Езэкііля 21 разьдзел

Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

І сказаў Госпад да мяне гэтыя словы:
 
І было слова СПАДАРОВА імне, кажучы:

«Сын чалавечы, звярні аблічча сваё на Ерузалім і яшчэ — на святыя месцы і праракуй супраць зямлі Ізраэльскай.
 
«Сыну людзкі, зьвярні від свой да Ерузаліму й кажы празь сьвятыя месцы, і праракай празь зямлю Ізраеляву,

І скажы зямлі Ізраэльскай: гэта кажа Госпад Бог: “Вось, Я супраць цябе, і выцягну меч Свой з ножан яго, і заб’ю ў цябе справядлівага і бязбожніка.
 
І скажы зямлі Ізраелявай: "Гэтак кажа СПАДАР: ’Гля, Я на цябе, і агалю меч Свой із похвы яго, і адатну ад цябе справядлівага й нягоднага.

Дзеля таго, што Я заб’ю ў цябе спавядлівага і бязбожніка, таму выйдзе меч Мой з ножан яго на ўсё жывое ад поўдня аж да поўначы,
 
Дык затым, што Я адатну ад цябе справядлівага й нягоднага, дзеля таго меч Мой выйдзе з похвы яго на кажнае цела ад паўдня аж да поўначы.

каб усе даведаліся, што Я — Госпад; выцягнуў меч Мой з ножан яго, і ён да іх ужо не вернецца”».
 
І кажнае цела даведаецца, што Я, СПАДАР, агаліў меч свой з похвы яго, ён ня зьвернецца ўжо’".

І ты, сын чалавечы, стагні, як быццам маеш сцёгны паламаныя, і ў горычы стагні на іх вачах.
 
І ты, сыну людзкі, уздыхай ломячы рукі, і ў гарчэлі ўздыхай перад ачыма іхнымі.

І калі скажуць табе: “Чаму стогнеш?” — адкажы: “Дзеля весткі, бо прыйшла яна”; і самлее кожнае сэрца, ды ўсе рукі аслабеюць, і ўсякі дух згасне, і калені захістаюцца, як вада; вось, яна прыйшла і спраўджваецца, — кажа Госпад Бог».
 
І будзе, як яны скажуць табе: "Чаму ты ўздыхаеш?" то скажы: "Ад ведамкі, бо яна прыходзе, і кажнае сэрца растае, і ўсі рукі скволеюць, і кажны дух зьнемарасьціцца, і ўсі калені зацякуць вадою. Гля, яна прыходзе й станецца", — агалашае Спадар СПАДАР».

І прамовіў Госпад да мяне гэтыя словы:
 
І было слова СПАДАРОВА імне, кажучы:

«Сын чалавечы, праракуй і кажы: гэта кажа Госпад Бог! Гавары: “Меч, меч завостраны і таксама бліскучы;
 
«Сыну людзкі, праракай а кажы: "Гэтак кажа СПАДАР", кажы: "Меч, меч найстраны а выпаліраваны:

завостраны, каб забіваць ахвяры, адшліфаваны, каб блішчаць”. Хіба будзем радавацца? Скіпетр сына Майго пагарджае кожным дрэвам.
 
Найстраны, каб добра цяў, і паліраваны, каб блішчэў". Дык ці можаш цешыцца, што прут сына Майго грэбуе кажным дзервам?

І дадзены ён, каб сціраць у парашок, каб узяць яго рукою. Меч гэты завостраны і бліскучы, каб быў ён у руцэ забіваючага.
 
І даў паліраваць яго, каб можна было няць даланёю; гэты меч найстраны а паліраваны, каб даць яго ў руку ўбіўцы.

Крычы і галасі, сын чалавечы, бо ён накіраваны супраць народа Майго, супраць усіх князёў Ізраэля, якія выведзены на меч разам з Маім народам. Таму ўдар сябе ў сцягно,
 
Галасі а вый, сыну людзкі, бо ён будзе на люд Мой, на ўсіх князёў Ізраелявых: яны даны пад меч зь людам Маім; дык бі сябе па лядзьвях.

бо выпрабаванне надышло. “І што, калі ён пагарджае скіпетрам? Такі не ўстаіць”, — кажа Госпад Бог.
 
Бо гэта спроба; і што калі нават ськіпетра пагрэбаваны — гэтак ня будзе, — агалашае Спадар СПАДАР.

Дык ты, сын чалавечы, праракуй і ўдар рукой аб руку. І хай меч падвоіцца ды хай патроіцца меч забітых: гэта меч вялікага забівання, меч вялікі, які акружае іх,
 
Дык ты, сыну людзкі, праракай і плясьні ў ладкі, і няхай меч падвоіцца, патроіцца, меч забіваньня, меч вялікага забіваньня, каторы ўходзе ў патайныя пакоі іхныя.

каб сэрца млела і каб памнажаліся ахвяры. Ва ўсіх брамах іх Я ўчыніў забойства мечам: ах, мечы, завостраныя і вычышчаныя, як бліскавіца, гатовая, каб забіваць!
 
Я пастанаўлю бліскучы меч, каб сэрца замлела і спатыкненьня памножыліся ля ўсіх брамаў іхных; Я дам лязо мяча, ах, зробленае бліскучым і найстранае на забіваньне.

“Навострывайся, хадзі направа і налева, куды толькі лязо тваё скіравана”.
 
Задзіночся направа альбо зьвярніся налева, куды від твой уцемлены.

Таксама і Я буду біць рукой аб руку, і заспакою гнеў Мой. Я, Госпад, сказаў гэта».
 
Я таксама плясну ў ладкі й спаганю палкі гнеў Свой; Я, СПАДАР, сказаў».

