Езэкііля 25 разьдзел

Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

І было мне слова Гасподняе:
 
І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:

сыне чалавечы! павярні аблічча тваё да сыноў Амонавых і вымаві на іх прароцтва,
 
«Сыне чалавечы, павярні аблічча тваё да сыноў Амона і прароч супраць іх.

і скажы сынам Амонавым: слухайце слова Госпада Бога: за тое, што ты пра сьвятыню Маю гаворыш: ага! ага! бо яно паганьбена, — і пра зямлю Ізраілевую, бо яна спустошана, і пра дом Юдаў, бо яны пайшлі ў палон,
 
І скажаш сынам Амона: “Слухайце слова Госпада ГОСПАДА. Гэта кажа Госпад ГОСПАД. За тое, што ты казаў “Ага!” на сьвятыню Маю, бо яна апаганена, і на зямлю Ізраіля, бо яна спустошана, і на дом Юды, бо ён пайшоў у няволю,

за тое вось, Я аддам цябе ў спадчыну сынам усходу, і паставяць у цябе кашары свае, і паставяць у цябе намёты свае, і будуць есьці плады твае і піць малако тваё.
 
вось, Я аддам цябе сынам Усходу ў спадчыну. І яны разложаць табары свае ў цябе, і паставяць сялібы свае ў цябе, яны будуць есьці плады твае і піць малако тваё.

Я зраблю Раву стойлам вярблюдам, і сыноў Амонавых — пастухамі авечак, і ўведаеце, што Я — Гасподзь.
 
І Я зраблю Раббу пашаю для вярблюдаў, а сыноў Амона — логавішчам для авечак, і даведаецеся, што Я — ГОСПАД”.

Бо так кажа Гасподзь Бог: за тое, што ты пляскаў у далоні і тупаў нагою, і з усёю пагардаю да зямлі Ізраілевай душэўна радаваўся,
 
Гэта кажа Госпад ГОСПАД: “За тое, што ты пляскаў рукамі і тупаў нагамі, і цешыўся ў душы з усёй пагардай тваёй з зямлі Ізраіля,

за тое вось, Я працягну руку Маю на цябе і аддам цябе на рабунак народам, і вынішчу цябе зь ліку народаў і згладжу цябе зь ліку земляў; зламаю цябе, і ўведаеш, што Я — Гасподзь.
 
вось, Я выцягну руку Маю супраць цябе, і аддам цябе на рабунак народам, і выкарчую цябе спаміж народаў, і вынішчу цябе спасярод земляў, і выгублю цябе, і даведаешся, што Я — ГОСПАД”.

Так кажа Гасподзь Бог: за тое, што Мааў і Сэір кажуць: «вось і дом Юдаў, як усе народы!»
 
Гэта кажа Госпад ГОСПАД: “За тое, што Мааў і Сэір казалі: “Вось, дом Юды [такі самы] як усе [іншыя] народы”,

за тое, вось Я, пачынаючы ад гарадоў, ад усіх памежных гарадоў ягоных, красы зямлі, ад Бэт-Ешымота, Ваалмэона і Кірыятыма, адкрыю бок Маава
 
вось, Я адкрыю [шлях] на ўзбоччы Мааву ад гораду і да гораду ягонага ў межах ягоных, да аздобы зямлі гэтай: Бэт-Ешымоту, Баал-Мэону і Кірыятаіму,

сынам усходу і аддам яго ў спадчыну ім, разам з сынамі Амонавымі, каб сыны Амона ня згадваліся болей сярод народаў.
 
і аддам іх разам з сынамі Амона ў спадчыну сынам Усходу, каб ня ўзгадвалі сыноў Амона між народамі.

І над Маавам учыню суд, і ўведаюць, што Я — Гасподзь.
 
І Я ўчыню суды над Маавам, і даведаюцца, што Я — ГОСПАД”.

Так кажа Гасподзь Бог: за тое, што Эдом жорстка помсьціў дому Юдаваму і цяжка зграшыў, учыняючы над ім помсту,
 
Гэта кажа Госпад ГОСПАД: “За тое, што Эдом гарэў помстай супраць дому Юды, і помсьцячы яму, правініўся віною,

за тое, так кажа Гасподзь Бог: працягну руку Маю на Эдома і вынішчу ў яго людзей і быдла, і зраблю яго пустыняю; ад Тэмана да Дэдана ўсе загінуць ад меча.
 
дзеля гэтага так кажа Госпад ГОСПАД: “Я выцягну руку Маю супраць Эдому, і вынішчу ў ім чалавека і жывёлу, і аддам яго на спусташэньне, ад Тэману аж да Дэдану пагінуць ад мяча.

І ўчыню помсту Маю над Эдомам рукою народу Майго, Ізраіля; і яны будуць дзейнічаць у Ідумэі згодна з Маім гневам і Маім абурэньнем, і ўведаюць помсту Маю, кажа Гасподзь Бог.
 
І Я ўчыню помсту Маю Эдому паводле гневу Майго і паводле абурэньня Майго, і яны пазнаюць помсту Маю, кажа Госпад ГОСПАД”.

Так кажа Гасподзь Бог: за тое, што Філістымляне ўчынілі помсьліва і помсьцілі з пагардаю ў душы, на пагібель, паводле вечнай няпрыязнасьці,
 
Гэта кажа Госпад ГОСПАД: ”За тое, што Філістынцы рабілі [Юдзе] ў помсьце, і помсьцілі помстаю з пагардай у душы, і забівалі дзеля спрадвечнай нянавісьці,

за тое, так кажа Гасподзь Бог: вось, Я працягну руку Маю на Філістымлянаў і зьнішчу Крыцянаў, і вынішчу рэшту іх на беразе мора;
 
дзеля гэтага так кажа Госпад ГОСПАД: “Вось Я выцягну руку Маю супраць Філістынцаў, выкарчую Керэтаў і зьнішчу рэшту ўзьбярэжжа марскога.

і ўчыню над імі вялікую помсту карамі лютымі; і ўведаюць, што Я — Гасподзь, калі ўчыню над імі Маю помсту.
 
І Я ўчыню ім помсту вялікую карамі лютымі. І яны даведаюцца, што Я — ГОСПАД, калі Я ўчыню ім помсту Маю”».