Езэкііля 43 разьдзел
Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча
І прывёў мяне да брамы, да той брамы, якая выходзіць на ўсход.
І прывёў мяне да брамы, да брамы, што на ўсход.
І вось, слава Бога Ізраілевага ішла з усходу, і голас Яго — як шум многіх водаў, і зямля асьвяцілася ад славы Яго.
І вось, слава Бога Ізраелявага йшла з усходняе дарогі, і голас Ягоны — як шум шмат водаў, і зямля зазьзяла славаю Ягонаю.
Гэтая ўява была такая самая, якую я бачыў раней, такая ж самая, якую я бачыў, калі прыходзіў абвясьціць пагібель гораду, і ўявы, падобныя да ўяваў, якія бачыў я каля ракі Ховара. І я ўпаў на аблічча маё.
І гэта было подле зьявы відзені, што я відзеў, подле відзені, каторую я відзеў, як я прыходзіў зьнішчыць места; і відзені былі падобныя да відзені, што я відзеў ля ракі Хевар. І паў я на від свой.
І слава Госпада ўвайшла ў храм праз браму, што выходзіць на ўсход.
І слава СПАДАРОВА ўвыйшла ў дом брамаю, што на ўсход.
І падняў мяне дух і ўвёў мяне ва ўнутраны двор, і вось слава Госпада напоўніла ўвесь храм.
І падняў мяне дух, і прывёў на нутраны панадворак; і вось, слава СПАДАРОВА напоўніла панадворак.
І я чуў кагосьці, які гаварыў мне з храма, а той муж стаяў каля мяне,
І я чуў Гукаючага да мяне з дому, і муж стаяў ля мяне;
і сказаў мне: сыне чалавечы! гэта месца трона Майго і месца ступакам ног Маіх, дзе Я буду жыць сярод сыноў Ізраілевых вавекі; і дом Ізраілеў ня будзе больш апаганьваць сьвятога імя Майго, ні яны, ні цары іхнія, блудадзействам сваім і трупамі цароў сваіх на вышынях іхніх.
І Ён сказаў імне: «Сыну людзкі! гэтае месца пасаду Майго і месца ступам ног Маіх, ідзе я буду жыць сярод сыноў Ізраелявых на векі; і наперад сьвятога імені Майго ня будзе плюгавіць дом Ізраеляў, яны ані каралёве іхныя бязулствам сваім, ані здыхатою каралёў сваіх на ўзвышшах іхных,
Яны ставілі парог свой каля парога Майго і вяроўкі дзьвярэй сваіх каля пераддзьвер’я Майго, так што адна сьцяна была паміж Мною і імі, і апаганьвалі сьвятое імя Маё мярзотамі сваімі, якія рабілі, і за тое Я пагубіў іх у гневе Маім.
Ставячы парог свой ля парогаў Маіх і вушакі ля вушакоў Маіх, адно ізь сьцяною памеж іх; яны нават плюгавілі сьвятое імя Мае брыдамі сваімі, што яны рабілі; за тое Я загубіў іх у гневе Сваім.
А цяпер яны адвядуць ад Мяне блудадзейства сваё і трупы цароў сваіх, і Я буду жыць сярод іх вавекі.
Цяпер няхай яны аддаляць ад Мяне бязулства сваё і здыхату каралёў сваіх, і Я буду жыць сярод іх на векі.
Ты, сыне чалавечы, абвясьці дому Ізраілеваму пра храм гэты, каб яны пасаромеліся пахібаў сваіх, і каб зьнялі зь яго меру.
Ты, сыну людзкі, паведай праз гэты дом дому Ізраеляваму, каб яны засароміліся бяспраўяў сваіх, і няхай памераюць зразу яго.
І калі яны пасаромеюцца ўсяго таго, што рабілі, дык пакажы ім выгляд храма і разьмяшчэньне яго, і выхады яго і ўваходы яго, і ўсе абрысы яго і ўсе статуты яго, і ўсе вобразы яго і ўсе законы яго, і напішы на вачах у іх, каб яны захавалі ўсе абрысы яго і ўсе статуты яго і дзеялі згодна зь імі.
І, як яны засаромяцца ўсяго, што яны рабілі, зьясьні ім рысунак дому а зразу яго а выхады зь яго а ўходы ў яго а ўсі хормы яго а ўсі ўставы яго а ўсі рысункі яго а ўсі правы яго, і напішы на ачох іх, каб яны дзяржалі цэлы рысунак яго і ўсі ўставы яго і подле іх рабілі.
Вось закон храма: на вяршыні гары ўся прастора яго вакол — Сьвятое Сьвятых; вось закон храма!
Гэта права дому: на версе гары ўся граніца яго навокал, навокал —Сьвятое Сьвятых; вось, гэта права дому!
І вось памеры ахвярніка ў локцях, лічачы локаць у локаць з далоняю: аснова ў локаць, шырыня ў локаць таксама, і пояс па ўсіх краях яго ў адну пядзю; і вось задні бок ахвярніка.
