Езэкііля 11 разьдзел

Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

І падняў мяне Дух і прывёў мяне да ўсходняе брамы Дома Гасподняга, якая павернута на ўсход. І вось, — каля ўваходу ў браму дваццаць пяць чалавек; і сярод іх я бачыў Язанію, сына Азуравага, і Фалтыю, сына Ванэевага, князёў народу.
 
І падняў мяне дух, і занёс да ўсходняй брамы сьвятыні ГОСПАДА, зьвернутай на ўсход. І вось, каля ўваходу ў браму былі дваццаць пяць мужоў, сярод якіх я ўбачыў Яазанію, сына Азура, і Пэлятыю, сына Бэнаі, начальнікаў народу.

І Ён сказаў мне: сыне чалавечы! вось людзі, якім наўме беззаконнасьць, і якія даюць благую раду ў горадзе гэтым,
 
І сказаў мне ГОСПАД: «Сыне чалавечы, вось мужы, у думках якіх ліхота і якія ў гэтым горадзе распаўсюджваюць рады ліхія.

кажучы: «яшчэ ня блізка; будзем будаваць дамы; ён кацёл, а мы мяса».
 
Яны гавораць: “Ня хутка [суд]; будуйма дамы. Вось, [горад] — кацёл, а мы — мяса”.

Таму вымаві на іх прароцтва, прароч, сыне чалавечы.
 
Дзеля гэтага прароч супраць іх, прароч, сын чалавечы!»

І сышоў на мяне Дух Гасподні і сказаў мне: скажы, так кажа Гасподзь: што кажаце вы, доме Ізраілеў, і што наўме вам, гэта Я ведаю.
 
І зыйшоў на мяне Дух ГОСПАДА, і сказаў мне: «Кажы: “Гэта кажа ГОСПАД. У такі спосаб вы кажаце, дом Ізраіля, і Я ведаю, што робіцца ў душы вашай.

Шмат забітых вашых вы паклалі ў горадзе гэтым, і вуліцы яго напоўнілі трупамі.
 
Вы памножылі забітых вашых у горадзе гэтым, і вуліцы ягоныя напоўнілі забітымі.

Таму так кажа Гасподзь Бог: забітыя вашыя, якіх вы паклалі сярод яго, гэта мяса, а ён — кацёл; але вас Я выведу зь яго.
 
Дзеля гэтага так кажа Госпад ГОСПАД: "Забітыя вашыя, якіх вы паклалі ў сярэдзіне яго, — гэта мяса, а [горад] — кацёл. А вы будзеце выкінутыя з сярэдзіны яго".

Вы баіцеся меча, і Я навяду на вас меч, кажа Гасподзь Бог.
 
Вы баіцёся мяча, а Я прывяду на вас меч, кажа Госпад ГОСПАД.

І выведу вас зь яго, і аддам вас у руку чужым, і ўчыню над вамі суд.
 
І Я выганю вас з яго сярэдзіны, і аддам вас у рукі чужынцам, і правяду суд над вамі.

Ад меча загінеце; на межах Ізраілевых буду судзіць вас, і ўведаеце, што Я — Гасподзь.
 
Вы ўпадзеце ад мяча, і Я буду судзіць вас на мяжы Ізраіля, і вы даведаецеся, што Я — ГОСПАД.

Ён ня будзе вам катлом, і вы ня будзеце ў ім мясам; на межах Ізраілевых буду судзіць вас.
 
[Горад] ня будзе для вас катлом, а вы ня будзеце ў ім мясам. На мяжы Ізраіля Я буду судзіць вас.

І ўведаеце, што Я — Гасподзь; бо паводле запаведзяў Маіх вы не хадзілі, і пастановаў Маіх ня выконвалі, а дзейнічалі паводле пастановаў народаў, якія акружаюць вас.
 
І вы даведаецеся, што Я — ГОСПАД, бо не жылі вы паводле пастановаў Маіх, і прысуды Мае не спаўнялі, але рабілі паводле прысудаў тых народаў, якія вакол вас”»

І было, калі я прарочыў, Фалтыя, сын Ванэеў, памёр. І ўпаў я на аблічча і залямантаваў гучным голасам, і сказаў: о, Госпадзе Божа! няўжо Ты хочаш да канца вынішчыць рэшту Ізраіля?
 
