Езэкііля 39 разьдзел
Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна
А ты, сыне чалавечы, прамові прароцтва на Гога і скажы: так кажа Гасподзь Бог: вось Я — на цябе, Гог, князь Роша, Мэшэха і Тувала!
А ты, сыне чалавечы, прароч супраць Гога і кажы: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Вось Я супраць цябе, Гог, князь Рошу, Мэшэку і Тувалю.
І павярну цябе і павяду цябе, і выведу цябе ад краёў поўначы і прывяду цябе на горы Ізраілевыя.
І Я вярну цябе, і прывяду цябе, і прыцягну цябе з канца поўначы, і завяду цябе на горы Ізраіля.
І выб’ю лук твой зь левай рукі тваёй і выкіну стрэлы твае з правай рукі тваёй.
І Я выб’ю лук твой з левай рукі тваёй, і выкіну стрэлы твае з правай рукі тваёй.
Упадзеш ты на горах Ізраілевых, і ты і ўсе палкі твае і народы, якія з табою; і аддам цябе, каб зьелі, розным драпежным птушкам і зьвярам польным.
На гарах Ізраіля ўпадзеш ты і ўсе дружыны твае, і народы, якія з табою; драпежным птушкам, усім крылатым, і зьвярам палявым Я аддам цябе на жыраваньне.
На адкрытым полі ўпадзеш, бо Я сказаў гэта, кажа Гасподзь Бог.
І ты ўпадзеш на абліччы поля, бо Я прамовіў [гэта], кажа Госпад ГОСПАД.
І пашлю агонь на зямлю Магог і на жыхароў астравоў, якія жывуць у бясьпецы, і ўведаюць, што Я — Гасподзь.
І Я спашлю агонь на Магога і на тых, якія жывуць у бясьпецы на астравах, і яны даведаюцца, што Я — ГОСПАД.
І яўлю сьвятое імя Маё сярод народу Майго, Ізраіля, і ня дам наперад няславіць сьвятога імя Майго, — і ўведаюць народы, што Я — Гасподзь, Сьвяты ў Ізраілі.
І імя Маё сьвятое абвяшчу сярод народу Майго Ізраіля, і больш ня дам зьневажаць імя Маё сьвятое, і даведаюцца народы, што Я — ГОСПАД, Сьвяты Ізраіля”.
Вось гэта і прыйдзе і збудзецца, кажа Гасподзь Бог, гэта той дзень, пра які Я сказаў.
Вось, прыходзіць і станецца, кажа Госпад ГОСПАД. Гэта той дзень, пра які Я прамовіў.
Тады жыхары гарадоў Ізраілевых выйдуць і раскладуць агонь і будуць паліць зброю, шчыты і латы, лукі і стрэлы, і булавы і дзіды, сем гадоў будуць паліць іх.
І выйдуць жыхары гарадоў Ізраіля, каб распаліць агонь і спаліць зброю, шчыты і тарчы, лукі і стрэлы, доўбні і дзіды, сем гадоў будуць паліць гэта ў агні.
І ня будуць насіць дроў з поля, ані сячы іх у лясах, а будуць паліць толькі зброю; і абрабуюць рабаўнікоў сваіх і абяруць абіральнікаў сваіх, кажа Гасподзь Бог.
І ня будуць яны прыносіць дрэвы з поля, і ня будуць сячы ў лясах, бо зброяй будуць распальваць агонь. І яны абрабуюць тых, якія іх рабавалі, і возьмуць здабычу ў тых, якія ў іх бралі здабычу, кажа Госпад ГОСПАД.
І будзе ў той дзень: дам Гогу месца на магілу ў Ізраілі, даліну, па якой праходзяць на ўсход ад мора, і яна будзе затрымліваць праходняў; і пахаваюць там Гога і ўсё полчышча ягонае і называцьмуць яе далінаю полчышча Гогавага.
І станецца ў той дзень, Я вызначу Гогу месца, дзе будзе магіла ягоная ў Ізраілі, даліну Абарым на ўсход ад мора, і адгараджу яе ад тых, што праходзяць, і там пахаваюць Гога і ўсё войска ягонае, і назавуць яе “Далінай войска Гога”.
І дом Ізраілеў сем месяцаў будзе хаваць іх, каб ачысьціць зямлю.
І будзе хаваць іх дом Ізраіля, каб ачысьціць зямлю, сем месяцаў.
І ўвесь народ зямлі будзе хаваць іх, і славуты будзе ў іх дзень, калі Я праслаўлю Сябе, кажа Гасподзь Бог.
І будзе хаваць іх увесь народ зямлі, і будзе для іх слаўны той дзень, калі Я зьяўлю славу Маю, кажа Госпад ГОСПАД.
І назначаць людзей, якія ўвесь час будуць абыходзіць зямлю і з дапамогаю прахожых хавацьмуць тых, што засталіся на паверхні зямлі — дзеля ачышчэньня яе: а як пройдзе сем месяцаў яны пачнуць рабіць пошукі,
І будуць вызначаныя людзі, якія без перапынку будуць хадзіць па зямлі і хаваць тых, якія засталіся на абліччы зямлі, каб ачысьціць яе. Як пройдзе сем месяцаў, будуць яны шукаць.
