Езэкііля 23 разьдзел

Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

І было мне слова Гасподняе:
 
І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:

сыне чалавечы! былі дзьве жанчыны, дочкі адной маці,
 
«Сыне чалавечы! Былі дзьве жанчыны, дочкі адной маці.

і блудадзеялі яны ў Егіпце, блудадзеялі ў сваёй маладосьці; там памятыя грудзі іхнія, і там разбэсьцілі дзявоцкія смочкі іхнія.
 
І яны распусьнічалі ў Эгіпце, ад маладосьці сваёй распусьнічалі. Там ціскалі грудзі іхнія і там тапталі дзявочыя ўлоньні іхнія.

Імёны іх: вялікай — Агола, а сястры яе — Агаліва. І былі яны Мае, і нараджалі сыноў і дочак; і называліся — Агола Самарыяй, а Агаліна Ерусалімам.
 
А імёны іхнія: Аголя, старэйшая, і Агаліва, сястра ейная. І сталіся яны Маімі, і нарадзілі сыноў і дачок. Імёны іхнія: Аголя — Самарыя, а Агаліва — Ерусалім.

і пачала Агола блудадзеяць ад Мяне і прынадзілася да сваіх каханкаў, да Асірыянаў, і да суседзяў сваіх,
 
І чужаложыла Аголя каля стопаў Маіх, і загарэлася пажаданьнем да палюбоўнікаў сваіх Асірыйцаў, суседзяў сваіх,

да тых, што апраналіся ў адзеньне яхантавага колеру, да начальнікаў вобласьцяў і кіроўцаў гарадоў, да ўсіх прыгожых хлопцаў, вершнікаў, што езьдзілі на конях;
 
да магнатаў і намесьнікаў, апранутых у пурпур, да юнакоў прывабных і ўсіх вершнікаў, якія сядзяць на конях.

і шчодрылася ў блудадзействах сваіх з усімі адборнымі з сыноў Асура і апаганьвала сябе ўсімі ідаламі тых, да каго ні прынаджвалася;
 
І аддавалася яна ў распусьце сваёй усім найлепшым сынам Асірыі і з усімі, якіх пажадала, з імі ўсімі паганілася.

не пераставала блудадзейнічаць і зь Егіпцянамі, бо яны зь ёю спалі ў маладосьці яе і разбэшчвалі дзявоцкія смочкі яе, і вылівалі на яе пажаду сваю.
 
І не пакінула распусты сваёй з Эгіптам, бо там спалі з ёй у маладосьці ейнай, і тапталі ўлоньне ейнае дзявочае, і вылівалі на яе распусту сваю.

За тое Я і аддаў яе ў рукі каханкаў яе, у рукі сыноў Асура, да якіх яна прынадзілася.
 
Дзеля гэтага Я аддаў яе ў рукі палюбоўнікаў ейных, у рукі сыноў Асірыі, да якіх мела пажаданьне.

Яны адкрылі галізну яе і дочак яе, а яе забілі мечам. І яна зрабілася ганьбаю сярод жанчын, калі ўчынілі над ёю сьмяротную кару.
 
Яны адкрылі голасьць ейную, забралі сыноў ейных і дочак ейных, а яе забілі мячом, і сталася яна ганьбаю для жанчынаў, і ўчынілі над ёю суд.

Сястра яе, Агаліва, бачыла гэта, і яшчэ больш распусная была ў каханьні сваім, і блуд яе пераўзышоў блуд сястры яе.
 
І бачыла гэта сястра ейная Агаліва, і паганілася пажаданьнем сваім больш за яе, і распуста ейная [была большая], чым чужалоства сястры ейнай.

Яна прынадзілася да сыноў Асуравых, да начальнікаў вобласьцяў і кіроўцаў гарадоў, суседзяў яе, раскошна апранутых, да вершнікаў, што езьдзяць на конях, да ўсіх адборных хлопцаў.
 
Яна [запалала] пажаданьнем да сыноў Асірыі, да магнатаў і намесьнікаў, суседзяў багата апранутых, да вершнікаў, якія сядзяць на конях, да ўсіх юнакоў прывабных.

І Я бачыў, што яна апаганіла сябе, і што ў абедзьвюх іх — адна дарога.
 
І ўбачыў Я, што яна апаганілася і што абедзьве ідуць тою самай дарогай.