І сказаў Госпад да мяне гэтыя словы:
 
І было слова СПАДАРОВА імне, кажучы:

«І ты, сын чалавечы, намалюй дзве дарогі, па якіх пойдзе меч цара Бабілонскага: абедзве будуць выходзіць з аднае зямлі; і пастаў дарожны знак, пастаў на пачатку дарогі, накіраванай у горад.
 
«Таксама ты, сыну людзкі, прызнач сабе дзьве дарогі, каторымі мае прыйсьці меч караля Бабілёнскага; із аднае зямлі абедзьве выйдуць; нарысуй месца, нарысуй на пачатку дарогі да места.

Выяві дарогу, па якой пойдзе меч у Рабу сыноў Амона, і да Юды, і ў Ерузалім надта ўмацаваны.
 
Прызнач дарогу, каторай мае прыйсьці меч да Раўвы Амонскае а да Юдэі, да ўмацаванага Ерузаліму;

Бо цар Бабілона стаіць на раздарожжы, на пачатку абедзвюх дарог; каб запытацца прароцтва, ён кідае стрэлы, пытае тэрафіма і раіцца з печанню.
 
Бо адзяржаўся кароль Бабілёнскі на ростанях на пачатку дзьвюх дарог, дзеля варажбы: зрабіў стрэлы бліскучымі, трасець, радзіцца ў тэрафіма, разглядае печані.

У яго правай руцэ прароцтва пра Ерузалім: каб паставіў ён тараны, каб адчыніў вусны дзеля забойства, каб падняў крык баявы, каб паставіў тараны супраць брам, каб насыпаў вал, каб збудаваў вежы.
 
У правую руку ягоную пала жэрабя варажбітова на Ерузалім, каб выставіць тараны, адчыніць вусны на ўбіўства, узьняць галосную крыкню, прызначыць тараны супроці брамаў, насыпаць вал, збудаваць абложныя вежы.

І ў іх вачах гэтае прадказанне як быццам падманнае; і найсвяцейшымі прысягамі прысягалі яны, а ён прыгадае, аднак, правіннасць іх, каб захапіць яго.
 
І гэта ў вачох іхных будзе ім як хвальшывая варажба, бо ўрочыстая прысяга ў іх, але ён прыпомне бяспраўе, каб яны былі ўзяты.

Дзеля таго вось што кажа Госпад Бог: “За тое, што прыпомнілі вы сабе сваю злачыннасць і вашы правіны сталі яўнымі і вашы грахі праз усе вашы паводзіны сталі відавочнымі; таму, — кажу Я, — з уласнай віны будзеце злоўленыя.
 
Затым гэтак кажа Спадар СПАДАР: "Як вы напомнелі бяспраўе свае, чым адкрылі выступы свае, каб паказаць грахі свае ў вусіх учынках вашых; як вы напомнелі, вы будзеце ўзяты рукою.

А ты, нягодны бязбожнік, кіраўнік Ізраэля, якога дзень набліжаецца з апошняй тваёй злачыннасцю, —
 
І ты, збудзенены, нягодны княжа Ізраельскі, чый дзень прышоў, як бяспраўя канец!"

гэта кажа Госпад Бог: — Здымі кідар, скінь карону; бо ўсё гэта мінула. Што было малое, будзе павышана, і што высокае — паніжана.
 
Гэтак кажа Спадар СПАДАР: "Здыймі й падыймі карону, яна ня будзе такой: нізкое павышыцца, а высокае паніжыцца.

Руіны, руіны, руіны зраблю з яго; і гэтага не здарыцца, пакуль не прыйдзе той, якому належыць суд і якому Я аддам яго”.
 
У разьвярненьні, разьвярненьні, разьвярненьні Я абярну яго, і наперад яго ня будзе, пакуль ня прыйдзе Тый, Каторага права гэта, і Я аддам яго Яму".

І ты, сын чалавечы, праракуй і кажы: гэта кажа Госпад Бог да аманіцян і адносна іх знявагі; і кажы: “Меч, меч быў вынуты з ножан для забівання, завостраны для вынішчэння і блішчыць”.
 
І ты, сыну людзкі, праракай і скажы: "Гэтак кажа Спадар СПАДАР праз сыноў Амонавых і празь вярненьне іх", і скажы: "Меч, меч аголены на сьцяцьце, паліраваны, каб жэр, каб зіхцеў, як маланка.

Каб, калі табе з’яўляюцца пустыя бачанні і прарочаць падманныя прадказанні, апусціць меч і на цябе, як на каркі бязбожных злачынцаў, якіх дзень прыходзіць з апошняй іх злачыннасцю.
 
Бачаць марнасьць табе, варожаць ману табе, каб палажыў цябе на шыі забітых нягоднікаў, каторых дзень прышоў, як бяспраўю іхнаму канец.

Схавай яго ў ножны яго. У месцы, дзе ты быў створаны, у зямлі, дзе ты нарадзіўся, буду цябе судзіць.
 
Ці Я маю зьвярнуць у похву яго? Я буду судзіць цябе на месцу, ідзе ты быў створаны, у зямлі нараджэньня твайго.

І вылью на цябе Свой гнеў, распалю супраць цябе лютасць абурэння Свайго; і аддам цябе ў рукі дзікіх людзей і рабаўнікоў.
 
І выльлю на цябе абурэньне Свае, цяплом гневу Свайго дыхну на цябе і аддам цябе ў руку неразумных, людзёў — майстроў губеньня.

Ты будзеш пажывай для агню, кроў твая пацячэ пасярод зямлі; не пакінеш па сабе ўспаміну — бо Я, Госпад, сказаў гэта».
 
Ты будзеш палівам цяплу; кроў твая будзе ў зямлі; ня будуць успамінаць цябе, бо Я, СПАДАР, казаў"».