Езэкііля 44 разьдзел
Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна
І прывёў ён мяне назад да зьнешняй брамы сьвятыні, якая выходзіла на ўсход, і яна была зачыненая.
І завярнуў мяне на шлях зьнешняй брамы [месца] сьвятога, скіраванай на ўсход, і яна была замкнёная.
І сказаў мне Гасподзь: брама гэтая будзе зачыненая, не адчыніцца, і ніякі чалавек ня ўвойдзе празь яе, бо Гасподзь Бог Ізраілеў увайшоў празь яе, і яна будзе зачыненая.
І сказаў мне ГОСПАД: «Брама гэтая будзе замкнёная, і ня будзе адчыняцца, і ніводзін чалавек ня ўвойдзе праз яе, бо ГОСПАД, Бог Ізраіля, увайшоў праз яе, і яна будзе замкнёная.
Што да князя, ён, як князь, сядзе ў ёй, каб есьці хлеб перад Госпадам; увойдзе праз бабінец гэтай брамы, і той самай дарогаю выйдзе.
Князь, [толькі] князь будзе сядзець у ёй, каб спажываць хлеб перад абліччам ГОСПАДА. Шляхам праз прысенкі пры браме ўвойдзе і тым самым шляхам выйдзе».
Потым прывёў мяне праз браму паўночную перад аблічча храма, і я бачыў, і вось, слава Госпада напаўняла дом Госпада, і я ўпаў на аблічча маё.
І завёў мяне шляхам брамы паўночнай перад аблічча Дому [Божага], і я ўбачыў, і вось, слава ГОСПАДА напоўніла Дом ГОСПАДА, і я ўпаў на аблічча маё.
І сказаў мне Гасподзь: сыне чалавечы! прыкладвай сэрца тваё да ўсяго і глядзі вачыма тваімі і слухай вушамі тваімі ўсё, што Я кажу табе пра ўсе пастановы Дома Госпада і ўсе законы яго; і прыкладвай сэрца тваё да ўваходу ў храм і да ўсіх выхадаў са сьвятыні.
І сказаў мне ГОСПАД: «Сыне чалавечы, зьвярні сэрца тваё, і пабач вачыма тваімі, і паслухай вушамі тваімі ўсё, што Я скажу табе адносна ўсіх пастановаў Дому ГОСПАДА і адносна ўсіх законаў ягоных, і зьвярні сэрца тваё на ўсе ўваходы ў Дом гэты і на ўсе выхады з [месца] сьвятога.
І скажы мяцежнаму дому Ізраілеваму: так кажа Гасподзь Бог: годзе вам, доме Ізраілеў, рабіць усе мярзоты вашыя,
І скажаш да бунтаўнікоў, да дому Ізраіля: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Хопіць ужо ўсіх брыдотаў вашых, дом Ізраіля.
уводзіць сыноў чужое, неабрэзаных сэрцам і неабрэзаных плоцьцю, каб яны былі ў Маёй сьвятыні і апаганьвалі храм Мой, падносіць хлеб Мой, тлушч і кроў, і разбураць запавет Мой рознымі мярзотамі вашымі.
Вы ўвялі чужынцаў, неабрэзаных сэрцам і неабрэзаных целам, каб яны былі ў сьвятыні Маёй, і паганілі Дом Мой, калі складалі ў ахвяру хлеб Мой, тлушч і кроў; і парушылі запавет Мой брыдотамі сваімі,
Вы ня несьлі варты каля сьвятыняў Маіх, а ставілі замест сябе іх на варту ў Маім сьвяцілішчы.
і не пільнавалі служэньня сьвятога Майго, і паставілі іх пільнаваць варту Маю ў сьвятыні Маёй.
Так кажа Гасподзь Бог: ніякі сын чужы, неабрэзаны сэрцам і неабрэзаны плоцьцю, не павінен уваходзіць у сьвяцілішча Маё, нават і той сын чужое, які жыве сярод сыноў Ізраіля.
Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Ніводзін чужынец, неабрэзаны сэрцам і неабрэзаны целам, ня ўвойдзе ў сьвятыню Маю, ніводзін чужынец, які сярод сыноў Ізраіля.
Гэтак сама і Лявіты, якія адышлі ад Мяне падчас адступніцтва Ізраілевага, якія, пакінуўшы Мяне, блукалі сьледам за ідаламі сваімі, панясуць кару за віну сваю.