Але гэтая яшчэ больш прымножыла блудадзействы свае, бо, убачыўшы выразаных на сьцяне мужчын, фарбамі намаляваныя выявы Халдэяў,
 
І дадала яна да распусты сваёй, калі ўбачыла на сьцяне намаляваных мужчынаў, маляваныя чырвонай фарбай абразы Халдэйцаў,

перапаясаных па паясьніцах сваіх поясам, з раскошнымі на галаве іх павязкамі, з выгляду ваенных правадыроў, падобных на сыноў Вавілона, чыя радзіма — зямля Халдэйская,
 
якія падперазаныя вакол сьцёгнаў сваіх паясамі, з вялікімі завоямі на галовах, усіх з выгляду мужных ваяроў, абразы сыноў Бабілону, якія родам з зямлі Халдэйскай.

яна закахалася ў іх з аднаго зірку вачэй і паслала да іх у Халдэю пасланцоў.
 
І пажаданьнем пажадала яна іх з прычыны абраза, які бачылі вочы ейныя. І выправіла пасланцоў да іх, у Халдэю.

І прыйшлі да яе сыны Вавілона на любоўны ложак і апаганілі яе блудадзействам сваім, і яна апаганіла сябе імі; і адвярнулася ад іх душа яе.
 
І прыйшлі да яе сыны Бабілону на ложак каханьня, і спаганілі яе распустай сваёй, а калі яна апаганілася з імі, душа ейная адвярнулася ад іх.

Калі ж яна яўна аддалася блудадзействам сваім і адкрыла галізну сваю, тады і ад яе адвярнулася душа Мая, як адвярнулася душа Мая ад сястры яе.
 
І выявіла яна распусту сваю, і адкрыла сорам свой, і душа Мая адвярнулася ад яе, як адвярнулася душа Мая ад сястры ейнай.

І яна памножыла блудадзействы свае, успамінаючы дні маладосьці сваёй, калі блудадзеяла ў зямлі Егіпецкай.
 
І памнажала яна распусту сваю, калі ўзгадала дні маладосьці сваёй, калі яна чужаложыла ў зямлі Эгіпецкай.

і прынадзілася да каханкаў сваіх, у якіх плоць — плоць асьліная, і пажада, як у жарабцоў.
 
І [запалала] пажаданьнем да палюбоўнікаў сваіх, у якіх чэлясы — чэлясы аслоў і юр іхні — юр коняў.

Так ты ўспомніла распусту маладосьці тваёй, калі Егіпцяне ціскалі смочкі твае за дзявоцкасьць грудзей тваіх.
 
І ты шукала распусты маладосьці тваёй, калі ў Эгіпце тапталі ўлоньне тваё і ціскалі грудзі маладосьці тваёй.

Таму, Агаліва, так кажа Гасподзь Бог: вось, Я абуджу супроць цябе каханкаў тваіх, ад якіх адвярнулася душа твая, і прывяду іх супроць цябе з усіх бакоў:
 
Дзеля гэтага, Агаліва, так кажа Госпад ГОСПАД: “Вось, Я падыму супраць цябе палюбоўнікаў тваіх, ад якіх адвярнулася душа твая; зьбяру іх супраць цябе з усіх бакоў,

сыноў Вавілона і ўсіх Халдэяў, з Пэхода, з Шоа і Коа, і зь імі ўсіх сыноў Асура, прыгожых хлопцаў, начальнікаў вобласьцяў і кіроўцаў гарадоў, санавітых і знакамітых, усіх умельскіх вершнікаў.
 
сыноў Бабілону і ўсіх Халдэйцаў, Пэкод, Шоа і Коа, усіх сыноў Асірыі, прывабных юнакоў, магнатаў і намесьнікаў, усіх ваяроў магутных, слаўных мужоў, якія сядаюць на коней.

І прыйдуць на цябе са зброяю, з конямі і калясьніцамі і з мноствам люду і абступяць цябе вакол у латах, са шчытамі і ў шаломах, і аддам ім цябе на суд, і будуць судзіць цябе сваім судом.
 
І прыйдуць на цябе з поўначы на вазах жалезных і калясьніцах, і з дружынамі народаў. У панцырах, са шчытамі і шаломамі стануць адусюль супраць цябе. І Я дам перад абліччам іхнім суд, і яны будуць судзіць цябе паводле судоў сваіх.

