Езэкііля 18 разьдзел

Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

І было мне слова Гасподняе:
 
І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:

навошта вы ўжываеце ў зямлі Ізраілевай гэтую прымаўку, кажучы: «бацькі елі кіслы вінаград, а ў дзяцей на зубах аскома»?
 
«Чаму вы паўтараеце гэтую прыказку ў зямлі Ізраіля, кажучы: “Бацькі елі горкія ягады, а зубы ў сыноў здрантвелі”?

Жыву Я! кажа Гасподзь Бог, ня будуць наперад казаць прымаўку гэтую ў Ізраілі.
 
Як жыву Я, кажа Госпад ГОСПАД, ня будзеце больш паўтараць гэтай прыказкі ў Ізраілі.

Бо вось, усе душы — Мае: як бацькава душа, так і душа сынава — Мае; душа, якая грэшыць, памрэ.
 
Вось, усе душы — Мае, як душа бацькі, так і душа сына — Мае; душа, якая саграшыла, памрэ.

Калі хто праведны і чыніць суд і праўду,
 
А чалавек, калі ён праведны і чыніць суд і праведнасьць,

на горах ахвярнага ня есьць і да ідалаў дому Ізраілевага не зьвяртае вачэй сваіх, жонкі блізкага свайго не апаганьвае і да свае жонкі ў час ачышчэньня яе нячыстотаў не набліжаецца,
 
на гарах не банкетуе і вачэй сваіх не падымае да ідалаў дому Ізраіля, і не паганіць жонку бліжняга свайго, і не набліжаецца да жонкі ў час нячыстасьці,

нікога ня ўціскае, пазычэнцу вяртае заклад ягоны, захопаў ня робіць, хлеб свой дае галоднаму і голага накрывае вопраткай,
 
ня крыўдзіць нікога, вяртае даўжніку заклад ягоны, рабункам не рабуе, дае хлеб галоднаму і голага апранае вопраткай,

у ліхву не дае і ліхвы не бярэ, ад няпраўды стрымлівае руку сваю, суд чалавеку з чалавекам учыняе правільна,
 
не займаецца ліхвярствам, не вымагае адсоткаў, адварочвае ад ліхоты руку сваю, чыніць суд справядлівы паміж чалавекам і чалавекам,

учыняе паводле запаведзяў Маіх і трымаецца пастановаў Маіх шчыра; дык ён — праведнік, ён напэўна будзе жывы, кажа Гасподзь Бог.
 
ходзіць паводле пастановаў Маіх і суд Мой захоўвае, робіць праўду, ён — праведнік, будзе жыць і жыць, кажа Госпад ГОСПАД.

але калі ў яго нарадзіўся сын разбойнік, які пралівае кроў і робіць што-колечы з таго,
 
А калі ён нарадзіў сына гвалту, які разьлівае кроў, і ўчыніў брату адно з гэтых [злачынстваў],

чаго ён сам зусім не рабіў: і на горах есьць ахвярнае і жонку блізкага свайго апаганьвае.
 
а [бацька] ўсяго гэтага не рабіў, [сына], які на гарах банкетаваў і жонку бліжняга свайго спаганіў,

беднага і ўбогага ўціскае, гвалтам адбірае, закладу не вяртае і да ідалаў зьвяртае вочы свае, робіць гідоту,
 
крыўдзіў беднага і ўбогага, рабункам рабаваў, не аддаваў закладзенага, падымаў вочы свае да ідалаў, рабіў брыдоты,

у рост дае і бярэ ліхву, — дык ці ж будзе ён жывы. Не, ён ня будзе жывы. Хто робіць усе такія гідоты, той мусова памрэ, кроў яго будзе на ім.
 
займаўся ліхвярствам, вымагаў адсоткаў, такі жыў, і ня будзе жыць, бо рабіў усе брыдоты гэтыя. Ён сьмерцю памрэ, а кроў ягоная на ім будзе.

