Езэкііля 45 разьдзел

Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

І калі будзеце дзяліць зямлю жэрабем, выдзеліце Госпаду святую ахвяру з зямлі даўжынёю ў дваццаць пяць тысяч прутоў і шырынёю ў дваццаць тысяч прутоў; мае гэта быць ва ўсім сваім абсягу вакол абшар святы;
 
Як будзеце дзяліць жэрабям зямлю на спадак, абрачыце аброк СПАДАРУ, сьвятую дзель зямлі ўдаўжкі дваццаць пяць тысячаў прутоў і ўшыркі дзесяць тысячаў; гэта сьвятое месца ў вусіх граніцах яго навокал.

з гэтага да святыні будзе належаць чатырохкутнік пяцьсот на пяцьсот прутоў навокал, і на пяцьдзесят локцяў вакол будуць пашы яго.
 
Зь яго будзе пад сьвятыню пяцьсот на пяцьсот, чатыракутнік навокал, і пяцьдзясят локцяў на ток яму навокал.

І з гэтага абсягу адмераеш абшар даўжынёю дваццаць пяць тысяч прутоў і шырынёй у дзесяць тысяч прутоў, і на гэтым абшары будзе святыня, месца найсвяцейшае.
 
І адмераеш удаўжкі дваццаць пяць тысячаў і ўшыркі дзесяць тысячаў, і на гэтым будзе сьвятыня, Сьвятое Сьвятых.

Гэта мае быць асвячоная частка зямлі для святароў, спаўняючых службу пры святыні, якія прыходзяць на служэнне Госпаду; і будзе гэта месца ім на дамы і на пашы для жывёлы.
 
Сьвятая дзель зямлі будзе сьвятаром, службітом сьвятыні, каторыя бліжацца служыць СПАДАРУ; яна будзе месцам пад дамы іхныя і сьвятым месцам пад сьвятыню.

А абшар даўжынёй у дваццаць пяць тысяч прутоў і шырынёй у дзесяць тысяч прутоў будзе належаць левітам, якія спаўняюць службу пры доме; гэта месца мае быць іх уласнасцю разам з гарадамі на пражыванне.
 
І дваццаць пяць тысячаў удаўжкі і дзесяць тысячаў ушыркі таксама будзе Левітам, службітом дому, каб мелі сабе на дзяржаву пад дваццаць пакояў.

І ва ўласнасць гораду дасцё абшар шырынёй у пяць тысяч прутоў і даўжынёй у дваццаць пяць тысяч прутоў, адпаведна да святой ахвяры; гэта мае належаць да ўсяго дому Ізраэля.
 
І азнача дзяржаву месту пяць тысячаў ушыркі і дваццаць пяць тысячаў удаўжкі супроці аброку сьвятое дзелі; гэта будзе цэламу дому Ізраеляваму.

Таксама кіраўніку маеце выдзеліць абшар па абодвух баках святой ахвяры і ўласнасці горада ўздоўж святой ахвяры і ўласнасці горада з боку мора аж да мора і з боку ўсходняга на ўсход, даўжынёй жа адпаведнай паасобным часткам пакаленняў, ад мяжы заходняй да мяжы ўсходняй зямлі.
 
І князю будзе дзель на адным баку і на другім баку аброку сьвятое дзелі і дзяржавы месцкае перад аброкам сьвятое дзелі і перад дзяржаваю месцкаю, із заходняе стараны на захад і з усходняе стараны на ўсход, і ўдаўжкі роўная з аднэй із тых дзеляў ад мяжы заходняе аж да мяжы ўсходняе.

Гэта зямля будзе яму ва ўласнасць у Ізраэлі, і валадары Мае не пакрыўдзяць ужо народ Мой; але пакінуць зямлю для дому Ізраэля паводле яго пакаленняў».
 
Гэта ў зямлі будзе дзяржаваю ягонаю ў Ізраелю, і наперад князі Мае ня будуць уціскаць люду Майго, і зямля будзе дана дому Ізраеляваму подле плямёнаў іхных’.

Вось што кажа Госпад Бог: «Хопіць вам, валадары Ізраэля; кіньце гвалт і прыгнёт і спаганяйце закон і справядлівасць! Перастаньце абдзіраць народ Мой! — кажа Госпад Бог.
 
Гэтак кажа Спадар СПАДАР: "Досыць вам, князі Ізраелявы, аддальце ўсілства а глабань і чыніце суд а справядлівасьць, перастаньце высіляць люд Мой, — агалашае Спадар СПАДАР. —

Хай у вас будзе справядлівая вага, і справядлівая эфа, і справядлівы бат;
 
Справядлівая вага а справядлівая ефа а справядлівы бат мае быць у вас.

эфа і бат няхай будуць аднолькавай меры, каб бат меў дзесятую частку гамера і эфа мела дзесятую частку гамера.
 
Ефа а бат маюць быць аднае меры, каб бат тоўпіў дзясятую часьць гомера: мера іх мае быць подле гомера.

Сікль жа мае мець дваццаць гер; пяць сікляў хай будзе пяць, і дзесяць сікляў хай будзе дзесяць, і пяцьдзесят хай будзе вам міна.
 
