Езэкііля 12 разьдзел
Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна
І было мне слова Гасподняе:
І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:
сыне чалавечы! ты жывеш сярод дому мяцежнага; у іх ёсьць вочы, каб бачыць, а ня бачаць; у іх ёсьць вушы, каб слухаць, а ня чуюць; бо яны — мяцежны дом.
«Сыне чалавечы, ты жывеш сярод дому бунтаўнікоў, які [мае] вочы, каб бачыць, а ня бачыць; і [мае] вушы, каб чуць, а ня чуе, бо гэта дом бунтаўнікоў.
А ты, сыне чалавечы, падрыхтуй сабе патрэбнае для перасяленьня, і сярод дня перасяляйся на вачах у іх, і перасяляйся зь месца твайго ў іншае месца на вачах у іх; магчыма, яны ўразумеюць, хоць яны — дом мяцежны;
І ты, сыне чалавечы, зрабі сабе рэчы для выгнаньня, і ўдзень на вачах іхніх выйдзі з месца твайго, і ідзі ў іншае [месца] на вачах іхніх. Можа, яны ўбачаць, хоць яны — дом бунтаўнікоў.
і рэчы твае вынесі, як рэчы, патрэбныя пры перасяленьні, удзень, на вачах у іх, і сам выйдзі ўвечары на вачах у іх, як выходзяць для перасяленьня.
І вынясеш рэчы твае, як рэчы выгнанца, удзень на вачах іхніх, і выйдзеш увечары на вачах іхніх так, як выходзяць выгнанцы.
На вачах у іх праламі сабе дзіру ў сьцяне, і вынесі празь яе.
На вачах іхніх зрабі дзіру ў муры і выйдзі праз яе.
На вачах у іх вазьмі ношку на плечы, упоцемках вынесі яе, твар твой захіні, каб ня бачыць зямлі; бо Я паставіў цябе азнакаю дому Ізраілеваму.
На вачах іхніх ускладзі [рэчы] на плечы твае і выйдзі ў прыцемках, і закрый аблічча тваё, каб ня бачыў ты зямлі, бо Я стаўлю цябе як знак для дому Ізраіля».
І зрабіў я, як было мне загадана; рэчы мае, як рэчы, патрэбныя пры перасяленьні, вынес удзень, а ўвечары праламаў сабе рукою дзірку ў сьцяне, упоцемках вынес ношку і падняў на плечы на вачах у іх.
І я зрабіў так, як мне было загадана. Рэчы мае я вынес удзень як рэчы выгнанца. А ўвечары зрабіў сабе рукамі дзіру ў муры, выйшаў у прыцемках і на вачах іхніх усклаў [рэчы] на плечы.
І было мне слова Гасподняе раніцай:
І было слова ГОСПАДА да мяне раніцаю, кажучы:
сыне чалавечы! ці не казаў табе дом Ізраілеў, дом мяцежны: што ты робіш?
«Сын чалавечы, ці дом Ізраіля, дом бунтаўнікоў, не казаў табе: “Што ты робіш?”
Скажы ім: так кажа Гасподзь Бог: гэта — прадвесьце таму, хто ўзначальвае ў Ерусаліме, і ўсяму дому Ізраілеваму, які там.
Скажы ім: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Цяжар адносна ўладара, які ў Ерусаліме, і ўсяго дому Ізраіля, які пасярод яго”
Скажы: я азнака вам; што раблю я, тое будзе зь імі, — на перасяленьне, у палон пойдуць яны.
Скажы: “Я — знак для вас. Як я зрабіў, так і з вамі станецца. Пойдзеце на выгнаньне ў няволю!
І той, хто ўзначальвае, які сярод іх, упоцемках падыме ношку на плечы і выйдзе. Сьцяну праломяць, каб выправіць яго празь яе; ён захіне твар свой, так што ня ўбачыць вачыма зямлі гэтай.
Уладар, які сярод вас, ускладзе ў прыцемках на плечы [рэчы] і выйдзе праз мур. Зробяць дзіру, каб выйсьці праз яе, і ён закрые аблічча сваё, каб вачыма ня бачыць зямлі.
І раскіну на яго сетку Маю, і будзе злоўлены ў цянёты Мае, і завяду яго ў Вавілон, у зямлю Халдэйскую, але ён ня ўбачыць яе, і там памрэ.
І Я пастаўлю сетку Маю на яго, і ён будзе схоплены ў пастку Маю, і Я завяду яго ў Бабілон, у зямлю Халдэйцаў, але ён яе ня ўбачыць і там памрэ.
А ўсіх, што вакол яго, спаборнікаў ягоных і ўсё войска ягонае разьвею па ўсіх вятрах, і агалю ўсьлед ім меч.
