Езэкііля 15 разьдзел
Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна
І было мне слова Гасподняе:
І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:
сыне чалавечы! якую перавагу мае дрэва вінаграднай лазы перад усякім іншым дрэвам і вецьце вінаграднай лазы — сярод дрэў у лесе?
«Сыне чалавечы, ці дрэва вінаграду лепшае за ўсе дрэвы лісьцёвыя, якія сярод дрэваў у лесе?
Ці бяруць ад яго кавалак на які-небудзь выраб? Ці бяруць ад яго хоць на цьвік, каб вешаць на ім якую-небудзь рэч?
Ці бяруць з яго дрэва, каб нешта зрабіць? Ці бяруць з яго калок, каб на ім павесіць нейкія рэчы?
Вось, яно аддаецца агню, каб зьеў яго; абодва канцы яго агонь зьеў, і абгарэла сэрца яго; ці прыдатнае яно на які-небудзь выраб?
Вось, кідаецца яно ў агонь на спаленьне, абодва ягоныя канцы спальвае агонь, і сярэдзіна ягоная згарыць. Ці надаецца яно на нешта?
І тады, як яно было цэлае, не прыдавалася ні на які выраб; тым болей, калі агонь зьеў яго, і яно абгарэла, ці прыдатнае яно на які-небудзь выраб?
Вось, калі яно цэлае не надавалася да апрацоўкі, тым больш яно не надаецца да апрацоўкі, калі агонь яго спаліў, і яно згарэла.
Таму так кажа Гасподзь Бог: як дрэва вінаграднай лазы сярод дрэваў лясных Я аддаў агню, каб зьеў яго, так аддам яму і жыхароў Ерусаліма.
Дзеля гэтага так кажа Госпад ГОСПАД. Як з дрэвам вінаграду сярод дрэваў у лесе, якое Я ўкінуў у агонь на спаленьне, так зраблю з жыхарамі Ерусаліму.
І павярну аблічча Маё супроць іх; з аднаго агню выйдуць, і другі агонь зжарэ іх, — і ўведаеце, што Я — Гасподзь, калі павярну супроць іх аблічча Маё.
І Я зьвярну аблічча Маё супраць іх. З [аднаго] агню яны выйшлі, але [другі] агонь іх праглыне. І даведаецеся, што Я — ГОСПАД, калі Я зьвярну аблічча Маё супраць іх.
І зраблю гэтую зямлю пустыняю за тое, што яны вераломна ўчынялі, кажа Гасподзь Бог.
І Я замяню зямлю гэтую ў пустку, бо яны нявернасьцю няверныя, кажа Госпад ГОСПАД».