Езэкііля 44 разьдзел

Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

І завёў мяне да знешняй часткі свяцілішча, скіраванай на ўсход, і была яна замкнутай;
 
І завярнуў мяне на шлях зьнешняй брамы [месца] сьвятога, скіраванай на ўсход, і яна была замкнёная.

і сказаў мне Госпад: «Брама гэтая хай будзе замкнутая; хай не адчыняецца, і ніводзін чалавек хай не пройдзе ёю, бо Госпад, Бог Ізраэля, увайшоў праз яе, і хай будзе яна замкнутая.
 
І сказаў мне ГОСПАД: «Брама гэтая будзе замкнёная, і ня будзе адчыняцца, і ніводзін чалавек ня ўвойдзе праз яе, бо ГОСПАД, Бог Ізраіля, увайшоў праз яе, і яна будзе замкнёная.

Валадар, паколькі ён валадар, можа ў ёй сядзець, каб спажываць хлеб на віду Госпада; уваходзіць павінен ён праз прысенкі пры браме і той самай дарогай выходзіць».
 
Князь, [толькі] князь будзе сядзець у ёй, каб спажываць хлеб перад абліччам ГОСПАДА. Шляхам праз прысенкі пры браме ўвойдзе і тым самым шляхам выйдзе».

І завёў мяне ў напрамку паўночнай брамы да пярэдняга боку дома, і я глянуў, і вось, слава Госпада напоўніла дом Госпада, і я ўпаў на твар мой.
 
І завёў мяне шляхам брамы паўночнай перад аблічча Дому [Божага], і я ўбачыў, і вось, слава ГОСПАДА напоўніла Дом ГОСПАДА, і я ўпаў на аблічча маё.

І сказаў мне Госпад: «Сын чалавечы, схілі сэрца сваё, і глядзі вачамі сваімі, і слухай вушамі сваімі ўсё, што Я табе скажу адносна ўсіх пастаноў дома Госпада і адносна ўсіх законаў яго; схілі сэрца сваё на ўваход у храм і ўсе выхады свяцілішча
 
І сказаў мне ГОСПАД: «Сыне чалавечы, зьвярні сэрца тваё, і пабач вачыма тваімі, і паслухай вушамі тваімі ўсё, што Я скажу табе адносна ўсіх пастановаў Дому ГОСПАДА і адносна ўсіх законаў ягоных, і зьвярні сэрца тваё на ўсе ўваходы ў Дом гэты і на ўсе выхады з [месца] сьвятога.

і скажы бунтаўнічаму адносна Мяне дому Ізраэля: вось што кажа Госпад Бог: “Хопіць ужо ўсіх вашых агіднасцей, дом Ізраэля,
 
І скажаш да бунтаўнікоў, да дому Ізраіля: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Хопіць ужо ўсіх брыдотаў вашых, дом Ізраіля.

бо вы ўвялі чужынцаў неабрэзаных сэрцам і неабрэзаных на целе, каб былі яны ў святыні Маёй, і апаганьвалі дом Мой, калі ў ахвяры вы ўскладалі хлеб Мой, тлушч і кроў; і ўсімі агіднасцямі сваімі вы парушылі Мой запавет,
 
Вы ўвялі чужынцаў, неабрэзаных сэрцам і неабрэзаных целам, каб яны былі ў сьвятыні Маёй, і паганілі Дом Мой, калі складалі ў ахвяру хлеб Мой, тлушч і кроў; і парушылі запавет Мой брыдотамі сваімі,

і не споўнілі службы пры свяцілішчах Маіх, і паставілі іх служыць Мне ў Маім свяцілішчы”.
 
і не пільнавалі служэньня сьвятога Майго, і паставілі іх пільнаваць варту Маю ў сьвятыні Маёй.

Дзеля таго вось што кажа Госпад Бог: “Ніводзін чужынец, неабрэзаны сэрцам і неабрэзаны на целе, не можа ўваходзіць у Маю святыню, ніводзін чужынец, які жыве сярод ізраэльцаў.
 
Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Ніводзін чужынец, неабрэзаны сэрцам і неабрэзаны целам, ня ўвойдзе ў сьвятыню Маю, ніводзін чужынец, які сярод сыноў Ізраіля.

Але левіты, якія далёка адыдуць ад Мяне ў памылцы сыноў Ізраэля, якія пайшлі ад Мяне за ідаламі сваімі, панясуць кару за сваю правіннасць,
 
А тыя лявіты, якія аддаліліся ад Мяне, калі блукаў Ізраіль, калі адступіў ад Мяне, [ідучы] за ідаламі сваімі, яны панясуць беззаконьне сваё.

