Езэкііля 8 разьдзел
Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна
І было на шостым годзе, на шостым месяцы, у пяты дзень месяца, сядзеў я ў доме маім, і старэйшыны Юдэйскія сядзелі перад абліччам маім, і сышла на мяне там рука Госпада Бога.
І сталася ў шостым годзе, у пятым [дні] шостага месяца, сядзеў я ў доме маім, і старшыні Юды сядзелі перад абліччам маім, і супачыла там на мне рука Госпада ГОСПАДА.
І ўбачыў я: і вось падабенства, як бы вогненнае, і ад сьцёгнаў яго і ніжэй — агонь, і ад сьцёгнаў яго і вышэй — як бы зьзяньне, як бы сьвятло полымя.
І я паглядзеў, і вось, быў там [Нехта], падобны да выгляду [чалавека] вогненнага; і ўніз ад выгляду сьцёгнаў ягоных — агонь, а ўгару ад выгляду сьцёгнаў ягоных — выгляд зьзяньня як выгляд бурштыну.
І працягнуў Ён як бы руку і ўзяў мяне за валасы галавы маёй, і падняў мяне Дух паміж зямлёю і небам і прынёс мяне ва ўявах Божых у Ерусалім да ўваходу ўнутранае брамы, павернутай на поўнач, дзе пастаўлены быў ідал рупнасьці, які абуджае рупнасьць.
І выцягнуў Ён быццам руку, і схапіў мяне за валасы галавы маёй, і Дух падняў мяне ўгару паміж зямлёй і небам, і ў відзежах Божых завёў у Ерусалім у прысенак брамы ўнутранай, зьвернутай на поўнач, там, дзе месца знаходжаньня ідала зайздрасьці, які выклікае гнеў [Божы].
І вось там была слава Бога Ізраілевага, падобная на тую, якую я бачыў на полі.
І вось, там слава Бога Ізраіля, такая, якую я бачыў у даліне.
І сказаў мне: сыне чалавечы! падымі вочы твае на поўнач, і я падняў вочы мае на поўнач, і вось, з паўночнага боку каля брамы ахвярніка — той ідал рупнасьці пры ўваходзе.
І Ён сказаў мне: «Сыне чалавечы, падымі вочы твае ў накірунку на поўнач!» І я падняў вочы мае ў накірунку на поўнач, і вось, на поўнач ад брамы ахвярніка [быў] каля ўваходу той ідал зайздрасьці.
І сказаў Ён мне: сыне чалавечы! ці бачыш ты, што яны робяць? вялікія гідоты, якія робіць дом Ізраілеў тут, каб Я адышоў ад сьвятыні Маёй? Але павярніся, і ты ўбачыш яшчэ большыя гідоты.
І сказаў Ён мне: «Сыне чалавечы, ці ты бачыш, што яны робяць? Брыдоты вялікія, якія робіць тут дом Ізраіля, каб змусіць Мяне аддаліцца ад сьвятыні Маёй. І калі зноў прыгледзішся, убачыш брыдоты вялікія».
І прывёў мяне да ўваходу ў двор, і я зірнуў, і вось у сьцяне — адтуліна.
І Ён завёў мяне да ўваходу ў панадворак, і я прыгледзеўся, і вось, дзіра ў муры.
І сказаў мне: сыне чалавечы! пракапай сьцяну; і я пракапаў сьцяну і вось нейкія дзьверы.
І Ён сказаў мне: «Сын чалавечы, прабі мур гэты!» І я прабіў мур, і вось, праход.
І сказаў мне: увайдзі і паглядзі на агідныя гнюсоты, якія яны робяць тут.
І Ён сказаў мне: «Увайдзі і паглядзі на тыя брыдоты ліхія, якія яны робяць тут!»
І я ўвайшоў, і бачу, і вось усялякія выявы паўзуноў і нячыстых жывёл і ўсялякія ідалы дома Ізраілевага, напісаныя на сьценах навакол.
