Езэкііля 41 разьдзел

Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Потым увёў мяне ў храм і намерыў у слупах шэсьць локцяў шырыні з аднаго боку і шэсьць локцяў шырыні з другога боку, у шырыню скініі.
 
І ён увёў мяне ў сьвятыню, і зьмераў філяры, і [было] шэсьць локцяў з аднаго боку і шэсьць локцяў з другога боку, шырыня намёту.

У дзьвярах — дзесяць локцяў шырыні, і абапал дзьвярэй — пяць локцяў з аднаго боку і пяць локцяў з другога боку; і намерыў даўжыні ў храме сорак локцяў, а шырыні дваццаць локцяў.
 
Шырыня ўваходу — дзесяць локцяў, а бакі ўваходу — пяць локцяў з аднаго боку і пяць локцяў з другога боку; і зьмераў даўжыню ягоную — сорак локцяў, і шырыню ягоную — дваццаць локцяў.

І пайшоў усярэдзіну, і намерыў у слупах каля дзьвярэй два локці і ў дзьвярах шэсьць локцяў, а шырыня дзьвярэй — у сем локцяў.
 
І ўвайшоў у сярэдзіну, і зьмераў філяры пры ўваходзе — два локці, а ўваход — шэсьць локцяў, і шырыня ўваходу — сем локцяў.

І адмерыў у ім дваццаць локцяў у даўжыню і дваццаць локцяў у шырыню храма, і сказаў мне: гэта Сьвятое Сьвятых.
 
І зьмераў даўжыню ягоную — дваццаць локцяў, а шырыня — дваццаць локцяў да пярэдняга боку сьвятыні. І ён сказаў мне: «Гэта Сьвятое Сьвятых».

І намерыў у сьцяне храма шэсьць локцяў, а шырыні ў бакавых пакоях вакол храма па чатыры локці.
 
І ён зьмераў мур Дому [Божага] — шэсьць локцяў, а шырыня бакавога пакою — чатыры локці з усіх бакоў наўкола кругом Дому.

Бакавых пакояў было трыццаць тры, пакой каля пакоя; яны ўдаюцца ў сьцяну, якая ў храма для пакояў вакол, так што яны ў сувязі зь ёю, але сьцяны самога храма не кранаюць.
 
І гэтых бакавых пакояў, пакой пры пакоі, — трыццаць у тры шэрагі; і яны абапіраліся на мур, які пабудаваны ўздоўж Дому з усіх бакоў наўкола для падтрыманьня бакавых пакояў, і [пакоі] не абапіраліся на мур Дому [Божага].

І ён болей і болей расшыраўся вакол угору бакавымі пакоямі, бо акруглівасьць храма падымалася вышэй і вышэй вакол храма, і таму храм меў большую шырыню ўгары, і зь ніжняга паверха падымаліся ў верхні празь сярэдні.
 
І ён пашыраўся ўгару да бакавых пакояў, бо галерэі ішлі вакол Дому. Дзеля гэтага шырыня Дому ўгары была большай, і знізу ўваходзілі ў верхні [пакой] праз сярэдні.

І я бачыў верх Дома ва ўсю акругласьць; бакавыя пакоі каля асновы мелі там меры цэлую трысьціну, шэсьць поўных локцяў.
 
І я бачыў узвышэньне вакол Дому [Божага] з усіх бакоў. Падваліны бакавых пакояў мелі [шырыню] на цэлы прут — шэсьць локцяў.

Шырыня сьцяны бакавых пакояў, якія выходзілі вонкі, пяць локцяў, і адкрытая прастора ёсьць каля бакавых пакояў храма.
 
Шырыня муру, які з вонкавага боку бакавых пакояў, — пяць локцяў. І вольнае месца ёсьць паміж бакавымі пакоямі пры Доме [Божым].

І паміж пакоямі адлегласьць дваццаць локцяў вакол усяго храма.
 
І паміж пакоямі адлегласьць у дваццаць локцяў з усіх бакоў вакол Дому [Божага].

Дзьверы бакавых пакояў вядуць на адкрытую прастору, адны дзьверы — на паўночны бок, а другія — на паўднёвы бок; а шырыня гэтай адкрытай прасторы — пяць локцяў вакол.
 
А выхад з бакавога пакою [быў] на адкрытую прастору, адзін выхад на шлях на поўнач, і адзін выхад на поўдзень, а шырыня вольнага месца — пяць локцяў з усіх бакоў вакол.

Будынак перад плошчаю на заходнім баку шырынёю ў семдзесят локцяў; а сьцяна гэтага будынка ў пяць локцяў шырыні вакол, а даўжыня яе дзевяноста локцяў.
 
