Езэкііля 26 разьдзел

Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

У адзінаццатым годзе, у першы дзень першага месяца было мне слова Гасподняе:
 
І сталася ў адзінаццатым годзе, у першы [дзень] месяца, і было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:

сыне чалавечы! за тое, што Тыр гаворыць пра Ерусалім: «ага! ага! ён скрышаны — брама народаў; ён зьвяртаецца да мяне; напоўнюся, ён спустошаны,»
 
«Сыне чалавечы, за тое, што Тыр сказаў Ерусаліму: “Ага! Зламаная брама народаў; ён зьвяртаецца да мяне, я буду багаты, бо ён спустошаны”,

за тое, так кажа Гасподзь Бог: вось Я на цябе, Тыру, і падыму на цябе многія народы, як мора падымае хвалі свае.
 
дзеля гэтага так кажа Госпад ГОСПАД: “Вось, Я супраць цябе, Тыр, і Я прывяду супраць цябе народы шматлікія, як мора ўздымае хвалі свае.

І разаб’юць муры Тыра і разбураць вежы ягоныя; і вымяту зь яго пыл яго і зраблю яго голаю скалою.
 
І яны зруйнуюць муры Тыру, і разваляць вежы ягоныя. І Я вымяту з яго пыл ягоны, і зраблю з яго голую скалу.

Месцам на расьсьціланьне сетак будзе ён сярод мора; бо Я сказаў гэта, кажа Гасподзь Бог: і будзе ён на разрабаваньне народам.
 
Ён станецца пасярод мора месцам, каб сушыць сеткі, бо Я прамовіў [гэта], кажа Госпад ГОСПАД, і будзе ён здабычай для народаў.

А дочкі ягоныя, якія на зямлі, забітыя будуць мечам, і ўведаюць, што Я — Гасподзь.
 
Дочкі ягоныя, якія на полі, пагінуць ад мяча, і даведаюцца, што Я — ГОСПАД”.

Бо так кажа Гасподзь Бог: вось, Я прывяду супроць Тыра з поўначы Навухаданосара, цара Вавілонскага, цара цароў, з конямі і з калясьніцамі, і зь вершнікамі, і з войскам і са шматлікім народам.
 
Бо гэта кажа Госпад ГОСПАД: “Вось, Я прывяду з поўначы супраць Тыру Навухаданосара, валадара Бабілону, валадара валадароў, з коньмі, калясьніцамі і вершнікамі, з войскам і мноствам народу.

Дочак тваіх на зямлі ён заб’е мечам і збудуе супроць цябе абложныя вежы, і насыпле супроць цябе вал і паставіць супроць цябе шчыты;
 
І дочак тваіх, якія на полі, ён заб’е мячом, і паставіць супраць цябе вежу, і насыпле супраць цябе вал, і паставіць супраць цябе шчыт.

і да сьценаў тваіх пасуне сьценабітныя машыны і вежы твае разбурыць сякерамі сваімі.
 
А галавіцу таранаў сваіх ён наставіць супраць муроў тваіх, і вежы твае разваліць мячамі сваімі.

Ад мноства коней яго накрые цябе пыл, ад шуму верхаўцоў і колаў і калясьніц затрасуцца сьцены твае, калі ён будзе ўваходзіць у браму тваю, як уваходзяць у разьбіты горад.
 
Ад мноства коней ягоных пакрые цябе куродым іхні, ад грукату вершніка, колаў і калясьніцаў будуць дрыжаць муры твае, калі яны будуць уваходзіць у брамы твае, як пры ўваходзе ў здабыты горад.

Капытамі коней сваіх ён патопча ўсе вуліцы твае, народ твой паб’е мечам і помнікі магутнасьці тваёй скіне на зямлю.
 
Капытамі коней сваіх ён паб’е ўсе вуліцы твае, народ твой мячом пазабівае, а слупы магутнасьці тваёй паваліць на зямлю.

І зрабуюць багацьце тваё і расхапаюць тавары твае, і разбураць муры твае і разаб’юць прыгожыя дамы твае і камяні твае і дрэвы твае, і зямлю тваю кінуць у ваду.
 
