Езэкііля 20 разьдзел
Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча
І на сёмым годзе, пятым месяцы, у дзясяты дзень месяца прыйшлі мужы са старэйшынаў Ізраілевых спытацца ў Госпада і селі перад абліччам маім.
І сталася сёмага году, пятага месяца, дзясятага дня месяца, што некатрыя із старцоў Ізраелявых прышлі папытацца ў СПАДАРА й селі перад імною.
І было мне слова Гасподняе:
Тады было слова СПАДАРОВА імне, кажучы:
сыне чалавечы! гавары са старэйшынамі Ізраілевымі і скажы ім: так кажа Гасподзь Бог: вы прыйшлі спытацца ў Мяне? Жыву Я — ня дам вам адказу, кажа Гасподзь Бог.
«Сыну людзкі! гукай старцом Ізраелявым і скажы ім: "Гэтак кажа Спадар: ’Ці вы прышлі папытацца ў Мяне? Жыў Я, — агалашае Спадар СПАДАР, — Я не дазволю вам пытацца ў Мяне’".
Ці хочаш судзіцца зь імі, ці хочаш судзіцца, сыне чалавечы? выкажы ім гнюсоты бацькоў іхніх
Ці будзеш судзіць іх, судзіць, сыну людзкі? агіды айцоў іхных паведай ім.
і скажы ім: так кажа Гасподзь Бог: у той дзень, калі Я выбраў Ізраіля і, падняўшы руку Маю, прысягнуў племю дому Якаўлевага, і адкрыў Сябе ім у зямлі Егіпецкай і, падняўшы руку, сказаў ім: «Я — Гасподзь Бог ваш»,
І скажы ім: "Гэтак кажа Спадар СПАДАР: ’Таго дня, калі Я абраў Ізраеля, і падняў руку сваю насеньню дому Якававага, і азнайміўся ім у зямлі Ягіпецкай, як Я падняў руку ім, кажучы: Я — СПАДАР, Бог ваш, —
у той дзень, падняўшы руку Маю, Я прысягнуў ім вывесьці іх зь зямлі Егіпецкай у зямлю, якую Я нагледзеў ім, якая сочыцца малаком і мёдам, красу ўсіх земляў,
Таго дня Я падняў руку ім, вывесьці іх ізь зямлі Ягіпецкае да зямлі, што Я выглядзеў ім, што цячэць малаком а мёдам, харашыня ўсіх земляў.
і сказаў ім: адкіньце кожны мярзоты ад вачэй вашых і не апаганьвайце сябе ідаламі Егіпецкімі: Я — Гасподзь Бог ваш!
Тады сказаў Я ім: "Кажны агіду аччу сваіх адкіньце й балванамі ягіпецкімі ня плюгаўцеся: Я — СПАДАР, Бог ваш!"
Але яны ўзбурыліся супроць Мяне і не хацелі слухаць Мяне; ніхто не адкінуў мярзотаў ад вачэй сваіх і не пакінуў ідалаў Егіпецкіх. І Я сказаў: вылью на іх гнеў Мой, вычарпаю на іх лютасьць Маю сярод зямлі Егіпецкай.
Але яны збунтаваліся й не хацелі слухаць Мяне: ніхто не адхінуў агідаў аччу сваіх і не адхінуў балваноў ягіпепкіх. Тады Я сказаў: Я выльлю абурэньне Свае на іх, дакончу гнеў Свой на іх сярод зямлі Ягіпецкае.
Але Я зрабіў дзеля імя Майго, каб яно ня ганілася перад народамі, сярод якіх былі яны, і на вачах у якіх Я адкрыў Сябе ім, каб вывесьці іх зь зямлі Егіпецкай.
Я ўчыніў, адылі, дзеля імені Свайго, каб яно ня будзенілася перад народамі, сярод каторых яны, на каторых ачох Я аб’явіўся ім, дзеяў, каб весьці іх ізь зямлі Ягіпецкае.
