Езэкііля 17 разьдзел

Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

І прамовіў да мяне Госпад гэтыя словы:
 
І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:

«Сын чалавечы, прыдумай загадку і раскажы прыпавесць дому Ізраэльскаму
 
«Сыне чалавечы, загадай загадку і раскажы прыповесьць дому Ізраіля.

і скажы: гэта кажа Госпад Бог: “Вялікі арол з велізарнымі крыламі з доўгімі пёрамі, пакрыты рознакаляровым пер’ем, прыляцеў у Лібан і сарваў вершаліну кедра;
 
І скажаш: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Вялікі арол з вялікімі крыламі, з доўгімі пёрамі, з рознакаляровым пер’ем, прыляцеў на Лібан і сарваў вершаліну кедра.

адарваў найвышэйшую галінку яго, і занёс яе ў зямлю Ханаан, і паклаў яе ў горадзе гандлёвым.
 
Адарваў найвышэйшы парастак ягоны і занёс яго ў зямлю Ханаан, і зьмясьціў яго ў горадзе гандлёвым.

І ўзяў насенне з той зямлі, і пасадзіў яго на зямлі ўрадлівай, над шчодрымі водамі, як вярбу, пасадзіў яго,
 
І ўзяў насеньне з зямлі той, і пасадзіў яго на полі ўрадлівым, над шматлікімі водамі як вярбу пасадзіў яго.

каб расло і разрасталася яно ў буйны вінаград, невялікі ў вышыню, каб галіны яго паварочваліся да яго і карані яго былі пад ім. Такім чынам, стаўся вінаградны куст, і прынёс плады на галінках, і выпусціў парасткі.
 
І ён рос, і разрастаўся ў буйную лазу вінаградную нізкага росту, каб галіны ягоныя нахіліліся да яго, і карані ягоныя былі пад ім. І стаўся лазою вінаграднаю, і выпусьціў галінкі, і акрыўся лістотай.

І быў другі арол вялікі, з вялікімі крыламі і доўгімі пёрамі; і вось, вінаград той, як быццам пасылаючы да яго свае карані, да яго выцягнуў свае галіны, каб навадніць яго шчадрэй, чым грады, на якіх быў пасаджаны.
 
І быў другі арол вялікі, з вялікімі крыламі і доўгімі пёрамі, і вось, вінаград той зьвярнуў карані свае да яго і галіны свае пусьціў да яго, каб ён напойваў яго, а ня тая града, на якой быў пасаджаны.

На зямлі добрай, над шчодрымі водамі быў ён пасаджаны, каб пускаць галіны і прыносіць плады ды стаць вялікім вінаградам”.
 
На полі добрым, над водамі шматлікімі быў ён пасаджаны, каб пускаў галіны і прыносіў плады і каб стаўся вінаградам выборным”.

Скажы: гэта кажа Госпад Бог: “Ці пашчасціць яму? Ці не вырвуць яго каранёў? Ці не пазрываюць яго плады? Ці не звянуць усе яго свежыя парасткі? Ці не засохне ён? І не патрэбна будзе ані моцнае рукі, ані вялікага народа, каб вырваць яго з каранямі.
 
Скажы: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Ці пашчасьціць яму? Ці ня вырвуць карані ягоныя і ці не пазрываюць плады ягоныя? І зьвянуць усе сьвежыя парасткі ягоныя, і ён ссохне, і ня [будзе трэба] ані рамяна моцнага, ані народу шматлікага, каб вырваць яго з каранямі.

Вось, ён пасаджаны; ці пашчасціць яму? Ці не ссохне ён, калі кране яго гарачы вецер, ці не ссохне на зямлі, на якой выпускаў парасткі свае?”»
 
І вось, ён быў пасаджаны. Ці пашчасьціць яму? Ці ня ссохне ён, калі дакранецца да яго ўсходні вецер? Ён ссохне на градзе, на якой выпускаў парасткі свае”».

І прамовіў да мяне Госпад гэтыя словы:
 
І было да мяне слова ГОСПАДА, кажучы:

«Кажы народу ўпорыстаму: “Ці вы не ведаеце, што гэта значыць?” Скажы: “Вось, прыбыў цар Бабілона ў Ерузалім, схапіў цара і князёў яго, і завёў іх да сябе, у Бабілон;
 
«Скажы, прашу, дому бунтаўнікоў: “Ці вы ня ведаеце, што гэта [значыць]?” Скажы: “Вось, прыйшоў валадар Бабілонскі ў Ерусалім, схапіў валадара ягонага і князёў ягоных, і завёў іх да сябе, у Бабілон.

