Езэкііля 39 разьдзел

Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

А ты, сыне чалавечы, прамові прароцтва на Гога і скажы: так кажа Гасподзь Бог: вось Я — на цябе, Гог, князь Роша, Мэшэха і Тувала!
 
І ты, сыну людзкі, праракай праз Гога і скажы: "Гэтак кажа Спадар СПАДАР: ’Гля, Я на цябе, Гожа, галоўны княжа Мешэха а Фувала!

І павярну цябе і павяду цябе, і выведу цябе ад краёў поўначы і прывяду цябе на горы Ізраілевыя.
 
І зьвярну цябе, і павяду цябе, і вывяду цябе з паўночных старон, і прывяду цябе на горы Ізраелявы.

І выб’ю лук твой зь левай рукі тваёй і выкіну стрэлы твае з правай рукі тваёй.
 
І выб’ю лук твой зь левае рукі твае, і выкіну стрэлы твае з правае рукі твае.

Упадзеш ты на горах Ізраілевых, і ты і ўсе палкі твае і народы, якія з табою; і аддам цябе, каб зьелі, розным драпежным птушкам і зьвярам польным.
 
На горах Ізраелявых павалішся ты, ты а ўсі вяткі твае а люды, што з табою; усялякім дзярлівым птушкам а зьвяром палявым аддам цябе пажэрці.

На адкрытым полі ўпадзеш, бо Я сказаў гэта, кажа Гасподзь Бог.
 
Ты павалішся ў чыстым полю, бо Я казаў, — агалашае Спадар СПАДАР. —

І пашлю агонь на зямлю Магог і на жыхароў астравоў, якія жывуць у бясьпецы, і ўведаюць, што Я — Гасподзь.
 
І прышлю цяпло на Маґоґа й меж тых, што жывуць нядбайна на абтоку; і даведаюцца, што Я — СПАДАР.

І яўлю сьвятое імя Маё сярод народу Майго, Ізраіля, і ня дам наперад няславіць сьвятога імя Майго, — і ўведаюць народы, што Я — Гасподзь, Сьвяты ў Ізраілі.
 
І ўчыню ведамым сьвятое імя Сваё сярод люду Свайго Ізраеля, і наперад не дазволю будзеніць сьвятога імені Свайго: і даведаюцца народы, што Я — СПАДАР, Сьвяты ў Ізраелю.

Вось гэта і прыйдзе і збудзецца, кажа Гасподзь Бог, гэта той дзень, пра які Я сказаў.
 
Вось, гэта прыйдзе й станецца, — агалашае Спадар СПАДАР, — таго дня, праз каторы Я казаў.

Тады жыхары гарадоў Ізраілевых выйдуць і раскладуць агонь і будуць паліць зброю, шчыты і латы, лукі і стрэлы, і булавы і дзіды, сем гадоў будуць паліць іх.
 
І выйдуць жыхары местаў ізраелявых, і раскладуць цяпло, і будуць паліць зброю, шчыты а панцыры, лукі а стрэлы, булавы а дзіды, і сем год будуць паліць іх цяплом.

І ня будуць насіць дроў з поля, ані сячы іх у лясах, а будуць паліць толькі зброю; і абрабуюць рабаўнікоў сваіх і абяруць абіральнікаў сваіх, кажа Гасподзь Бог.
 
І ня будуць берці дроў з поля ані сячы зь лясоў, бо будуць паліць зброю цяплом; і будуць глабаць тых, што глабалі іх, і здабываць здабытак у тых, што здабывалі ў іх’, — кажа Спадар СПАДАР.

І будзе ў той дзень: дам Гогу месца на магілу ў Ізраілі, даліну, па якой праходзяць на ўсход ад мора, і яна будзе затрымліваць праходняў; і пахаваюць там Гога і ўсё полчышча ягонае і называцьмуць яе далінаю полчышча Гогавага.
 
І станецца таго дня: Я дам Ґоґу месца там пахову ў Ізраелю, даліну падарожных на ўсход ад мора, і яна будзе задзержаваць падарожных, і там пахаваюць Ґоґа а ўвесь люд ягоны, і назавуць яе даліною множасьці Ґоґавае.

І дом Ізраілеў сем месяцаў будзе хаваць іх, каб ачысьціць зямлю.
 
І сем месяцаў будзе дом Ізраеляў хаваць іх, каб ачысьціць зямлю.

І ўвесь народ зямлі будзе хаваць іх, і славуты будзе ў іх дзень, калі Я праслаўлю Сябе, кажа Гасподзь Бог.
 
І будзе хаваць яго ўвесь люд зямлі, і будзе ім дзень славуты тым, што Я буду ўслаўлены, — агалашае Спадар СПАДАР. —

І назначаць людзей, якія ўвесь час будуць абыходзіць зямлю і з дапамогаю прахожых хавацьмуць тых, што засталіся на паверхні зямлі — дзеля ачышчэньня яе: а як пройдзе сем месяцаў яны пачнуць рабіць пошукі,
 
І людзёў кажначасных выдзяляць, па зямлі праходзячых, хаваць тых падарожных, што застануцца на зьверху зямлі, каб ачысьціць яе; як мінець сем месяцаў, яны будуць шукаць.