Але калі ў каго нарадзіўся сын, які, бачачы грахі бацькі свайго, як ён робіць, бачыць — і ня робіць падобна, як яны:
 
А калі нехта нарадзіў сына, і той убачыў усе грахі бацькі свайго, якія ён чыніў, і ўбачыў, і не рабіў так, як ён,

на горах ахвярнага ня есьць, да ідалаў дому Ізраілевага не зьвяртае вачэй сваіх, жонкі блізкага свайго не апаганьвае
 
на гарах не банкетаваў, вачэй сваіх не падымаў на ідалаў дому Ізраіля, жонкі бліжняга свайго не паганіў,

і чалавека ня ўціскае, закладу не бярэ і гвалтам не адбірае, хлеб свой дае галоднаму і голага накрывае вопраткай,
 
нікога ня крыўдзіў, закладзенага не затрымоўваў, рабункам не рабаваў, даваў хлеб свой галоднаму, голага апранаў вопраткай,

ад крыўды беднаму стрымлівае руку сваю, росту і ліхвы не бярэ, выконвае Мае загады і паводзіцца паводле запаведзяў Маіх, — дык гэты не памрэ за беззаконнасьць бацькі свайго; ён будзе жывы.
 
адварочваў руку сваю ад крыўды, не займаўся ліхвярствам і адсоткаў ня браў, суд Мой чыніў і паводле пастановаў Маіх хадзіў, такі не памрэ за беззаконьні бацькі свайго, але будзе жыць і жыць.

А бацька ягоны, як што ён жорстка ўціскаў, рабаваў брата і нядобрае рабіў сярод свайго, вось, — ён памрэ за сваё беззаконьне.
 
Бацька ягоны за тое, што крыўдаю крыўдзіў, рабункам рабаваў брата і рабіў у народзе сваім тое, што ня ёсьць добрым, памрэ за беззаконьне сваё.

Вы кажаце: «чаму ж сын не нясе віны бацькі свайго?» Бо сын робіць законна і справядліва, усе пастановы Мае шануе і выконвае іх; ён будзе жывы.
 
Вы кажаце: “Чаму сын не нясе беззаконьні бацькі свайго?” Але сын чыніў суд і праведнасьць, захоўваў усе пастановы Мае і выконваў іх, і будзе жыць і жыць.

Душа, якая грэшыць, яна памрэ; сын не панясе віны бацькі і бацька не панясе віны сына, праўда справядлівага пры ім і застаецца і беззаконнасьць беззаконнага пры ім і застаецца.
 
Душа, якая грашыць, памрэ. Сын не панясе беззаконьні бацькі, і бацька не панясе беззаконьні сына. Праведнасьць праведніка будзе яму залічана, і бязбожнасьць бязбожніка будзе на ім.

І беззаконьнік, калі адвернецца ад усіх грахоў сваіх, якія рабіў, і будзе трымацца ўсіх пастановаў Маіх і паводзіцца законна і праведна, жывы будзе, не памрэ.
 
І бязбожнік, калі адвернецца ад усіх грахоў сваіх, якія ўчыніў, і будзе захоўваць усе пастановы Мае і чыніць суд і праведнасьць, будзе жыць і жыць, і не памрэ.

Усе злачынствы ягоныя, якія рабіў ён, не папомняцца яму; у праўдзе сваёй, якую будзе рабіць, ён жывы будзе.
 
Усе злачынствы ягоныя, якія ўчыніў, ня будуць яму залічаны, і ў праведнасьці сваёй, якую робіць, будзе жыць.

Хіба Я хачу сьмерці беззаконьніка? кажа Гасподзь Бог. Ці ж не таго, каб ён адвярнуўся ад шляхоў сваіх і быў жывы?
 
Ці ж Я жаданьнем жадаю сьмерці бязбожніка, кажа Госпад ГОСПАД, ці каб адвярнуўся ад шляху свайго і жыў?

