Езэкііля 9 разьдзел
Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна
І абвясьціў у вушы мае вялікім голасам, кажучы: хай наблізяцца карнікі горада, кожны са сваёю згубнаю прыладаю ў руцэ сваёй.
І Ён закрычаў голасам моцным у вушы мае, кажучы: «Прыходзьце, вартаўнікі гораду, і няхай кожны мае ў руцэ сваёй зброю».
І вось, шэсьць чалавек ідуць ад верхняе брамы, павернутае да поўначы, і ў кожнага ў руцэ пагібельная прылада ягоная, і сярод іх адзін, апрануты ў ільняную вопратку, у якога на поясе пісцовыя прылады. І прыйшлі і сталі каля меднага ахвярніка.
І вось прыйшлі шэсьць мужоў дарогай ад верхняе брамы, якая на поўначы, кожны са зброяй сваёй у руцэ; між імі быў адзін чалавек, апрануты ў ільняную шату, з прыладай пісарскай пры боку. І ўвайшлі яны, і затрымаліся перад ахвярнікам мядзяным.
І слава Бога Ізраілевага сышла з херувіма, на якім была, да парога Дома. І паклікаў Ён чалавека, апранутага ў ільняную вопратку, у якога на поясе пісцовыя прылады.
А слава Бога Ізраіля паднялася з-над херувімаў, на якіх знаходзілася, да парогу сьвятыні. Пасьля, паклікаўшы чалавека, апранутага ў ільняную шату, які меў прыладу пісарскую пры боку,
І сказаў яму Гасподзь: прайдзі пасярод горада, пасярод Ерусаліма, і на ілбах людзей, якія смуткуюць і ўбольваюцца праз усе гідоты, што чыняцца сярод яго, зрабі знак.
ГОСПАД сказаў яму: «Прайдзі праз сярэдзіну гораду, праз сярэдзіну Ерусаліму і напішы гэты знак “таў” на чолах мужчынаў, якія ўздыхаюць і бядуюць з прычыны ўсіх тых брыдотаў, якія ў ім робяцца».
А тым сказаў у слых мой: ідзеце за ім па горадзе і беце; хай не шкадуе вока ваша, і ня літуйце;
А да іншых сказаў так, што і я чуў: «Ідзіце за ім па горадзе і забівайце. Няхай вочы вашыя ня ведаюць ані спачуваньня, ані літасьці.
старога, юнака і дзяўчыну, і дзіця і жанчын беце да сьмерці, але не чапайце ніводнага чалавека, на якім знак, і пачнеце ад сьвятыні Маёй. І пачалі яны з тых старэйшынаў, якія былі перад Домам.
Старога, юнака, дзяўчыну, немаўля і жанчыну забівайце, але не дакранайцеся да кожнага мужа, на якім будзе той знак. І пачынайце ад сьвятыні Маёй». І пачалі яны ад тых старшыняў, якія стаялі перад сьвятыняй.
І сказаў ім: апаганьце Дом і напоўніце двары забітымі, і выйдзіце. І выйшлі і пачалі забіваць у горадзе.
І сказаў Ён ім: «Апаганьце таксама сьвятыню, і панадворкі ейныя закідайце трупамі!» І выйшлі яны, і забівалі ў горадзе.
І калі яны іх забілі, а я застаўся, тады я ўпаў на аблічча сваё і закрычаў, і сказаў: о Госпадзе Божа! няўжо Ты загубіш усю рэшту Ізраіля, выліваючы гнеў Твой на Ерусалім?
А ў той час, калі яны забівалі, я застаўся сам, упаў на аблічча маё і так маліўся ўголас: «Госпадзе, ГОСПАДЗЕ! Ці Ты хочаш вынішчыць усю рэшту Ізраіля, выліваючы гнеў Свой на Ерусалім?»
І сказаў Ён мне: бязбожнасьць дому Ізраілевага і Юдавага вялікая, вельмі вялікая; і зямля гэтая поўная крыві, і горад поўны крыўды; бо яны кажуць: «пакінуў Гасподзь зямлю гэтую, і ня бачыць Гасподзь».
І сказаў Ён мне: «Беззаконьне дому Ізраіля і Юды вельмі, вельмі вялікае, зямля поўная крыві, а горад напоўнены няпраўдаю, бо яны кажуць: “ГОСПАД пакінуў зямлю гэтую. ГОСПАД ня бачыць”.
Затое і Маё вока не ўмілажаліцца, і не памілую; абярну іх паводзіны на іхнюю галаву.
Таксама вока Маё ня будзе мець ані літасьці, ані спачуваньня. Шляхі іхнія Я ўскладу на галовы іхнія».
І вось, чалавек, апрануты ў ільняную вопратку, у якога на поясе пісцовыя прылады, даў адказ і сказаў: я зрабіў, як Ты загадаў мне.
І вось той чалавек, апрануты ў ільняную вопратку, з прыладай пісарскай пры боку, паведаміў: «Я зрабіў, як Ты загадаў мне».