і калі хто з тых, што абыходзяць зямлю, убачыць костку чалавечую, той паставіць каля яе знак, пакуль пахавальнікі не пахаваюць яе ў даліне полчышча Гогавага
 
І пройдуць праходзячыя па зямлі, і абачаць косьць людзкую, і ўткнуць тычку ля яе, пакуль пахоўнікі не пахаваюць яе ў даліне множасьці Ґоґавае.

І будзе імя гораду: Гамона. І так ачысьцяць яны зямлю.
 
І таксама імя места будзе: "Гамона". Гэтак ачысьцяць зямлю’".

А ты, сыне чалавечы, — так кажа Гасподзь Бог, скажы розным птушкам і ўсім зьвярам польным: зьбірайцеся і йдзеце, з усіх бакоў сыходзьцеся да ахвяры Маёй, якую Я закалю вам, да вялікай ахвяры на горах Ізраілевых, — і есьцімеце мяса і піцьмеце кроў:
 
Ты ж, сыну людзкі, гэтак кажа Спадар СПАДАР: "Кажы птушкам кажнага пер’я й кажнаму зьвераняці палявому: ’Зьбірайцеся й прыходзьце, зьбірайцеся з аколіцаў на Мой аброк, што абракаю вам, аброк вялікі на горах Ізраелявых, каб вы елі мяса й пілі кроў.

мяса мужоў дужых будзеце есьці і будзеце піць кроў князёў зямлі, бараноў, ягнят, казлоў і цялят, усіх выкармленых на Васане;
 
Мяса дужых будзеце есьці і піць кроў князёў зямлі, бараноў, ягнят а казлоў, валоў, — усі зь іх укормленыя на Вашане.

і будзеце есьці тлушч удосыць і піць кроў дап’яна з ахвяры Маёй, якую Я закалю вам.
 
І будзеце есьці тук, пакуль не пад’ясьце досыць; і піць кроў, пакуль ня ўп’іцеся з Майго аброку, каторы Я аброк вам.

І насыціцеся за сталом Маім конямі і коньнікамі, мужамі дужымі і ўсякімі людзьмі вайсковымі, кажа Гасподзь Бог.
 
Гэтак пад’ясьце із столу Майго коні а цялежак дужасілаў а ўсіх вояў, — кажа Спадар СПАДАР. —

І яўлю славу Маю паміж народамі, і ўсе народы ўбачаць суд Мой, які Я ўчыню, і руку Маю, якую Я накладу на іх.
 
І Я зьяўлю славу Сваю меж народаў, і ўсі народы абачаць суд Мой, што Я ўчыніў, і руку Маю, што Я палажыў на іх.

І будзе ведаць дом Ізраілеў, што Я — Гасподзь Бог іхні, ад сёньня і далей.
 
Дык даведаецца дом Ізраеляў, што Я — СПАДАР, Бог іх, адгэтуль і далей.

І ўведаюць народы, што дом Ізраілеў быў пераселены за няпраўду сваю; за тое, што яны паводзіліся вераломна перада Мною, Я схаваў ад іх аблічча Маё і аддаў іх у рукі ворагам іхнім, — і ўсе яны загінулі ад меча.
 
І даведаюцца народы, што ў бяспраўю сваім быў забраны ў палон дом Ізраеляў; бо яны ізрадзілі Мяне, за тое Я схаваў від Свой ад іх і даў іх у руку непрыяцеляў іхных; гэтак яны ўсі паваліліся ад мяча.

За нячыстасьць іхнюю і за іх пахібнасьць Я зрабіў гэта зь імі і схаваў ад іх аблічча Маё.
 
Подле нечысьцяў іхных і подле выступаў іхных Я ўчыніў ім і схаваў від свой ад іх’"».

Таму так кажа Гасподзь Бог: сёньня вярну палон Якаваў і памілую ўвесь дом Ізраілеў і падбаю паводле сьвятога імя Майго.
 
Затым гэтак кажа Спадар СПАДАР: «Цяпер Я зьвярну палон Якава і паспагадаю ўсяму дому Ізраеляваму, і буду завідны за Сваё сьвятое імя.

І адчуюць яны няславу сваю і ўсе пахібы свае, якія рабілі перада Мною, калі жыцьмуць на зямлі сваёй у бясьпецы і ніхто ня будзе запалохваць іх,
 
І пачуюць ганьбу сваю а ізраду, што яны ізрадзілі Мяне, як жылі бясьпечна ў зямлі сваёй, і ніхто іх ня страшыў,

калі Я вярну іх з народаў і зьбяру іх зь земляў ворагаў іхніх і яўлю ў іх сьвятасьць Маю перад вачамі многіх народаў.
 
Як зьвярну іх ізь людаў і зьбяру іх ізь земляў непрыяцеляў іхных, і ўсьвячуся ў іх на ачох шмат народаў;

І ўведаюць, што Я — Гасподзь Бог іхні, калі, расьсеяўшы іх сярод народаў, зноў зьбяру іх у зямлю іхнюю і не пакіну ўжо там ніводнага зь іх.
 
Тады яны даведаюцца, што Я — СПАДАР, Бог іх, каторы прычыніў, што яны пайшлі ў палон меж народаў; зьбер іх, адылі, да собскае зямлі іхнае, і не пакінуў зь іх нікога там.

І ня будуць ужо хаваць ад іх твару Майго, бо Я вылью дух Мой на дом Ізраілеў, кажа Гасподзь Бог.
 
І ўжо ня буду хаваць віду Свайго ад іх, бо выльлю дух Свой на дом Ізраеляў», — агалашае Спадар СПАДАР.