Езэкііля 36 разьдзел
Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Васіля Сёмухі
А ты, сын чалавечы, праракуй пра горы Ізраэля і кажы: “Горы Ізраэля, слухайце слова Госпада.
І ты, сыне чалавечы, вымаві прароцтва на горы Ізраілевыя і скажы: горы Ізраілевыя! слухайце слова Гасподняе.
гэта кажа Госпад Бог. За тое, што вораг сказаў пра вас: “Ага, спрадвечныя ўзгорышчы дадзены нам ва ўласнасць”;
Так кажа Гасподзь Бог: як што вораг гаворыць пра вас: «ага! ага! і вечныя вышыні дасталіся нам на долю»,
дзеля таго праракуй і кажы: гэта кажа Госпад Бог. Дзеля таго, што вас спустошылі і вытапталі вас кругом, каб вы сталі ўласнасцю іншых народаў, каб сталі вы прыказкай і кпінамі для людзей;
дык вымаві прароцтва і скажы, так кажа Гасподзь Бог: за тое, менавіта за тое, што спусташаюць вас і паглынаюць вас з усіх бакоў, каб вы зрабіліся здабыткам іншых народаў і былі зьліхаслоўлены і перасуджаны людзьмі,
дзеля таго, горы Ізраэля, слухайце слова Госпада Бога. Вось што кажа Госпад Бог гарам і ўзгоркам, ручаям і лагчынам, апусцелым руінам і пакінутым гарадам, якія сталі бязлюднымі і сталі пасмяяннем для астатніх навакольных народаў;
за гэта, горы Ізраілевыя, выслухайце слова Госпада Бога: так кажа Гасподзь Бог горам і пагоркам, лагчынам і далінам, і апусьцелым развалінам і пакінутым гарадам, якія зрабіліся здабычаю і паглумішчам іншым навакольным народам;
дзеля таго гэта кажа Госпад Бог: “У агні абурэння Майго гаварыў Я супраць астатніх народаў і супраць усёй Ідумеі, якія дзялілі Маю зямлю сабе ў спадчыну з радасцю, і ад усяго сэрца, і з ліхой душою, каб пашы яе былі ім на здабычу”.
за гэта так кажа Гасподзь Бог: у агні клопату Майго Я вымавіў слова на іншыя народы і на ўсю Ідумэю, якія назначылі зямлю Маю на валоданьне сабе, з сардэчнай радасьцю і з пагардай у душы асуджаючы яе на здабычу сабе.
Дзеля таго праракуй аб зямлі Ізраэля і гавары да гор і ўзгоркаў, ручаёў і лагчын: гэта кажа Госпад Бог: “Вось, Я гаварыў у руплівасці і абурэнні Маім, бо вы знеслі знявагу з боку народаў”;
Таму вымаві прароцтва пра зямлю Ізраілевую і скажы горам і пагоркам, лагчынам і далінам: так кажа Гасподзь Бог: вось, Я вымавіў гэта ў клопаце Маім, бо вы несяце на сабе паглум ад народаў.
таму так кажа Госпад Бог: “Я падымаю руку Маю: акружаючыя вас народы будуць зносіць ад вас знявагу;
Таму так кажа Гасподзь Бог: Я падняў руку Маю з прысягаю, што народы, якія вакол вас, самі панясуць сорам свой.
а вы, горы Ізраэля, выпускаць будзеце свае галіны і даваць свае плады народу Майму Ізраэльскаму, бо ён хутка вернецца.
А вы, горы Ізраілевыя, распусьцеце гольле ваша і будзеце радзіць плады вашыя народу Майму Ізраілю; бо яны скора прыйдуць.
Бо вось, Я прыйду да вас і звярнуся да вас, і будуць вас абрабляць і засяваць;
Бо вось, Я да вас зьвярнуся, і вас будуць урабляць і засяваць.
і павялічу ў вас людзей, увесь дом Ізраэля, і гарады будуць абжытыя, і руіны адбудаваныя.
І пасялю на вас мноства людзей, і ўвесь дом Ізраілеў, увесь, і заселеныя будуць гарады і забудаваныя разваліны.
І Я памножу ў вас людзей і жывёлу, і яны будуць павялічвацца і расці; і зраблю, што будзеце вы абжытыя так, як у мінулым, і Я буду абдорваць вас дабротамі больш, чым вы мелі дагэтуль, і вы зразумееце, што Я — Госпад.
І памножу на вас людзей і яны будуць пладзіцца і множыцца, і засялю вас, як было ў ранейшыя часы вашыя, і буду чыніць вам дабра болей, чым у ранейшыя часы вашыя, — і ўведаеце, што Я — Гасподзь.
