Езэкііля 32 разьдзел
Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча
У дванаццатым годзе, у дванаццатым месяцы, у першы дзень месяца, было мне слова Гасподняе:
І сталася двананцатага году, двананцатага месяца, першага дня месяца, было імне слова СПАДАРОВА, кажучы:
сыне чалавечы! узьнясі плач па фараоне, цары Егіпецкім, і скажы яму: ты, як малады леў сярод народаў і як пачварына ў морах, кідаешся ў рэках тваіх і каламуціш нагамі тваімі воды, і топчаш патокі іх.
«Сыну людзкі! завядзі пахоўную песьню па фараону, каралю Ягіпецкім, і скажы яму: "Ты падобны да маладога лява меж народаў, і ты, як дзіўствы ў морах, і прарваўся рэкамі сваімі, і муціш воды нагамі сваімі, і брудзіш рэкі іх"».
Так кажа Гасподзь Бог: Я закіну на цябе сетку Маю на сходзе многіх народаў, і яны выцягнуць цябе Маёю мярэжаю.
Гэтак кажа Спадар СПАДАР: «І расьцягну сець Сваю на цябе ў грамадзе шмат якіх людаў, і яны выцягнуць цябе ў сеці Маёй.
І выкіну цябе на зямлю, у чыстым полі кіну цябе, і будуць садзіцца на цябе ўсякія нябесныя птушкі і насычацца табою зьвяры ўсёй зямлі.
Тады пакіну цябе на зямлі, кіну цябе на чыстае поле, і прычыню, што ўсі птушкі нябёсныя будуць перабываць на табе, і насычу табою жывёлу ўсяе зямлі.
І раскідаю мяса тваё па горах, і даліны напоўню тваімі трупамі.
І раськіну мяса твае па горах, і напоўню даліны здыхатою тваёю.
І зямлю плаваньня твайго напаю крывёю тваёю да самых гор: і калдобіны будуць напоўнены табою.
І напаю зямлю плаваньня твайго крывёю Тваёй аж да гор, і цур’і будуць поўныя цябе.
І калі ты патухнеш, зачыню нябёсы і зоркі на іх зацьмлю, сонца засланю хмараю, і месяц ня будзе сьвяціцца сьвятлом сваім.
І, як Я згашу цябе, Я закрыю неба і зацямню гвезды яго, пакрыю сонца болкаю, і месяц ня дасьць сьвятліні свае.
Усе сьвяцілы, што сьвецяцца на нябёсах, запамрочу над табою і на зямлю тваю навяду цемру, кажа Гасподзь Бог.
Увесь бліск сьвятліні нябёснае зацямню над табою і навяду цямноту на зямлю, — агалашае Спадар СПАДАР. —
Зьбянтэжу сэрца многіх народаў, калі агалашу пра падзеньне тваё паміж народаў па землях, якіх ты ня ведаў.
І засмучу сэрцы шмат якіх людаў, як агалашу ўпад твой меж народаў краёў, каторых ты ня знаў.
І зжахну табою многія народы, і цары іхнія скалануцца па табе ад страху, калі мечам Маім страсяну перад абліччам іхнім, і штохвіліны будуць трымцець кожны за душу сваю ў дзень падзеньня твайго.
Але, Я ўчыню, што шмат якія люды зумяцца зь цябе, і каралі іхныя здрыгануцца із жаху, як Я замахаю мячом Сваім перад імі, і яны будуць трымцець што часіны, кажны за собскае жыцьцё свае ў дзень упаду твайго»;
Бо так кажа Гасподзь Бог: меч цара Вавілонскага прыйдзе на цябе.
Бо гэтак кажа Спадар СПАДАР: «Меч караля Бабілёнскага, прыйдзе на цябе.
Ад мечаў дужых загіне народ твой; усе яны — самыя лютыя з народаў, і зьнішчаць гонар Егіпта, і загіне ўсё мноства ягонае.
