Езэкііля 35 разьдзел
Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча
І было мне слова Гасподняе:
І было імне слова СПАДАРОВА, кажучы:
сын чалавечы! павярні аблічча тваё да гары Сэір і вымаві на яе прароцтва
«Сыну людзкі! зьвярні від свой да гары Сэір і праракай празь яе,
і скажы ёй: так кажа Гасподзь Бог: вось Я — на цябе, гара Сэір! і працягну на цябе руку Маю і зраблю цябе пустою і незаселенаю.
І кажы ёй: "Гэтак кажа Спадар СПАДАР: "Гля, Я на цябе, гара Сэір, і выцягну руку Сваю на цябе, і зраблю цябе спустошанай а жахлівай.
Гарады твае ператвару ў разваліны, і ты сама апусьцееш і ўведаеш, што Я — Гасподзь.
Месты твае абярну ў разьвярненьне, і ты запусьцееш, і даведаешся, што Я — СПАДАР,
Як што ў цябе вечная варожасьць, і ты аддавала сыноў Ізраілевых у рукі мечу ў час няшчасьця іхняга, у час канчатковай пагібелі,
Бо ты мела кажначасную ненавіднасьць і перадавала сыноў Ізраелявых мячу ў часе няшчасьця іхнага, у часе канца бяспраўя іхнага.
за гэта, жыву Я! кажа Гасподзь Бог, зраблю цябе крывёю, і кроў будзе перасьледаваць цябе; як што ты не ненавідзела крыві, дык кроў і будзе перасьледаваць цябе.
За тое, жыў Я, — агалашае Спадар СПАДАР, — да крыві Я прызначаю цябе, і кроў будзе перасьледаваць цябе; за тое што не ненавідзіла крыві, то будзе кроў перасьледаваць цябе.
І зраблю гару Сэір пустым і бязьлюдным стэпам і вынішчу на ёй прыхадня і вяртанца.
Я аддам гару Сэір на зумленьне а спустошаньне, і адатну зь яе таго, хто прыходзе, і таго, хто зварачаецца,
І напоўню вышыні яе забітымі яе: на пагорках тваіх і ў далінах тваіх і ва ўсіх калдобінах тваіх будуць падаць пабітыя мечам.
І напоўню горы ейныя забітымі ейнымі: на ўзгорках тваіх, і на далінах тваіх, і ў цур’ёх тваіх будуць валіцца ў іх забітыя мячом.
Зраблю цябе пустыняю вечнаю, і ў гарадах тваіх ня будуць жыць, і ўведаеце, што Я — Гасподзь.
Вечнаю пустынёю зраблю цябе, і месты твае ня будуць зьвернены, і даведаецеся, што Я — СПАДАР;
Так, як ты казала: гэтыя два народы і гэтыя дзьве зямлі будуць мае, і мы завалодаем імі, хоць і Гасподзь быў там,
Бо ты казала: "Гэтыя два народы і гэтыя два краі будуць мае, і мы будзем дзяржаць іх", хоць СПАДАР быў там.
за тое, жыву Я! кажа Гасподзь Бог, зраблю з табою ў меру нянавісьці тваёй, якую ты выказала зь нянавісьці тваёй да іх, і яўлю Сябе ім, калі буду судзіць цябе.
За тое, жыў Я, — агалашае Спадар СПАДАР, — Я ўчыню подле гневу твайго і подле завіднасьці твае, каторую ты выказала зь ненавіднасьці да іх, і стану ведамным меж іх, як буду судзіць цябе.
І ўведаеш, што Я Гасподзь чуў усе глумленьні твае, якія ты вымаўляла на горы Ізраілевыя, кажучы: «апусьцелі! нам аддадзены, каб мы зьелі!»
І даведаешся, што Я — СПАДАР, і што Я пачуў усі блявузґаньні твае, каторыя ты гукала на горы Ізраелявы, кажучы: "Яны спустошаны, яны даны нам пажэрці".
Вы пышыліся перада Мною языком вашым і памнажалі прамовы вашыя супроць Мяне; я чуў гэта.
Дык вуснамі сваімі вы вяльмуваліся перад Імною і мнажылі словы свае на Мяне; Я чуў’.
Так кажа Гасподзь Бог: калі ўся зямля будзе радавацца, Я зраблю цябе пустыняю.
Гэтак Спадар СПАДАР: ’Як уся зямля будзе цешыцца, Я спустошанаю зраблю цябе.
Як ты радавалася таму, што доля дому Ізраілевага апусьцела, так зраблю Я і з табою: спустошана будзеш, гара Сэір, і ўся Ідумэя разам, — і ўведаюць, што Я — Гасподзь.
Як ты цешылася із спадку дому Ізраелявага, бо ён быў спустошаны, так Я зраблю табе: ты будзеш чыста спустошаная, гара Сэір а ўвесь Едом; і даведаюцца, што Я — СПАДАР’".