І разрабуюць багацьці твае, і забяруць тавары твае, і зруйнуюць муры твае, і дамы твае багатыя разбураць, а камяні твае, і дрэва тваё, і парахно тваё кінуць у сярэдзіну мора.

І спыню гучаньне песьняў тваіх, і гук цытраў тваіх больш ня будзе чуцен.
 
І Я спыню гук сьпеваў тваіх, і голас гусьляў тваіх ня будзе больш чутны.

І зраблю цябе голаю скалою, будзеш месцам для расьсьціланьня сетак: ня будзеш зноў пабудаваны, бо Я Гасподзь сказаў гэта, кажа Гасподзь Бог.
 
І Я зраблю з цябе голую скалу, і ты станешся месцам, каб сушыць сеткі, больш ня будзеш адбудаваны, бо Я, ГОСПАД, прамовіў [гэта], кажа Госпад ГОСПАД”.

Так кажа Гасподзь Бог Тыру: ад шуму падзеньня твайго, ад стогну параненых, калі будзе пабоішча сярод цябе, ці ж не задрыжаць выспы?
 
Гэта кажа Госпад ГОСПАД Тыру: “Ці ад гуку руйнаваньня твайго, калі будуць стагнаць параненыя, калі забіваньнем будуць забіваць пасярод цябе, не задрыжаць астравы?

І сыдуць усе князі мора з прастолаў сваіх і скінуць зь сябе мантыі свае, і здымуць зь сябе ўзорыстую вопратку сваю, апрануцца ў трымценьне, сядуць на зямлю, і кожную хвіліну будуць дрыжаць і зьдзіўляцца зь цябе.
 
І зыйдуць з вышыні пасадаў сваіх усе князі мора, скінуць з сябе плашчы свае, здымуць з сябе вышываныя шаты, апрануцца ў страх, сядуць на зямлі, і будуць дрыжаць без перапынку, і трэсьціся будуць з тваёй прычыны.

І падымуць плач па табе і скажуць табе: «як загінуў ты, населены мараходамі, горад славуты, які быў моцны на моры, сам і жыхары ягоныя, што наводзілі страх на ўсіх насельнікаў яго!
 
Яны будуць галасіць дзеля цябе і скажуць табе: “Як ты загінуў, як адарваны ад мора, горад слаўны, які быў моцным на моры, ты і жыхары твае, якія прыносілі страх свой усім жыхарам ягоным!

Сёньня, у дзень падзеньня твайго, задрыжалі выспы; выспы на моры жахнуліся ад пагібелі тваёй.
 
Цяпер дрыжаць астравы ў дзень загубы тваёй; стрывожыліся астравы, якія на моры, адыходам тваім”.

Бо так кажа Гасподзь Бог: калі Я зраблю цябе горадам апусьцелым, падобным на гарады незаселеныя, калі падыму на цябе багну, і накрыюць цябе вялікія воды;
 
Бо гэта кажа Госпад ГОСПАД: “Калі Я зраблю цябе горадам спустошаным, як гарады, у якіх ніхто не жыве, калі навяду на цябе бездань, і накрыюць цябе воды вялікія,

тады зьвяду цябе з тымі, што ідуць у магілу да народу даўно былога і зьмяшчу цябе ў самым сподзе зямлі, у пустынях вечных, з тымі, што адышлі ў магілу, каб ты больш ня быў заселены; і яўлю табе славу на зямлі жывых.
 
Я скіну цябе да тых, якія зыйшлі ў магілу, да людзей старадаўніх, і пасялю цябе ў зямлі падземнай, як руіны адвечныя, з тымі, якія зыйшлі ў магілу, каб [больш] ня быў ты заселены і ня меў славы ў зямлі жывых.

Жудасьцю зраблю цябе, і ня будзе цябе, і будуць шукаць цябе, але ўжо ня знойдуць цябе вавекі, кажа Гасподзь Бог.
 
Я зраблю цябе страхоцьцем, і ня будзе цябе. І будуць шукаць [цябе], і ня знойдуць ніколі, на вякі, кажа Госпад ГОСПАД”».