А тыя лявіты, якія аддаліліся ад Мяне, калі блукаў Ізраіль, калі адступіў ад Мяне, [ідучы] за ідаламі сваімі, яны панясуць беззаконьне сваё.
Яны будуць служыць у сьвяцілішчы Маім, як вартаўнікі каля брамы храма і прыслужнікі каля храма; яны будуць калоць народу цэласпаленьне і іншыя ахвяры і будуць стаяць перад імі дзеля слугаваньня ім.
І будуць яны ў сьвятыні Маёй служыць як вартаўнікі пры брамах Дому гэтага і абслугоўваць Дом гэты, яны будуць забіваць [ахвяры] цэласпаленьня і ахвяры крывавыя для народу, і будуць стаяць перад імі, каб служыць ім.
За тое, што яны слугавалі ім перад ідаламі іхнімі і былі дому Ізраілеваму спакусай да бязбожнасьці, Я падняў на іх руку Маю, кажа Гасподзь Бог, і яны панясуць кару за віну сваю;
За тое, што яны служылі ім перад абліччам ідалаў іхніх і сталіся для дому Ізраіля прычынай беззаконьня, Я ўзьняў руку Маю супраць іх, кажа Госпад ГОСПАД, і яны панясуць беззаконьні свае.
яны ня будуць набліжацца да Мяне, каб сьвяшчэнадзеяць перад Мною і прыступаць да ўсіх сьвятыняў Маіх, да Сьвятога Сьвятых, а будуць несьці на сабе няславу сваю і мярзоты свае, якія рабілі.
І яны не наблізяцца да Мяне, каб быць сьвятарамі для Мяне і каб набліжацца да ўсіх сьвятасьцяў Маіх, да Сьвятога Сьвятых, і будуць насіць ганьбу сваю і брыдоты свае, якія ўчынілі.
Зраблю іх вартаўнікамі храма на ўсе службы ягоныя і дзеля ўсяго, што ўчыняецца ў ім.
І Я прызначу іх вартаўнікамі на варце Дому гэтага, да ўсякіх працаў і да ўсяго, што трэба будзе зрабіць у ім.
А сьвятары з племя Лявіінага, сына Садока, якія падчас адступленьня сыноў Ізраілевых ад Мяне, увесь час стаялі на варце сьвяцілішча Майго, тыя будуць набліжацца да Мяне, каб служыць Мне, і будуць стаяць наперадзе перад абліччам Маім, каб прыносіць Мне тлушч і кроў, кажа Гасподзь Бог.
Але сьвятары лявіты, сыны Цадока, якія вартавалі варту сьвятыні Маёй, калі сыны Ізраіля адыйшлі ад Мяне, яны наблізяцца да Мяне, каб служыць Мне і стаяць перад абліччам Маім, каб ахвяроўваць Мне тлушч і кроў, кажа Госпад ГОСПАД.
Яны будуць уваходзіць у сьвяцілішча Маё і набліжацца да трапезы Маёй, каб служыць Мне і захоўваць варту Маю.
Яны будуць уваходзіць у сьвятыню Маю, і яны будуць набліжацца да стала Майго, каб служыць Мне і вартаваць варту Маю.
Калі прыйдуць да брамы ўнутранага двара, тады апрануцца ў вопратку льняную, а ваўнянае не павінна быць на іх падчас іх служэньня ў браме ўнутранага двара і ўсярэдзіне храма.
І станецца, калі яны будуць уваходзіць у брамы ўнутранага панадворку, яны апрануць шаты ільняныя; няхай не апранаюць на сябе воўну, калі вартуюць пры брамах унутранага панадворку і ў Доме гэтым.
павязкі на іхніх галовах павінны быць таксама льняныя; і сподняе на сьцёгнах іхніх павінна быць таксама льняное; у поце яны не павінны падпяразвацца.
Турбаны ільняныя будуць на галовах іхніх і порткі ільняныя будуць на сьцёгнах іхніх. Ня будуць яны падпярэзвацца, каб не пацець.
А калі трэба будзе выйсьці на зьнешні двор, на зьнешні двор да народу, тады яны павінны будуць зьняць вопратку сваю, у якой яны служылі і пакінуць яе ў сьвяшчэнных пакоях і апрануцца ў іншую вопратку, каб сьвяшчэнным адзеньнем сваім не дакранацца да народу.
А калі будуць выходзіць на вонкавы панадворак, на панадворак вонкавы да народу, яны здымуць шаты свае, у якіх яны служылі, і пакладуць у пакоях сьвятых, і апрануць іншыя шаты, каб не асьвячаць народ, [дакранаючыся] шатамі сваімі.
