Езэкііля 36 разьдзел
Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна
І ты, сыне чалавечы, вымаві прароцтва на горы Ізраілевыя і скажы: горы Ізраілевыя! слухайце слова Гасподняе.
А ты, сын чалавечы, прароч пра горы Ізраіля і кажы: “Горы Ізраіля, слухайце слова ГОСПАДА.
Так кажа Гасподзь Бог: як што вораг гаворыць пра вас: «ага! ага! і вечныя вышыні дасталіся нам на долю»,
Гэта кажа Госпад ГОСПАД. За тое, што вораг казаў пра вас: "Ага, узгоркі адвечныя дадзены нам на ўласнасьць",
дык вымаві прароцтва і скажы, так кажа Гасподзь Бог: за тое, менавіта за тое, што спусташаюць вас і паглынаюць вас з усіх бакоў, каб вы зрабіліся здабыткам іншых народаў і былі зьліхаслоўлены і перасуджаны людзьмі,
дзеля гэтага прароч і скажы: "Гэта кажа Госпад ГОСПАД. За тое, што пустошылі і тапталі вас адусюль навокал, каб вы сталіся ўласнасьцю рэшты народаў і былі ўзятыя на кончык языка і на прыказку ў народзе,
за гэта, горы Ізраілевыя, выслухайце слова Госпада Бога: так кажа Гасподзь Бог горам і пагоркам, лагчынам і далінам, і апусьцелым развалінам і пакінутым гарадам, якія зрабіліся здабычаю і паглумішчам іншым навакольным народам;
дзеля гэтага, горы Ізраіля, слухайце слова Госпада ГОСПАДА. Гэта кажа Госпад ГОСПАД гарам і ўзгоркам, ярам і лагчынам, руінам спустошаным і гарадам бязьлюдным, якія сталіся здабычай і насьмешкай рэшты народаў, якія навокал.
за гэта так кажа Гасподзь Бог: у агні клопату Майго Я вымавіў слова на іншыя народы і на ўсю Ідумэю, якія назначылі зямлю Маю на валоданьне сабе, з сардэчнай радасьцю і з пагардай у душы асуджаючы яе на здабычу сабе.
Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Сапраўды, у агні рэўнасьці Маёй Я прамовіў супраць рэшты народаў і супраць усяго Эдому, якія ўзялі зямлю Маю на ўласнасьць з радасьцю ўсяго сэрца і з пагардаю ў душы, каб гнаць яе як здабычу"”.
Таму вымаві прароцтва пра зямлю Ізраілевую і скажы горам і пагоркам, лагчынам і далінам: так кажа Гасподзь Бог: вось, Я вымавіў гэта ў клопаце Маім, бо вы несяце на сабе паглум ад народаў.
Дзеля гэтага прароч пра зямлю Ізраіля і скажы да гор і ўзгоркаў, яроў і лагчынаў: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Вось, Я прамовіў з рэўнасьцю Маёй і з абурэньнем Маім, бо вы зносіце зьнявагу [з боку] народаў”.
Таму так кажа Гасподзь Бог: Я падняў руку Маю з прысягаю, што народы, якія вакол вас, самі панясуць сорам свой.
Дзеля гэтага так кажа Госпад ГОСПАД: “Я ўзьнімаю руку Маю [з прысягаю], што народы, якія вакол вас, панясуць зьнявагу сваю.
А вы, горы Ізраілевыя, распусьцеце гольле ваша і будзеце радзіць плады вашыя народу Майму Ізраілю; бо яны скора прыйдуць.
А вы, горы Ізраіля, пусьціце галіны вашыя і будзеце даваць плады вашыя народу Майму Ізраілю, бо яны наблізіліся, каб прыйсьці [да вас].
Бо вось, Я да вас зьвярнуся, і вас будуць урабляць і засяваць.
Бо вось, Я [прыйду] да вас і зьвярнуся да вас, і будуць вас абрабляць і засяваць.
І пасялю на вас мноства людзей, і ўвесь дом Ізраілеў, увесь, і заселеныя будуць гарады і забудаваныя разваліны.
І Я памножу на вас людзей, увесь дом Ізраіля, і гарады будуць абжытыя, і руіны будуць адбудаваныя.
І памножу на вас людзей і яны будуць пладзіцца і множыцца, і засялю вас, як было ў ранейшыя часы вашыя, і буду чыніць вам дабра болей, чым у ранейшыя часы вашыя, — і ўведаеце, што Я — Гасподзь.
І Я памножу на вас людзей і жывёлу, яны будуць шматлікія і плодныя, і Я засялю вас так, як у часы старадаўнія, і Я буду рабіць вам добрае [больш], чым у [час] пачатку вашага, і вы даведаецеся, што Я — ГОСПАД.