І праведнік, калі адступіцца ад праўды сваёй і будзе паводзіцца няправедна, будзе рабіць усе тыя мярзоты, якія робіць беззаконьнік, ці будзе ён жывы? усе добрыя ўчынкі ягоныя, якія ён рабіў, не папомняцца; за беззаконьне сваё, якое робіць, і за грахі свае, у якіх грэшны, ён памрэ.
 
Калі праведнік адвернецца ад праведнасьці сваёй і ўчыніць злачынства, падобнае да ўсіх брыдотаў, якія робіць бязбожнік, ці ж будзе ён жыць? Уся праведнасьць ягоная, якую чыніў, ня будзе залічаная яму. У нявернасьці сваёй, якой быў няверным [Мне], і ў грэху сваім, якім саграшыў, памрэ.

Але вы кажаце: «няправільны шлях Госпада». Паслухайце, доме Ізраілеў! Ці мой шлях няправільны? ці ж ня вашыя шляхі няправільныя?
 
Вы кажаце: “Несправядлівы шлях Госпада”. Паслухайце, прашу, дом Ізраіля! Ці шлях Мой несправядлівы, ці шляхі вашыя несправядлівыя?

Калі праведнік адступаецца ад праўды сваёй і ўчыняе беззаконьне і за гэта памірае, дык ён памірае за беззаконьне сваё, якое ўчыніў.
 
Калі праведнік адвернецца ад праведнасьці сваёй, і будзе рабіць злачынства, і памрэ ў іх, ён памрэ з прычыны злачынства свайго, якое ўчыніў.

І беззаконьнік, калі адварочваецца ад беззаконьня свайго, якое ўчыняе, і чыніць суд і праўду, — да жыцьця верне душу сваю.
 
А калі бязбожнік адвернецца ад бязбожнасьці сваёй, якую чыніў, і будзе чыніць суд і праведнасьць, ён захавае пры жыцьці душу сваю.

Бо ён убачыў і адвярнуўся ад усіх злачынстваў сваіх, якія ўчыняў; ён будзе жывы, не памрэ.
 
Ён убачыў і, адварочваючыся, адвярнуўся ад усіх злачынстваў сваіх, якія ўчыніў, і будзе жыць і жыць, і не памрэ.

А дом Ізраілеў кажа: «няправільны шлях Госпада!» Ці ж Мае шляхі няправільныя, доме Ізраілеў? ці ж ня вашыя шляхі няправільныя?
 
Але дом Ізраіля кажа: “Несправядлівы шлях Госпада” Ці шляхі Мае несправядлівыя, доме Ізраіля, ці шляхі вашыя несправядлівыя?

Таму Я буду судзіць вас, доме Ізраілеў, кожнага паводле шляхоў ягоных, кажа Гасподзь Бог; пакайцеся і адвярнецеся ад усіх злачынстваў вашых, каб бязбожнасьць ня сталася вам на спатыкненьне.
 
Дзеля гэтага, дом Ізраіля, Я буду судзіць вас кожнага паводле шляхоў вашых, кажа Госпад ГОСПАД. Навярніцеся і адвярніцеся ад усіх злачынстваў вашых, і ня будзе вам нагоды для беззаконьня.

Адкіньце ад сябе ўсе грахі вашыя, якімі грашылі вы, і стварэце сабе новае сэрца і новы дух: і навошта вам паміраць, доме Ізраілеў?
 
Адкіньце ад сябе ўсе злачынствы свае, праз якія вы бунтаваліся [супраць Мяне], і ўчыніце сабе сэрца новае і дух новы. Навошта вы маеце паміраць, дом Ізраіля?

Бо Я не хачу сьмерці таму, хто памірае, кажа Гасподзь Бог; а навярнецеся — і жывеце!
 
Бо Я не хачу сьмерці таго, хто мае памерці, кажа Госпад ГОСПАД. Навярніцеся і жывіце!