І галавы сваёй не павінны яны галіць і не павінны запускаць валасоў, а няхай мусова стрыгуць галовы свае.
І галавы сваёй яны ня будуць галіць, і ня будуць запускаць [доўгіх] валасоў, але, стрыгучы, будуць стрыгчы галовы свае.
І віна не павінен піць ніводзін сьвятар, калі ідзе ва ўнутраны двор.
І ня будзе піць віна кожны сьвятар, калі будуць уваходзіць на ўнутраны панадворак.
Ні ўдавы, ні разьведзенай з мужам сваім яны не павінны браць сабе за жонку, а толькі могуць браць сабе дзяўчат з племя дома Ізраілевага і ўдаву, якая засталася ўдавою ад сьвятара.
І ўдавы або пакінутай ня возьмуць яны за жонку, але толькі дзяўчыну з насеньня дому Ізраіля ці ўдаву, якая стала ўдавой па мужу сьвятару.
Яны павінны вучыць народ Мой адрозьніваць сьвяшчэннае ад несьвяшчэннага і тлумачыць ім, што нячыста і што чыста.
І яны будуць навучаць народ Мой [адрозьніваць] паміж тым, што сьвятое, і тым, што звычайнае, і будуць вучыць [адрозьніваць] паміж тым, што нячыстае, і тым, што чыстае.
Пры спрэчных справах яны павінны прысутнічаць у судзе і паводле статутаў Маіх судзіць іх, і сачыць за законамі Маімі і за пастановамі Маімі пра ўсе сьвяты Мае і сьвята захоўваць суботы Мае.
У справах спрэчных яны стануць, каб судзіць у судзе і судом Маім, судзячы, судзіць іх. І будуць захоўваць закон Мой і пастановы Мае ў-ва ўсіх урачыстасьцях Маіх, і суботы Мае будуць сьвяціць.
Да мёртвага чалавека ніхто зь іх не павінен падыходзіць, каб не зрабіцца нячыстым; толькі дзеля бацькі і маці, дзеля сына і дачкі, брата і сястры, якая ня была замужам, можна ім зрабіць сябе нячыстымі.
І да мёртвага чалавека не падыйдуць, каб не занячысьціцца, толькі дзеля бацькі, маці, сына, дачкі, брата і сястры, якая ня мела мужа, могуць яны занячысьціцца.
А пасьля ачышчэньня такога, яшчэ сем дзён належыць адлічыць яму.
А пасьля ачышчэньня свайго адлічаць яму яшчэ сем дзён.
І ў той дзень, калі яму трэба будзе прыступаць да сьвятыні ва ўнутраным двары, каб служыць пры сьвятыні, ён павінен прынесьці ахвяру за грэх, кажа Гасподзь Бог.
І ў дзень, калі ён увойдзе ў сьвятыню, на ўнутраны панадворак, каб служыць у сьвятыні, ён ахвяруе за грэх свой, кажа Госпад ГОСПАД.
А што да іхняй долі, дык Я — доля іхняя. І валоданьня не давайце ім у Ізраілі: Я — іхняе валоданьне.
І [гэта] будзе ім за спадчыну. Я — спадчына іхняя. І не дасьцё ім уласнасьці ў Ізраілі, бо Я — уласнасьць іхняя.
Яны будуць есьці ад хлебнага прынашэньня, ад ахвяры за грэх і ахвяры за злачынства; і ўсё заклятае ў Ізраіля ім жа і належыць.
Ахвяры хлебныя, ахвяры за грэх і ахвяры аднагараджэньня будуць яны спажываць, і ўсё, што пад закляцьцем у Ізраілі, будзе іхнім.
І пачаткі з усіх пладоў вашых, і ўсякага роду прынашэньні, з чаго б ні складаліся прынашэньні вашыя, належаць сьвятарам; і пачаткі мліва вашага аддавайце сьвятару, каб над домам тваім пакоілася дабраславеньне.
І найлепшае з усіх пяршынаў, і кожны дар, усё спаміж дароў вашых будзе для сьвятароў. І найлепшае цеста вашае дайце сьвятарам, каб дабраславенства супачывала на доме вашым.
Ніякай мярцьвячыны і нічога з разадранага зьверам, ні з птушак, ні з быдла, не павінны есьці сьвятары.
Аніякай падліны і таго, што разьдзёртае, ці з птушак, ці з быдла, ня будуць есьці сьвятары.