Езэкііля 29 разьдзел

Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

У дзясятым годзе, дзясятым месяцы, у дванаццаты дзень месяца прамовіў да мяне Госпад гэтыя словы:
 
У дзясятым годзе, у дзясятым месяцы, на дваццаты дзень месяца, было мне слова Гасподняе:

«Сын чалавечы, звярні аблічча сваё на фараона, цара Егіпта, і праракуй супраць яго і супраць усяго Егіпта.
 
сыне чалавечы! павярні аблічча тваё да фараона, цара Егіпецкага, і вымаві прароцтва на яго і на ўвесь Егіпет.

Прамаўляй і кажы: гэта кажа Госпад Бог: “Вось, Я супраць цябе, фараон, цар Егіпецкі, вялікі кракадзіл, што ляжыш сярод рэк сваіх, і ты кажаш: “Мая гэта рака — я яе зрабіў сваёю!”
 
Маўляй і скажы: «так кажа Гасподзь Бог: вось, Я на цябе, фараоне, цару Егіпецкі, вялікі кракадзіл, які, лежачы сярод сваіх рэк, кажаш: «мая рака, і я стварыў яе сабе».

І Я ўкладу ў пашчу тваю крукі, і пасклейваю рыб тваіх рэк лускою тваёй, і выцягну цябе з тваіх рэк, і ўсіх тваіх рыб, што прыліпнуць да тваёй лускі.
 
Але Я ўкладу крук у сківіцы твае і да лускі тваёй прыляплю рыб з тваіх рэк, і выцягну цябе з тваіх рэк з усёю рыбаю рэк тваіх, прыляплю да тваёй лускі;

Ды выкіну цябе ў пустыню і разам усіх рыб рэк тваіх. І падзеш ты на паверхню зямлі, ніхто цябе не падыме і не пахавае. Звярам палявым і птушкам паднебным аддаў Я цябе на пажыранне.
 
і кіну цябе ў пустыні, цябе і ўсю рыбу з тваіх рэк, ты ўпадзеш на адкрытае поле, не прыбяруць і ня прымуць цябе; аддам цябе на поед зьвярам зямным і птушкам нябесным.

І ўсе жыхары Егіпта даведаюцца, што Я — Госпад, бо ты быў апорай з чароту для дому Ізраэля;
 
І ўведаюць усе насельнікі Егіпта, што Я — Гасподзь; бо яны дому Ізраілеваму былі падпораю трысьняговаю.

калі яны схапілі цябе рукою, ты зламаўся і пакалечыў ім усю руку, і калі абаперліся на цябе, ты зламаўся і пакалечыў усе іх сцёгны”.
 
Калі яны ўхапіліся за цябе рукою, ты расшчапіўся і ўсё плячо пакалоў ім; і калі яны абаперліся на цябе, ты зламаўся і параніў усе сьцёгны ім.

Дзеля таго вось што кажа Госпад Бог: “Вось, Я ўзвяду на цябе меч і вынішчу з цябе людзей і звяроў;
 
Таму так кажа Гасподзь Бог: вось, Я навяду на цябе меч, і вынішчу ў цябе людзей і быдла.

і зямля Егіпецкая стане пустыняй і месцам бязлюдным, і даведаюцца яны, што Я — Госпад. За тое, што ты сказаў: “Мая рака, і я яе зрабіў”, —
 
І зробіцца зямля Егіпецкая пустыняю і стэпам; і ўведаюць, што Я — Гасподзь. Бо ён кажа: мая рака, і я стварыў яе;

дзеля таго вось прыйду Я да цябе і да тваіх рэк ды зраблю з зямлі Егіпецкай пустыню, мечам расцерушу зямлю ад Магдола аж да Сіэна і аж да межаў Куша.
 
дык вось, Я — на рэкі твае, і зраблю зямлю Егіпецкую пустыняю пустыняў ад Мігдола да Сіены, да самай мяжы Эфіопіі.

Не пяройдзе па ёй нага чалавечая, ані ступіць праз яе нага звера, і не будзе яна абжытая сорак гадоў;
 
Ня будзе ступаць па ёй нага чалавечая, і нага быдла ня будзе праходзіць па ёй, і ня жыцьмуць на ёй сорак гадоў.