і яны будуць служыць у Маім свяцілішчы як вартаўнікі пры брамах дома і як паслугачы дома: яны будуць забіваць ахвяры на цэласпаленні і ахвяры для людзей, ды будуць стаяць перад імі як паслугачы іх.
 
І будуць яны ў сьвятыні Маёй служыць як вартаўнікі пры брамах Дому гэтага і абслугоўваць Дом гэты, яны будуць забіваць [ахвяры] цэласпаленьня і ахвяры крывавыя для народу, і будуць стаяць перад імі, каб служыць ім.

За тое, што яны служылі ім перад іх ідаламі і сталі для дому Ізраэля перашкодай з-за граху, таму падняў Я руку Сваю супраць іх, — кажа Госпад Бог, — мусяць яны адпакутаваць за сваю правіннасць.
 
За тое, што яны служылі ім перад абліччам ідалаў іхніх і сталіся для дому Ізраіля прычынай беззаконьня, Я ўзьняў руку Маю супраць іх, кажа Госпад ГОСПАД, і яны панясуць беззаконьні свае.

І не будуць яны набліжацца да Мяне, каб Мне служыць як святары, і не будуць дакранацца да ўсіх святых рэчаў Маіх, да найсвяцейшага, але будуць несці сваю ганьбу і пакутаваць за свае агіднасці, якіх дапусціліся.
 
І яны не наблізяцца да Мяне, каб быць сьвятарамі для Мяне і каб набліжацца да ўсіх сьвятасьцяў Маіх, да Сьвятога Сьвятых, і будуць насіць ганьбу сваю і брыдоты свае, якія ўчынілі.

І Я прызначаю іх да спаўнення ўсякай службы пры доме і да ўсяго, што трэба будзе зрабіць у ім.
 
І Я прызначу іх вартаўнікамі на варце Дому гэтага, да ўсякіх працаў і да ўсяго, што трэба будзе зрабіць у ім.

А святары левіты, сыны Садока, якія захавалі службы пры Маім свяцілішчы, калі ізраэльцы адышлі ад Мяне, яны будуць набліжацца да Мяне, каб служыць Мне і стаяць на віду Маім, каб ахвяроўваць Мне тлушч і кроў”, — кажа Госпад Бог.
 
Але сьвятары лявіты, сыны Цадока, якія вартавалі варту сьвятыні Маёй, калі сыны Ізраіля адыйшлі ад Мяне, яны наблізяцца да Мяне, каб служыць Мне і стаяць перад абліччам Маім, каб ахвяроўваць Мне тлушч і кроў, кажа Госпад ГОСПАД.

Яны маюць уваходзіць у святыню Маю, і яны маюць набліжацца да стала Майго, каб служыць Мне і пільнаваць службу Маю.
 
Яны будуць уваходзіць у сьвятыню Маю, і яны будуць набліжацца да стала Майго, каб служыць Мне і вартаваць варту Маю.

І калі ўвойдуць яны ў брамы ўнутранага панадворка, яны апрануць ільняныя шаты; і хай не апранаюць на сябе нічога з воўны, калі спаўняюць службу пры брамах унутранага панадворка і ў доме.
 
І станецца, калі яны будуць уваходзіць у брамы ўнутранага панадворку, яны апрануць шаты ільняныя; няхай не апранаюць на сябе воўну, калі вартуюць пры брамах унутранага панадворку і ў Доме гэтым.

Ільняныя павязкі хай будуць на іх галовах, і льняныя порткі хай будуць на клубах іх, і не павінны яны падпярэзвацца, каб не пацець.
 
Турбаны ільняныя будуць на галовах іхніх і порткі ільняныя будуць на сьцёгнах іхніх. Ня будуць яны падпярэзвацца, каб не пацець.

І калі будуць выходзіць на знешні панадворак да людзей, то павіннны зняць з сябе сваё адзенне, у якім спаўнялі службу, і пакласці яго ў пакоях святых, і апрануць на сябе іншыя шаты, і не асвячаць людзей у сваіх шатах.
 
А калі будуць выходзіць на вонкавы панадворак, на панадворак вонкавы да народу, яны здымуць шаты свае, у якіх яны служылі, і пакладуць у пакоях сьвятых, і апрануць іншыя шаты, каб не асьвячаць народ, [дакранаючыся] шатамі сваімі.