І сталася, калі я прарочыў, памёр Пэлятыя, сын Бэнаі. І ўпаў я на аблічча маё, і закрычаў моцным голасам, і сказаў: «О, Госпадзе ГОСПАДЗЕ! Няўжо Ты зьнішчыш рэшту Ізраіля».

І было мне слова Гасподняе:
 
І было да мяне слова ГОСПАДА, кажучы:

сыне чалавечы! тваім братам, тваім братам, тваім адзінакроўным і ўсяму дому Ізраілеваму, усім ім гавораць жыхары Ерусаліма: «жывеце далёка ад Госпада; нам на ўладаньне аддадзена гэтая зямля».
 
«Сыне чалавечы, да братоў тваіх, да братоў тваіх, да выгнаных з табой, да ўсяго дому Ізраіля кажуць жыхары Ерусаліму: “Далёкія вы ад ГОСПАДА. Нам дадзена зямля гэтая на ўласнасьць”.

На гэта скажы: так кажа Гасподзь Бог: хоць Я і выслаў іх да народаў, і хоць расьсеяў іх па землях, але Я буду ім нейкай сьвятыняй у тых землях, куды пайшлі яны.
 
Дзеля гэтага кажы: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Я выгнаў іх да народаў і расьцярушыў па [розных] землях, і праз кароткі [час] буду для іх сьвятыняй у землях, куды яны прыйшлі”.

Пасьля скажы: так кажа Гасподзь Бог: Я зьбяру вас з народаў, і вярну вас зь земляў, у якія вы расьсеяны; і дам вам зямлю Ізраілевую.
 
Дзеля гэтага кажы: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Я зьбяру вас з народаў, зграмаджу вас з тых земляў, у якіх вы расьцярушаны, і дам вам зямлю Ізраіля.

І прыйдуць туды, і выкінуць зь яе ўсе гнюсоты яе і ўсе гідоты яе.
 
І яны вернуцца туды, і прыбяруць з яе ўсе агіды ейныя і ўсе брыдоты ейныя.

І дам ім сэрца адзінае, і дух новы пакладу ў іх, і вазьму з плоці іхняй сэрца каменнае, і дам ім сэрца плацяное,
 
І Я дам ім адно сэрца, і духа новага дам у нутро іхняе, і выкіну сэрца каменнае з цела іхняга, і дам ім сэрца цялеснае,

каб яны хадзілі паводле запаведзяў Маіх і трымаліся пастановаў Маіх, і выконвалі іх; і будуць Маім народам, а Я буду іхнім Богам.
 
каб хадзілі паводле пастановаў Маіх і суд Мой захоўвалі і спаўнялі яго, і будуць для Мяне народам, а Я буду для іх Богам.

А чыё сэрца памкнецца сьледам за гнюсотамі іхнімі і гідотамі іхнімі, паводзіны тых абярну на іхнія ж галовы, кажа Гасподзь Бог.
 
А тых, у каго сэрца схіляецца да ідалаў і брыдотаў, на галовы іхнія Я ўскладу шляхі іхнія, кажа Госпад ГОСПАД”».

Тады херувімы паднялі крылы свае і колы каля іх; і слава Бога Ізраілевага ўгары над імі.
 
І ўзьнялі херувімы крылы свае, і колы [рушылі] з імі, а слава Бога Ізраіля [была] на іх угары.

І паднялася слава Госпада зь сярэдзіны горада і спынілася над гарою, якая на ўсход ад горада.
 
І адыйшла слава ГОСПАДА з сярэдзіны гораду, і затрымалася на гары, якая на ўсход ад гораду.

І дух падняў мяне і перанёс мяне ў Халдэю да перасяленцаў, ва ўяве, Духам Божым, і адышла ад мяне ўява, якую я бачыў.
 
І дух падняў мяне і занёс мяне ў Халдэю да выгнанцаў у відзежы Духу Божага. І спыніўся відзеж, які я бачыў.

І я пераказаў перасяленцам усе словы Госпада, якія Ён адкрыў мне.
 
І я прамовіў да выгнанцаў усе словы ГОСПАДА, якія Ён мне паказаў.