Езэкііля 46 разьдзел

Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Так кажа Гасподзь Бог: брама ўнутранага двара, якая выходзіць на ўсход, павінна быць замкнутая шэсьць дзён, а ў суботні дзень яна павінна быць адчыненая і ў дзень маладзіка павінна быць адчыненая.
 
Гэта кажа Госпад ГОСПАД: Брама ўнутранага панадворку, зьвернутая на ўсход, будзе замкнёная шэсьць дзён працы, а ў дзень адпачынку будзе адчыненая, і ў дзень маладзіка будзе адчыненая.

Князь пойдзе празь зьнешні бабінец брамы і стане каля вяроўкі гэтае брамы; і сьвятары ўчыняць ягонае цэласпаленьне і ягоную падзякавальную ахвяру; і ён каля парога брамы паклоніцца Госпаду і выйдзе, а брама застанецца незамкнутая да вечара.
 
І ўвойдзе князь праз прысенкі брамы звонку, і стане каля вушакоў брамы. І складуць сьвятары цэласпаленьне і ахвяру мірную, а ён паклоніцца на парозе брамы, і выйдзе, а брама ня будзе замкнёная аж да вечара.

І народ зямлі будзе пакланяцца перад Госпадам пры ўваходзе ў браму, у суботы і ў дні маладзіка.
 
І будзе пакланяцца народ зямлі пры ўваходзе брамы гэтай у суботы і ў маладзікі перад абліччам ГОСПАДА.

Цэласпаленьне, якое князь прынясе Госпаду ў суботні дзень, павінна быць з шасьці ягнят без заганы і з барана без заганы;
 
І цэласпаленьне, якое князь складзе для ГОСПАДА ў дзень суботы — шэсьць ягнятаў без заганы і баран без заганы.

хлебнага прынашэньня эфа на барана, а на ягнят хлебнага прынашэньня, колькі рука ягоная падасьць, а алею гін на эфу.
 
І ахвяра хлебная — эфа на барана, а на ягнятаў ахвяра хлебная — колькі дасьць рука ягоная, і гін алею на эфу.

У дзень маладзіка будуць прыносіцца ім са статку валоў цяля без заганы, таксама шэсьць ягнят і баран без заганы.
 
А ў дзень маладзіка няхай будзе бычок, сын ялаўкі, без заганы, шэсьць ягнятаў і баран без заганы.

Хлебнага прынашэньня ён прынясе эфу на цяля і эфу на барана, а на ягнят, колькі рука ягоная падасьць, і алею гін на эфу.
 
І эфу на бычка, і эфу на барана складзе ён як ахвяру хлебную, а на ягнятаў — колькі дасьць рука ягоная, і гін алею на эфу.

І калі будзе прыходзіць князь, дык павінен уваходзіць праз бабінец брамы і тою ж дарогаю выходзіць.
 
А калі будзе прыходзіць князь, ён увойдзе шляхам праз прысенкі брамы і выйдзе тым самым шляхам.

А калі народ зямлі будзе прыходзіць перад аблічча Госпада на сьвяты, дык той, хто ўвойдзе праз паўночную браму на пакланеньне, павінен выходзіць паўднёваю брамаю, а хто ўвайшоў праз паўднёвую браму, павінен выходзіць паўночнаю брамаю; ён не павінен выходзіць праз тую самую браму, празь якую ўвайшоў, а павінен выходзіць у процілеглую.
 
А калі народ зямлі ў час урачыстасьці будзе прыходзіць перад аблічча ГОСПАДА, той, хто прыйшоў шляхам праз браму паўночную, каб пакланіцца, выйдзе шляхам праз браму паўднёвую, а хто ўвайшоў шляхам праз браму паўднёвую, выйдзе шляхам праз браму паўночную. Ніхто ня вернецца шляхам праз тую браму, праз якую ўвайшоў, але выйдзе праз супрацьлеглую.

І князь павінен быць сярод іх; калі яны ўваходзяць, уваходзіць і ён; і калі яны выходзяць, выходзіць і ён.
 
І князь [будзе] пасярод іх. Калі яны ўваходзяць, і ён увойдзе, і калі яны выходзяць, і ён выйдзе.

І на сьвяты і ва ўрачыстыя дні хлебнага прынашэньня ад яго павінна быць па эфе на цяля і па эфе на барана, і на ягнят, колькі падасьць рука ягоная, і алею па гіну на эфу.
 
У сьвяты і ўрачыстасьці будзе ахвяра хлебная — эфа на бычка і эфа на барана; а на ягнятаў — колькі дасьць рука ягоная, і гін алею на эфу.

А калі князь, у меру дбаньня свайго, захоча прынесьці цэласпаленьне альбо падзякавальную ахвяру Госпаду, дык павінен адчыніць яму ўсходнюю браму, і ён учыніць сваё цэласпаленьне і сваю падзякавальную ахвяру гэтак сама, як учыніў у суботні дзень, і пасьля гэтага ён выйдзе, і пасьля выхаду яго брама зачыніцца.
 