і Я зраблю з зямлі Егіпецкай пустыню паміж земляў пустынных; і гарады яе будуць пустымі паміж бязлюдных гарадоў сорак гадоў, і егіпцян Я расцярушу паміж народаў і раскідаю іх па землях”.
 
І зраблю зямлю Егіпецкую пустыняю сярод земляў спустошаных; і гарады яе сярод апусьцелых гарадоў будуць пустыя сорак гадоў, і расьсею Егіпцянаў па народах, і разьвею іх па землях.

Так бо вось кажа Госпад Бог: “Пад канец тых сарака гадоў Я збяру егіпцян паміж народаў, у якіх яны былі параскіданы,
 
Бо так кажа Гасподзь Бог: як пройдзе сорак гадоў, Я зьбяру Егіпцянаў з народаў, сярод якіх яны будуць расьсеяны;

і адмяню долю Егіпта, і збяру іх у зямлі Патрос, у зямлі іх паходжання; і ўтвораць яны там царства сціплае.
 
і вярну палон Егіпта і назад прывяду іх у зямлю Патрос, у зямлю паходжаньня іхняга, і там яны будуць царствам слабым.

У параўнанні з іншымі царствамі будзе яно самае слабое, і ніколі не падымецца яно над іншымі народамі; і зменшу іх лік, каб больш не панавалі над народамі.
 
Яно будзе слабейшае за іншыя царствы і ня будзе болей узносіцца над народамі: Я паменшу іх, каб яны не валадарылі над народамі.

І не будзе больш яно надзеяй дому Ізраэля, будзе ім нагадваць несправядлівасць таго часу, калі яны звярталіся да іх, і даведаюцца яны, што Я — Госпад Бог”».
 
І ня будуць болей дому Ізраілеваму апораю, што нагадвае пра пахібнасьць іхнюю, калі яны зьвярталіся да яго: і ўведаюць, што я — Гасподзь Бог.

І ў дваццаць сёмым годзе, у першым месяцы, у першы дзень месяца прамовіў Госпад да мяне гэтыя словы:
 
У дваццаць сёмым годзе, у першым месяцы, у першы дзень месяца, было мне слова Гасподняе:

«Сын чалавечы, Набукаданосар, цар Бабілона, даў свайму войску цяжкую працу супраць Тыра; кожная галава палысела, і кожнае плячо стамілася, і ні ён, ані яго войска не атрымалі ад Тыра ўзнагароды за цяжкую працу, якую выканалі супраць яго.
 
сыне чалавечы! Навухаданосар, цар Вавілонскі, стаміў сваё войска вялікаю працаю каля Тыра; усе галовы аблыселі і ўсе плечы сьцёртыя; а ні яму, а ні войску ягонаму няма ўзнагароды ад Тыра за працу, якую ён паклаў супроць яго.

Дзеля таго вось што кажа Госпад Бог: “Вось, Я даю Набукаданосару, цару Бабілона, зямлю Егіпецкую, каб забраў багацці яе, і захапіў здабычу яе, і ўзяў здабычу яе, каб была ў яго войска ўзнагарода, —
 
Таму так кажа Гасподзь Бог: вось, Я Навухаданосару, цару Вавілонскаму, даю зямлю Егіпецкую, каб ён абабраў багацьце яе і ўчыніў рабунак у ёй, і адабраў нарабаванае ёю, і гэта будзе ўзнагарода войску ягонаму.

як плата яму, за якую ён ваяваў супраць яго. Даю Я яму зямлю Егіпецкую дзеля таго, што для Мяне яны працавалі”, — кажа Госпад Бог.
 
Як узнагароду за дзею, якую ён учыніў у ім, Я аддаю яму зямлю Егіпецкую, бо яны рабілі гэта дзеля Мяне, сказаў Гасподзь Бог.

У той дзень Я зраблю, што вырасце рог дому Ізраэля, і табе дазволю, каб сярод іх адчыніў ты вусны, і хай ведаюць, што Я — Госпад».
 
У той дзень узгадую рог дому Ізраілеваму, і табе разамкну вусны сярод іх, і ўведаюць, што Я — Гасподзь.