Езэкііля 12 разьдзел
Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча
І было мне слова Гасподняе:
І слова СПАДАРОВА было да мяне, кажучы:
сыне чалавечы! ты жывеш сярод дому мяцежнага; у іх ёсьць вочы, каб бачыць, а ня бачаць; у іх ёсьць вушы, каб слухаць, а ня чуюць; бо яны — мяцежны дом.
«Сыну людзкі! ты жывеш сярод дому бунтоўнага, у каторага ё вочы бачыць, але ня бачаць; ё вушы чуць, але ня чуюць; бо яны — дом бунтоўны.
А ты, сыне чалавечы, падрыхтуй сабе патрэбнае для перасяленьня, і сярод дня перасяляйся на вачах у іх, і перасяляйся зь месца твайго ў іншае месца на вачах у іх; магчыма, яны ўразумеюць, хоць яны — дом мяцежны;
І ты, сыну людзкі, прыгатуй сабе снадзь да перасяленьня, і перасяляйся ўдзень на ачох у іх, і перасяліся зь месца свайго на іншае месца на ачох іх; можа яны пабачаць, дарма што яны — дом бунтоўны;
і рэчы твае вынесі, як рэчы, патрэбныя пры перасяленьні, удзень, на вачах у іх, і сам выйдзі ўвечары на вачах у іх, як выходзяць для перасяленьня.
І вынясі снадзі свае, снадзі да перасяленьня ўдзень на ачох у іх, а ты выйдзеш ўвечары на ачох у іх, як выходзяць у палон.
На вачах у іх праламі сабе дзіру ў сьцяне, і вынесі празь яе.
На ачох у іх прабі сьцяну і выйдзі перазь яе;
На вачах у іх вазьмі ношку на плечы, упоцемках вынесі яе, твар твой захіні, каб ня бачыць зямлі; бо Я паставіў цябе азнакаю дому Ізраілеваму.
На ачох у іх вынясі на плячох, выйдзі сутанкам, накрый від свой, каб ты ня бачыў зямлі; бо Я прызначыў цябе на знак дому Ізраеляваму».
І зрабіў я, як было мне загадана; рэчы мае, як рэчы, патрэбныя пры перасяленьні, вынес удзень, а ўвечары праламаў сабе рукою дзірку ў сьцяне, упоцемках вынес ношку і падняў на плечы на вачах у іх.
І я зрабіў так, як імне было расказана: вынес свадзь сваю ўдзень, як снадзь палону, а ўвечары прабіў сьцяну рукою сваёю, і вынес сутанкам, і нёс на плячу на ачох у іх.
І было мне слова Гасподняе раніцай:
І нараніцы было слова СПАДАРОВА імне, кажучы:
сыне чалавечы! ці не казаў табе дом Ізраілеў, дом мяцежны: што ты робіш?
«Сыну людзкі! ці не казаў табе дом Ізраеляў, дом бунтоўны: "Што робіш ты?"
Скажы ім: так кажа Гасподзь Бог: гэта — прадвесьце таму, хто ўзначальвае ў Ерусаліме, і ўсяму дому Ізраілеваму, які там.
Скажы ім: "Гэтак кажа Спадар СПАДАР: ’Гэта цяжар князю Ерузалімскаму а ўсяму дому Ізраеляваму, што ў ім’".
Скажы: я азнака вам; што раблю я, тое будзе зь імі, — на перасяленьне, у палон пойдуць яны.
Скажы: "Я ваш знак: як я зрабіў, так будзе зроблена ім: на высяленьне, у палон пойдуць".
І той, хто ўзначальвае, які сярод іх, упоцемках падыме ношку на плечы і выйдзе. Сьцяну праломяць, каб выправіць яго празь яе; ён захіне твар свой, так што ня ўбачыць вачыма зямлі гэтай.
І князь, што сярод іх, вынясе на плячу сутанкам, і выйдзе; праб’юць сьцяну, каб вынесьці перазь яе; закрые від свой, каб ня бачыць зямлі ачыма.
І раскіну на яго сетку Маю, і будзе злоўлены ў цянёты Мае, і завяду яго ў Вавілон, у зямлю Халдэйскую, але ён ня ўбачыць яе, і там памрэ.
І сець Сваю расьцягну на яго, і ён будзе злоўлены ў пасадку Маю, і завяду яго да Бабілёну, зямлі Хальдэяў, і ён не абача яе, і там памрэць.
А ўсіх, што вакол яго, спаборнікаў ягоных і ўсё войска ягонае разьвею па ўсіх вятрах, і агалю ўсьлед ім меч.
І ўсіх, што навокал яго, памачнікоў ягоных, і ўсі крылы ягоныя разьвею на кажны вецер, і меч агалю за імі.