І Я вывеў іх зь зямлі Егіпецкай і прывёў іх у пустыню,
Дзеля таго вывеў іх ізь зямлі Ягіпецкае і прывёў іх на пустыню,
І даў ім запаведзі Мае і абвясьціў ім Мае пастановы, выконваючы якія, чалавек быў бы жывы дзякуючы ім;
І даў ім уставы свае, і паведаміў ім суды Свае, каторыя, калі поўне чалавек, то будзе жыць імі;
даў ім таксама суботы Мае, каб яны былі азнакаю паміж Мною і імі, каб ведалі, што Я — Гасподзь, Які асьвячае іх.
І таксама Я даў ім сыботы Свае, каб былі знакам меж Мяне й іх, каб ведалі, што Я СПАДАР, Каторы ўсьвячае іх.
Але дом Ізраілеў узбурыўся супроць Мяне ў пустыні: паводле запаведзяў Маіх не паводзіліся і адкінулі пастановы Мае, выконваючы якія, чалавек быў бы жывы дзякуючы ім, і суботы Мае парушалі, — і Я сказаў: вылью на іх лютасьць Маю ў пустыні, каб вынішчыць іх.
Але збунтаваўся супроці Мяне дом Ізраеляў на пустыні: у вуставах Маіх не хадзілі й судамі Маімі пагрэбавалі, каторыя, калі поўне іх чалавек, то будзе жыць імі; сыботы Мае яны вельмі збудзенілі. І маніўся выліць Я палкі гнеў Свой на іх на пустыні, каб выгубіць іх.
Але Я зрабіў дзеля імя Майго, каб яно ня ганілася перад народамі, на вачах у якіх Я вывеў іх.
І дзеяў Я, адылі, дзеля імені Свайго, каб яно ня будзенілася перад народамі, на каторых ачох Я вывеў іх.
Нават Я, падняўшы руку Маю супроць іх у пустыні, прысягнуў, што не ўвяду іх у зямлю, якую Я пазначыў, — якая сочыцца малаком і мёдам, красу ўсіх земляў,
Але й таксама Я падняў руку Сваю ім на пустыні, што не прывяду іх да зямлі, каторую даў, каторая цячэць малаком а мёдам, харашыня ўсіх земляў;
за тое, што яны адкінулі пастановы Мае, і не паводзіліся паводле запаведзяў Маіх і парушалі суботы Мае; бо сэрца іхняе імкнулася да ідалаў іхніх.
Бо судамі Маімі яны пагрэбавалі, а што да ўставаў Маіх, то не хадзілі ў іх, але збудзенілі сыботы Мае, бо сэрца іхнае йшло за балванамі іхнымі.
Але вока Маё пашкадавала загубіць іх; і Я ня вынішчыў іх у пустыні.
І пашчаджала іх вока Мае, каб не загубіць іх, і ня ўчыніла зьнішчэньня ім на пустыні.
І казаў Я сынам іхнім у пустыні: не хадзеце паводле правілаў бацькоў вашых і ня трымайцеся пастановаў іхніх і не апаганьвайце сябе ідаламі іхнімі.
І Я сказаў дзяцём іхным на пустыні: у вуставах айцоў сваіх не хадзіце, судоў іхных не заховуйце й балванамі іхнымі ня плюгаўцеся.
Я — Гасподзь Бог ваш: паводле Маіх запаведзяў паводзьцеся, і Мае пастановы захоўвайце і выконвайце іх.
Я — СПАДАР, Бог ваш: у вуставах Маіх хадзіце, суды Мае дзяржыце й паўніце іх.
І асьвячайце суботы Мае, каб яны былі азнакаю паміж мною і вамі, каб вы ведалі, што Я — Гасподзь Бог ваш.
І сыботы Мае сьвяціце, і будуць яны знакам меж Мяне й вас, каб вы ведалі, што Я — СПАДАР, Бог Ваш.