І я ўвайшоў і глядзеў, і вось, усякія выявы паўзуноў і жывёлаў агідных і ўсе ідалы дому Ізраіля намаляваныя ўсюды кругом на сьцяне.
І семдзесят мужоў са старэйшынаў дома Ізраілевага стаяць перад імі і Езанія, сын Сафанаў, сярод іх; і ў кожнага ў руцэ — сваё кадзіла, і густое воблака пахошчаў узносіцца ўгору.
І семдзясят мужоў спасярод старшыняў дому Ізраіля стаялі перад імі, і між імі Яазанія, сын Шафана; і ў руцэ сваёй кожны меў кадзільніцу сваю, і пах узносіўся з воблакаў кадзіла.
І сказаў мне: бачыш, сыне чалавечы, што робяць старэйшыны дому Ізраілевага ў цемры, кожны ў сваім расьпісаным пакоі? бо кажуць: «ня бачыць нас Гасподзь, пакінуў Гасподзь зямлю гэтую».
І Ён сказаў мне: «Ці ты бачыш, сыне чалавечы, што робіць у цемры кожны са старшыняў дому Ізраіля, кожны ў таемным пакоі ідалаў сваіх? Бо яны кажуць: “ГОСПАД ня бачыць нас. ГОСПАД пакінуў зямлю гэтую”».
І сказаў мне: абярніся, і ўбачыш яшчэ большыя гідоты, якія яны робяць.
І Ён сказаў мне: «Калі прыгледзішся, убачыш брыдоты вялікія, якія яны робяць».
І прывёў мяне да ўваходу ў браму дома Гасподняга, якая на поўнач, і вось, там сядзяць жанчыны і плачуць па Тамузе,
І Ён завёў мяне ў прысенак брамы Дому ГОСПАДА, які на поўначы, і вось, сядзелі там жанчыны і плакалі па Тамузе.
і сказаў мне: бачыш, сыне чалавечы? абярніся, і ўбачыш яшчэ большыя гідоты.
І Ён сказаў мне: ”Ці ты бачыш, сыне чалавечы? Калі прыгледзішся, убачыш брыдоты яшчэ большыя ад гэтых».
І ўвёў мяне ва ўнутраны двор дома Гасподняга, і вось, каля брамы храма Гасподняга, паміж бабінцам і ахвярнікам, каля трыццаці пяці мужоў стаяць сьпінамі сваімі да Гасподняга храма, а тварамі сваімі да ўсходу, і кланяюцца на ўсход сонцу.
І Ён завёў мяне на ўнутраны панадворак Дому ГОСПАДА, і вось, каля ўваходу ў сьвятыню ГОСПАДА, паміж прысенкам і ахвярнікам, — каля дваццаці пяці мужчынаў, сьпіны іхнія [павернутыя] да сьвятыні ГОСПАДА, а абліччы іхнія — на ўсход, і яны пакланяліся на ўсход, [пакланяліся] сонцу.
І сказаў мне: бачыш, сыне чалавечы? ці мала дому Юдаваму, каб рабіць такія гідоты, якія яны робяць тут? але яны яшчэ зямлю напоўнілі крыўдаю, і тым болей гневаюць Мяне, і вось, яны галінкі падносяць да насоў сваіх.
І Ён сказаў мне: «Ці ты бачыш, сыне чалавечы? Ці ня досыць дому Юды чыніць брыдоты гэтыя, якія яны тут робяць? Бо яны напаўняюць зямлю гэтую гвалтам і зноў абражаюць Мяне. І вось, яны падымаюць галінку да носу свайго.
Затое і Я пачну дзейнічаць люта; не пашкадуе вока Маё, і не памілую; і хай хоць бы крычалі ў вушы Мае моцным голасам, — не пачую іх.
І Я таксама пастаўлюся да іх з лютасьцю, ня будзе мець літасьці вока Маё, і не пашкадую [іх]. І будуць клікаць у вушы Мае голасам моцным, але Я ня выслухаю іх».