ня сплюгавіцца; але дзеля айца альбо дзеля маці, альбо дзеля сына, альбо дзеля дачкі, дзеля брата альбо дзеля сястры, што ня была замужам, яны сьмеюць плюгавіцца.
А пасьля ачышчэньня такога, яшчэ сем дзён належыць адлічыць яму.
І, як ён ачысьціцца, маюць адлічыць яму сем дзён.
І ў той дзень, калі яму трэба будзе прыступаць да сьвятыні ва ўнутраным двары, каб служыць пры сьвятыні, ён павінен прынесьці ахвяру за грэх, кажа Гасподзь Бог.
І дня, як ён ідзець да сьвятыні, у нутраным панадворку служыць у сьвятыні, ён мае абрачы аброк за грэх, — агалашае Спадар СПАДАР. —
А што да іхняй долі, дык Я — доля іхняя. І валоданьня не давайце ім у Ізраілі: Я — іхняе валоданьне.
І гэта будзе ім спадак: спадак іхны Я; і не давайце ім дзяржавы ў Ізраелю: Я дзяржава іхная.
Яны будуць есьці ад хлебнага прынашэньня, ад ахвяры за грэх і ахвяры за злачынства; і ўсё заклятае ў Ізраіля ім жа і належыць.
Яны будуць есьці хлебны аброк а аброк за грэх а аброк віны; і ўсе, аканаванае ў Ізраелю, будзе іхнае:
І пачаткі з усіх пладоў вашых, і ўсякага роду прынашэньні, з чаго б ні складаліся прынашэньні вашыя, належаць сьвятарам; і пачаткі мліва вашага аддавайце сьвятару, каб над домам тваім пакоілася дабраславеньне.
І пяршына ўсіх першых пладоў усяго, і ўсі дары з усіх дароў вашых сьвятаром будуць; і пяршыну ўсіх цестаў вашых аддавайце сьвятару, каб дабраславенства супачывала на доме вашым.
Ніякай мярцьвячыны і нічога з разадранага зьверам, ні з птушак, ні з быдла, не павінны есьці сьвятары.
Сьвятарове ня маюць есьці ніякае здыхаты альбо разарванага ані з птушак, ані із статку.