І прывяду на вас людзей, народ Мой, Ізраіля, і яны будуць валодаць табою, зямля! і ты будзеш спадчынай іхняй і ня будзеш болей рабіць іх бязьдзетнымі.
І прывяду зноў на вас людзей, народ Мой Ізраіль, і яны ўспадкаемяць вас, і вы станецеся для іх спадчынай, і ўжо ня будзеце пазбаўляць іх дзяцей”.
Так кажа Гасподзь Бог: за тое, што кажуць пра вас: «ты — зямля, якая есьць людзей і робіць народ твой бязьдзетным»,
Гэта кажа Госпад ГОСПАД: “За тое, што кажуць пра вас: “Ты зьядаеш чалавека і робіш бязьдзетным народ твой”,
затое ўжо ня будзеш больш есьці людзей і народу твайго ня будзеш наперад рабіць бязьдзетным, кажа Гасподзь Бог.
дзеля гэтага больш ня будзеш зьядаць чалавека і больш ня зробіш бязьдзетным народ твой, кажа Госпад ГОСПАД.
І больш ня будзеш чуць зьдзеку ад народаў, паглуму ад плямёнаў не панясеш ужо на сабе, і народу твайго больш ня будзеш рабіць бязьдзетным, кажа Гасподзь Бог.
І ты не пачуеш больш зьнявагаў ад народаў і насьмешак ад плямёнаў, і больш ня будзеш рабіць бязьдзетным народ твой, кажа Госпад ГОСПАД”».
І было мне слова Гасподняе:
І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:
сыне чалавечы! калі дом Ізраілеў жыў на зямлі сваёй, ён апаганьваў яе паводзінамі сваімі і ўчынкамі сваімі; шлях іх перад абліччам Маім быў як нячыстасьць жанчыны ў час ачышчэньня яе.
«Сыне чалавечы, дом Ізраіля жыў на зямлі сваёй, і ён апаганіў яе шляхамі сваімі і ўчынкамі сваімі. Як нячыстасьць месячная жанчыны быў шлях іхні адносна Мяне.
І Я выліў на іх гнеў Мой за кроў, якую яны пралівалі на гэтай зямлі, і за тое, што яны апаганьвалі яе ідаламі сваімі.
І Я выліў на іх гнеў Мой з прычыны крыві, якую яны вылілі на зямлю, і з прычыны ідалаў іхніх, якімі яны апаганілі яе.
І Я расьсеяў іх па народах, і яны разьвеяны па землях; Я судзіў іх паводле шляхоў іхніх і паводле ўчынкаў іхніх.
І Я расьцярушыў іх паміж народаў, і яны расьсеяліся па землях. Паводле шляхоў іхніх і паводле ўчынкаў іхніх Я асудзіў іх.
І прыйшлі яны да народаў, куды пайшлі, і зьняславілі сьвятое імя Маё, бо пра іх кажуць: «яны — народ Госпада і выйшлі зь зямлі Ягонай»;
І яны прыйшлі да народаў, і там, куды прыйшлі, яны зьняважылі імя Маё сьвятое, калі казалі пра іх: “Гэта народ ГОСПАДА, і яны выйшлі з зямлі Ягонай”.
І пашкадаваў Я сьвятое імя Маё, якое зьняславіў дом Ізраілеў у народаў, куды прыйшоў.
І Я пашкадаваў імя Маё сьвятое, якое зьняважыў дом Ізраіля сярод народаў, да якіх яны прыйшлі.
Таму скажы дому Ізраілеваму: так кажа Гасподзь Бог: ня вам Я зрабіў гэта, доме Ізраілеў, а дзеля сьвятога імя Майго, якое вы зьняславілі ў народаў, куды прыйшлі.
Дзеля гэтага скажы дому Ізраіля: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Ня дзеля вас Я раблю гэта, доме Ізраіля, але дзеля імя Майго сьвятога, якое вы зьняважылі сярод народаў, да якіх вы прыйшлі.
І асьвячу вялікае імя Маё, неславёнае ў народаў, сярод якіх вы зьняславілі яго, і ўведаюць народы, што Я — Гасподзь, кажа Гасподзь Бог, калі яўлю на вас сьвятасьць Маю перад вачыма іхнімі.
І Я зраблю сьвятым імя Маё вялікае, зьняважанае сярод народаў, якое вы зьняважылі сярод іх, і даведаюцца народы, што Я — ГОСПАД, кажа Госпад ГОСПАД, калі Я выяўлю сьвятасьць Маю сярод вас на вачах іхніх.
І вазьму вас з народаў і зьбяру вас з усіх краін і прывяду вас у зямлю вашу.
І Я вазьму вас спасярод народаў, і зьбяру вас з усіх земляў, і прывяду вас у зямлю вашую.
І акраплю вас чыстаю вадою, — і вы ачысьціцеся ад усіх пахібаў вашых, і ад усіх ідалаў вашых ачышчу вас.
