Езэкііля 37 разьдзел

Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Супачыла на мне рука Госпада, і вывеў Ён мяне ў духу Госпада, і паставіў мяне сярод даліны, якая была поўная костак.
 
Была на мне рука ГОСПАДА, і Ён вывеў мяне ў Духу ГОСПАДА, і паставіў мяне сярод даліны, і яна [была] поўная костак.

І абвёў Ён мяне па іх вакол: а вось, было іх на паверхні даліны вельмі многа, і былі яны дужа сухія.
 
І Ён абвёў мяне вакол іх, і вось, іх вельмі шмат на абліччы той даліны, і вось, яны вельмі сухія.

І сказаў Ён мне: «Сын чалавечы, як лічыш, ці косткі гэтыя вернуцца зноў да жыцця?» А я сказаў: «Госпадзе Божа, Ты ведаеш».
 
І Ён сказаў мне: «Сыне чалавечы, ці ажывуць косткі гэтыя?» А я сказаў: «Госпадзе ГОСПАДЗЕ, Ты ведаеш».

І сказаў Ён мне: «Праракуй над гэтымі косткамі і кажы ім: “Сухія косткі, слухайце слова Госпада!”
 
І Ён сказаў мне: «Прароч пра косткі гэтыя і скажы ім: “Косткі сухія, слухайце слова ГОСПАДА!

Вось што кажа Госпад Бог гэтым косткам: “Вось, Я ўвяду ў вас дух, і будзеце жыць,
 
Гэта кажа Госпад ГОСПАД косткам гэтым. Вось, Я ўвяду ў вас дух, і будзеце жыць,

і звяжу вас жыламі, і зраблю, што абрасцеце вы целам, ды абцягну вас скурай, і дам вам дух, і будзеце жыць, і зразумееце, што Я — Госпад”».
 
і Я зьвяжу вас жыламі, і вырашчу на вас цела, і абцягну вас скураю, і дам вам духа, і будзеце жыць, і даведаецеся, што Я — ГОСПАД”».

І я праракаваў, як Ён мне загадаў. А калі я праракаваў, падняўся шум, і вось, грукат; і косткі набліжаліся да костак: кожная да сустава свайго.
 
І я прарочыў, як мне было загадана. І стаўся шум, калі я прарочыў. І вось, грукат, і наблізіліся косткі, костка да косткі сваёй.

І ўбачыў я, і вось, на костках з’явіліся жылы і цела, і на іх была нацягнута скура, але духа яны яшчэ не мелі.
 
І я ўбачыў, і вось, на костках жылы, і вырасла цела, і была пазьней нацягнута на іх скура, але духа не было ў іх.

І сказаў Ён мне: «Праракуй да духа; праракуй, сын чалавечы, і кажы духу: вось што кажа Госпад Бог: “Ад чатырох вятроў прыйдзі, дух, і дыхні на гэтых забітых, каб ажылі”».
 
І Ён сказаў мне: «Прароч да духа, прароч, сыне чалавечы, і скажы духу: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Ад чатырох вятроў прыйдзі дух, і дыхні на гэтых забітых, і яны будуць жыць”».

І я праракаваў, як загадаў Ён мне, і ўвайшоў у іх дух; і ажылі, і сталі на ногі свае, — войска дужа вялікае.
 
І я прарочыў, як Ён загадаў мне. І ўвайшоў у іх дух, і яны ажылі, і сталі на ногі свае, войска вельмі-вельмі вялікае.

І сказаў Ён мне: «Сыне чалавечы, косткі гэтыя — гэта ўвесь дом Ізраэля. Яны кажуць: “Высахлі косткі нашы, і прапала надзея наша, і загінулі мы”.
 
І Ён сказаў мне: «Сыне чалавечы, косткі гэтыя — [гэта] ўвесь дом Ізраіля. Вось, яны кажуць: “Высахлі косткі нашыя, і загінула надзея нашая, мы сьсечаныя”.

Дзеля таго праракуй і кажы ім: гэта кажа Госпад Бог: “Вось, Я адкрыю вашы магілы і выведу вас з магіл вашых, народ Мой, і ўвяду вас у зямлю Ізраэля;
 
Дзеля гэтага прароч і скажы ім: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Вось, Я адчыню магілы вашыя і выведу вас з магілаў вашых, народзе Мой, і ўвяду вас у зямлю Ізраіля.

і зразумееце вы, што Я — Госпад, калі Я адкрыю магілы вашы ды выведу вас з магіл вашых, народ Мой.
 
І вы даведаецеся, што Я — ГОСПАД, калі Я адчыню магілы вашыя, і выведу вас з магілаў вашых, народзе Мой.

І дам Я вам Духа Майго, і вы ажывяце, і завяду вас у зямлю вашу, і будзеце ведаць, што Я — Госпад. Я сказаў і спаўняю”, — кажа Госпад Бог».
 
І Я дам вам Духа Майго, і вы ажывіцё, і Я завяду вас у зямлю вашую, і вы даведаецеся, што Я — ГОСПАД, Я прамовіў [гэта] і зрабіў, кажа ГОСПАД”».

І прамовіў да мяне Госпад гэтыя словы:
 
І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:

«І ты, сын чалавечы, вазьмі сабе кавалак дрэва і напішы на ім: “Юдэі і ізраэльцам, яе сябрам”. І вазьмі другі кавалак дрэва і напішы на ім: “Язэпу, дрэву Эфраіма, і ўсяму дому Ізраэля, яго сябрам”.
 