Але і сыны ўзбурыліся супроць Мяне: паводле запаведзяў Маіх ня дзеялі і пастановаў Маіх ня трымаліся, ня выконвалі таго, што выконваючы, чалавек быў бы жывы, парушалі суботы Мае, — і Я сказаў: вылью на іх гнеў Мой, вычарпаю на іх лютасьць Маю ў пустыні;
І збунтаваліся супроці Мяне дзеці: у вуставах Маіх не хадзілі й судоў Маіх не дзяржалі, каб паўніць іх, каторыя, калі поўне іх чалавек, то жывець імі, сыботы Мае збудзенілі. І маніўся Я выліць палкі гнеў Свой на вас, спагнаць гнеў Свой на іх на пустыні.
але Я ўхіліў руку Маю і зрабіў дзеля імя Майго, каб яно ня ганілася перад народамі, на вачах у якіх Я вывеў іх.
Але Я зьвярнуў руку Сваю і ўчыніў дзеля імені Свайго, каб яно ня будзенілася на ачох народаў, на чыіх ачох Я вывеў вас.
Таксама, падняўшы руку Маю ў пустыні, Я прысягнуўся расьсеяць іх па народах і разьвеяць іх па землях
Таксама падняў Я руку Сваю ім на пустыні, каб рассыпаць іх меж народаў і разьвеяць іх па краёх
за тое, што яны пастановаў Маіх ня выконвалі, і парушалі суботы Мае і вочы іхнія зьвярталіся да ідалаў бацькоў іхніх.
За тое, што не паўнілі судоў Маіх, але пагрэбавалі ўставамі Маімі, і збудзенілі сыботы Мае, і за балванамі айцоў іхных былі вочы іхныя.
І дапусьціў ім установы нядобрыя і пастановы, ад якіх яны не маглі быць жывыя,
Затым Я даў ім нядобрыя ўставы а суды, каторымі яны не маглі б жыць,
і дапусьціў ім апаганіцца прынашэньнямі ахвяраў іхніх, калі яны пачалі праводзіць праз агонь кожны першы плод нутробы, каб спустошыць іх, каб ведалі, што Я — Гасподзь.
І сплюгавіў іх собскімі дарамі іхнымі, тым, што праводзілі перазь цяпло кажнага, што адчыняе ўлоньне, каб спустошыць іх, каб даведаліся, што Я — СПАДАР’".
Таму кажы дому Ізраілеваму, сыне чалавечы, і скажы ім: так кажа Гасподзь Бог: вось, чым яшчэ ганілі Мяне бацькі вашыя, вераломна выступаючы супроць Мяне:
Затым, сыну людзкі, гукай дому Ізраеляваму й скажы ім: "Гэтак кажа Спадар СПАДАР: ’Яшчэ гэтым айцове вашы блявузґалі на Мяне, ізраджаючы Мяне ізрадаю:
Я прывёў іх у зямлю, якую з клятваю абяцаў даць ім, падняўшы руку Маю, — нагледзеўшы сабе любы высокі пагорак і любое галінастае дрэва, пачалі калоць там ахвяры свае, і ставілі там абразьлівыя для Мяне прынашэньні свае, духмяныя пахошчы свае і лілі там паліваньні свае.
Як Я прывёў іх да зямлі, праз каторую падняў руку Сваю даць яе ім, яны глянулі на кажны высокі ўзгорак і на кажнае рассахатае дзерва, і абракалі там аброкі свае, і там давалі квелячыя дары свае, і клалі там духмяныя пахі свае, і ўзьлівалі там узьліваньні свае.
І Я казаў ім: што гэта за вышыня, куды ходзіце вы? таму імем Бама называецца яна і да сёньняшняга дня.
І сказаў Я ім: "Што гэта за ўзвышша, на каторае вы ходзіце?" І названа імя яго Бама дагэтуль’".