Мячамі дужых, усіх найстрашнейшых із народаў, прычыню ўпад грудоў тваіх, яны зьнішчаць гордасьць Ягіпту, і ўвесь люд ягоны будзе выгублены.
І вынішчу ўсё быдла яго каля вялікіх водаў, і наперад ня будзе каламуціць іх нага чалавечая, і капыты быдла ня будуць каламуціць іх.
І прычыню згубу ўсяе жывёлы ягонае ля вялікіх водаў, наперад нага людзкая ня будзе муціць іх, ані капыты жывёлы не замуцяць іх.
Тады дам спакой водам іхнім, і зраблю, што рэкі іхнія пацякуць, як алей, кажа Гасподзь Бог.
Тады зраблю воды іхныя глыбокімі і прычыню, што рэкі іхныя будуць цячы, як аліва, — агалашае Спадар СПАДАР. —
Калі зраблю зямлю Егіпецкую пустыняю, і калі пазбудзецца зямля ўсяго, што напаўняе яе; калі паб’ю ўсіх, хто жыве на ёй, тады ўведаюць, што Я — Гасподзь.
Як абярну зямлю Ягіпецкую ў пустыню, і край будзе спустошаны з паўніні свае, як зражу ўсіх тых, што жывуць у ім, тады даведаюцца, што Я — СПАДАР.
Вось сьлёзная песьня, якую будуць сьпяваць; дочкі народаў будуць сьпяваць яе; па Егіпце і па ўсім мностве яго будуць сьпяваць яе, кажа Гасподзь Бог.
Гэта пахоўная песьня, каторай будуць галасіць па ім; дачкі народаў будуць галасіць па ім, па Ягіпце і па ўсім людзе яго», — агалашае Спадар СПАДАР.
У дванаццатым годзе, у пятнаццаты дзень таго самага месяца, было мне слова Гасподняе:
І сталася двананцатага году, пятнанцатага дня месяца, што было імне слова СПАДАРОВА, кажучы:
сыне чалавечы! аплач народ Егіпецкі, і скінь яго, яго і дочак славутых народаў у апраметную, з тымі, што адыходзяць у магілу.
«Сыну людзкі! плач па людзе ягіпецкім і паніж яго, яго а дачкі дужых народаў у дольнія часьці зямлі із зыходзячымі ў яму.
Каго ты пераўзыходзіш? сыдзі, і ляжы зь неабрэзанымі.
Каго ты перайшоў харашынёю? ісступі й ляж ізь неабрэзанымі.
Тыя ўпадуць сярод забітых мечам, і ён аддадзены мечу; цягнеце яго і ўсё мноства яго.
Яны паваляцца сярод забітых мячом; ён адданы мячу; цягнуць яго і ўсі груды ягоныя.
Сярод апраметнай будуць гаварыць пра яго і пра спрымірэнцаў ягоных першыя з герояў; яны загінулі і ляжаць там сярод неабрэзаных, пабітыя мечам.
Дужыя воі з нутра шэолю будуць гукаць яму а памачніком ягоным: "Зышлі й ляжаць ізь неабрэзанымі сярод забітых мячом".
Там Асур і ўсё полчышча ягонае, вакол яго труны іхнія, усе пабітыя, зваяваныя мечам.
Там Асур і ўся грамада ягоная; навокал яго грабы ягоныя; усі яны забітыя, яны загінулі ад мяча.
Труны яго пастаўлены ў самай глыбіні апраметнай, і полчышча яго вакол грабніцы ягонай, усе пабітыя, што загінулі ад меча, тыя, якія пашыралі жудасьць на зямлі жывых.
Грабы ягоныя зроблены ў бакох ямы, груд ягоны навокал гробу ягонага, усі яны забітыя, загінулі ад мяча, каторыя прычынялі жах на зямлі жывых.
Там Элам з усім мноствам сваім вакол магільніцы ягонай, усе яны — пабітыя, што загінулі ад меча, якія неабрэзанымі сышлі ў апраметную, якія распаўсюдзілі сабою жах на землі жывых і нясуць ганьбу сваю з тымі, што адышлі ў магілу.