і калі хто з тых, што абыходзяць зямлю, убачыць костку чалавечую, той паставіць каля яе знак, пакуль пахавальнікі не пахаваюць яе ў даліне полчышча Гогавага
І калі будуць яны хадзіць па зямлі, і ўбачаць костку чалавечую, паставяць каля яе знак, аж пахаваюць яе грабары ў “Даліне войска Гога”.
І будзе імя гораду: Гамона. І так ачысьцяць яны зямлю.
А назва гораду — Гамона. І ачысьцяць зямлю.
А ты, сыне чалавечы, — так кажа Гасподзь Бог, скажы розным птушкам і ўсім зьвярам польным: зьбірайцеся і йдзеце, з усіх бакоў сыходзьцеся да ахвяры Маёй, якую Я закалю вам, да вялікай ахвяры на горах Ізраілевых, — і есьцімеце мяса і піцьмеце кроў:
А ты, сыне чалавечы, кажа Госпад ГОСПАД, скажы птушкам, усім крылатым, і ўсім зьвярам палявым: “Зьбірайцеся і прыходзьце; зьбірайцеся з усіх бакоў на ахвяру Маю, якую Я прынясу для вас, ахвяру вялікую на гарах Ізраіля. Ешце мяса і піце кроў!
мяса мужоў дужых будзеце есьці і будзеце піць кроў князёў зямлі, бараноў, ягнят, казлоў і цялят, усіх выкармленых на Васане;
Цела волатаў будзеце есьці і кроў князёў зямлі будзеце піць, усе яны — бараны, ягняты, казлы, цяляты тлустыя з Башану.
і будзеце есьці тлушч удосыць і піць кроў дап’яна з ахвяры Маёй, якую Я закалю вам.
І будзеце есьці тлушч да сытасьці, і кроў будзеце піць да ап’яненьня ад ахвяры Маёй, якую Я прынёс для вас.
І насыціцеся за сталом Маім конямі і коньнікамі, мужамі дужымі і ўсякімі людзьмі вайсковымі, кажа Гасподзь Бог.
І вы насыціцеся пры стале Маім канём і калясьніцаю, волатам і ўсякім ваяром, кажа Госпад ГОСПАД.
І яўлю славу Маю паміж народамі, і ўсе народы ўбачаць суд Мой, які Я ўчыню, і руку Маю, якую Я накладу на іх.
І Я зьяўлю славу Маю сярод народаў, і ўбачаць усе народы суд Мой, які Я ўчыню, і руку Маю, якую на іх пакладу.
І будзе ведаць дом Ізраілеў, што Я — Гасподзь Бог іхні, ад сёньня і далей.
І даведаецца дом Ізраіля, што Я — ГОСПАД, Бог іхні ад гэтага дня і назаўсёды,
І ўведаюць народы, што дом Ізраілеў быў пераселены за няпраўду сваю; за тое, што яны паводзіліся вераломна перада Мною, Я схаваў ад іх аблічча Маё і аддаў іх у рукі ворагам іхнім, — і ўсе яны загінулі ад меча.
І даведаюцца народы, што за беззаконьні свае пайшоў на выгнаньне дом Ізраіля, бо яны адступіліся ад Мяне, і Я схаваў аблічча Маё ад іх, і аддаў іх у руку прыгнятальнікаў іхніх, і ўсе яны пападалі ад мяча.
За нячыстасьць іхнюю і за іх пахібнасьць Я зрабіў гэта зь імі і схаваў ад іх аблічча Маё.
Паводле нячыстасьці іхняй і паводле злачынстваў іхніх Я зрабіў з імі, і схаваў аблічча Маё ад іх”.
Таму так кажа Гасподзь Бог: сёньня вярну палон Якаваў і памілую ўвесь дом Ізраілеў і падбаю паводле сьвятога імя Майго.
Дзеля гэтага так кажа Госпад ГОСПАД: “Цяпер Я вярну палон Якуба і пашкадую ўвесь дом Ізраіля, і задбаю пра імя Маё сьвятое.
І адчуюць яны няславу сваю і ўсе пахібы свае, якія рабілі перада Мною, калі жыцьмуць на зямлі сваёй у бясьпецы і ніхто ня будзе запалохваць іх,
І яны панясуць ганьбу сваю і ўсю нявернасьць сваю, якой яны адступіліся ад Мяне, калі Я пасялю іх у зямлі іхняй у бясьпецы, і ніхто ня будзе палохаць іх,
калі Я вярну іх з народаў і зьбяру іх зь земляў ворагаў іхніх і яўлю ў іх сьвятасьць Маю перад вачамі многіх народаў.
калі Я выведу іх спасярод народаў і зьбяру іх з земляў ворагаў іхніх, і зьяўлю ў іх сьвятасьць Маю на вачах народаў шматлікіх.
І ўведаюць, што Я — Гасподзь Бог іхні, калі, расьсеяўшы іх сярод народаў, зноў зьбяру іх у зямлю іхнюю і не пакіну ўжо там ніводнага зь іх.
І яны даведаюцца, што Я — ГОСПАД, Бог іхні, калі выганю іх да народаў, і зьбяру іх зноў у зямлі іхняй, і больш не пакіну там нікога з іх.
І ня будуць ужо хаваць ад іх твару Майго, бо Я вылью дух Мой на дом Ізраілеў, кажа Гасподзь Бог.
І больш не схаваю аблічча Майго ад іх, бо выльлю Духа Майго на дом Ізраіля, кажа Госпад ГОСПАД”».