і ўзяў аднаго з нашчадкаў царскіх, і заключыў з ім запавет, і прысягаю звязаў яго, але і магнатаў перасяліў з зямлі,
 
І ўзяў [аднаго] з насеньня валадара, і заключыў з ім запавет, і прысягаю зьвязаў яго, а магнатаў зямлі забраў,

каб было царства пакорным, не паўставала, але захоўвала запавет яго і было яму верным.
 
каб было валадарства пакорным, не паўставала, але захоўвала запавет ягоны, каб быць верным яму.

Ён адступіўся ад яго і паслаў пасланцоў у Егіпет, каб даў яму той коней і многа войска. Ці пашчасціць яму, ці выратуецца той, хто зрабіў гэтак? І ці ўхаваецца той, хто парушыў запавет?”»
 
Але [валадар] збунтаваўся і паслаў пасланцоў сваіх у Эгіпет, каб даў яму коней і шмат людзей. Ці пашчасьціць яму? Ці выратуецца той, хто робіць гэтак? Ці той, хто парушыў запавет, будзе ўратаваны?

«Жыву Я, — кажа Госпад Бог, — на месцы цара, які паставіў яго царом, той, што зламаў прысягу і парушыў запавет, які ён меў з ім, у Бабілоне памрэ.
 
Як жывы Я, кажа Госпад ГОСПАД, у месцы валадара, які паставіў яго валадаром, таго, які зламаў прысягу і парушыў запавет ягоны, у Бабілоне заб’е.

І не дапаможа яму фараон вялікім войскам і шматлікім народам у баі, калі насыплюць вал і пабудуюць умацаванні, каб загубіць мноства людзей.
 
Не дапаможа яму фараон войскам вялікім і супольнасьцю шматлікай у баі, калі насыплюць вал і пабудуюць махіны [для аблогі], каб загубіць мноства душаў.

Ён бо зламаў прысягу, каб парушыць запавет, і вось, прыклаў руку сваю, і паколькі ён усё гэта зрабіў, таму не ўцячэ».
 
Ён зламаў прысягу і парушыў запавет, хоць і прыкладаў руку сваю, ён усё гэта зрабіў, таму не ўцячэ”.

Дзеля таго вось што кажа Госпад Бог: «Жыву Я, за тое, што адкінуў Маю прысягу і парушыў Мой запавет, адказнасць ускладу на яго галаву
 
Дзеля гэтага так кажа Госпад ГОСПАД: “Як жыву Я, прысягу Маю, якую ён адкінуў, і запавет Мой, які ён парушыў, Я ўскладу на галаву ягоную.

і закіну на яго сетку Маю, і будзе злоўлены ў пастку Маю, і прывяду яго ў Бабілон, і асуджу яго там за крывадушнасць, якою ён крывадушнічаў адносна Мяне.
 
І закіну на яго сетку Маю, і ён будзе злоўлены ў пастку Маю, і прывяду яго ў Бабілон, і асуджу яго там за нявернасьць адносна Мяне.

І ўсе выбранцы яго з усяго войска яго загінуць ад меча; а астатнія будуць раскіданы на ўсе вятры, і даведаецеся, што Я, Госпад, сказаў».
 
А ўсе выбранцы ягоныя з усяго войска ягонага загінуць ад мяча, а тыя, што застануцца, будуць раскінутыя на ўсе вятры. І даведаецеся, што Я, ГОСПАД, прамовіў [гэта]”.

Гэта кажа Госпад Бог: «І Я вазьму вершаліну вялікага кедра і пасаджу; з маладых верхніх парасткаў яго выламлю галінку і пасаджу яе на высокай і стромкай гары.
 
Гэта кажа Госпад ГОСПАД: “Я вазьму вершаліну кедра вялікага і пасаджу, з найвышэйшых парасткаў яго выламлю галінку і пасаджу яе на высокай і стромай гары.

На высокай гары Ізраэля пасаджу яе; і яна пусціць галіны, і дасць плод, і стане кедрам высокім; і абжывуцца пад ім усялякія птушкі, ды ўсё крылатае будзе гнездавацца ў засені яго галін.
 
На гары высокай Ізраіля пасаджу яе, і яна пусьціць галіны, і дасьць плод, і станецца кедрам высокім. І абжывуцца на ім усялякія птушкі, і ўсё крылатае абжывецца ў ценю галінаў ягоных.

І ўсе дрэвы той мясцовасці даведаюцца, што Я — Госпад, Які панізіў дрэва высокае, і ўзвысіў дрэва нізкае, і высушыў дрэва зялёнае, і зазеляніў дрэва ссохлае. Я — Госпад, сказаў і здзейсніў».
 
І даведаюцца ўсе дрэвы палявыя, што Я — ГОСПАД, Які панізіў дрэва высокае і ўзвысіў дрэва нізкае, Які высушыў дрэва зялёнае і зазеляніў дрэва ссохлае. Я, ГОСПАД, прамовіў [гэта] і зрабіў”».