І ўведаюць, што Я — Гасподзь, калі расьсею іх па народах і разьвею іх па землях.
І Даведаюцца, што Я — СПАДАР, як рассыплю іх меж народаў і разьвею па краёх.
Але невялікую лічбу іх Я захаваю ад меча, голаду і пошасьці, каб яны расказалі народам, да якіх пойдуць, пра ўсе свае гідоты: і ўведаюць, што Я — Гасподзь.
Але колькі людзёў зь іх Я пакіну ад мяча, ад галадові а ад ліпучкі, каб яны маглі расказаваць меж народаў, куды пойдуць, праз усі агіды свае; і даведаюцца, што Я — СПАДАР».
І было мне слова Гасподняе:
І было слова СПАДАРОВА імне, кажучы:
сыне чалавечы! хлеб твой еж з трапятаньнем, і ваду тваю пі з дрыжаньнем і смуткам.
«Сыну людзкі! еж хлеб свой із дрыжэньням і пі ваду сваю ў парушэньню й з асьцярогаю.
І скажы народу зямлі: так кажа Гасподзь Бог пра жыхароў Ерусаліма, пра зямлю Ізраілевую: яны хлеб свой будуць есьці і ваду сваю будуць піць у маркоце, бо зямля яго будзе пазбаўлена шчадротаў за няпраўды ўсіх, хто жыве на ёй.
І скажы люду зямлі: "Гэтак кажа Спадар СПАДАР да жыхараў Ерузаліму а да зямлі Ізраельскае: ’Яны будуць есьці хлеб свой з асьцярогаю і піць ваду сваю із зумленьням, бо зямля яго будзе спабыта ўсяго, што ў ёй, за ўсілства ўсіх тых, што жывуць на ёй.
І будуць спустошаны населеныя гарады, і зямля зробіцца пустою, і ўведаеце, што Я — Гасподзь.
І населеныя месты будуць спустошаны, і зямля спусьцее; і вы даведаецеся, што Я — СПАДАР’"».
І было мне слова Гасподняе:
І было слова СПАДАРОВА імне, кажучы:
сыне чалавечы! якая прымаўка ў вас, у зямлі Ізраілевай: «шмат дзён пройдзе, і ўсякая прарочая ўява зьнікне»?
«Сыну людзкі! што за прымаўка кажацца ў вас у зямлі Ізраельскай: "Дні працягнуцца, і загіне ўсялякая відзень"?
Таму скажы ім; так кажа Гасподзь Бог: зьнішчу гэтую прымаўку, і ня будуць ужо ўжываць такой прымаўкі ў Ізраіля; але скажы ім: блізкія дні, калі збудзецца кожная ўява прарочая.
Затым скажы ім: "Гэтак кажа Спадар СПАДАР: ’Я ўчыню, што гэта прымаўка перастане, і яе ня будуць болей ужываць як прымаўку ў Ізраелю’; але скажы ім: ’Бліжэюць дні й слова кажнае відзені;
Бо ўжо не застанецца марнай ніякая ўява прарочая, і ніводнае прадвесьце ня будзе ілжывым у доме Ізраілевым.
Бо ўжо ня будзе ніякае пустое відзені ані падлыжнага вешчаваньня ў доме Ізраелявым;
Бо Я Гасподзь кажу, збудзецца і ня будзе адкладзена; у вашыя дні, мяцежны дом, Я прамовіў слова, і выканаю яго, кажа Гасподзь Бог.
Бо Я, СПАДАР, Я буду гукаць, і слова, што буду гукаць, станецца, ня пойдзе ў ваддаль; бо за вашых дзён, бунтоўны доме, кажу слова й станецца’, — агалашае Спадар СПАДАР"».
І было мне слова Гасподняе:
І было да мяне слова СПАДАРОВА, кажучы:
сыне чалавечы! вось, дом Ізраілеў кажа: «прарочая ўява, якую бачыў ён, збудзецца пасьля многіх дзён, і ён прарочыць пра далёкія часіны».
«Сыну людзкі! гля, дом Ізраеляў кажа: "Відзень, што ён бача, спраўдзіцца за шмат дзён, праз далёкія часы ён праракае".
Таму скажы ім: так кажа Гасподзь Бог: ніводнае з слоў Маіх ужо ня будзе адкладзена, але слова, якое Я скажу, збудзецца, кажа Гасподзь Бог.
Затым кажы ім: "Гэтак кажа Спадар СПАДАР: ’Ні воднае із словаў Маіх наперад у ваддаль ня пойдзе, але слова, што Я гукаў, станецца’"», — агалашае Спадар СПАДАР.