І абярну рупнасьць Маю супроць цябе, і абыдуцца з табою люта: адрэжуць табе нос і вушы, а астатняе тваё ад меча адпадзе; возьмуць сыноў тваіх і дочак тваіх, а астатняе тваё агнём будзе зжэрта;
 
І Я зьвярну супраць цябе лютасьць Маю, і яны будуць абыходзіцца з табою ў гневе, адрэжуць табе нос і вушы, а тое, што ў табе застанецца, упадзе ад мяча. Яны забяруць сыноў тваіх і дочак тваіх, а рэшту тваю зьнішчыць агонь.

і здымуць зь цябе вопратку тваю, возьмуць строі твае.
 
І Я здыму з цябе шаты твае, і забяру каштоўныя аздобы твае.

І пакладу канец распусьце тваёй і блуду твайму, прынесенаму зь зямлі Егіпецкай, і ня будзеш зьвяртаць да іх вачэй тваіх, і пра Егіпет ужо ня ўспомніш.
 
І Я спыню распусту тваю ў цябе і чужалоства тваё з зямлі Эгіпецкай, і ты не падымеш на іх вачэй тваіх і больш не ўзгадаеш пра Эгіпет.

Бо так кажа Гасподзь Бог: вось, Я аддаю цябе ў рукі тым, якіх ты ўзьненавідзела, у рукі тым, ад якіх адвярнулася душа твая.
 
Бо гэта кажа Госпад ГОСПАД: "Вось, Я аддаю цябе ў рукі таго, каго ты ненавідзіш, у рукі тых, ад якіх адвярнулася душа твая".

І ўчыняць з сабою жорстка, і возьмуць у цябе ўсё, нажытае працаю, і пакінуць цябе голую і ненакрытую, і адкрытая будзе сараматная галізна твая і распуста твая і блудадзейства тваё.
 
І яны будуць абыходзіцца з табою з нянавісьцю, забяруць усе набыткі твае і пакінуць цябе голай і неакрытай, і выявіцца голасьць юрлівасьці тваёй, распуснасьць твая і чужалоства тваё.

Гэта будзе зроблена з табою за блудадзейства тваё з народамі, ідаламі якіх ты апаганіла сябе.
 
І зробяць гэта табе, бо ты распусьнічала з народамі і паганілася ідаламі іхнімі,

Ты хадзіла дарогаю сястры тваёй; затое і дам у руку табе чашу яе.
 
і пайшла па шляху сястры тваёй, і Я дам келіх ейны ў рукі твае.

Так кажа Гаспаодзь Бог; ты будзеш піць чашу сястрынскую глыбокую і шырокую і падпадзеш пад асьмяяньне і ганьбу, па вялізарнай умяшчальнасьці яе.
 
Гэта кажа Госпад ГОСПАД: "Келіх сястры тваёй ты будзеш піць, глыбокі і шырокі, і станеш ты на насьмешку і на зьдзек, [бо] шмат зьмясьцілася [ў ім].

Ап’яненьня і гаркоты будзеш поўная: чара жудасьці і спусташэньня — чара сястры тваёй, Самарыі!
 
Ап’яненьнем і болем будзеш напоўненая, [бо гэта] келіх спусташэньня і смутку, келіх сястры тваёй, Самарыі.

І вып’еш яе і спарожніш, і чарапкі яе абліжаш, і грудзі твае стурзаеш: бо Я сказаў гэта, кажа Гасподзь Бог.
 
І вып’еш яго аж да дна, і ў кавалкі разаб’еш яго, і грудзі свае скалечыш, бо Я прамовіў [гэта], кажа Госпад ГОСПАД".

Таму так кажа Гасподзь Бог: як што ты забыла Мяне і адвярнулася ад Мяне, дык і цярпі за беззаконьне тваё і за блудадзейства тваё.
 
Дзеля гэтага так кажа Госпад ГОСПАД: "За тое, што ты забылася пра Мяне і кінула Мяне за плечы свае, ты насі цяпер распусту тваю і чужаложнасьць тваю"”».

І сказаў мне Гасподзь: сыне чалавечы! ці хочаш ты судзіць Аголу і Агаліву? выкажы ім мярзоты іхнія;
 
І сказаў мне ГОСПАД: «Сыне чалавечы, ці будзеш судзіць Аголю і Агаліву? Выяві ім брыдоту іхнюю.

бо яны пералюбнічалі, і сыноў сваіх, якіх нарадзілі Мне, праз агонь праводзілі, як ежу ім.
 