А калі князь зробіць дар дабраахвотны, ці цэласпаленьне, ці ахвяру мірную як дар дабраахвотны для ГОСПАДА, няхай адчыняць яму браму, зьвернутую на ўсход, і няхай ён складзе цэласпаленьне сваё і ахвяру мірную сваю так, як гэта робіць у дзень суботы, і выйдзе, і замкнуць браму пасьля адыходу ягонага.

Кожны дзень прынось Госпаду на цэласпаленьне гадавалае ягня без заганы; кожнае раніцы прынось яго.
 
І ягня аднагадовае без заганы складзеш як цэласпаленьне штодзень для ГОСПАДА, кожную раніцу будзеш складаць яго.

А хлебнага прынашэньня дадавай да яго кожнае раніцы шостую частку эфы і алею трэцюю частку гіна, каб распусьціць муку; такая вечная пастанова пра хлебнае прынашэньне Госпаду, назаўсёды.
 
А як ахвяру хлебную пры ім кожную раніцу складзеш адну шостую эфы і адну трэцюю гіну алею, каб акрапіць найлепшую муку як ахвяру хлебную для ГОСПАДА. [Гэта] пастанова вечная, назаўсёды.

Хай прыносяць на цэласпаленьне ягня і хлебнае прынашэньне і алей кожнае раніцы пастаянна.
 
І будуць складаць ягня і ахвяру хлебную, і алей кожную раніцу, цэласпаленьне заўсёднае.

Так кажа Гасподзь Бог: калі князь дае каму з сыноў сваіх дарунак, дык гэта павінна пайсьці ў спадчыну і ягоным сынам; гэта валоданьне іх павінна быць спадчынным.
 
Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Калі князь дасьць дар аднаму з сыноў сваіх са спадчыны сваёй, гэта будзе належаць сынам ягоным, гэта ўласнасьць іхняя ў спадчыну.

Калі ж ён дасьць са спадчыны сваёй каму-небудзь з рабоў свой дарунак, дык гэта будзе належаць яму толькі да году вызваленьня, і тады вернецца да князя. Толькі да сыноў ягоных павінна пераходзіць спадчына ягоная.
 
А калі ён дасьць дар з уласнасьці сваёй аднаму са слугаў сваіх, гэта будзе належаць да яго аж да году вызваленьня ягонага, і вернецца да князя. Толькі тая ўласнасьць, якую ён [даў] сынам сваім, для іх будзе.

Але князь ня можа браць са спадчыннай дзялянкі народу, выцясьняючы іх з валоданьняў іхніх; са свайго толькі валоданьня ён можа выдзяляць дзецям сваім, каб ніхто з народу Майго ня быў гнаны са свайго валоданьня.
 
І ня возьме князь са спадчыны народу, забіраючы ў іх уласнасьць іхнюю. З уласнасьці сваёй ён дасьць спадчыну сынам сваім, каб ніхто з народу Майго ня быў пазбаўлены ўласнасьці сваёй”».

І прывёў ён мяне тым ходам, які з боку брамы, да сьвяшчэнных пакояў для сьвятароў, што на поўнач, і вось там адно месца на краі на захад.
 
І ён правёў мяне праз уваход, які з боку ад брамы, у пакоі сьвятыя для сьвятароў, якія зьвернутыя на поўнач. І вось, там месца ў найдалейшым баку з заходняга боку.

І сказаў мне; гэта месца, дзе сьвятары павінны гатаваць ахвяру за злачынства і ахвяру за грэх, дзе павінны пячы хлебнае прынашэньне, ня выносячы яго на зьнешні двор, для асьвячэньня народу.
 
І ён сказаў мне: «Гэта месца, дзе сьвятары будуць варыць ахвяры аднагараджэньня і ахвяры за грэх, дзе будуць пячы ахвяры хлебныя, каб не выносіць іх на вонкавы панадворак, асьвячаючы [гэтым] народ».

І вывеў мяне на зьнешні двор і правёў мяне па чатырох рагах двара, і вось у кожным куце двара яшчэ двор.
 
І ён завёў мяне на вонкавы панадворак, і правёў мяне каля чатырох кутоў панадворку. І вось, панадворкі ў кожным куце панадворку.

Ва ўсіх чатырох кутах двара былі пакрытыя двары ў сорак локцяў даўжыні і трыццаць шырыні, адной меры ва ўсіх чатырох кутах.
 
У чатырох кутах панадворку [былі] малыя панадворкі, даўжынёю ў сорак [локцяў] і шырынёю ў трыццаць [локцяў]. Усе чатыры мелі той самы памер.

І вакол усіх чатырох — сьцены, а каля сьцен зроблены агмені вакол.
 
І мур кругом тых чатырох з усіх бакоў, а ніжэй, пры муры, былі вогнішчы наўкола.

І сказаў мне: вось кухні, у якіх службіты храма гатуюць ахвяры народныя.
 
І ён сказаў мне: «Гэта дом на гатаваньне, дзе тыя, якія служаць пры Доме гэтым, будуць варыць ахвяры народу».