Езэкііля 14 разьдзел

Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

І прыйшлі да мяне некалькі чалавек з старэйшынаў Ізраілевых і селі перад абліччам Маім.
 
І прыйшлі да мяне некаторыя са старшыняў Ізраіля, і селі перад абліччам маім.

І было мне слова Гасподняе;
 
І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:

сыне чалавечы! Гэтыя людзі дапусьцілі ідалаў сваіх у сэрца сваё і паставілі спакусу бязбожнасьці сваёй перад абліччам сваім: ці магу Я адказваць ім?
 
«Сыне чалавечы, гэтыя людзі ўвялі ў сэрцы свае ідалаў сваіх і паставілі перад абліччам сваім тое, што было прычынаю грэху іхняга. Ці ж пытаючыся, будуць пытацца ў Мяне [парады]?

Таму гавары зь імі і скажы ім: так кажа Гасподзь Бог, калі хто з дому Ізраілевага дапусьціць ідалаў сваіх у сэрца сваё і паставіць спакусу бязбожнасьці сваёй перад абліччам сваім і прыйдзе да прарока, — дык Я, Гасподзь, ці магу, пры мностве ідалаў ягоных, даць яму адказ?
 
Дзеля гэтага прамовіш да іх і скажаш ім: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Кожны чалавек з дому Ізраіля, які ўвёў ідалаў сваіх у сэрца сваё і паставіў перад аблічча сваё тое, што было прычынаю грэху ягонага, і прыйдзе да прарока, Я, ГОСПАД, адкажу яму адпаведна да ліку ідалаў ягоных,

Няхай дом Ізраілеў уразумее ў сэрцы сваім, што ўсе яны праз сваіх ідалаў зрабіліся чужымі Мне.
 
каб выявіць [намеры] сэрца дому Ізраіля, які адвярнуўся ад Мяне з прычыны ўсіх ідалаў сваіх”.

Таму скажы дому Ізраілеваму: так кажа Гасподзь Бог: навярнецеся і адвярнецеся ад ідалаў вашых, і ад усіх мярзотаў вашых адвярнеце аблічча ваша.
 
Дзеля гэтага скажы дому Ізраіля: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Навярніцеся і адвярніцеся ад ідалаў вашых, і ад усіх брыдотаў вашых адвярніце абліччы вашыя.

Бо калі хто з дому Ізраілевага і з прыхадняў, якія жывуць у Ізраіля, адпадзе ад Мяне і дапусьціць ідалаў сваіх у сэрца сваё, і паставіць спакусу бязбожнасьці сваёй перад абліччам сваім і прыйдзе да прарока папытацца ў Мяне празь яго, — дык Я, Гасподзь, ці дам яму адказ ад Сябе?
 
Бо кожнаму чалавеку з дому Ізраіля і прыхадню, які пасяліўся ў Ізраілі, якія адвярнуліся ад Мяне, і ўвялі ў сэрца сваё ідалаў сваіх, і паставілі перад абліччам сваім тое, што было прычынаю грэху іхняга, і прыйшлі да прарока, каб праз яго спытацца ў Мяне [парады], Я, ГОСПАД, адкажу яму.

Я павярну аблічча Маё супроць таго чалавека і скрышу яго ў азнаку і прыклад і вынішчу яго з народу Майго, і ўведаеце, што Я — Гасподзь.
 
І Я зьвярну аблічча Маё супраць чалавека таго, і зраблю яго знакам і прыказкай, і вынішчу яго з народу Майго, і вы даведаецеся, што Я — ГОСПАД.

А калі прарок дапусьціць змусьціць сябе і скажа слова так, як бы Я, Гасподзь, навучыў гэтага прарока, дык Я працягну на яго руку Маю і зьнішчу яго з народу Майго, Ізраіля.
 
А калі б прарок дазволіў сабе ашукацца і прамовіў слова, Я, ГОСПАД, вазьму прарока таго, і выцягну руку Маю супраць яго, і зьнішчу яго спаміж народу Майго, Ізраіля.

І панясуць віну беззаконьня свайго. Якая віна таго, хто пытаецца, такая будзе віна і прарока,
 
І яны панясуць беззаконьні свае! Беззаконьне прарока будзе такім, як і таго, які ў яго пытаўся,

каб наперад дом Ізраілеў ня ўхіляўся ад Мяне і каб больш не апаганьвалі сябе ўсякімі беззаконьнямі сваімі, а каб былі Маім народам, і Я быў іх Богам, кажа Гасподзь Бог.
 
каб дом Ізраіля не адыходзіўся больш ад Мяне і не паганіўся больш ніякімі бунтамі сваімі. І будуць яны для Мяне народам, а Я буду для іх Богам, кажа Госпад ГОСПАД”».