Таму скажы дому Ізраілеваму: так кажа Гасподзь Бог: ці не апаганьваеце вы сябе на прыклад бацькоў вашых і ці не блудадзейнічаеце сьледам за мярзотамі іхнімі?
Затым кажы дому Ізраеляваму: "Гэтак кажа Спадар СПАДАР: ’Ці не дарогаю бацькоў вашых вы плюгавіцеся? і за агідамі іхнымі ці не бязуліце вы?
Прыносячы дарункі вашыя і праводзячы сыноў вашых праз агонь, вы і апаганьваеце сябе ўсімі ідаламі вашымі да сёньняшняга дня — і хочаце спытацца ў Мяне, доме Ізраілеў? жыву Я, кажа Гасподзь Бог, ня дам вам адказу.
Бо як вы нясіце дары, як праводзіце сыноў сваіх перазь цяпло, вы плюгавіцеся ўсімі сваімі балванамі аж дагэтуль; ці вы будзеце пытацца ў Мяне, доме Ізраеляў? Жыў Я, — агалашае Спадар СПАДАР, — вы ня будзеце пытацца ў Мяне.
І што прыходзіць вам у галаву, зусім ня збудзецца. Вы кажаце: будзем, як язычнікі, як плямёны іншаземныя, служыць дрэву і каменю.
І таго, што прыходзе вам удум, ані ня будзе, што вы кажаце: "Будзем, як пагане, як радзімы краёў, служыць дзерву а каменю".
Жыву Я, кажа Гасподзь Бог; рукою моцнаю, мышцаю прасьцертаю і выліваньнем лютасьці буду валадарыць над вамі.
Жыў Я, — агалашае Спадар СПАДАР, — напэўна дужою рукою а выцягненым цаўём а вылітым гневам я буду радзіць вас;
І выведу вас з народаў і з краінаў, па якіх вы расьсеяны, і зьбяру вас рукою моцнаю і мышцаю прасьцертаю і выліваньнем лютасьці.
І вывяду вас дужою рукою а выцягненым цаўём а вылітым гневам ізь людаў, і зьбяру вас із краёў, ідзе вы рассыпаны,
І прывяду вас у пустыню народаў і там буду судзіцца з вамі тварам да твару.
І прывяду вас на пустыню людаў, і там буду прававацца з вамі від да віду.
Як Я судзіўся з бацькамі вашымі ў пустыні зямлі Егіпецкай, так буду судзіцца з вамі, кажа Гасподзь Бог.
Як прававаўся з айцамі вашымі на пустыні зямлі Ягіпецкае, так буду прававацца з вамі, — агалашае Спадар СПАДАР. —
І правяду вас пад жазлом і ўвяду вас у повязі запавета.
І ўчыню, што вы пойдзеце пад розкаю, і прывяду вас у вязі змовы.
І выдзелю з вас мяцежнікаў і непакорлівых Мне. Зь зямлі пражываньня іхняга выведу іх, але ў зямлю Ізраілевую яны ня ўвойдуць, — і ўведаеце, што Я — Гасподзь.
І вычышчу з памеж вас бунтаўнікоў а выступнікаў, і вывяду іх із краю, ідзе яны перабываюць, але ня ўвыйдуць яны ў зямлю Ізраельскую; і даведаецеся, што Я — СПАДАР.
А вы, доме Ізраілеў, — так кажа Гасподзь Бог, — ідзеце кожны да сваіх ідалаў і служэце ім, калі Мяне ня слухаецеся, але не апаганьвайце болей сьвятога імя Майго дарункамі вашымі і ідаламі вашымі,
Узглядам вас, доме Ізраеляў, — гэтак кажа Спадар СПАДАР: — ідзіце, служыце кажны балваном сваім і потым, бо вы ня слухаеце Мяне, але наперад сьвятога імені Майго ня будзеньце дарамі а балванамі сваімі;
бо на Маёй сьвятой гары, на гары высокай Ізраілевай, — кажа Гасподзь Бог, — там будзе служыць Мне ўвесь дом Ізраілеў — увесь, колькі яго ёсьць на зямлі; там Я з добрым упадабаньнем прыму іх, і там запатрабую прынашэньняў вашых і пачаткаў вашых з усімі сьвятымі вашымі.