Там Елам а ўвесь люд ягоны навокал гробу ягонага; усі яны забітыя, загінулі ад мяча, каторыя зышлі далоў неабрэзаныя ў дольнія часьці зямлі, каторыя прычынялі жах на зямлі жывых, панесьлі, адылі, сорам свой з тымі, што зышлі ў яму.
Сярод пабітых далі ложак яму з усім мноствам ягоным; вакол яго — труны іхнія, усе неабрэзаныя, пабітыя мечам: і як ён пашыраў жах на зямлі жывых, дык і нясуць на сабе ганьбу нароўні з тымі, што адышлі ў магілу і пакладзены сярод пабітых.
Пастанавілі ложак ягоны сярод забітых із усім людам ягоным; грабы іхныя навокал яго; усі яны неабрэзаныя, забітыя мячом; каторыя прычынялі жах на зямлі жывых, панесьлі, адылі, сорам свой з тымі, што зышлі ў яму, і памешчаны памеж забітых.
Там Мэшэх і Тувал з усім мноствам сваім; вакол яго — труны іхнія, усе неабрэзаныя, пабітыя мечам, бо яны разносілі жах па зямлі жывых.
Там Мешэх, Тувал а ўвесь люд ягоны, грабы ягоныя навокал яго; усі яны неабрэзаныя, забітыя мячом, бо зрабілі жах на зямлі жывых.
Ці не павінны і яны ляжаць зь мёртвымі неабрэзанымі героямі, якія з вайсковай зброяй сваёю сышлі ў апраметную і мечы свае паклалі сабе пад галовы, і засталася пахібнасьць іхняя на касьцях іхніх, бо яны, як дужыя, былі жудасьцю на зямлі жывых.
І не ляжаць із дужасіламі, загінулымі зь неабрэзаных, што зышлі да шэолю з ваеннымі зброямі сваімі, і палажылі ўзгалоўям мячы свае; але бяспраўі іхныя будуць на касьцёх іхных, бо былі жахам дужых на зямлі жывых.
І ты будзеш зламаны сярод неабрэзаных і ляжаць з пабітымі мечам.
І ты будзеш патрышчаны сярод неабрэзаных і будзеш ляжаць із забітымі мячом.
Там — Эдом і цары яго і ўсе князі яго, якія пры ўсёй сваёй адвазе пакладзены сярод пабітых мечам; яны ляжаць зь неабрэзанымі, што сышлі ў магілу.
Там — Едом, каралі ягоныя а ўсі князі ягоныя, напярэк усяе моцы свае, паложаны ля забітых мячом; яны ляжаць ізь неабрэзанымі й зошлымі да ямы.
Там уладары поўначы, усе яны і ўсе Сіданяне, якія сышлі туды з пабітымі, бо былі пасаромленыя ў магутнасьці сваёй, што наводзіла жах, — і ляжаць яны зь неабрэзанымі, пабітымі мечам, і нясуць ганьбу сваю з тымі, што адышлі ў магілу.
Там князі поўначы, усі яны і ўсі Сыдоняне, што зышлі із забітымі із страхам сваім, саромячыся моцы свае, і ляжаць неабрэзаныя із забітымі мячом, і будуць несьці ганьбу сваю із зыходзячымі да ямы.
Убачыць іх фараон і суцешыцца ўсім мноствам сваім, пабітым мечам, фараон і ўсё войска ягонае, кажа Гасподзь Бог.
Фараон абача іх і ўсьцешыцца з усёга люду свайго, забіты мячом Фараон а ўсе войска ягонае, — агалашае Спадар СПАДАР; —
Бо Я пашыру страх Мой на зямлі жывых, і пакладзены будзе фараон і ўсё мноства ягонае сярод неабрэзаных з пабітымі мечам, кажа Гасподзь Бог.
Бо Я навяду жах Свой на зямлю жывых, і яго паложаць сярод неабрэзаных із забітымі мячом, фараона а ўвесь люд ягоны», — агалашае Спадар СПАДАР.