Езэкііля 4 разьдзел
Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча
І ты, сыне чалавечы, вазьмі сабе цагліну і пакладзі яе перад сабою, і накрэсьлі на ёй горад Ерусалім;
І ты, сыну людзкі, вазьмі цэглу й палажы яе перад сабою, і нарысуй на ёй места Ерузалім.
і наладзь аблогу супроць яго і зрабі ўмацаваньне супроць яго, і насып вал вакол яго і разьмясьці табар супроць яго, і расстаў вакол супроць яго сьценабітныя машыны;
І нарысуй аблогу супроці яго, і збудуй вартаўнічую вежу, і насып вал супроці яго, разлажы табар супроці яго, і пастанаві навокал абложныя тараны супроці яго.
і вазьмі сабе жалезную дошку і пастаў яе, як бы жалезную сьцяну паміж табою і горадам, і зьвярні на яго аблічча тваё, і ён будзе ў аблозе, і ты аблягай яго. Гэта будзе азнака дому Ізраілеваму.
Адлі вазьмі сабе бляху і пастанаві яе як зялезную сьцяну памеж сябе й места, і зьвярні від свой на яе, яна будзе абложана, і ты будзеш аблягаць яе. Гэта знак дому Ізраеляваму.
А ты кладзіся на левы бок твой і паглядзі на яго беззаконьне, на правіны дому Ізраілевага: па ліку дзён, колькі будзеш ляжаць на ім, ты будзеш несьці беззаконьне іхняе.
І ты ляж на левы бок свой, і ўзлажы бяспраўе дому Ізраелявага на яго: подле ліку дзён, каторыя праляжыш на ім, ты будзеш несьці бяспраўе іхнае.
І Я вызначыў табе гады беззаконьня іхняга лікам дзён: трыста дзевяноста дзён ты будзеш несьці беззаконьне дому Ізраілевага.
Бо Я залічу табе гады бяспраўя іхнага подле ліку дзён: трыста дзевяцьдзясят дзён гэтак ты будзеш несьці бяспраўе дому Ізраелявага.
І калі выканаеш гэта, дык другі раз кладзіся ўжо на правы бок, і сорак дзён нясі на сабе беззаконьне дому Юдавага, дзень за год, дзень за год Я вызначыў табе.
І як ты выпаўніш гэта, другім разам кладзіся на правы бок свой, і ты будзеш несьці бяспраўе дому Юдзінага сорак дзён: дзень за год, дзень за год Я прызначыў табе.
І зьвярні аблічча тваё і аголеную правую руку тваю на аблогу Ерусаліма, і прароч супроць яго.
І на аблогу Ерузаліму прыгатуй від свой, і рука твая няхай будзе голая, і праракай супроці іх.
Вось, я наклаў на цябе аковы, і ты не павернешся з аднаго боку на другі, пакуль ня выцерпіш дзён аблогі тваёй.
І, гля, я ўзлажыў на цябе паварозы, і ты не павернешся з аднаго боку на другі, пакуль ня скончыш дзён аблогі свае.
Вазьмі сабе пшаніцы і ячменю, і бабоў і сачыўкі, і проса і вікі, і ўсып іх у адну пасудзіну, і зрабі сабе зь іх хлябы, па ліку дзён, якія ты будзеш ляжаць на баку тваім; трыста дзевяноста дзён ты будзеш есьці іх.
І ты вазьмі сабе пшонкі а ячменю а бобу а сачыўкі а проса а палбы, і палажы гэта ў вадну судзіну, і ўчыні хлеб ізь іх подле ліку дзён, што будзеш ляжаць на баку сваім: трыста дзевяцьдзясят дзён будзеш жывіцца імі.
І ежу тваю, якою будзеш карміцца, еж вагою, па дваццаць сікляў на дзень; ад часу да часу еж гэта.
І ежа твая, што ты будзеш есьці, мае быць вагою дваццаць сыкляў на дзень; час ад часу будзеш есьці яе.
І ваду пі мераю, па шасьціне гіна пі, ад часу да часу пі так.
І ваду ты будзеш піць мераю, па шостай часьці гіна, ад часу да часу будзеш піць.
І еж, як ячныя ляпёшкі, і пячы іх на вачах у іх на чалавечым кале.
І ты будзеш есьці гэта, як ячныя перапечкі, і будзеш пячы іх на людзкім кале на ачох люду».
І сказаў Гасподзь: так сыны Ізраілевыя будуць есьці нячысты хлеб свой сярод тых народаў, да якіх Я выганю іх.
І сказаў СПАДАР: «Аж так сынове Ізраелявы будуць есьці ўбрудзянены хлеб свой меж народаў, куды Я пражану іх».
Тады сказаў я: о, Госпадзе Божа! душа мая ніколі не апаганьвалася, і мярцьвяціны і зьверам разадранага я ня еў ад маладосьці маёй да сёньня; і ніякае нячыстае мяса не ўваходзіла ў вусны мае.
І сказаў я: «Авохці імне, Спадару Божа! гля, душа мая не забрудзянена, бо з маладосьці свае аж дагэтуль я ня еў здыхаты ані разарванага, і ніякае абрыдонае мяса ня прыходзіла ў рот мой».
І сказаў Ён мне: вось, Я дазваляю табе, замест чалавечага калу, каровін памёт, і на ім гатуй хлеб твой.
І сказаў Ён імне: «Гля, Я дам табе карові кал замест людзкога, і ты ўчыні хлеб свой на ім».
І сказаў мне: сыне чалавечы! вось, Я струшчу ў Ерусаліме хлебную апору, і будуць есьці хлеб вагою і ў смутку і ваду будуць піць мераю і ў паныласьці;
Адлі сказаў імне: «Сыну людзкі, гля, Я патрышчу падпору хлеба ў Ерузаліме, і будуць есьці хлеб вагою а із журбою, і будуць піць ваду мераю і із задумленьням,
бо ў іх будзе нястача хлеба і вады; і яны з жахам будуць глядзець адно на аднаго і змарнеюць у грахоўнасьці сваёй.
Што ня стане хлеба й вады, і будуць зумявацца адзін із аднаго ў страху і нішчэць за бяспраўе свае.