І прывяду на вас людзей, Мой народ Ізраэля, ды яны завалодаюць вамі як спадчынаю, і вы маеце стаць іх уласнасцю ды ўжо не будзеце пазбаўляць іх дзяцей”.
І прывяду на вас людзей, народ Мой, Ізраіля, і яны будуць валодаць табою, зямля! і ты будзеш спадчынай іхняй і ня будзеш болей рабіць іх бязьдзетнымі.
Гэта кажа Госпад Бог. Дзеля таго, што гавораць пра вас: “Ты пажыральнік людзей і адбіраеш патомства ў народа твайго”;
Так кажа Гасподзь Бог: за тое, што кажуць пра вас: «ты — зямля, якая есьць людзей і робіць народ твой бязьдзетным»,
дзеля таго ты больш не будзеш з’ядаць людзей і адбіраць патомства ў народа твайго, — кажа Госпад Бог. —
затое ўжо ня будзеш больш есьці людзей і народу твайго ня будзеш наперад рабіць бязьдзетным, кажа Гасподзь Бог.
І ты ў будучыні не будзеш ужо слухаць знявагу паганаў, і больш ніколі не будзеш цярпець ганьбу ад народаў, і не будзеш больш адбіраць патомства ў твайго народа, — кажа Госпад Бог».
І больш ня будзеш чуць зьдзеку ад народаў, паглуму ад плямёнаў не панясеш ужо на сабе, і народу твайго больш ня будзеш рабіць бязьдзетным, кажа Гасподзь Бог.
І прамовіў Госпад да мяне гэтыя словы:
І было мне слова Гасподняе:
«Сын чалавечы, дом Ізраэля жыў на сваёй зямлі, і ён апаганіў яе сваімі паводзінамі і сваімі ўчынкамі; паводзіны іх адносна Мяне былі, як нячыстасць месячная жанчыны.
сыне чалавечы! калі дом Ізраілеў жыў на зямлі сваёй, ён апаганьваў яе паводзінамі сваімі і ўчынкамі сваімі; шлях іх перад абліччам Маім быў як нячыстасьць жанчыны ў час ачышчэньня яе.
І выліў Я на іх Маё абурэнне дзеля крыві, якую вылілі яны на зямлю, і ідаламі сваімі яе апаганілі.
І Я выліў на іх гнеў Мой за кроў, якую яны пралівалі на гэтай зямлі, і за тое, што яны апаганьвалі яе ідаламі сваімі.
І Я раскідаў іх паміж народаў, ды расцярушыліся яны па землях; Я асудзіў іх па паводзінах іх і па ўчынках іх.
І Я расьсеяў іх па народах, і яны разьвеяны па землях; Я судзіў іх паводле шляхоў іхніх і паводле ўчынкаў іхніх.
І апынуліся яны ў паганаў, да якіх прыйшлі, і зняважылі яны святое імя Маё, калі аб іх казалі: “Гэта народ Госпадаў, і мусілі яны выселіцца з Яго”.
І прыйшлі яны да народаў, куды пайшлі, і зьняславілі сьвятое імя Маё, бо пра іх кажуць: «яны — народ Госпада і выйшлі зь зямлі Ягонай»;
І Я захаваў святое імя Маё, якое зняважыў дом Ізраэля сярод паганаў, да якіх прыйшоў.
І пашкадаваў Я сьвятое імя Маё, якое зьняславіў дом Ізраілеў у народаў, куды прыйшоў.
Дзеля таго скажы дому Ізраэля: гэта кажа Госпад Бог: “Не дзеля вас Я зраблю гэта, доме Ізраэля, але дзеля святога імя Майго, якое зняважылі вы сярод паганаў, да якіх папрыходзілі.
Таму скажы дому Ізраілеваму: так кажа Гасподзь Бог: ня вам Я зрабіў гэта, доме Ізраілеў, а дзеля сьвятога імя Майго, якое вы зьняславілі ў народаў, куды прыйшлі.
Я асвячу вялікае імя Маё, якое было зняважана вамі паміж народаў, якое зняважылі вы паміж іх, дык пазнаюць яны, што Я — Госпад”, — кажа Госпад Бог, — калі Я выяўлю святасць Маю адносна вас перад іх вачамі.
І асьвячу вялікае імя Маё, неславёнае ў народаў, сярод якіх вы зьняславілі яго, і ўведаюць народы, што Я — Гасподзь, кажа Гасподзь Бог, калі яўлю на вас сьвятасьць Маю перад вачыма іхнімі.
Я бо збяру вас пасярод народаў, і збяру вас з усіх земляў, і прывяду вас у вашу зямлю;
І вазьму вас з народаў і зьбяру вас з усіх краін і прывяду вас у зямлю вашу.
