Езэкііля 4 разьдзел
Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча
І ты, сын чалавечы, вазьмі сабе таблічку гліняную, і пакладзі яе перад сабою, і намалюй на ёй горад Ерузалім.
І ты, сыну людзкі, вазьмі цэглу й палажы яе перад сабою, і нарысуй на ёй места Ерузалім.
І пастаў на ёй аблогу супраць яго, і пабудуй вежы, і насып вал, і пастаў супраць яго лагер, і пастаў тараны кругом.
І нарысуй аблогу супроці яго, і збудуй вартаўнічую вежу, і насып вал супроці яго, разлажы табар супроці яго, і пастанаві навокал абложныя тараны супроці яго.
І вазьмі сабе патэльню жалезную, і пастаў яе на мур жалезны між сабою і горадам; і павярні твар свой да яе, і трапіць ён у аблогу, і ты акружыш яго: гэта будзе знак для дому Ізраэля.
Адлі вазьмі сабе бляху і пастанаві яе як зялезную сьцяну памеж сябе й места, і зьвярні від свой на яе, яна будзе абложана, і ты будзеш аблягаць яе. Гэта знак дому Ізраеляваму.
І ляж на левы бок свой, і ўскладзі правіннасці дому Ізраэля на яго; столькі дзён будзеш прымаць правіннасць іх, колькі будзеш на ім ляжаць.
І ты ляж на левы бок свой, і ўзлажы бяспраўе дому Ізраелявага на яго: подле ліку дзён, каторыя праляжыш на ім, ты будзеш несьці бяспраўе іхнае.
Я ж даў табе гады правіннасці іх у ліку трохсот дзевяноста дзён, і будзеш несці правіннасць дому Ізраэля.
Бо Я залічу табе гады бяспраўя іхнага подле ліку дзён: трыста дзевяцьдзясят дзён гэтак ты будзеш несьці бяспраўе дому Ізраелявага.
І калі гэта скончыш, ляжаш тады на правы бок свой і будзеш прымаць правіннасць дому Юды сорак дзён; Я залічаю табе адзін дзень за кожны паасобны год.
І як ты выпаўніш гэта, другім разам кладзіся на правы бок свой, і ты будзеш несьці бяспраўе дому Юдзінага сорак дзён: дзень за год, дзень за год Я прызначыў табе.
І на аблогу Ерузаліма звернеш аблічча сваё, і хай аголенае будзе плячо тваё, ды будзеш прарочыць супраць яго.
І на аблогу Ерузаліму прыгатуй від свой, і рука твая няхай будзе голая, і праракай супроці іх.
Вось, Я накладаю на цябе путы, і так доўга не павернешся з аднаго боку твайго на другі, пакуль не будуць скончаны дні тваёй аблогі.
І, гля, я ўзлажыў на цябе паварозы, і ты не павернешся з аднаго боку на другі, пакуль ня скончыш дзён аблогі свае.
І вазьмі сабе пшаніцы, і ячменю, і бобу, і сачавіцы, і проса, і жытняй мукі ды ўсё ўкладзі ў адну пасудзіну і прыгатуй сабе з гэтага хлеб на столькі дзён, колькі будзеш ляжаць на сваім баку — трыста дзевяноста дзён будзеш ты есці яго.
І ты вазьмі сабе пшонкі а ячменю а бобу а сачыўкі а проса а палбы, і палажы гэта ў вадну судзіну, і ўчыні хлеб ізь іх подле ліку дзён, што будзеш ляжаць на баку сваім: трыста дзевяцьдзясят дзён будзеш жывіцца імі.
А твая ежа, якую будзеш есці, будзе важыць дваццаць сікляў на дзень; раз на дзень будзеш яе есці.
І ежа твая, што ты будзеш есьці, мае быць вагою дваццаць сыкляў на дзень; час ад часу будзеш есьці яе.
Ваду таксама ашчадна будзеш піць: будзеш піць на дзень адну шостую гіна.
І ваду ты будзеш піць мераю, па шостай часьці гіна, ад часу да часу будзеш піць.
І будзеш гэта есці, як хлеб ячменны; і будзеш пячы гэта на вачах іх на кале чалавечым».
І ты будзеш есьці гэта, як ячныя перапечкі, і будзеш пячы іх на людзкім кале на ачох люду».
І дадаў Госпад: «Гэтак будуць есці ізраэльцы сваю нячыстую ежу сярод паганаў, да якіх Я выкіну іх».
І сказаў СПАДАР: «Аж так сынове Ізраелявы будуць есьці ўбрудзянены хлеб свой меж народаў, куды Я пражану іх».
І я сказаў: «О Госпадзе, Божа, вось, душа мая не апаганеная, і ад маленства свайго аж да гэтае пары не еў я ані падліны, ані раздзёртага дзікімі звярамі, і нячыстае мяса не ўвайшло ў мае вусны».
І сказаў я: «Авохці імне, Спадару Божа! гля, душа мая не забрудзянена, бо з маладосьці свае аж дагэтуль я ня еў здыхаты ані разарванага, і ніякае абрыдонае мяса ня прыходзіла ў рот мой».
І Ён мне сказаў: «Вось, даю табе валовы гной замест калу чалавечага, і на ім гатуй хлеб свой».
І сказаў Ён імне: «Гля, Я дам табе карові кал замест людзкога, і ты ўчыні хлеб свой на ім».
І сказаў мне: «Сын чалавечы, вось, Я зламлю падпору хлеба ў Ерузаліме, так што, поўныя гора, будуць яны есці хлеб па вазе і са страхам будуць піць ваду, дакладна адмераную,
Адлі сказаў імне: «Сыну людзкі, гля, Я патрышчу падпору хлеба ў Ерузаліме, і будуць есьці хлеб вагою а із журбою, і будуць піць ваду мераю і із задумленьням,
каб, церпячы нястачу хлеба і вады, яны з жахам глядзелі адзін на аднаго, і змарнелі ў правіннасцях сваіх.
Што ня стане хлеба й вады, і будуць зумявацца адзін із аднаго ў страху і нішчэць за бяспраўе свае.