«А ты, сыне чалавечы, вазьмі сабе [кавалак] дрэва і напішы на ім: “Для Юды і сыноў Ізраіля, таварышаў ягоных”. І вазьмі другі [кавалак] дрэва і напішы на ім: “Для Язэпа і ўсяго дому Ізраіля, таварышаў ягоных”.

І злучы іх сабе адно з адным, у адзін кавалак дрэва; і ў руцэ тваёй будуць яны адзіным цэлым.
 
І злучы іх з сабой, адно з другім, у адзін [кавалак] дрэва, каб былі яны адно ў руцэ тваёй.

А калі ў цябе будуць пытацца твае землякі, кажучы: “Ці не скажаш ты нам, што праз гэта маеш на думцы?”
 
І калі скажуць табе сыны народу твайго, кажучы: “Ці не паведаміш ты нам, што гэта ў цябе [значыць]?”,

скажы ім: гэта кажа Госпад Бог: “Вось, Я вазьму дрэва Язэпа, што ў руцэ Эфраіма, і пакаленні Ізраэля, пакаленні, якія злучаны з ім, ды прыкладу іх разам да дрэва Юды, ды зраблю іх адным дрэвам, і ў руцэ Маёй яны будуць адным”.
 
прамовіш да іх: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Вось, Я вазьму дрэва Язэпа, якое ў руцэ Эфраіма, і плямёны Ізраіля, таварышаў ягоных, і прыкладу іх да дрэва Юды, і зраблю іх адным дрэвам, і яны будуць адно ў руцэ Маёй”.

А кавалкі дрэва, на якіх будзеш пісаць, будуць перад іх вачамі ў тваёй руцэ.
 
І будуць тыя [кавалкі] дрэва, на якіх ты напісаў, у руцэ тваёй перад вачыма іхнімі.

І скажы ім: вось што кажа Госпад Бог: “Вось, Я вазьму ізраэльцаў пасярод народаў, да якіх яны пайшлі, і збяру іх з усіх бакоў, і ўвяду іх у Сваю зямлю,
 
І прамовіш да іх: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Вось, Я вазьму сыноў Ізраіля спасярод народаў, да якіх яны пайшлі, і зьбяру іх адусюль, і ўвяду іх у зямлю іхнюю.

і зраблю іх адным народам у зямлі, у гарах Ізраэля; і адзін цар будзе над усімі валадарыць, ды ўжо не будуць яны ўтвараць два народы, і ўжо не будуць падзеленыя на два царствы.
 
І зраблю іх адным народам у зямлі гэтай, на гарах Ізраіля, і адзін валадар будзе валадаром для ўсіх іх, і больш ня будуць яны двума народамі, і больш ня будуць падзеленыя на два валадарствы.

І не будуць яны апаганьвацца сваімі ідаламі, і агіднасцямі сваімі, і ўсякімі злачыннасцямі сваімі, і Я вызвалю іх ад усякай іх нявернасці, якой яны зграшылі, і ачышчу іх, і будуць Маім народам, і Я буду іх Богам.
 
І ня будуць больш яны паганіцца ідаламі сваімі і брыдотамі сваімі, і ўсякімі злачынствамі сваімі. І Я збаўлю іх з усіх сялібаў іхніх, у якіх яны грашылі, і ачышчу іх, і яны будуць для Мяне народам, а Я буду для іх Богам.

І паслугач Мой, Давід, будзе царом над імі, ды ўсе яны будуць мець аднаго пастыра; жыць будуць паводле Маіх законаў, і прыказанні Мае берагчы будуць, і будуць выконваць іх.
 
І слуга Мой, Давід, будзе валадаром над імі, і пастыр адзін будзе для ўсіх іх, і яны будуць хадзіць паводле судоў Маіх, і пастановы Мае будуць захоўваць, і будуць выконваць іх.

І будуць жыць на зямлі, якую даў Я слузе Майму, Якубу, на якой жылі бацькі іх; і на ёй жыць будуць яны і сыны іх, і сыны сыноў іх аж у вечнасць, і Давід, паслугач Мой, будзе іх валадаром навек.
 
І яны будуць жыць на зямлі, якую даў Я слузе Майму Якубу, на якой жылі бацькі іхнія. І будуць жыць на ёй яны і сыны іхнія, і сыны сыноў іхніх на вякі, і Давід, слуга Мой, [будзе] князем у іх на вякі.

І заключу з імі запавет міру, будзе гэта вечны запавет з імі; і ўмацую іх, і памножу; і Мая святыня будзе сярод іх назаўсёды,
 
І Я заключу з імі запавет супакою, і будзе гэта запавет вечны з імі. І Я ўмацую іх, і памножу, і сьвятыня Мая будзе сярод іх на вякі.

і будзе месцапрабыванне Маё між імі, і Я буду іх Богам, і яны будуць Маім народам;
 
І будзе сяліба Мая над імі, і Я буду для іх Богам, а яны будуць для Мяне народам.

і пагане даведаюцца, што Я — Госпад, Які асвячае Ізраэль, калі Мая святыня будзе сярод іх назаўсёды”».
 
І даведаюцца народы, што Я — ГОСПАД, Які асьвячае Ізраіля, калі сьвятыня Мая будзе сярод іх на вякі”».