Бо на сьвятой гары Маёй, на гары вышыні Ізраелявае, — агалашае Спадар СПАДАР, — там будзе служыць Імне ўвесь дом Ізраеляў, увесь у зямлі; там буду прыяць і там буду пытаць узьнесеньняў вашых і пачаткаў прыносаў вашых з усімі пасьвячэньнямі вашымі.
Прыму вас, як духмяныя пахошчы, калі выведу вас з народаў і зьбяру вас з краін, па якіх вы расьсеяны, — і буду сьвяціцца ў вас на вачах у народаў.
З прыемным пахам зычліва вас прыйму, як вывяду вас ізь людаў і зьбяру вас із краёў, куды вы былі рассыпаны; і ўсьвячуся ў вас у ваччу народаў.
І ўведаеце, што Я — Гасподзь, калі ўвяду вас у зямлю Ізраілевую — у зямлю, якую Я прысягнуўся даць бацькам вашым, падняўшы руку Маю.
І даведаецеся, што Я — СПАДАР, як Я прывяду вас да зямлі Ізраелявае, да краю, праз каторы Я падняў руку Сваю даць айцом вашым.
І ўзгадаеце там пра шляхі вашыя і пра ўсе дзеі вашыя, якімі вы апаганьвалі сябе, і пагардзіце самімі сабою за ўсе зладзействы вашыя, якія вы рабілі.
І ўспомніце там дарогі свае, каторымі вы сплюгавіліся, і вы будзеце брыдзіцца сабою ў вачох сваіх за ўсе ліха, што вы ўчынілі.
І ўведаеце, што Я — Гасподзь, калі ўчыняцьму з вамі дзеля імя Майго, не паводле ліхіх вашых шляхоў і вашых учынкаў распусных, доме Ізраілеў, — кажа Гасподзь Бог.
І даведаецеся, доме Ізраеляў, што Я — СПАДАР, як Я ўчыню з вамі дзеля імені Свайго, ня подле нягодных дарогаў вашых ані подле згубных учынкаў вашых’, — агалашае Спадар СПАДАР"».
І было мне слова Гасподняе:
І было імне слова СПАДАРОВА, кажучы:
сыне чалавечы! зьвярні аблічча тваё на дарогі на поўдзень, і вымаві слова на поўдзень і мові прароцтва на лес паўднёвага поля.
«Сыну людзкі, зьвярні від свой на паўдня й кажы супроці паўдня, і праракай супроці лесу паўднявога поля,
І скажы паўднёваму лесу: слухай слова Госпада; так кажа Гасподзь Бог: вось, Я запалю ў табе агонь, і ён зжарэ ў табе кожнае дрэва зялёнае і кожнае дрэва сухое; не патухне палаючае полымя, і ўсё будзе апалена ім ад поўдня да поўначы.
І кажы паўднявому лесу: "Слухай слова СПАДАРОВА: гэтак кажа Спадар СПАДАР: ’Гля! Я запалю цяпло ў цябе, і яно пажарэць кажнае вагкое дзерва й кажнае сухое дзерва; ня будзе пагашана палаючае полымя, і ўсі віды ад паўдня аж да поўначы згараць у ім.
І ўбачыць кожная плоць, што Я Гасподзь запаліў яго, і ён не патухне.
І абача кажнае цела, што Я, СПАДАР, запаліў яго, яно ня будзе пагашана’"».
І сказаў я: о, Госпадзе Божа! яны кажуць пра мяне: «ці не гаворыць ён прыпавесьці?»
Тады сказаў я: «Ах, Спадару Божа! яны кажуць імне: "Ці ня гукае ён прыпавесьці?"»