Езэкііля 29 разьдзел
Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна
У дзясятым годзе, дзясятым месяцы, у дванаццаты дзень месяца прамовіў да мяне Госпад гэтыя словы:
У дзясятым годзе, у дзясятым [месяцы], у дванаццаты [дзень] месяца было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:
«Сын чалавечы, звярні аблічча сваё на фараона, цара Егіпта, і праракуй супраць яго і супраць усяго Егіпта.
«Сыне чалавечы, зьвярні аблічча тваё на фараона, валадара Эгіпту, і прароч супраць яго і супраць усяго Эгіпту,
Прамаўляй і кажы: гэта кажа Госпад Бог: “Вось, Я супраць цябе, фараон, цар Егіпецкі, вялікі кракадзіл, што ляжыш сярод рэк сваіх, і ты кажаш: “Мая гэта рака — я яе зрабіў сваёю!”
і кажы: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Вось, Я супраць цябе, фараон, валадар Эгіпту, цмок вялікі, які ляжыш сярод рэкаў сваіх і кажаш: “Для мяне рэкі мае, я іх зрабіў!”
І Я ўкладу ў пашчу тваю крукі, і пасклейваю рыб тваіх рэк лускою тваёй, і выцягну цябе з тваіх рэк, і ўсіх тваіх рыб, што прыліпнуць да тваёй лускі.
Я ўкладу крукі ў шчэляпы твае, і прыляплю рыбаў рэкаў тваіх да лускі тваёй, і выцягну з сярэдзіны рэкаў тваіх цябе і ўсіх рыбаў тваіх, якія прыстануць да лускі тваёй.
Ды выкіну цябе ў пустыню і разам усіх рыб рэк тваіх. І падзеш ты на паверхню зямлі, ніхто цябе не падыме і не пахавае. Звярам палявым і птушкам паднебным аддаў Я цябе на пажыранне.
І выкіну цябе ў пустыню, цябе і ўсіх рыбаў рэкаў тваіх, і ўпадзеш ты на аблічча поля, і ня будзеш сабраны, і ня будзеш зграмаджаны. Зьвярам зямлі і птушкам нябесным Я аддам цябе на жыраваньне.
І ўсе жыхары Егіпта даведаюцца, што Я — Госпад, бо ты быў апорай з чароту для дому Ізраэля;
І даведаюцца ўсе жыхары Эгіпту, што Я — ГОСПАД, бо яны былі апорай з чароту для дому Ізраіля.
калі яны схапілі цябе рукою, ты зламаўся і пакалечыў ім усю руку, і калі абаперліся на цябе, ты зламаўся і пакалечыў усе іх сцёгны”.
Калі яны хапалі цябе далоняй, ты ламаўся і калечыў ім усю руку, а калі абапіраліся на цябе, ты ламаўся і хісталіся сьцёгны іхнія.
Дзеля таго вось што кажа Госпад Бог: “Вось, Я ўзвяду на цябе меч і вынішчу з цябе людзей і звяроў;
Дзеля гэтага так кажа Госпад ГОСПАД. Вось, Я прывяду на цябе меч і вынішчу з цябе чалавека і быдла.
і зямля Егіпецкая стане пустыняй і месцам бязлюдным, і даведаюцца яны, што Я — Госпад. За тое, што ты сказаў: “Мая рака, і я яе зрабіў”, —
І станецца зямля Эгіпецкая пусткай і руінаю, і даведаюцца яны, што Я — ГОСПАД, за тое, што ты сказаў: ”Мая рака, я яе зрабіў”.
дзеля таго вось прыйду Я да цябе і да тваіх рэк ды зраблю з зямлі Егіпецкай пустыню, мечам расцерушу зямлю ад Магдола аж да Сіэна і аж да межаў Куша.
Дзеля гэтага, вось, Я супраць цябе і супраць рэкаў тваіх, і Я аддам зямлю Эгіпецкую пустошыць пусташэньнем, і яна [будзе] пусткаю ад Мігдолу аж да Сэвэны і аж да межаў Кушу.
Не пяройдзе па ёй нага чалавечая, ані ступіць праз яе нага звера, і не будзе яна абжытая сорак гадоў;
Ня пройдзе па ёй нага чалавека, і нага быдла ня пройдзе праз яе, і ня будзе яна абжытая сорак гадоў.
