Езэкііля 5 разьдзел
Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна
А ты, сыне чалавечы, вазьмі сабе востры нож, брытву цырульніцкую вазьмі сабе і вадзі ёю па галаве тваёй і па барадзе тваёй, і вазьмі сабе вагі і разьдзялі валасы на часткі.
А ты, сын чалавечы, вазьмі сабе меч востры і скарыстай яго як лязо, і пагалі сабе ім галаву і бараду. І вазьмі шалі вагаў, і падзялі тыя [валасы].
Траціну спалі агнём пасярод горада, калі закончацца дні аблогі; траціну вазьмі і пасячы нажом у ваколіцах яго; і траціну разьвей па ветры; а Я агалю меч сьледам за імі.
Трэцюю частку іх спаліш у агні пасярод гораду, калі прыйдуць дні аблогі; і возьмеш трэцюю частку, і пасячэш яе мячом кругом [гораду], і трэцюю частку раскідаеш з ветрам, бо Я выцягну на іх меч.
І вазьмі з гэтага невялікую колькасьць і завяжы іх сабе ў крысьсе.
І возьмеш з іх малую толькі частку і ўкруціш у крысо плашча твайго.
Але і з гэтага вазьмі яшчэ і кінь у агонь, і спалі гэта ў агні. Адтуль выйдзе агонь на ўвесь дом Ізраілеў.
І возьмеш яшчэ з іх [крыху], і ўкінеш у агонь, каб у ім згарэлі, і выйдзе з гэтага агонь на ўвесь дом Ізраіля».
Так кажа Гасподзь Бог: гэта — Ерусалім! Я паставіў яго сярод народаў, і вакол яго — землі.
Гэта кажа Госпад ГОСПАД: «Гэты Ерусалім Я паставіў сярод народаў, а вакол яго — землі [чужынскія].
А ён зрабіў насуперак пастановам Маім бязбожней за язычнікаў, і насуперак статутам Маім — горш, чым землі вакол яго; бо яны адкінулі пастановы Мае і паводле статутаў Маіх ня чыняць.
Але ён пагардзіў судом Маім, і бязбожнасьць [ягоная] большая, чым у народаў, і ён [паўстаў] супраць пастановаў Маіх больш, чым землі, якія вакол яго, бо яны адкінулі прысуды Мае і не хадзілі паводле пастановаў Маіх.
Таму так кажа Гасподзь Бог: за тое, што вы памножылі правіны вашыя болей, чым язычнікі, якія вакол вас, паводле статутаў Маіх ня чыніце і пастановаў Маіх ня выконваеце, і нават ня робіце паводле пастановаў язычнікаў, якія вакол вас,
Дзеля гэтага так кажа Госпад ГОСПАД. За тое, што вы збунтаваліся [больш], чым народы, якія вакол вас, і не хадзілі паводле пастановаў Маіх, і не выконвалі прысуды Мае, і нават не трымаліся судоў народаў, якія вакол вас,
таму так кажа Гасподзь Бог: вось і Я супроць цябе, Я Сам, і ўчыню сярод цябе суд на вачах у язычнікаў.
вось, гэта кажа Госпад ГОСПАД: “Вось, Я — супраць цябе, і на вачах народаў Я зраблю над табою суд.
І зраблю над табою тое, чаго Я ніколі не рабіў і чагосьці падобнага далей не рабіцьму, за ўсе твае гідоты.
І зраблю табе за ўсе брыдоты твае тое, чаго ніколі не рабіў, і ўжо ніколі не зраблю падобнага.
Затое бацькі будуць есьці сыноў сярод цябе, і сыны будуць есьці бацькоў сваіх; і ўчыню над табою суд, і ўсю рэшту тваю расьсею па ўсіх вятрах.
Дзеля гэтага бацькі будуць есьці сыноў пасярод цябе, а сыны будуць есьці бацькоў сваіх, і Я ўчыню над табою суды, і расьцярушу ўсю рэшту тваю на ўсе вятры”.
Таму, жыву Я, кажа Гасподзь Бог: за тое, што ты апаганіў сьвятыню Маю ўсімі гідотамі і ўсімі гнюсотамі тваімі, Я зьнікчэмню, і не пашкадуе вока Маё, і Я не ўмілажалюся зь цябе.
Дзеля гэтага, як жывы Я, кажа Госпад ГОСПАД, за тое, што ты сьвятыню Маю апаганіў усімі брыдотамі тваімі і ўсімі агідамі тваімі, Я таксама адкіну цябе, і ня будзе мець літасьці вока Маё, і не пашкадую [цябе].
Траціна ў цябе памрэ ад пошасьці і загіне з голаду сярод цябе; траціна загіне ад меча ў ваколіцах тваіх; а траціну разьвею па ўсіх вятрах, і агалю меч сьледам за імі.
Трэцяя частка твая памрэ ад заразы і загіне пасярод цябе ад голаду; трэцяя частка ўпадзе ад мяча ў ваколіцах тваіх; і трэцюю частку Я расьцярушу на ўсе вятры, і выцягну на іх меч.
І распаліцца гнеў Мой, і наталю лютасьць Маю імі, і задаволюся; і даведаюцца, што Я, Гасподзь, гаварыў у клопаце Маім, калі ўчыніцца над імі лютасьць Мая.
І супакоіцца гнеў Мой, і Я задаволю на іх лютасьць Маю, і супакоюся. І даведаюцца яны, што Я, ГОСПАД, прамовіў гэта ў гневе Маім, калі выльлю гнеў Мой на іх.
І зраблю цябе пустэльняю і ганьбаю сярод народаў, якія вакол цябе, на вачах у кожнага, хто праходзіць міма.
І Я зраблю цябе спусташэньнем і ганьбаю сярод народаў, якія вакол цябе, на вачах усіх мінакоў.
І будзеш пасьмешышчам і ганьбаю, прыкладам і жахам у народаў, якія вакол цябе, калі я зьдзейсьню над табою суд у гневе і лютасьці, і ў лютых карах, Я Гасподзь мовіў гэта,
І ты станешся ганьбаю і пасьмешышчам, перасьцярогай і пусткаю для народаў, якія вакол цябе, калі Я ўчыню супраць цябе суды ў гневе і лютасьці і ярасным пакараньні. Я, ГОСПАД, прамовіў гэта.
і калі пашлю на іх лютыя стрэлы голаду, якія будуць нішчыць, калі пашлю іх на пагібель вам і ўзмацню голад сярод вас, і струшчу хлебную апору ў вас,
Калі Я пашлю супраць вас стрэлы голаду, каб нішчыць вас, калі іх пашлю для загубы вашай, Я памножу паміж вамі голад і зламлю вам падпору хлеба.
і пашлю на вас голад і лютых зьвяроў, і пазбавяць цябе дзяцей; і пошасьць і кроў пройдзе па табе, і меч навяду на цябе; Я, Гасподзь, мовіў гэта.
І Я спашлю на вас голад і дзікіх зьвяроў, і яны асіроцяць цябе; і зараза, і кроў прыйдуць на цябе, і Я прывяду на цябе меч. Я, ГОСПАД, прамовіў гэта»