І ўсіх, якія вакол яго, памочнікаў ягоных і войска ягонае, Я разганю на ўсе вятры, і выцягну на іх меч”.
І ўведаюць, што Я — Гасподзь, калі расьсею іх па народах і разьвею іх па землях.
І яны даведаюцца, што Я — ГОСПАД, калі расьцярушу іх сярод народаў і раскідаю іх у [розныя] землі.
Але невялікую лічбу іх Я захаваю ад меча, голаду і пошасьці, каб яны расказалі народам, да якіх пойдуць, пра ўсе свае гідоты: і ўведаюць, што Я — Гасподзь.
А некаторых з іх Я захаваю ад мяча, голаду і заразы, каб расказвалі пра ўсе брыдоты свае сярод народаў, куды прыйдуць, і яны даведаюцца, што Я — ГОСПАД».
І было мне слова Гасподняе:
І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:
сыне чалавечы! хлеб твой еж з трапятаньнем, і ваду тваю пі з дрыжаньнем і смуткам.
«Сыне чалавечы, хлеб твой будзеш есьці з трывогаю і ваду тваю будзеш піць з непакоем і страхам,
І скажы народу зямлі: так кажа Гасподзь Бог пра жыхароў Ерусаліма, пра зямлю Ізраілевую: яны хлеб свой будуць есьці і ваду сваю будуць піць у маркоце, бо зямля яго будзе пазбаўлена шчадротаў за няпраўды ўсіх, хто жыве на ёй.
і скажаш народу зямлі гэтай: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД да жыхароў Ерусаліму ў зямлі Ізраіля. Хлеб свой яны будуць есьці ў страху, і ваду сваю будуць піць у трывозе, бо зямля іхняя станецца пустэчай і будзе пазбаўленая дастатку свайго з прычыны гвалту, [які чыняць] усе, што жывуць на ёй.
І будуць спустошаны населеныя гарады, і зямля зробіцца пустою, і ўведаеце, што Я — Гасподзь.
Населеныя гарады будуць спустошаныя, і зямля станецца пустэчаю. І вы даведаецеся, што Я — ГОСПАД”».
І было мне слова Гасподняе:
І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:
сыне чалавечы! якая прымаўка ў вас, у зямлі Ізраілевай: «шмат дзён пройдзе, і ўсякая прарочая ўява зьнікне»?
«Сыне чалавечы, што за прыказку вы маеце пра зямлю Ізраіля, кажучы: “Дні мінаюць, і ўсе відзежы не спаўняюцца”.
Таму скажы ім; так кажа Гасподзь Бог: зьнішчу гэтую прымаўку, і ня будуць ужо ўжываць такой прымаўкі ў Ізраіля; але скажы ім: блізкія дні, калі збудзецца кожная ўява прарочая.
Дзеля гэтага скажы ім: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Я зраблю, што ня будзе прыказкі гэтай і ня будуць больш паўтараць яе ў Ізраілі”. Бо гэта прамоў да іх: “Надыходзяць дні, і слова кожнага відзежу [зьдзейсьніцца].
Бо ўжо не застанецца марнай ніякая ўява прарочая, і ніводнае прадвесьце ня будзе ілжывым у доме Ізраілевым.
Ня будзе ўжо больш сярод дому Ізраіля ніводнага пустога відзежу і падманнага прароцтва.
Бо Я Гасподзь кажу, збудзецца і ня будзе адкладзена; у вашыя дні, мяцежны дом, Я прамовіў слова, і выканаю яго, кажа Гасподзь Бог.
Бо, Я, ГОСПАД, буду прамаўляць, і слова, якое Я прамоўлю, споўніцца, і ня будзе больш затрымлівацца. Бо ўжо ў дні вашыя, дом бунтаўнікоў, Я прамоўлю слова і споўню яго, кажа Госпад ГОСПАД”».
І было мне слова Гасподняе:
І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:
сыне чалавечы! вось, дом Ізраілеў кажа: «прарочая ўява, якую бачыў ён, збудзецца пасьля многіх дзён, і ён прарочыць пра далёкія часіны».
«Сыне чалавечы, вось, дом Ізраіля кажа: “Відзежы, якія ён мае, [датычаць] дзён вельмі далёкіх. Ён прарочыць пра далёкую будучыню”.
Таму скажы ім: так кажа Гасподзь Бог: ніводнае з слоў Маіх ужо ня будзе адкладзена, але слова, якое Я скажу, збудзецца, кажа Гасподзь Бог.
Дзеля гэтага скажы ім: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Ужо ня будзе затрымлівацца кожнае слова Маё. Слова, якое Я прамоўлю, споўніцца, кажа Госпад ГОСПАД”».