і Я зраблю з зямлі Егіпецкай пустыню паміж земляў пустынных; і гарады яе будуць пустымі паміж бязлюдных гарадоў сорак гадоў, і егіпцян Я расцярушу паміж народаў і раскідаю іх па землях”.
І Я зраблю зямлю Эгіпецкую пусткаю паміж земляў спустошаных; а гарады ейныя будуць сярод гарадоў зруйнаваных, пусткаю сорак гадоў, і Я расьцярушу Эгіпцянаў паміж народамі, і раскідаю іх сярод земляў.
Так бо вось кажа Госпад Бог: “Пад канец тых сарака гадоў Я збяру егіпцян паміж народаў, у якіх яны былі параскіданы,
Бо гэта кажа Госпад ГОСПАД: “Калі скончацца тыя сорак гадоў, Я зьбяру Эгіпцянаў спаміж народаў, сярод якіх Я расьцярушыў іх,
і адмяню долю Егіпта, і збяру іх у зямлі Патрос, у зямлі іх паходжання; і ўтвораць яны там царства сціплае.
і адмяню долю Эгіпту, і зьбяру іх у зямлі Патрос, у зямлі паходжаньня іхняга, і будуць яны там валадарствам слабым.
У параўнанні з іншымі царствамі будзе яно самае слабое, і ніколі не падымецца яно над іншымі народамі; і зменшу іх лік, каб больш не панавалі над народамі.
Сярод валадарстваў будзе яно слабое, і ніколі не падымецца над народамі. Я зьменшу іх, каб не панавалі над народамі.
І не будзе больш яно надзеяй дому Ізраэля, будзе ім нагадваць несправядлівасць таго часу, калі яны звярталіся да іх, і даведаюцца яны, што Я — Госпад Бог”».
Ня будзе больш яно надзеяй для дому Ізраіля, і яно будзе ім нагадваць беззаконьні [іхнія], калі яны зьвярталіся да яго, і даведаюцца, што Я — Госпад ГОСПАД”».
І ў дваццаць сёмым годзе, у першым месяцы, у першы дзень месяца прамовіў Госпад да мяне гэтыя словы:
І сталася ў дваццаць сёмым годзе, у першым [месяцы], у першы [дзень] месяца, і было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:
«Сын чалавечы, Набукаданосар, цар Бабілона, даў свайму войску цяжкую працу супраць Тыра; кожная галава палысела, і кожнае плячо стамілася, і ні ён, ані яго войска не атрымалі ад Тыра ўзнагароды за цяжкую працу, якую выканалі супраць яго.
«Сыне чалавечы, Навухаданосар, валадар Бабілонскі, даў войску свайму працу супраць Тыру; кожная галава палысела і кожнае плячо агалела, але ані ён, ані войска ягонае не атрымалі ад Тыру ўзнагароды за працу, якую выканалі супраць яго.
Дзеля таго вось што кажа Госпад Бог: “Вось, Я даю Набукаданосару, цару Бабілона, зямлю Егіпецкую, каб забраў багацці яе, і захапіў здабычу яе, і ўзяў здабычу яе, каб была ў яго войска ўзнагарода, —
Дзеля гэтага так кажа Госпад ГОСПАД: “Вось, Я даю Навухаданосару, валадару Бабілонскаму, зямлю Эгіпецкую, і ён забярэ багацьці ейныя, захопіць здабычу ейную і возьме яе сабе, і гэта будзе платай войску ягонаму.
як плата яму, за якую ён ваяваў супраць яго. Даю Я яму зямлю Егіпецкую дзеля таго, што для Мяне яны працавалі”, — кажа Госпад Бог.
Як плату за выкананую там працу Я даю яму зямлю Эгіпецкую, бо для Мяне яны працавалі, кажа Госпад ГОСПАД.
У той дзень Я зраблю, што вырасце рог дому Ізраэля, і табе дазволю, каб сярод іх адчыніў ты вусны, і хай ведаюць, што Я — Госпад».
У той дзень Я вырашчу рог дому Ізраіля, і табе адчыню вусны твае сярод іх, і даведаюцца, што Я — ГОСПАД”».