І ў сыклю дваццаць ґер; дваццаць сыкляў, дваццаць пяць сыкляў, пятнанцаць сыкляў будуць вашаю мінаю.

Гэта ёсць ахвяра, якую будзеце ахвяроўваць: шостую частку эфы з гамера пшаніцы і шостую частку эфы з гамера ячменю.
 
Во аброк, што вы будзеце абракаць: шостую часьць ефы ад гомера пшонкі, і будзеце даваць шостую часьць ефы ад гомера ячменю.

Таксама вызначана колькасць алею: бат — гэта мера для алею; павінны вы прынесці дзесятую частку бата з кора: дзесяць батаў утвараюць гамер, бо дзесяць батаў напаўняюць кор.
 
Што да загады праз алей (бат мера алею), то будзеце абракаць дзясятую часьць бата з кора; а дзесяць батаў — гомер, бо ў гомеру дзесяць батаў.

І адна авечка са статка ў дзвесце авечак з сакавітых пашаў Ізраэля як падатак, і на ахвяру з ежы, і на ахвяру прымірэння для ачышчэння для іх, — кажа Госпад Бог.
 
І аднаго баранчыка із стады зь дзьвесьце з пасьцьбішча Ізраелявага на хлебны аброк а на ўсепаленьне а на супакойныя аброкі, каб дастаць залашчэньне ім, — агалашае Спадар СПАДАР.

Увесь народ зямлі павінен гэтыя дары даваць на рукі валадара Ізраэля;
 
Увесь люд зямлі мае даваць гэты аброк князю ў Ізраелю.

і кіраўнік мае рупіцца пра цэласпаленні, і ахвяры з ежы, і ўзліванні ў святочныя дні, маладзікі, суботы ды ва ўсе ўрачыстасці народа Ізраэльскага: ён мае прыносіць ахвяру за грэх, і ахвяру з ежы, і цэласпаленні, і ахвяры прымірэння, каб ачысціць дом Ізраэля».
 
А гэта будзе абавязак князя: усепаленьні а хлебныя аброкі а ўзьліваньні ў сьвяты а на маладзікі а ў сыботы, на ўсі ўрочыстасьці дому Ізраелявага; ён будзе гатаваць аброк за грэх а хлебны аброк а ўсепаленьне а супакойныя аброкі, каб дастаць залашчаньне дому Ізраеляваму’.

Вось што кажа Госпад Бог: «У першы месяц, у першы дзень месяца возьмеш са статка маладое цяля без заганы і ачысціш свяцілішча.
 
Гэтак кажа Спадар СПАДАР: "Першага месяца, першага дня месяца ты возьмеш цялё-бычка бяз гану і ачысьціш сьвятыню.

І святар хай возьме з крыві ахвяры за грэх і пакропіць ёй на вушакі дома, і на чатыры рогі падножжа ахвярніка, на дзверы брамы ўнутранага панадворку.
 
І сьвятар возьме кроў аброку за грэх і пакропе на вушакі дому, і на чатыры куты выступу аброчніка, і на вушакі брамы нутранога панадворку.

І падобна будзеш рабіць у сёмы дзень першага месяца за кожнага, хто быў у няведанні або зграшыў, — і так ачысціце святыню.
 
Гэтак зробіш таксама сёмага дня месяца за кажнага, хто ізграшыў з прычыны абмылы альбо з дурноты, і дастанеш залашчаньне дому.

У першы месяц, чатырнаццатага дня месяца, будзеце святкаваць Пасху; сем дзён будзеце есці толькі праснакі.
 
Першага месяца, чатырнанцатага дня месяца будзе ў вас Пасха, сьвята сем дзён, маеце есьці праснакі.

І валадар павінен у той дзень як ахвяру за грэх за сябе і за ўвесь народ зямлі ахвяраваць маладое цяля;
 
І на гэты дзень прыгатуе князь за сябе а за ўвесь люд зямлі цялё-бычка на аброк за грэх.

і на працягу сямі дзён мусіць ён як цэласпаленне ахвяраваць для Госпада сем маладых цялят, і сем бараноў, жывёлу без заганы, сем дзён кожны дзень, а як ахвяру за грэх кожны дзень казла з казлінага статка;
 
І сем дзён сьвята ён будзе гатаваць усепаленьне СПАДАРУ, сем бычкоў а сем бараноў бяз гану сем дзён што дня, і казла з козаў на аброк за грэх што дня.

і як ахвяру з ежы мусіць ён ускласці па адной эфе да маладога цяляці і па эфе да барана, і гін алею на кожную эфу.
 
І прыгатуе хлебны аброк па ефе на кажнае цялё-бычка, і па ефе на барана, і па гіне алею на кажную ефу.

У сёмы месяц, у пятнаццаты дзень таго ж месяца з нагоды свята будзе ён ахвяроўваць, аб чым вышэй было казана, на працягу сямі дзён, як ахвяру за грэх, так і цэласпаленне, і ахвяру з ежы, і з алею».
 
Сёмага месяца, пятнанцатага дня месяца, у сьвята, толькі ж будзе абракаць сем дзён, як за грэх, так усепаленьне і так хлебны аброк а алей’.