Бо яны чужаложылі і кроў на руках іхніх, і чужаложылі яны з ідаламі сваімі, а таксама сыноў сваіх, якіх для Мяне нарадзілі, яны праводзілі [праз агонь] на спажыву ім.

Яшчэ вось, што яны рабілі Мне: апаганьвалі сьвятыню Маю ў той самы дзень, і парушалі суботы Мае;
 
Яшчэ гэта яны зрабілі Мне: сьвятыню Маю апаганілі ў той дзень і зьняважылі суботы Мае.

бо, калі яны калолі дзяцей сваіх дзеля ідалаў сваіх, таго ж самага дня прыходзілі ў сьвятыню Маю, каб апаганьваць яе: вось, як рабілі яны ў доме Маім!
 
Бо калі яны ахвяроўвалі сыноў сваіх ідалам сваім, у той самы дзень прыходзілі ў сьвятыню Маю, паганячы яе. Вось так яны рабілі ў сярэдзіне Дому Майго.

Акрамя гэтага пасылалі па людзей, што прыходзілі здалёк; да іх адпраўлялі пасланцоў, і вось, яны прыходзілі, і дзеля іх умывалася, сурміла вочы твае і ўпрыгожвалася акрасамі,
 
І нават пасылалі па мужчынаў чужых і далёкіх, і як толькі пасланец быў пасланы да іх, яны адразу прыходзілі. Дзеля іх ты мылася, фарбавала вочы свае і апраналася аздобна,

і садзілася на цудоўны ложак, перад якім накрывалі стол, і на якім прапаноўвала ты духмяныя пахошчы Мае і алей Мой.
 
і сядала на каштоўным ложку, і пры ім быў застаўлены стол, і ставіла на ім кадзіла Маё і алей Мой.

І чуўся голас народу, які радаваўся ў яе, і да людзей з натоўпу народнага ўводзілі п’яніц з пустыні; і яны клалі на рукі іх бранзалеткі і на галовы іх прыгожыя вянкі.
 
І галасы натоўпу [былі] там, а да мужчынаў натоўпу таго прыводзілі п’яніцаў з пустыні, і яны ўскладалі бранзалеты на рукі свае і ўпрыгожаныя кароны на галовы свае.

Тады сказаў Я пра зьлядашчаную ў пералюбстве: цяпер канчаюцца блудадзействы яе разам зь ёю.
 
І Я сказаў да той, якая нішчыла сябе чужалоствам: “Ці будзе яна [яшчэ], распусьнічаючы, чыніць распусту?”

Але прыходзілі да яе: як прыходзяць да жанчыны-блудадзейкі, так прыходзілі да Аголы і Агалівы, да распусных жанчын.
 
І прыходзяць да яе так, як прыходзяць да жанчыны чужаложніцы. Так прыходзілі да Аголі і Агалівы, жанчынаў распусных.

А мужы праведныя будуць судзіць іх; яны будуць судзіць іх судом пералюбніц і судом тых, хто пралівае кроў, бо яны пералюбніцы, і ў іх кроў на руках.
 
І мужы праведныя будуць судзіць іх судом чужаложніцаў і судом тых, якія разьліваюць кроў, бо яны чужаложылі і кроў на руках іхніх.

Бо так сказаў Гасподзь Бог: склікаць на іх сход і аддаць іх азлабеньню і рабунку.
 
Бо гэта кажа Госпад ГОСПАД: “Склічуць супраць іх супольны сход і аддадуць іх на страхоцьце і на рабунак,

І сход паб’е іх камянямі і парубае іх мечамі сваімі, і заб’е сыноў іх і дочак іх і дамы іхнія спаліць агнём.
 
і сход гэты закідае іх камянямі, пасячэ іх мячамі, заб’е сыноў іхніх і дочак іхніх, а дамы іхнія спаліць агнём.

Так пакладу канец распусьце на гэтай зямлі, і ўсе жанчыны мецьмуць навуку і ня будуць рабіць сараматных учынкаў падобна вам;
 
І Я спыню распусту ў зямлі гэтай, і будуць навучаныя ўсе жанчыны і ня будуць чыніць распусту, [падобную] да распусты іхняй.

і ўскладуць на вас вашу распусту, і панесяце кару за грахі зь ідаламі вашымі, і ўведаеце, што Я — Гасподзь Бог.
 
І пакладуць яны на вас распусту вашую, і будзеце насіць грахі ідалаў вашых, і даведаецеся, што Я — Госпад ГОСПАД”».