І было мне слова Гасподняе:
 
І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:

сыне чалавечы! калі б якая зямля зграшыла перад Мною, вераломна адступіўшыся ад Мяне, і Я працягнуў на яе руку Маю і зьнішчыў у ёй хлебную апору і паслаў на яе голад і пачаў губіць на ёй людзей і быдла,
 
«Сыне чалавечы, калі якая зямля саграшыць супраць Мяне нявернасьцю, Я выцягну руку Маю супраць яе і зламлю падпору хлеба, і спашлю на яе голад, і вынішчу на ёй чалавека і быдла.

і калі б знайшліся ў ёй гэтыя тры мужы: Ной, Данііл і Ёў, — дык яны праведнасьцю сваёю выратавалі б толькі свае душы, кажа Гасподзь Бог.
 
І калі будуць тры чалавекі [праведныя] пасярод яе: Ной, Данііл і Ёў, яны дзеля праведнасьці сваёй захаваюць [толькі] жыцьцё сваё, кажа Госпад ГОСПАД.

Альбо, калі б Я паслаў на гэтую зямлю лютых зьвяроў, якія асірацілі б яе, і яна ад тых зьвяроў зрабілася б пустою і непраходнаю,
 
Калі Я прывяду дзікіх зьвяроў на зямлю гэтую і зраблю яе бясплоднай, і станецца яна пусткаю, каб ніхто акрамя дзікіх зьвяроў не праходзіў там,

дык гэтыя тры мужы сярод яе, — жыву Я, кажа Гасподзь Бог, — ня выратавалі б ні сыноў, ні дочак, а яны, толькі яны ўратаваліся б, зямля ж зрабілася б пустыняю.
 
і калі пасярод яе будуць тры чалавекі гэтыя, як жывы Я, кажа Госпад ГОСПАД, не захаваюць яны ані сыноў, ані дачок, яны захаваюць [толькі] саміх сябе, а зямля станецца пусткаю.

Альбо, калі б я навёў на тую зямлю меч і сказаў: «меч, прайдзі па зямлі!» і пачаў зьнішчаць на ёй людзей і быдла,
 
Або калі Я прывяду меч на зямлю гэтую і скажу: “Няхай меч пройдзе праз зямлю гэтую, і зьнішчыць на ёй чалавека і быдла”,

дык гэтыя тры мужы сярод яе, — жыву Я, кажа Гасподзь, — ня выратавалі б ні сыноў, ні дочак, а яны толькі ўратаваліся б.
 
і калі будуць пасярод яе тры чалавекі гэтыя, як жывы Я, кажа Госпад ГОСПАД, не захаваюць яны ані сыноў, ані дачок, але захаваюць [толькі] саміх сябе.

Альбо, калі б Я паслаў на тую зямлю згубную пошасьць і выліў на яе лютасьць Маю ў праліваньні крыві, каб зьнішчыць на ёй людзей і быдла,
 
Або калі Я спашлю заразу на зямлю гэтую і ў крыві выльлю гнеў Мой на яе, каб зьнішчыць на ёй чалавека і быдла,

дык Ной, Данііл і Ёў сярод яе, — жыву Я, кажа Гасподзь Бог, — не ўратавалі б ні сыноў, ні дочак; праведнасьцю сваёй яны ўратавалі б толькі свае душы.
 
і калі Ной, Данііл і Ёў будуць пасярод яе, як жывы Я, кажа Госпад ГОСПАД, не захаваюць яны ані сыноў, ані дачок, але дзеля праведнасьці сваёй яны захаваюць [толькі] душу сваю.

Бо так кажа Гасподзь Бог: калі і чатыры кары Мае — меч і голад, і лютых зьвяроў і згубную пошасьць — пашлю на Ерусалім, каб зьнішчыць у ім людзей і быдла,
 
Бо гэта кажа Госпад ГОСПАД: “Нават калі Я прывяду на Ерусалім гэтыя чатыры зьнішчальныя плягі Мае: меч, голад, дзікіх зьвяроў і заразу, каб зьнішчыць у ім чалавека і быдла,

і тады застанецца ў ім рэшта, сыны і дочкі, якія будуць выведзены адтуль; вось, яны выйдуць да вас, і вы ўбачыце паводзіны іх і дзеі іхнія і суцешыцеся ў тым бедстве, якое Я навёў на Ерусалім, ва ўсім, што Я навёў на яго.
 
вось, яшчэ застануцца захаваныя сыны і дочкі, якіх выведуць з яго. Вось, яны прыйдуць да вас, і вы ўбачыце шляхі іхнія і ўчынкі іхнія, і будзеце мець пацяшэньне пасьля ліха, якое Я прывёў на Ерусалім, пасьля ўсяго, што Я прывёў на яго.

Яны суцешаць вас, калі вы ўбачыце паводзіны іх і дзеі іхнія; і ўведаеце, што Я ня марна зрабіў усё тое, што зрабіў у ім, кажа Гасподзь Бог.
 
І яны пацешаць вас, калі ўбачыце шляхі іхнія і ўчынкі іхнія, і даведаецеся, што не без падставаў было ўсё гэта, што Я яму зрабіў, кажа Госпад ГОСПАД”».