І гэта памеры аброчніка ў локцях, а локаць ё локаць із даланёю: под — локаць, і ўшыркі — локаць, і аблямаваньне яго па краёх яго навокал аднае пядзі; і гэта выступ аброчніка.
Ад асновы, што ў зямлі, да ніжняга выступу два локці, а шырынёю ён у адзін локаць; ад малога выступа чатыры локці, а шырыня яго ў адзін локаць.
Ад поду ля зямлі да ніжшага выступу — два локці, а ўшыркі — адзін локаць; і ад меншага выступу да большага выступу — чатыры локці, а ўшыркі — локаць.
Сам ахвярнік вышынёю ў чатыры локці; і з ахвярніка падымаюцца ўгору чатыры рагі.
І аброчнік чатырох локцяў увышкі, а ад аброчніка дагары чатыры рагі.
Ахвярнік мае дванаццаць локцяў даўжыні і дванаццаць шырыні; ён чатырохвугольны на ўсе свае чатыры бакі.
І аброчнік — двананцаць локцяў удаўжкі, двананцаць ушыркі, чатыракутні на чатырох старанах сваіх.
А ў пляцоўцы чатырнаццаць локцяў даўжыні і чатырнаццаць шырыні на ўсе чатыры бакі яе, і вакол яе пояс у паўлокця, а аснова яе ў локаць вакол, а прыступкі да яе з усходу.
І выступ — чатырнанцаць локцяў удаўжкі і чатырнанцаць ушыркі на чатырох старанах сваіх, і аблямаваньне навокал яго паў локця, і под яго — локаць навокал; і ўступы да яго з усходу».
І сказаў ён мне: сыне чалавечы! так кажа Гасподзь Бог; вось статуты ахвярніка на той дзень, калі ён будзе зроблены для прынашэньня на ім цэласпаленьняў і для крапленьня на Яго крывёю.
І сказаў Ён імне: «Сыну людзкі! гэтак кажа Спадар СПАДАР: "Гэта ўставы аброчніка на тый дзень, калі зробяць яго, каб абракаць усепаленьні на ім і крапіць крывёю на яго.
Сьвятарам ад калена Лявіінага, якія з племя Садока, якія набліжаюцца да Мяне, каб служыць Мне, кажа Гасподзь Бог, дай цяля са статку валоў у ахвяру за грэх;
І ты дай цялё-бычка на аброк за грэх сьвятаром Левітам, што з насеньня Садокавага, каторыя бліжацца да Мяне, служыць Імне, кажа Спадар СПАДАР.
і вазьмі крыві ягонай, і пакрапі на чатыры рагі яго і на рагі пляцоўкі, і на пояс вакол, і так ачысьці яго і асьвяці яго.
І вазьмі з крыві яго, і палажы на чатыры рагі яго, і на чатыры куты выступу яго, і на аблямаваньне навокал; гэтак ачысьціш і адзяржыш ласкіўчыненьне яму.
І вазьмі цяля ў ахвяру за грэх і спалі яго на назначаным месцы Дома па-за сьвяцілішчам.
І вазьмі цялё-бычка на аброк за грэх, і спалі яго на прызначаным месцу дому вонках сьвятыні.
А на другі дзень у ахвяру за грэх прынясі з казінага статку казла без заганы, і няхай ачысьцяць ахвярнік гэтак сама, як ачышчалі цялём.
І назаўтрае абрачы з роду козаў бяз гану на аброк за грэх, і ачысьцяць аброчнік, як ачысьцілі цялём.
Калі ж закончыш ачышчэньне, прывядзі са стаку авечак — барана без заганы, і са статку авечак — барана без заганы;
Як скончыш ачышчэньне, абрачы цялё бяз гану й барана бяз гану з авец,
і прынясі іх перад аблічча Госпада; і сьвятары кінуць на іх солі і ўзьнясуць іх на цэласпаленьне Госпаду.
І дабліж іх да СПАДАРА, і хай сьвятары кінуць солі на іх і абракуць іх на ўсепаленьне СПАДАРУ.
Сем дзён прынось у ахвяру за грэх па казлу ў дзень; гэтак сама хай прыносяць у ахвяру па цяляці са статку валоў і па баране са статку авечак без заганы.
Сем дзён гатуй кажны дзень казла на аброк за грэх, а яны хай прыгатуюць таксама цялё-бычка а барана бяз гану з авец.
Сем дзён яны павінны ачышчаць ахвярнік і асьвячаць яго, і напаўняць рукі свае.
Сем дзён няхай чыняць залашчаньне за аброчнік і ачышчаюць яго, і пасьвячаюць яго.
Пасьля гэтых дзён, у восьмы дзень і далей, сьвятары будуць узносіць на ахвярніку вашыя цэласпаленьні і падзякавальныя ахвяры; і Я буду літасьцівы да вас, кажа Гасподзь Бог.
І як гэтыя дні скончацца, і будзе на восьмы дзень і далей, што зробяць сьвятары на аброчніку ўсепаленьне вашае а супакойныя аброкі вашы, і Я ўпадабаю вас", — кажа Спадар СПАДАР».