А галавы сваёй яны галіць не будуць і не будуць адпускаць доўгіх валасоў, але будуць стрыгчы валасы свае.
 
І галавы сваёй яны ня будуць галіць, і ня будуць запускаць [доўгіх] валасоў, але, стрыгучы, будуць стрыгчы галовы свае.

І ніводзін святар не будзе піць віна, калі мае ўваходзіць на ўнутраны панадворак.
 
І ня будзе піць віна кожны сьвятар, калі будуць уваходзіць на ўнутраны панадворак.

І не будуць яны жаніцца з удовамі або пакінутымі, але толькі з дзяўчынамі з нашчадкаў дому Ізраэля; аднак могуць жаніцца і з удавой мужа святара.
 
І ўдавы або пакінутай ня возьмуць яны за жонку, але толькі дзяўчыну з насеньня дому Ізраіля ці ўдаву, якая стала ўдавой па мужу сьвятару.

І маюць яны павучаць народ Мой аб розніцы між тым, што святое, і тым, што несвятое, а таксама аб розніцы між тым, што нячыстае, і тым, што чыстае.
 
І яны будуць навучаць народ Мой [адрозьніваць] паміж тым, што сьвятое, і тым, што звычайнае, і будуць вучыць [адрозьніваць] паміж тым, што нячыстае, і тым, што чыстае.

І калі будзе справа спрэчная, маюць яны засядаць у судзе і развязваць справы паводле законаў Маіх; маюць пільнаваць законы Мае і пастановы Мае ва ўсіх урачыстасцях Маіх ды святкаваць суботы Мае.
 
У справах спрэчных яны стануць, каб судзіць у судзе і судом Маім, судзячы, судзіць іх. І будуць захоўваць закон Мой і пастановы Мае ў-ва ўсіх урачыстасьцях Маіх, і суботы Мае будуць сьвяціць.

І не будуць набліжацца яны да трупаў, каб не апаганіцца, толькі дзеля бацькі, і маці, і сына, і дачкі, і брата, і сястры, якая мужа не мела: могуць яны занячысціцца адносна іх.
 
І да мёртвага чалавека не падыйдуць, каб не занячысьціцца, толькі дзеля бацькі, маці, сына, дачкі, брата і сястры, якая ня мела мужа, могуць яны занячысьціцца.

І пасля яго ачышчэння хай палічаць яму яшчэ сем дзён,
 
А пасьля ачышчэньня свайго адлічаць яму яшчэ сем дзён.

і ў дзень уваходу свайго ў свяцілішча, на ўнутраны панадворак, каб служыць Мне ў свяцілішчы, хай ускладзе ён ахвяру за грэх свой, — кажа Госпад Бог.
 
І ў дзень, калі ён увойдзе ў сьвятыню, на ўнутраны панадворак, каб служыць у сьвятыні, ён ахвяруе за грэх свой, кажа Госпад ГОСПАД.

І не будуць яны мець спадчыны: Я — іх спадчына; і не дасцё ім нічога ва ўласнасць у Ізраэлі, бо Я — іх уласнасць.
 
І [гэта] будзе ім за спадчыну. Я — спадчына іхняя. І не дасьцё ім уласнасьці ў Ізраілі, бо Я — уласнасьць іхняя.

Будуць есці яны ахвяры з ежы, і ахвяры за грэх, і ахвяры за злачынства, і ўсё, на што ў Ізраэлі пакладзена клятва, мае да іх належаць;
 
Ахвяры хлебныя, ахвяры за грэх і ахвяры аднагараджэньня будуць яны спажываць, і ўсё, што пад закляцьцем у Ізраілі, будзе іхнім.

і пяршыні з усяго першароднага, ды кожны дар паміж усіх вашых святых дароў мае належаць да святароў; і пяршыні з вашай мукі маеце даваць святару, каб дабраславенне ўсклаў ён на ваш дом.
 
І найлепшае з усіх пяршынаў, і кожны дар, усё спаміж дароў вашых будзе для сьвятароў. І найлепшае цеста вашае дайце сьвятарам, каб дабраславенства супачывала на доме вашым.

Святары не павінны есці ані падліны, ані таго, што раздзёртае дзікім зверам, ці гэта з птушак, ці з жывёлы.
 
Аніякай падліны і таго, што разьдзёртае, ці з птушак, ці з быдла, ня будуць есьці сьвятары.