І Я пакраплю вас вадою чыстаю, і вы станецеся чыстымі, і ад усякае нячыстасьці вашай і ад усіх ідалаў вашых Я ачышчу вас.
І дам вам сэрца новае і дух новы дам вам; і вазьму з плоці вашай сэрца каменнае і дам вам сэрца плацяное.
І Я дам вам сэрца новае, і духа новага дам у нутро вашае, і забяру сэрца каменнае з цела вашага, і дам вам сэрца з цела.
Укладу ўсярэдзіну вас дух Мой і зраблю так, што вы хадзіцьмеце ў запаведзях Маіх і пастановы Мае будзеце захоўваць і выконваць.
І Духа Майго Я дам у нутро вашае, і зраблю, што паводле пастановаў Маіх вы будзеце хадзіць і суд Мой будзеце захоўваць і выконваць.
І будзеце жыць на зямлі, якую Я даў бацькам вашым, і будзеце Маім народам, і Я буду вашым Богам.
І вы будзеце жыць у зямлі, якую Я даў бацькам вашым, і будзеце для Мяне народам, а Я буду для вас Богам.
І вызвалю вас ад усіх нечысьцяў вашых, і наклічу хлеб і памножу яго, і ня дам вам цярпець голад.
І Я вызвалю вас ад усякай нячыстасьці вашай, і паклічу [да вас] збожжа, і памножу яго, і не спашлю на вас голад.
І памножу плады на дрэвах і ўтворы палёў, каб болей не цярпець вам паглуму ад народаў праз голад.
І Я памножу плод дрэваў і ўраджай поля, каб вы больш ня мелі ганьбы голаду сярод народаў.
Тады згадаеце пра ліхія шляхі вашыя і благія ўчынкі вашыя і адчуеце агіду да саміх сябе за пахібнасьці вашыя і гнюсоты вашыя.
І вы ўзгадаеце шляхі вашыя ліхія і ўчынкі вашыя, якія не [былі] добрыя, і будзеце брыдзіцца саміх сябе з прычыны беззаконьняў вашых і брыдотаў вашых.
Ня дзеля вас Я зраблю гэта, кажа Гасподзь Бог, хай будзе вам вядома. Чырванейце і саромейцеся шляхоў вашых, доме Ізраілеў.
Не дзеля вас Я раблю [гэта], кажа Госпад ГОСПАД, няхай [гэта] будзе вам вядома. Засаромцеся і пачырванейце з прычыны шляхоў вашых, доме Ізраіля.
Так кажа Гасподзь Бог: у той дзень, калі ачышчу вас ад усіх пахібнасьцяў вашых і насялю гарады, адбудаваныя будуць разваліны,
Гэта кажа Госпад ГОСПАД. У дзень, калі Я ачышчу вас ад усіх беззаконьняў вашых, Я засялю гарады гэтыя, і будуць адбудаваныя руіны,
і будзе ўрабляцца спустошаная зямля, якая была пустыняю ў вачах у кожнага, хто праходзіў міма,
і зямля спустошаная будзе абрабляная, замест таго, каб быць пустэчаю ў вачах кожнага, хто праходзіць.
тады скажуць: «гэтая апусьцелая зямля зрабілася як сад Эдэмскі і гэтыя разваленыя і апусьцелыя і спустошаныя гарады ўмацаваны і населены».
І скажуць: "Гэтая зямля спустошаная сталася, як сад Эдэм, а гэтыя гарады, зьнішчаныя, спустошаныя і зруйнаваныя [сталіся] умацаваныя і населеныя".
І ўведаюць народы, якія застануцца вакол вас, што Я Гасподзь зноў будую разбуранае, засаджваю апусьцелае. Я Гасподзь сказаў — і зрабіў.
І даведаюцца народы, якія засталіся вакол вас, што Я, ГОСПАД, адбудаваў зруйнаванае і засадзіў спустошанае. Я, ГОСПАД, прамовіў [гэта] і зрабіў.
Так кажа Гасподзь Бог: вось, яшчэ і ў тым яўлю міласьць Маю дому Ізраілеваму, памножу іх людзьмі, як статак.
Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Яшчэ ў гэтым Я буду прыхільным да дому Ізраіля, каб зрабіць ім тое, што Я памножу ў іх людзей як авечак.
Як многа бывае ахвярных авечак у Ерусаліме ў часы сьвятаў ягоных, так поўныя будуць людзьмі апусьцелыя гарады, і ўведаюць, што Я — Гасподзь.
Як авечкі пасьвячоныя, як авечкі Ерусаліму ў [дні] сьвятаў ягоных, так гарады спустошаныя стануцца поўныя лю-дзей як авечак, і даведаюцца, што Я — ГОСПАД”».