і пакраплю вас чыстаю вадой, каб сталі вы чыстымі ад усіх вашых агіднасцей ды ачышчу вас ад усіх вашых ідалаў.
І акраплю вас чыстаю вадою, — і вы ачысьціцеся ад усіх пахібаў вашых, і ад усіх ідалаў вашых ачышчу вас.
І дам вам сэрца новае, і дух новы ўдыхну ў ваша нутро, і забяру з цела вашага сэрца каменнае і дам вам сэрца цялеснае;
І дам вам сэрца новае і дух новы дам вам; і вазьму з плоці вашай сэрца каменнае і дам вам сэрца плацяное.
і ўдыхну ў вас Дух Мой і зраблю, каб вы жылі паводле прыказанняў Маіх ды бераглі законы Мае і выконвалі іх.
Укладу ўсярэдзіну вас дух Мой і зраблю так, што вы хадзіцьмеце ў запаведзях Маіх і пастановы Мае будзеце захоўваць і выконваць.
І будзеце жыць у зямлі, якую Я даў бацькам вашым, ды будзеце Маім народам, і Я буду вашым Богам.
І будзеце жыць на зямлі, якую Я даў бацькам вашым, і будзеце Маім народам, і Я буду вашым Богам.
І Я вызвалю вас ад усякай нячыстасці вашай, і вырашчу збожжа, і павялічу яго, і голаду на вас не спашлю.
І вызвалю вас ад усіх нечысьцяў вашых, і наклічу хлеб і памножу яго, і ня дам вам цярпець голад.
І Я памножу плады на дрэвах і ў палях, каб не цярпелі вы больш сярод плямёнаў ганьбы голаду.
І памножу плады на дрэвах і ўтворы палёў, каб болей не цярпець вам паглуму ад народаў праз голад.
І ўзгадаеце вы шляхі вашы найгоршыя, і благія паводзіны, і абрыднуць вам правіннасці вашы і злачынствы вашы.
Тады згадаеце пра ліхія шляхі вашыя і благія ўчынкі вашыя і адчуеце агіду да саміх сябе за пахібнасьці вашыя і гнюсоты вашыя.
Засаромейцеся і пачырванейце дзеля вашага жыцця, дом Ізраэля”.
Ня дзеля вас Я зраблю гэта, кажа Гасподзь Бог, хай будзе вам вядома. Чырванейце і саромейцеся шляхоў вашых, доме Ізраілеў.
Вось што кажа Госпад Бог: “У дзень, калі ачышчу вас ад усіх вашых правін, і засялю зноў гарады, і руіны адбудую,
Так кажа Гасподзь Бог: у той дзень, калі ачышчу вас ад усіх пахібнасьцяў вашых і насялю гарады, адбудаваныя будуць разваліны,
і спустошаная зямля зноў будзе абрабляцца, якая калісьці была спустошаная на вачах кожнага падарожнага;
і будзе ўрабляцца спустошаная зямля, якая была пустыняю ў вачах у кожнага, хто праходзіў міма,
будуць казаць: “Гэтая спустошаная зямля стала, як сад Эдэнскі, і гарады, спустошаныя, і знішчаныя, і зруйнаваныя, цяпер умацаваныя і населеныя”.
тады скажуць: «гэтая апусьцелая зямля зрабілася як сад Эдэмскі і гэтыя разваленыя і апусьцелыя і спустошаныя гарады ўмацаваны і населены».
І пагане — усе, што пакінуты былі навокал вас, — даведаюцца, што Я, Госпад, тое, што зруйнавана, — зноў адбудаваў; а тое, што пакінута, — зноў засяліў; Я — Госпад, сказаў і зрабіў”.
І ўведаюць народы, якія застануцца вакол вас, што Я Гасподзь зноў будую разбуранае, засаджваю апусьцелае. Я Гасподзь сказаў — і зрабіў.
Гэта кажа Госпад Бог: “Яшчэ і аб гэтым папросіць Мяне дом Ізраэля, каб зрабіў Я ім: Я памножу іх, як статак людзей,
Так кажа Гасподзь Бог: вось, яшчэ і ў тым яўлю міласьць Маю дому Ізраілеваму, памножу іх людзьмі, як статак.
як святы статак, як статак Ерузаліма ў дні святаў яго; так гарады спустошаныя стануць поўныя статкаў людскіх, і даведаюцца, што Я — Госпад”».
Як многа бывае ахвярных авечак у Ерусаліме ў часы сьвятаў ягоных, так поўныя будуць людзьмі апусьцелыя гарады, і ўведаюць, што Я — Гасподзь.