Будынак, які быў перад адгароджанай прасторай на шляху на захад, [меў] шырыню ў семдзясят локцяў, мур будынку [меў] шырыню пяць локцяў з усіх бакоў кругом і даўжыню дзевяноста локцяў.

І намерыў ён у храме сто локцяў даўжыні, і ў плошчы і ў прыбудове, і ў сьценах яго таксама сто локцяў даўжыні.
 
І ён зьмераў Дом [Божы], даўжыня ягоная — сто локцяў, а адгароджаная прастора, будынак і муры ягоныя — сто локцяў.

І шырыня храма па франтонным боку і плошчы на ўсход сто локцяў таксама.
 
Шырыня пярэдняга боку Дому з адгароджанай прасторай на ўсход — сто локцяў.

І ў даўжыні будынка перад плошчаю на тыльным баку яе з бакавымі пакоямі яго па той і другі бок ён намерыў сто локцяў, з унутранасьцю храма і бабінцамі двара.
 
І ён зьмераў даўжыню будынку перад адгароджанай прасторай, якая за ім, галерэі з аднаго і другога боку — сто локцяў. А сьвятыня ўнутраная і прысенкі панадворку,

Брусы дзьвярэй і кратаваныя вокны, і бакавыя пакоі вакол, ва ўсіх трох паверхах, насупраць парогаў ашаляваныя дрэвам і ад падлогі па вокны; вокны былі зачыненыя.
 
парогі, вокны закратаваныя і галерэі вакол трох [паверхаў] насупраць парогу былі ашаляваныя дрэвам з усіх бакоў наўкола ад зямлі да вокнаў, а вокны зачыненыя.

Ад верху дзьвярэй як усярэдзіне храма, так і звонку, і па ўсёй сьцяне вакол, усярэдзіне і звонку, былі і разьбёныя выявы,
 
Над уваходам і аж да ўнутранай [часткі] Дому і навонкі, і на ўсіх сьценах з усіх бакоў наўкола, унутры і звонку,

зроблены былі херувімы і пальмы; пальма паміж двума херувімамі, і ў кожнага херувіма — два твары.
 
зроблены херувімы і пальмы, па адной пальме паміж двума херувімамі; і два абліччы ў [кожнага] херувіма,

З аднаго боку да пальмы павернуты твар чалавечы, а з другога боку — да пальмы твар ільвіны; так зроблена ва ўсім храме вакол.
 
аблічча чалавечае [зьвернута] да пальмы з аднаго боку, і аблічча льва [зьвернута] ў бок пальмы з другога боку. І [так] зроблена ў-ва ўсім Доме [Божым] з усіх бакоў наўкола.

Ад падлогі да верху дзьвярэй зроблены былі херувімы і пальмы, так і па сьцяне храма.
 
Ад зямлі аж па-над уваход былі зроблены херувімы і пальмы на сьцяне сьвятыні.

У храме былі чатырохкутныя вушакі, і сьвятыня мела такі самы выгляд, як я бачыў.
 
Сьвятыня мела чатырохкутныя вушакі, а перад абліччам Сьвятога [Сьвятых] было штосьці, што выглядала нібыта

Ахвярнік быў з дрэва ў тры локці вышыні і ў два локці даўжыні; і вуглы яго і падножжа яго, і сьцены яго — з дрэва; і сказаў ён мне: гэта трапеза, якая перад Госпадам.
 
ахвярнік з дрэва, вышынёю ў тры локці, у два локці даўжыні і ў два локці шырыні, а рогі ягоныя, падставы і сьценкі ягоныя — з дрэва. І ён прамовіў да мяне: «Гэта стол, які перад абліччам ГОСПАДА».

У храме і ў сьвятыні па дзьве дзьверы,
 
І Сьвятыня [мела] дзьверы падвойныя, і Сьвятое [Сьвятых].

і дзьверы гэтыя на дзьве дошкі, абедзьве дошкі рухомыя, дзьве каля адных дзьвярэй і дзьве каля другіх:
 
Гэтыя дзьверы падвойныя мелі дзьве форткі рухомыя. Дзьве форткі — адны [дзьверы], і дзьве форткі — другія.

і зроблены на іх, на дзьвярах храма, херувімы і пальмы такія самыя, якія зроблены на сьценах; а перад бабінцам звонку быў памост з дрэва.
 
І былі зроблены на іх, на дзьвярах Сьвятыні, херувімы і пальмы; яны зроблены так, як на сьценах, і ганак драўляны [быў] перад прысенкам звонку,

І кратаваныя вокны з пальмамі па той і другі бок былі абапал бабінца і ў бакавых пакоях храма і на драўлянай шалёўцы.
 
а вокны закратаваныя і пальмы былі з аднаго і з другога боку на сьценах прысенку, і ў бакавых пакоях Дому [Божага], і на ганку.